пяя́ць, пяю, пяеш, пяе; пяём, пеяце; пр. пяяў, ‑яла; незак., што і без дап.

Абл. Спяваць, пець. Янка спыніўся і пачаў узірацца, каб убачыць птушачку, што так хораша пяяла песню вясне. С. Александровіч. Спаў Папас позна і прачнуўся тады, як за дзвярыма яго пакоя пачала пяяць дачка гаспадыні. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паджартава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., з каго-чаго, над кім-чым.

Разм. Пасмяяцца з каго‑, чаго‑н., зрабіць каго‑, што‑н. прадметам сваіх жартаў. [Настаўнік:] — Ідучы паціху за імі, .. [механік] чуў, што казалі бабы, дый паджартаваў трохі з іх. Мурашка. Паджартавала [Гэля] і над Зосяю. Гартны. // без дап. Сказаць жарт, пажартаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падзя́каваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., каму-чаму і без дап.

Выказаць падзяку за што‑н. добрае. Мы падзякавалі дзеду, паціснулі руку і пажадалі яму доўгіх год шчаслівага жыцця. Пальчэўскі. [Сазонаў:] Прывітаеце моладзь, гасцей, падзякуеце аўтазаводцам за добрыя машыны. Крапіва. Аляксандр устаў з-за стала, падзякаваў і пачаў збірацца. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падрыхто́ўчы, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца падрыхтоўкай да чаго‑н., папярэдні. Добрая палова поспехаў атрада грунтавалася на.. непрыкметнай падрыхтоўчай рабоце [сувязных]. Брыль.

2. Які служыць для папярэдняга навучання, падрыхтоўкі. Падрыхтоўчая група дзіцячага сада. Падрыхтоўчыя курсы пры інстытуце. □ Вучні падрыхтоўчага класа займаліся без продыху: па 6–8 урокаў. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пажына́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

1. і без дап. Жаць некаторы час; зжынаць што‑н.

2. перан. Атрымліваць здабытак ад чаго‑н. зробленага. Кажуць, хто сее вецер, той пажынае буру. Колас.

•••

Пажынаць лаўры — атрымліваць прызнанне сваіх дасягненняў, сваёй працы і інш.

Пажынаць плады чаго — карыстацца вынікамі зробленага, дасягнутага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непава́га, ‑і, ДМ ‑вазе, ж.

Адсутнасць павагі, да каго‑, чаго‑н.; непачцівыя адносіны да каго‑, чаго‑н. Захопнікі без разбору жорстка каралі ўсіх, хто хоць чым-небудзь праяўляў сваю непавагу да іх улады. Кухараў. [Старшыня журы:] — Устаць, загадваю я вам! Іначай вы будзеце адказваць за непавагу і абразу журы. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няўме́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑мецы, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм. Няўмелы, няздатны да работы чалавек. У няўмекі [інструмент] будзе ў непарадку і без догляду. У здатнага — у пашане і спраўнасці. Шкраба. [Механік] зразумеў, што Станіслаў Вярбіцкі знарок прыкідваецца няўмекам. Чарнышэвіч. У няўмекі рукі калекі. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пабадзя́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.

Разм.

1. Пацягацца, павалачыцца; павандраваць. Пабадзяцца па свеце. □ Мудры дзед. Век зжыў, пабадзяўся па людзях, пабачыў [людзей]. Пташнікаў.

2. Пахадзіць, пагуляць без пэўнай мэты. Пабадзяцца па лесе. □ Тарэнта адчыніў вароты і каня з хл[я]ва выгнаў на двор. — Ідзі хоць пабадзяйся трох[і] па кустах. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пагадне́нне, ‑я, н.

1. Дагавор, які абумоўлівае абавязацельствы ў чым‑н. Міжнародныя пагадненні. Гандлёвае пагадненне. Пагадненне аб перамір’і. □ Нарэшце, пагадненне было падпісана. Самуйлёнак.

2. Прымірэнне, згода. Шукаць пагаднення. □ ...Такія перапалкі канчаюцца ўзаемным пагадненнем звычайна вечарам. Васілевіч.

•••

Джэнтльменскае пагадненне — міжнародны дагавор, заключаны звычайна без афіцыйных фармальнасцей, у вуснай форме.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

натуралі́зм, ‑у, м.

1. У філасофіі — тэорыя, адпаведна якой прырода выступае як адзіны, універсальны прынцып тлумачэння існага.

2. Напрамак у літаратуры і мастацтве, які характарызуецца імкненнем да знешне дакладнага капіравання рэчаіснасці без мастацкіх абагульненняў, ідэйнай ацэнкі таго, што адлюстроўваецца.

3. Першапачатковая назва рэалістычнага напрамку ў рускай літаратуры; натуральная школа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)