сці́ха, прысл.
Абл.
1. Ціха, нягучна. Як прыходзіў Бандарэнка, А з ім — Бандарыха. Галасілі над дачушкай, Галасілі сціха. Купала. — Скажы ты... — загаварыў Махорка да Насты, сціха, як шаптаў. Пташнікаў. // Нячутна, не робячы шуму. Ён [Гусляр] падаўся сціха да акна. Лойка.
2. Незаўважна для іншых, тайна. Прабраліся б сціха на насып. Ад мосціка ў трох кіламетрах. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тварэ́ц, ‑рца, м.
Той, хто стварае матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці. Шыпіць дарога, пахне ветрам. Хвала тварцам такіх дарог! Панчанка. Сягоння на Ўкраіне вялікае свята: У дзень гэты радзіўся тварэц «Кабзара». Купала. Бетховен, як тварэц, не толькі паказаў вастрэйшую сацыяльную барацьбу свайго часу, але і даў усяму свету высокія ідэалы чалавечнасці і сапраўднай свабоды асобы. Шырма.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
убарані́ць, ‑раню, ‑роніш, ‑роніць; зак., каго-што.
Разм. Абараніць каго‑, што‑н. ад нападу, замаху, варожых дзеянняў. Земляў чужых мы не хочам, Землі ўбаронім свае. Купала. // Засцерагчы ад небяспекі, шкоды і пад. Убараніць дзіця ад хваробы. □ Але няхай цябе ўбароніць Мой голас сэрца, дарагі! Колас. І можа толькі дружба ўбараніла іх абодвух ад смерці. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узгуля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.
Разм.
1. Пачаць вельмі бурна гуляць, захапіцца гульнёю; разгуляцца. Дзіця ўзгулялася. / у перан. ужыв. [Янка:] — У рацэ рыбе так узгулялася, што быццам у гаршку вада кіпіць. В. Вольскі.
2. перан. Дасягнуць у якім‑н. дзеянні значная сілы, інтэнсіўнасці. Узгуляўся вецер. □ Ой, жудасна-халодная Узгулялася зіма. Купала. Нібы вясною, узгулялася сонца. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
самкну́цца, ‑нецца; зак.
1. Зблізіўшыся, даткнуцца; злучыцца. Кантакты самкнуліся. // Згусціцца, стаць шчыльным. Краска змоўкла, а ў разоры Мрок гусцей самкнуўся. Колас. Неба чорнай беспрасветнасцю самкнулася з гарамі. Быкаў.
2. перан. Злучыцца, згуртавацца, стварыць адно цэлае. Рады пралетарыяту павінны самкнуцца яшчэ цясней і даць у гэтай барацьбе ўзор арганізаванасці і дысцыпліны. Ленін. У сваіх мэтанакіраваных адносінах да фальклору Купала і Багдановіч самкнуліся, хоць пачыналі з тыпалагічна розных сувязей з ім. Лойка. // Акружыўшы з усіх бакоў, злучыцца. Ракеты егерам рассыпаліся наўкол. Па іх мы бачылі, як самкнулася кола вакол нас. Няхай.
3. Заплюшчыцца, стуліцца (пра вочы, губы і пад.). Вочы мне з часам самкнуцца, Жвір мяне ўхутае цвёрды, Жыць між людзей застануцца Песня і Леніна ордэн. Купала. [Алена] адразу задумалася. Твар стаў строгі, прыпухлыя вусны самкнуліся. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адмысло́вы, ‑ая, ‑ае.
Своеасаблівы, адметны, непаўторны. Адмысловы танцор. □ Палескае неба мае свае адмысловыя найтанчэйшыя адценні. Чорны. Хто б падумаў, здагадаўся, Што ў такіх аковах Быў Тарас багаты скарбам, Скарбам адмысловым. Купала. // Спецыяльны, асобага прызначэння. Адмысловыя прысмакі. □ [Хлопцам] ужо шыюць маткі трусы, рыхтуюць рукзакі, падбіраюць адмысловую посуду. Якімовіч. // Цудоўны, выдатны. Рыбак быў дзядзька наш Антоні, Як і работнік, адмысловы. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зло́сна, прысл.
1. Са злосцю, нядобразычліва (сказаць, глянуць і пад.). Сцёпа злосна агрызнуўся: — Чуў ужо. Адчапіцеся! Курто.
2. Вельмі моцна, бязлітасна, люта. Камары кусаліся ўсё гэтак жа злосна, не зважаючы ні на якія захады. Лужанін. / у перан. ужыв. Злосна стагналі вятры над курганамі, Хмары насіліся чорнаю хваляй. Купала.
3. Разм. Горача, заўзята. Хлопцы працавалі ўпарта, нават злосна. Шыцік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
інтэ́рас, ‑у, м.
1. Разм. Справа, дзелавая патрэба. [Данілка:] А я маю да цябе важны інтэрас: пазыч ты мне жыл на струны. Купала. — Аўгінька, ці ў хаце твой бацька? Я маю да яго інтэрас. Зарэцкі.
2. Абл. Занятак гандлем; крама. — Які цяпер гандаль, хто цяпер гандлюе. Усе тыя, што калісь мелі свой інтэрас, цяпер вунь дзе гандлююць... Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гмах, ‑у, м.
Вялікі вышынны будынак. Я ў сталіцы ізноў Сярод гмахаў-дамоў, Што здзіўляюць красой небывалай. Журба. Высокі клён, Але і ён — Па пояс дому-гмаху. Макаль. // перан. Увогуле пра што‑н. вялікае, велічнае. Дуб і сосны — векавыя гмахі, Не баяцца бур і навальніц. Пысін. Грамада — вялікі гмах: Адзін ляжа, сто ідзе, А хто ж роўны грамадзе?! Купала.
[Польск. gmach з ням.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дамо́ўка, ‑і, ДМ ‑моўцы; Р мн. ‑мовак; ж.
Абл.
1. Хата, дом, прытулак; гаспадарка. Гаварылі, што пан .. [Седасу] падараваў зямлі, і ён мае намер завесці ўласную дамоўку. Чорны. Праляталі чародкі дзікіх качак, спяшаючыся да дажджу знайсці сабе дзе-небудзь у чаротах дамоўку. Васілевіч.
2. Труна, дамавіна. Не часалі дамоўкі яму [гусляру] сталяры, Не заплакалі бліжнія вочы. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)