па́шча, ‑ы, ж.

Рот звера, рыбы. Кракадзіл задрыгаў целам і зрабіўся нерухомы .. з нагою хлопчыка ў пашчы. Маўр. На паперы з’яўляецца воўк — пашча ашчэрана, хіб натапыраны, хвост як палена. Васілевіч. Сабака кінуўся на .. [Сцёпку], ашчэрыўшы ікластую пашчу. Хомчанка. // Разм. зневаж. Вялікі і непрыгожы рот чалавека. І сала і хлеб прападалі ў пашчы Касперыча. Колас. // перан. Цёмнае паглыбленне ў чым‑н. Электраплавільная печ прыняла метал, і Міхал сам, замест падручнага, узяўся кідаць у яе вогненную пашчу стальныя брыкеты. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падкрэ́сліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

1. Правесці лінію, рыску пад радком, літарай і пад. Падкрэсліць галосныя.

2. перан. Звярнуць чыю‑н. увагу на што‑н. важнае, значнае. [Леаніду Аляксеевічу] хацелася падкрэсліць сваю думку больш канкрэтнымі прыкладамі і больш яркімі фарбамі. Якімовіч. // Выдзеліць голасам, інтанацыяй найбольш важнае месца. — Таварышы! Старому трэба дапамагчы. Трэба вызваліць яго сына. Трэба! — падкрэсліў [камандзір].. апошняе слова. Колас. // Зрабіць больш адчувальным; зрабіць такім, што кідаецца ў вочы. Падкрэсліць адмоўныя рысы героя. □ Начное здарэнне падкрэсліла .. [адзіноту], зрабіла фізічна адчувальнай. Шынклер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падмачы́ць, ‑мачу, ‑мочыш, ‑мочыць; зак., каго-што.

Крыху, злёгку намачыць; даць падмокнуць. З тыдзень, можа, свякруха пашыла з ёю ў ладах, а потым не было таго дня, каб не грызла за што-небудзь: дождж падмочыць сена — нявестка вінавата, квахтуха рэшата скіне — зноў нявестка вінавата. Гроднеў.

•••

Падмачыць рэпутацыю — знізіць чый‑н. аўтарытэт, выставіць з нядобрага боку. І трэба прызнацца — Мікалай Мірлікійскі выставіў Мікіту таксама з нядобрага боку і што называецца падмачыў яго рэпутацыю сталага хлопца ў вачах затонскіх старадумаў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазайма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Запоўніць сабою, заняць усё, многае. Усе двары пазаймалі прыезджыя людзі. Колас. // Узяць у сваё карыстанне, скарыстаць для сваіх мэт усё, многае.

2. Захапіць нейкую колькасць чаго‑н., нейкую прастору. Бацька праз людзей даведаўся, што ехаць нам цяпер можна толькі на станцыю Парафіянава, бо папярэднія нашы станцыі пазаймалі немцы. Дубоўка.

3. Ахапіўшы, пагнаць куды‑н. усіх, многіх. Пазаймаць кароў у статак.

4. Заняць каго‑н. чым‑н. некаторы час. Пазаймаць гасцей паўгадзінкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напярэ́ймы, прысл. і прыназ.

Разм.

1. прысл. З мэтай перахапіць каго‑, што‑н., рухаючыся яму насустрач; наперарэз. Бегчы напярэймы. □ Людзі павыбягалі з хат і зямлянак, бягуць напярэймы, каб спыніць вала. Марціновіч.

2. прыназ. з Д. Спалучэнне з прыназ. «напярэймы» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца для ўказання на асобу або прадмет, якім імкнуцца зайсці наперад, каб перахапіць іх. Ад лесу ўлева напярэймы ўцекачу выбег польскі салдат. Колас. Удалечыні быў відзён яшчэ адзін трактар, і я пайшоў напярэймы яму. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

недано́сак, ‑ска, м.

1. Дзіця, якое нарадзілася раней тэрміну. Ужо на сёмым месяцы нарадзілася дачка — неданосак, як сказала акушэрка. Асіпенка. // перан. Ужываецца як лаянка. Маладзіца хіхікнула ўслед, і да .. [Лабановіча] даляцелі словы: — Гэта мужчына: ад бабы ўцёк... Неданосак! Стоптаны лапаць. Колас.

2. часцей мн. (недано́скі, ‑аў). Старая, паношаная вопратка. Перад ад’ездам з Акінчыц пані Аксеня паклікала Ганну, аддала ёй сякія-такія неданоскі сваіх дзяцей. С. Александровіч. Косцік апрануў бацькаў неданосак-куртачку, шапку, узяў з пячуркі рукавіцы і пайшоў. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

найбо́льш, прысл.

1. Больш за ўсё, больш за іншых; асабліва. Сусветная вайна цягнулася ўжо чацвёрты год. І найбольш, далася яна нашай краіне, прынамсі Беларусі. Дуброўскі. Аднаго бацьку найбольш цягнула дахаты. Маці пратэставала, бунтавалася, не хацела [ехаць]. Пестрак.

2. У спалучэнні з якасным прыметнікам утварае найвышэйшую ступень апошняга. Найбольш яркі. Найбольш прыгожы. □ Тут было найбольш страшнае месца дарогі, бо з гэтым лесам было звязана ў мяне многа апавяданняў аб страхах і розных выпадках, якія налучаліся тут з людзьмі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

накпі́ць, ‑кплю, ‑кпіш, ‑кпіць; зак., з каго-чаго, над кім-чым і без дап.

Злосна пасмяяцца, паздзекавацца з каго‑, чаго‑н. Ашукаць або хоць накпіць з акупанта быў немалы гонар. Лужанін. А дзед сядзе каля дуба, Кій паложыць на траву, Люльку возьме ў рот бяззубы І пахіліць галаву, Ды пачне сваё казанне, Як павінен жыць Сымон, Каб праз тое навучанне Лепш прыбраць яго ў палон, Бо таму не збыць пакуты, Хто б над старасцю накпіў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

намо́ва, ‑ы, ж.

Разм.

1. Дамоўленасць аб чым‑н., угавор. І дзядзька доўга не чакае, Маўчком ён Костусю ківае; А Кастусёк даўно гатовы — У іх раней была намова Схадзіць у луг на азярыны І патрывожыць род тхарыны. Колас.

2. Падгавор, падбухторванне на якое‑н. дзеянне; указанне. Зрабіць па намове. □ Па намове жонкі.. [Марцін] заехаў у Масева і патрабаваў ад брата ўплаты за сваю частку. Карпюк.

3. Нагавор на каго‑н., паклёп. Пусціць у ход подкуп і намовы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пі́сар, ‑а, м.

1. Канцылярскі служачы, які займаецца перапіскай, складаннем і рэгістрацыяй канцылярскіх папер. Ротны пісар. □ Група байцоў на чале з пісарам Аляксандрам Жыгуновым узяла пад абстрэл тых, што плылі на лодках. Кухараў.

2. Уст. Асоба, якая займалася перапіскай чаго‑н. Каля аднаго століка, дзе сядзеў нейкі пісар ці можа і сакратар, .. збілася цэлая грамада моладзі. Колас. // Разм. жарт. Той, хто піша, хто ўмее пісаць. — Прачытай, што там накрэмзаў, пісар ты мой, — не выцерпеў дзед. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)