аб’е́кт, ‑а, М ‑кце, м.

1. Матэрыяльная рэчаіснасць, навакольны свет, які існуе па-за намі і незалежна ад нашай свядомасці. Аб’ект пазнання.

2. З’ява, прадмет, асоба, якія падпадаюць пад уздзеянне каго‑, чаго‑н. Аб’ект назірання, навуковага даследавання. □ Жыццё народу ва ўсёй яго паўнаце і шматграннасці, праца і побыт народных мас — усё гэта прызначана быць аб’ектам творчасці паэта. Івашын.

3. Прадпрыемства, будоўля, асобны ўчастак чаго‑н. як адзінка гаспадарчага або абароннага значэння. Рабочых перавялі на другія аб’екты — каго на будаўніцтва рабочага пасёлка, каго — на падсобныя памяшканні. Няхай. Мірнае насельніцтва выходзіла на будаўніцтва абаронных аб’ектаў. Краўчанка.

4. Тое, што і дапаўненне (у 3 знач.).

[Ад лац. objectum — прадмет.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кляймо́, ‑а́; мн. кле́ймы (з ліч. 2, 3, 4 кляймы́), кле́ймаў; н.

1. Пячатка, знак, якія ставяцца на вырабах і паказваюць гатунак тавару, назву прадпрыемства і пад. Фабрычнае кляймо. Завадское кляймо. □ Павел сядзеў на нізкім табурэціку і, схіліўшы галаву, разглядаў кляймо фабрыкі на падкладцы капелюша. Шамякін. // Выпалены знак на скуры жывёлы. // Метка, звычайна ў форме літар, выпаленая на целе злачынца (у некаторых дзяржавах і ў Расіі да 1863 года).

2. перан.; чаго або якое. Знак, сведчанне чаго‑н. (звычайна ганебнага). Кляймо забойства. □ Занятак адкладвае на кожнага своеасаблівае кляймо. Бядуля.

3. Прылада, якой кляймуюць.

•••

Каінава кляймо — след злачынства на кім‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

казна́, ‑ы, ж.

Уст.

1. Сукупнасць грашовых, зямельных і іншых матэрыяльных каштоўнасцей дзяржавы. — Пад казну зямля пайсці не можа, гэта ўласнасць пана міністра. Чорны.

2. Дзяржава як уладальнік гэтых каштоўнасцей, а таксама ўрадавая ўстанова, якая распараджаецца маёмасцю дзяржавы. — Далася вам гэтая казка. Самі на сябе рабіць будзеце, а не на казну, свая ж гаспадарка будзе. Галавач. // Дзяржаўная ўстанова, прадпрыемства. А хлеба ўсё ж такі не хапала; узімку наймаліся ў казну рэзаць дровы, вазілі кароўкі, наймаліся ў гарадах... Каваль.

3. Грашовыя сродкі, маёмасць. Паднятыя апоўначы ў пошуках заработку бедныя дзеці так і паехалі, не багата сабраўшы для папаўнення казны сіроцкага дома. Філімонаў.

[Цюрк.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

про́філь, ‑ю, м.

1. Абрыс, від збоку (твару, прадмета). [Кузьма] убачыў Верын профіль, кароткі нос з роўнай пераносіцай, востры падбародак, акруглы лоб. Дуброўскі. З худым аскетычным тварам, глыбокімі вачамі і густымі сівымі брывамі .. [Гукан] нагадваў у профіль ястраба. Шамякін.

2. Спец. Вертыкальнае (папярочнае або падоўжнае) сячэнне якога‑н. ўчастка, паверхні, прадмета; від, форма чаго‑н. у разрэзе. Профіль канала. Профіль дарогі. Профіль участка зямной паверхні. // Форма папярочнага сячэння пракатнага вырабу; выраб такой формы. Усю змену, пад наглядам Івана, [Змітрок] замацоўваў дэталі, рабіў больш складаныя профілі, чым дагэтуль. Ваданосаў.

3. Сукупнасць асноўных тыповых рыс, якія характарызуюць гаспадарку, прафесію, спецыяльнасць. Профіль прадпрыемства. Профіль інстытута. Спецыяльнасць шырокага профілю.

[Ад іт. profilo — абрыс.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уда́рнік ​1, ‑а, м.

Перадавы работнік сацыялістычнай вытворчасці, які перавыконвае нормы. Ударнікі калгасных палёў. □ Ударнік.., як на барыкаду, Вядзе на штурм прарываў Ударную брыгаду. Купала. Ударнік той, хто заўсёды і пры ўсякіх умовах паказвае іншым прыклад у рабоце, сам ідучы наперадзе. Арабей. // Пра перадавое прадпрыемства. Калійны камбінат з’яўляецца ўдарнікам будоўлі сямігодкі. «Звязда».

уда́рнік ​2, ‑а, м.

1. Частка затвора агнястрэльнай зброі, прызначаная для ўдару па капсулі патрона.

2. Дэталь, прыстасаванне ў якім‑н. механізме, інструменце для атрымання гуку ўдарамі.

3. Разм. Музыкант, які іграе на ўдарных інструментах. Джазавы ўдарнік. □ [Яругіна] цягнула ў рэстараны, дзе джазавыя ўдарнікі выбівалі модныя рытмы. Карамазаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штамп, ‑а, м.

1. Спецыяльная форма для серыйнай вытворчасці розных прадметаў шляхам штампоўкі.

2. Від пячаці, звычайна прамавугольнай формы з назвай або адрасам якой‑н. установы, арганізацыі, прадпрыемства і пад. Бібліятэчны штамп. □ Я здзіўлены: Канверт штэмпеляваны, Але не штампам пошты гарадской. Прануза. // Адбітак, атрыманы ад такой пячаці. На канверце быў ваенкамацкі штамп. Кулакоўскі. Вось.. [капітану] Максім Вішнёў і паказаў сіні канверт з трыкутныж штампам вайсковай часці. Грамовіч.

3. перан. Агульнаўжывальны, збіты ўзор; шаблон. Мову бясколерную, розныя канцылярскія звароты і штампы прынеслі ў мастацкую літаратуру людзі абыякавыя і сумныя. Шкраба. Маладыя, не кранутыя штампам, натхнёныя акцёры пакарылі сэрцы гледачоў. «Полымя».

[Ням. Stampe ад іт. stampa — пячаць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ста́так 1 ‘гурт буйной дамашняй жывёлы’, ‘пагалоўе; быдла; рагатая жывёла’ (ТСБМ, Ласт., Сцяшк., Арх. Федар., Шымк. Собр., Бяльк., Сержп., Сл. ПЗБ; полацк., Шн. 2), ‘чарада кароў’ (ЛА, 1), ‘буйная рагатая жывёла’ (Нас., Мал.), ‘стада’ (Шат., Касп.), ‘інвентар; стада’ (Др.-Падб.), ‘стада авечак, коз і да т. п.’ (Мядзв.), ‘рухомая маёмасць’, ‘стада жывёлы’ (Федар. 7), ‘пасудзіна’, ста́ток ‘інструмент’ (гродз., беласт., Сл. ПЗБ), ста́ткі толькі мн. л. ‘снасці, прылады, прыстасаванні для рыбнай лоўлі’ (Крыв.), ‘рэшткі, спадкі, спадчына’ (Нас.), ст.-бел. статокъ ‘маёмасць’ (Ст.-бел. лексікон; Сташайтэне, Абстр. лекс., 161), ‘буйная рагатая жывёла’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. ста́ток ‘статак’, рус. ста́ток ‘дастатак; маёмасць’, зах. ‘жывёла’, польск. statek ‘рухомая маёмасць; жывы інвентар’, дыял. ‘быдла, хатняя жывёла’, н.-луж. statk ‘прадпрыемства; дзеянне; справа’, чэш. statek ‘маёмасць, рэчы’, дыял. ‘буйная рагатая жывёла’, славац. statok ‘тс’. Прасл. дыял. *statъkъ, дэрыват ад *stati ‘стаць’ з суф. ‑ъkъ. Гл. Махэк₂, 675; Фасмер, 3, 745. Шустар-Шэўц (1356–1357) мяркуе, што *statъkъ утворана ад праславянскага назоўніка *statь (параўн. стаць 2, постаць, гл.; рус. стать ‘пастава’) з суф. ‑ъkъ; Борысь (576) выводзіць ад прасл. *statъ < *stati. Ст.-бел. статокъ ‘рэчы, маёмасць’ Булыка (Лекс. запазыч., 78) лічыць паланізмам, што, ведаць, не мае падстаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

уклада́нне ​1, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. укладаць ​1 — укласці ​1 (у 1–6 знач.).

2. Тое, што ўкладзена, змешчана ўнутр. Бандэроль з укладаннем.

3. Грашовая сума, укладзеная ў якую‑н. справу, якое‑н. прадпрыемства. Велізарныя ўкладанні іншаземнага капіталу ў рускую прамысловасць і вялікі рост дзяржаўнага доўгу іншаземнай буржуазіі ставілі царскую Расію ў залежнае становішча. «Полымя».

•••

Капітальныя ўкладанні — сродкі, якія дзяржава прызначае на капітальнае будаўніцтва.

уклада́нне ​2, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. укладаць ​2 — укласці ​2.

2. Разм. Сачыненне. Укладанне [Веранікі] па рускай літаратуры зачытвалі перад усім класам. Навуменка. З кіпы сшыткаў [Мар’я Іванаўна] выцягнула Нінін сшытак і зачытала ўрыўкі з яе ўкладання. Сапрыка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фа́брыка, ‑і, ДМ ‑рыцы, ж.

1. Прамысловае прадпрыемства, якое апрацоўвае сыравіну пры дапамозе машын і для якога характэрны падзел працы па аперацыях. Тэкстыльная фабрыка. Абутковая фабрыка. □ Магутнай ракой, перакідваючыся з завода на завод, з фабрыкі на фабрыку, з калгаса ў калгас, пацёк — разліўся стаханаўскі рух па нашай радзіме. Купала. Мы цягнікі вадзілі, Палотны на фабрыках ткалі, Лес магутны валілі. Караткевіч.

2. перан.; чаго. Пра месца, дзе што‑н. ствараецца ў вялікай колькасці. Фабрыка хлусні. □ [Васіль:] — Думаю, што нядоўга чакаць, калі калгасы нашы .. стануць буйнымі фабрыкамі хлеба, малака, мяса. Шамякін. Фашысцкай навалы і фабрык смерці Ты, малады чытач, не ведаеш І не трэба, каб іх ты ведаў. Кірэенка.

[Ад лац. fabrica — майстэрня.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

укла́сці¹, -ладу́, -ладзе́ш, -ладзе́; -ладзём, -ладзяце́, -ладу́ць; -ла́ў, -ла́ла; -ладзі́; -ла́дзены; зак.

1. каго (што). Прымусіць легчы, надаць каму-н. ляжачае становішча.

У. ў ложак.

У. спаць.

2. што чым. Пакрыць чым-н. на якой-н. прасторы.

У. дарожку каменнем.

3. што. Палажыць у пэўным парадку.

У. рэйкі.

У. снапы на таку ў адзін рад.

У. валасы (зрабіць прычоску).

4. што ў што. Палажыць, змясціць унутр.

У. пісьмо ў канверт.

У. душу ў што-н. (перан.).

5. што ў што. Змясціць у якое-н. прадпрыемства (сродкі, грошы).

У. капітал у цяжкую прамысловасць.

6. перан., каго (што). Тое, што і забіць (у 1 знач.; разм.).

У. звера на месцы.

|| незак. уклада́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е (да 1—5 знач.) і укла́дваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. уклада́нне, -я, н. (да 1—5 знач.), укла́дванне, -я, н. і укла́дка, -і, ДМ -дцы, ж. (да 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)