нікчэ́мнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць нікчэмнага. Шырокі не пераставаў у значна павышаным тоне расказваць аб затхласці местачковага жыцця, аб нікчэмнасці інтарэсаў панямонскай інтэлігенцыі. Колас. // Крайняя нязначнасць каго‑, чаго‑н.; убоства. Апошнія калгасныя падзеі прымушалі.. [Чачыка] усё больш і больш задумвацца над сваёй нікчэмнасцю. Пташнікаў.

2. Нікчэмны чалавек. Чалавек, які сказаў некалькі пустых сказаў, мог.. [Макоўчыку] здацца нікчэмнасцю, надоўга страціць яго павагу. Мележ. — Калі б вы хоць гадзінку набылі з Тумашам, дык убачылі б, якая гэта нікчэмнасць. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паадлята́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.

1. Адляцець — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае. Птушкі паадляталі. Самалёты паадляталі.

2. Адляцець, адскочыць ад моцнага ўдару, штуршка — пра ўсіх, многіх. Разгарнуўся дзед Талаш, павярнуў сваімі шырокімі плячамі, крутнуўся, і жаўнеры паадляталі ад яго, як шчэпкі. Колас.

3. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Разм. Адарваўшыся, адпасці — пра ўсё, многае. Куртачка на .. [Алесю], — як на футбольным мячы пакрышка, у кашулі ніводнага гузіка, — усе паадляталі. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паве́ў, ‑веву, м.

Лёгкі, слабы парыў ветру; рух у паветры. Лёгкі, ледзь прыкметы павеў свежага ветру крануў нашы твары. В. Вольскі. Паветра ішло насустрач слабымі цёплымі павевамі. Мележ. // Прыкметы чаго‑н. надыходзячага. Павевы рэвалюцыі. □ Незаўважна падплылі павевы восені. Чорны. // перан. Уздзеянне, уплыў чаго‑н. Павевы гісторыі. Гуманістычныя павевы. □ Здавалася, ужо само паветра было насыпана новымі павевамі свежай мыслі. Колас. // перан. Адчуванне чаго‑н. [Шчасце] было блізка,.. [Заранік] чуў павевы яго і — прыскорваў крок. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паво́дзіцца, ‑водзіцца; безас. незак.

Разм.

1. Жыцца; складвацца (пра ўмовы жыцця, працы і пад.). Букрэй разгаварыўся з Панасам, распытваў яго, як паводзілася ў палякаў, што ён чуў там і бачыў. Колас. [Нахлябіч] хацеў ужо ісці далей, але Пніцкі перапыніў яго: — Ну, як вам паводзіцца? Чорны.

2. Быць прынятым. Так у нас паводзіцца. Паводзіцца здаўна.

3. Разм. Тое, што і паводзіць сябе (гл. паводзіць). Гэта сапраўды было ўсё. Цяпер .. [Алесь] не мог паводзіцца, як раней. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

назва́цца, ‑завуся, ‑завешся, ‑завецца; ‑завёмся, ‑завяцеся; зак.

1. Прыняць, узяць сабе якую‑н. назву, імя і пад. [Іван:] — Заўтра ж трэба зрабіць табе добрыя дакументы. Кім ты хочаш, пазвацца? Новікаў.

2. Сказаць, назваць сваё імя, прозвішча, становішча і пад.; адрэкамендавацца. Навічок назваўся Апанасам Вялічкам. Машара.

3. Разм. Напрасіцца, навязацца да каго‑н. з чым‑н. — Зразумела, — сказаў Лабановіч. — панне Ядвісі будзе шмат прыемней пайсці ў кампаніі Грыгора і Негруся, які напэўна сам назавецца ў праважатыя. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нача́льніцкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да начальніка, належыць начальніку. Стаялі афіцэры, выцягнутыя ў струнку, чакалі начальніцкага загаду. Лынькоў. У той жа самы момант салдат.. раптам махнуў рукою і пабег у начальніцкі вагон. Чорны.

2. Поўны важнасці, строгасці; уладны. Сядзіць .. [Скок] з начальніцкім выглядам за перапэцканым у чарніла крываногім сталом і старанна хукае на пячатку, быццам яна замерзла. Сяркоў. Пан Крулеўскі гаварыў цяпер па-польску, і ў голасе чуўся халодны, .. начальніцкі тон. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прабы́ць, ‑буду, ‑будзеш, ‑будзе; зак.

1. Пражыць, правесці некаторы час дзе‑н. Такім чынам у Вепрах прабыў Саўка дзён тры ці чатыры. Колас.

2. Праслужыць, прапрацаваць некаторы час у якасці каго‑н. А Рыгор .. так і прабыў польскім абознікам нешта вельмі доўга. Чорны.

3. Пражыць, правесці час якім‑н. спосабам. — Наеліся дзеткі малака. Што я ім пастаўлю? Вады хіба пасалю? Гэта ж твая ўсё донечка любая! — Прабудуць дзень як і бег малака. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прако́с, ‑а, м.

1. Пракошаная паласа шырынёй у адзін узмах касы, адзін захват касілкі. Мажны і высокі, як дуб, сівы, як выбелены лён,.. [дзед Ахрэм] лёгка махаў касой, пракладаў у высокай траве роўную, гладкую сцяжынку — пракос. Асіпенка. Цімох памянташыў касу і заняў новы пракос. Капыловіч.

2. Доўгая града скошанай травы. Трава лёгка паддавалася і пакорна лажылася ў роўныя пракосы. Колас. [Надзя:] Копы я кончыла растрасаць і пракосы ўсе за Лявонам разбіла, — што цяпер рабіць? Козел.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праслізну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Слізгаючыся, прайсці, праскочыць праз што‑н., паміж чым‑н. Пакуль я капаў, мае памочнікі так старанна перабіралі кожную грудку зямлі, што, бадай, і макавае зернетка не праслізнула б міма іх рук. Штыхаў.

2. Непрыкметна прайсці, прабрацца. Хвілінкі праз дзве зноў праслізнула фігура. Лабановічу здалося, нібы тая ж самая, што іх абганяла. Колас. Толькі Сымон Карызна выйшаў з дзвярэй свае кватэры, у іх ціхенька праслізнуў Галілей. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перабі́цца, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; ‑б’емся, ‑б’яцеся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разбіцца — пра ўсё, многае. Перабіліся талеркі.

2. Разм. Перажыць нястачу, цяжкасці; сяк-так пражыць, абысціся некаторы час без чаго‑н.; перакідацца. — На людзях і гора не такое горкае. Як будуць усе жыць, гэтак і мае [родныя] пераб’юцца, — сказаў я Марынічу. Сабаленка. [У вёсцы] пражыць танней, можна было не чапаць пенсіі за летнія месяцы, перабіцца на дамашнім хлебе і на бацькоўскім крупніку. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)