вы́круціцца, ‑кручуся, ‑круцішся, ‑круціцца; зак.

1. Адкруціўшыся, выпасці, выняцца. Выкруціўся вінт.

2. Пры сцісканні кручэннем выпусціць ваду (пра бялізну). Сарочка добра выкруцілася.

3. Разм. Вывіхнуцца. Выкруцілася рука ў плячы.

4. Спрытна выслізнуць, вызваліцца ад каго‑н., з чаго‑н. [Лора] з усяе моцы рванулася ад .. [Вілюевіча], выкруцілася і пабегла ў клуб. Грамовіч.

5. перан. Выйсці з цяжкага, непрыемнага становішча. Выкруціцца з бяды. □ [Клава:] Сёння вам ад мяне не выкруціцца. Крапіва. Прыцягнутаму да суда містэру Крукеру ўдалося выкруціцца ад пакарання. Лынькоў.

6. Абл. Сысці, з’ехаць, знікнуць. [Старая] ўсё яшчэ не траціла надзеі, што Юзік, нарэшце, куды-небудзь выкруціцца, і тады ўся гаспадарка Піліпку застанецца. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падражні́ць, ‑дражню, ‑дражніш, ‑дражніць; зак., каго.

Дражніць некаторы час. Аднаго пасіўнага наглядання Лабановічу было мала: яму хацелася пагутарыць з пісарам і падражніць яго кадэтамі. Колас. «Ну, а з чаркай як жа справа? Падражнілі толькі хіба? Ператоркаю ўсе кнопкі, А не выйду я без стопкі». Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неабхо́дна, прысл.

1. у знач. вык. Патрэбна, абавязкова. Хіба гэта было неадступна, неабходна? Мележ.

2. безас. у знач. вык. Трэба, належыць. [Камлюк:] — У бой неабходна пусціць усё ўзбраенне. М. Ткачоў. [Начдыў:] Нам неабходна прарваць фронт, прайсці лес, і, заняўшы пераправу ля Цітвян, адрэзаць палякам шлях адступлення. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

про́сьба, ‑ы, ж.

Зварот да каго‑н. з заклікам задаволіць якія‑н. патрэбы, жаданні. Просьбу дзяўчыны з політэхнічнага інстытута.. перадаць прывітанне Паходню я выканаў у першы ж вечар. Хадкевіч. [Кацярына:] Павесьце яго, пане, на клёне перад акном нашай хаты. [Пан Яндрыхоўскі:] Гэту просьбу я з прыемнасцю выканаю. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прымачы́ць, ‑мачу, ‑мочыш, ‑мочыць; зак.

1. каго-што. Трохі змачыць, падмачыць. Дождж прымачыў сена.

2. што. Прыкласці што‑н. вільготнае, мокрае (да хворага месца). — Пайдзі да студні, выцягні вады і прымачы [гуз]... Брыль. Прыйшла Сцёпкава бабка Таццяна, прымачыла ручку [Петрыка] зёлкамі і перавязала чыстаю анучкаю. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́ншчына, ‑ы, ж.

Гіст.

1. Пры прыгонным праве — дармавая прымусовая праца сялян на пана. Адбываць паншчыну. □ [Пытляваны:] Мы вас за краты не пасадзім і на паншчыну не пагонім. Крапіва.

2. Разм. Прыгоннае права. Пад сялян гэтыя горшыя кавалкі зямлі пайшлі тады, калі была скасавана паншчына. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паро́жны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і парожні. [Агата] рынулася назад у сенцы з парожным вядром і бразнула яго на лаўку. Крапіва. А дом, ён цягне. У мяне там цяпер толькі мачыха. А вось як падвярнулася машына на базе, — выпрасіў на нядзелю. Парожны не прыеду. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўзыхо́дзіць, ‑дзіць; ‑дзім, ‑дзіце, ‑дзяць; зак.

Узысці — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае. Сабе заваяваў ты вышыню, Нуды не ўсе жывыя паўзыходзяць. Свірка. А хвойнік любіць тут расці. За два гады, пакуль не арэцца, усё роўна як яго знарок хто пасеяў, — густа паўзыходзіць. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пескавы́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да пяску. На гэтых пескавых прасторах, сярод рэдзенькае збажыны сям-там тырчаць купчастыя.. сосны. Сташэўскі. // З пяску; пясчаны. Пескавы насып. □ [Уладзік] ідзе не спяшаючыся, лёгка ступаючы па пескавой дарозе. Крапіва. З берага з разгону ўрэзваецца ў раку пескавая каса. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абшчыпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Шчыпаючы, пазбавіць апярэння, лісця і пад.; абскубці. Абшчыпаць курыцу. Абшчыпаць куст.

2. Шчыпаючы, паабрываць (лісце, ягады, пялёсткі і пад.). Абшчыпаць пялёсткі. Абшчыпаць струкі гароху.

3. Шчыпаючы, параніць у многіх месцах. [Пеўні] абшчыпалі да крыві адзін другому грабяні. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)