адсячы́, ‑сяку, ‑сячэш, ‑сячэ, ‑сячом, ‑сечаце, ‑сякуць; пр. ‑сек, ‑секла, зак., што.
1. Аддзяліць, ударыўшы з размаху чым‑н. вострым. Вайна і яшчэ адну пакінула адмеціну: на левай руцэ.. [у Сцяпана] не хапала двух апошніх пальцаў — адсекла снарадам. Ракітны. [Агей:] — Куды ж без зямлі мне, няма мне тады ходу ў жыцці... лепш рукі мне адсекчы, чым без зямлі быць. Галавач. // перан. Рашуча пазбавіцца чаго‑н., парваць сувязь з чым‑н. [Каваль:] — Не куру. [Хлопец:] — Зусім? — Кінуў. — Ну, малайчына. А я сабе сказаў: да Першага мая, а там — адсяку. Савіцкі.
2. Зак. да адсякаць (у 2, 3 знач.).
3. Адказаць, сказаць у рэзкай, катэгарычнай форме. А машыніст на ўсе пагрозы нібы адсек: — Не павязу! Дудар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
асму́жаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад асмужыць.
2. у знач. прым. Туманны, імглісты; пакрыты смугой. Я вельмі люблю.. бялюткія, заснежаныя палі, па-зімоваму асмужанае вячэрняе неба, маўклівыя ў шэрані прысады. Асіпенка. У асмужанай красе Твой бачу, восень, воблік. Панчанка. // Пацямнелы. Месцам каля хлявоў яшчэ прытаіліся кучкі абледзянелага, асмужанага снегу. Крапіва.
3. у знач. прым. Абпалены сонцам; абветраны, загарэлы. На Зосі была зялёная ў чырвоных палосах вязаная кофта, яна пасавала да асмужанага, чарнабровага твару з задуменнымі чорнымі вачыма. Хадкевіч. Пастрыжаны, схуднелы, з асмужаным, пацямнелым тварам, бацька весела расказваў, якую смачную зварылі яны.. бульбу і як здорава елі яе, запіваючы бульбяным жа варам. Мехаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ву́ліца, ‑ы, ж.
1. Два рады дамоў і прастора паміж імі для праходу і праезду, а таксама сама гэта прастора. Мястэчка малое: ад незабрукаванай плошчы разыходзіцца шэсць вуліц. Брыль. На доўгай, абсаджанай старымі таполямі вуліцы было ціха і бязлюдна. В. Вольскі. // перан. Жыхары гэтых дамоў. На пажар збеглася ўся вуліца.
2. Месца пад адкрытым небам у процілегласць памяшканню. [Алена:] — На вуліцы такая відната, людзі з работы яшчэ не прыйшлі, а ты ўжо святло запаліў. Мележ.
3. перан. Асяроддзе, якое сваёй некультурнасцю, нявыхаванасцю дрэнна ўплывае на каго‑н. Уплыў вуліцы.
•••
Будзе і на нашай вуліцы свята гл. свята.
Выкінуць на вуліцу каго гл. выкінуць.
Зялёная вуліца — прапускаць без затрымак, па-за ўсякай чаргою.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адштурхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце, зак., каго-што.
1. Штурхнуць ад сябе, адсунуць штуршком. [Ядвіся] раптоўна абхапіла рукамі яго шчокі і, умомант прыблізіўшы яго галаву, пацалавала, а потым з сілаю адштурхнула яго і кінулася за дзверы. Колас.
2. перан. Парваць сувязь, блізкія адносіны з кім‑н., аддаліць ад сябе, праявіўшы раўнадушнасць, халоднасць. Прыязнасць да Паходні ў Янукевіча была і цяпер, ён лічыў яго сваім выхаванцам, не верыў у плёткі І паклёпы і не хацеў адштурхнуць ад сябе. Хадкевіч. // Выглядам, паводзінамі выклікаць непрыязнасць, агіду. У гэтым прызнанні было столькі нявіннай прастаты, шчырай даверлівасць, што такая вестка мяне не толькі не адштурхнула, а зрабіла паненку яшчэ больш прывабнай. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
акрыя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.
1. Паправіцца пасля хваробы, ачуняць; набрацца сіл, акрэпнуць. [Нупрэй:] — Думалі, ні за што не выжыве [Язэп]. Аж месяц-другі пасядзеў дома і акрыяў трохі. Сачанка. Ранены крыху акрыяў, але не настолькі, каб як след ахапіць розумам сваё становішча. Шарахоўскі. // Дасягнуць (пасля ваеннага разбурэння і пад.) ранейшага стану. Вёска яшчэ не зусім акрыяла ад трох акупанцкіх пажараў. Брыль.
2. перан. Ажыць душой. Іван.. чамусьці пазбыўся ўсіх сваіх ранейшых трывог і на гэтым лугавым прыволлі проста акрыяў душой. Быкаў. [Анюта:] — Каб мне хоць слоўца пра майго Казіка сказаў — дзе ён, што з ім, — дык я ўся душой бы акрыяла, свет перада мной адкрыўся б. Краўчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кало́цца 1, калюся, колешся, колецца; незак.
1. Мець здольнасць калоць (у 1 знач.). Пакоша ўжо не колецца, — бяскрайнюю раўніну.. накрыла светла-зялёная мяккасць атавы. Брыль. // Датыкаючыся да каго‑, чаго‑н., выклікаць боль (пра што‑н. вострае, калючае). Сямён шчакой прыхінаецца да.. [Машынай] шчакі, — колецца, бо даўно не галіўся. Мележ.
2. Ваюючы, б’ючыся, наносіць адзін аднаму раны вострай зброяй. А людзі? Яшчэ не пакінулі біцца, Калоцца, рэзацца... Куляшоў.
3. Разм. Бадацца; мець звычку калоць рагамі. Бык колецца.
•••
І хочацца і колецца гл. хацецца.
кало́цца 2, колецца; незак.
1. Паддавацца колцы; расшчапляцца, драбніцца. Калі не колецца палена, то ў яго ўбіваюць клін.
2. Зал. да калоць 2.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зда́рыцца, ‑рыцца; зак.
1. Мець месца; адбыцца. А тут яшчэ здарыўся выпадак адзін, праз які страцілася ў Міколкі ўсякая вера ў дзедаву храбрасць. Лынькоў. Усе гэтыя дні Аленка была ў нейкім зусім новым для яе настроі. Яе трохі палохалі экзамены — ці мала што можа там здарыцца. Колас. / безас. са злучн. «што». Здарылася, што ў адзін з напружаных для завода момантаў Булай захварэў і праляжаў даволі доўга. Шыцік.
2. безас. з інф. Выпасці на чыю‑н. долю. Здарылася заначаваць аднойчы ў лесе.
3. Нечакана з’явіцца; трапіцца. Тут ужо як чыё шчасце — падарожная машына магла здарыцца і ў першую хвіліну, а магло яе не быць і цэлы дзень. Краўчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
змрок, ‑у, м.
1. Адсутнасць святла; цемра. Зусім цёмна. Змрок атуліў .. прасторы. Каваль. Непраглядны змрок і сыры туман спляліся густа-густа і як бы глынулі гэтую закінутую між балот і лесу невялічкую вёску. Колас.
2. Няпоўная цемната, прыцемак, пры якім можна яшчэ распазнаваць прадметы. У хаце гусцеў змрок, але .. [Пятро] бачыў .. любыя вочы [Сашы], цяпер яны глядзелі ласкава і закахана. Шамякін. // Прыцемак у слаба асветленым месцы, памяшканні.
3. Прыцемак паміж заходам сонца і наступленнем ночы, а таксама перадсвітальны прыцемак. У густым вячэрнім змроку патанула вёска. Анісаў. Станцыя хавалася ў п[е]радранішнім змроку. Лынькоў.
4. перан. Пра атмасферу насілля, беспрасветнасці, безнадзейнасці. У тваім жыцці [рабочага] ранейшым Змрок стаяў кругом. Журба.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
змякчы́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зрабіцца больш мяккім, эластычным; страціць цвёрдасць, калянасць. Скура на руках змякчылася.
2. Стаць менш суровым, строгім; быць больш мяккім, лагодным, падатлівым. Сэрца змякчылася. □ Сцёпка значна змякчыўся. Ён прыветна зірнуў на Алёнку і сказаў мнагазначна: — Можа я і буду вучыцца, гэта яшчэ невядома. Колас. / Пра твар, вочы і пад. Алесеў твар ад .. нечаканай радасці змякчыўся і прасвятлеў. Васілевіч.
3. Страціць сілу, рэзкасць; зменшыцца, аслабець. Боль змякчыўся. Вецер змякчыўся. // Зрабіцца менш суровым, цяжкім. Твар .. [жанчыны] прасвятлеў, быццам яе ўласнае гора крыху зменшылася, змякчылася. Лынькоў.
4. Быць вымаўленым з дадатковым пад’ёмам спінкі языка; палаталізавацца (пра зычныя гукі).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
будаўні́цтва, ‑а, н.
1. Узвядзенне будынка або якога‑н. іншага збудавання. Будаўніцтва завода, школы.
2. Будаўнічы аб’ект. Паехаць на будаўніцтва. □ На будаўніцтва Сілевіцкай ДРЭС Наташа трапіла ў сярэдзіне жніўня. Краўчанка.
3. Развіццё народнай гаспадаркі і культуры шляхам будавання новых вытворчых прадпрыемстваў і аб’ектаў культуры. Прамысловае будаўніцтва. Калгаснае будаўніцтва. Культурнае будаўніцтва. Капітальнае будаўніцтва. Зялёнае будаўніцтва. Тэмпы будаўніцтва. □ Вытворчая брыгада, якая нарадзілася яшчэ на заранку калгаснага будаўніцтва, і да гэтага часу застаецца асноўным звяном гаспадарання. Машэраў.
4. Стварэнне, арганізацыя новых гаспадарчых і культурных умоў жыцця. Сацыялістычнае будаўніцтва. Будаўніцтва камунізма. □ Зроблена ўсё магчымае для забеспячэння ўмоў мірнага будаўніцтва ў нашай краіне і ў брацкіх краінах сацыялізма, для міру і бяспекі ўсіх народаў. Брэжнеў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)