Ву́гал, род. скл. вугла́ (БРС, Нас., Др.-Падб., Шат., Касп., Бяльк., Інстр. I, КЭС, Жд., 1) ’частка сушы, якая вуглом уразаецца ў балоцістае месца або сенажаць’ (Яшк.), вуго́л ’месца, дзе межы поля ўтвараюць прамы вугал’ (Яшк.). Рус. у́гол, род. скл. угла́, укр. ву́гол, ст.-рус. уг(ъ)лъ, ст.-слав. ѫгълъ, польск. węgieł, род. скл. węgla, чэш. úhel, славац. uhol, в.-луж. nuhł, н.-луж. nugeł, балг. ъ́гъл, серб.-харв. у̏гао, у̏гал, род. скл. у̏гла, славен. vȏgǝl, род. скл. vȏgla. Прасл. ǫgъlъ (Махэк₂, 666; Скок, 3, 536). Роднаснымі з’яўляюцца лац. angulus ’вугал’, умбр. anglom‑e ’ad angulum’, арм. ankiun, angiun ’тс’, ст.-інд. áṅgam н. р. ’член’, aṅgúriḥ, aṅgúliḥ ’палец’, aṅgulīyam ’пярсцёнак’, а таксама лат. ancus ’крывы, выгнуты’, unkus ’тс’ ст.-інд. aṅkáh ’круг’ (Вальдэ-Гофман, 1, 46; Майргофер, 1, 19). Думка Вальдэ (KZ, 34, 513) аб запазычанні слав. *ǫgъlъ з лац. angulus адмаўляецца большасцю даследчыкаў (Праабражэнскі, 2, 117 і наст.; Фасмер, 4, 145; Махэк₂, там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вуж1 (БРС, Нас., КТС, Шат., Касп., Грыг.). Рус. уж, ужа́, укр. вуж, ст.-рус. вужь, польск. wąż, węża, чэш., славац. užovka, н.-луж. huž ’змяя, чарвяк’, славен. vȏž. Прасл. *ǫžь. Роднаснымі з’яўляюцца літ. angìs, він. скл. añgì ’ядавітая змяя’, лат. ùodzs, uôdze ’гадзюка’, ст.-прус. angis ’змяя’, лац. anguis ’змяя’, ст.-в.-ням. unc ’змяя’, ірл. esc‑ung ’вугар’ (г. зн. вадзяная змяя). Звязана з вугор1 (гл.) (Траўтман, 8; Фрэнкель, 10; Фасмер, 4, 150 і наст.).

Вуж2 ’прывязка, якой прымацоўваецца біч да цапільна’ (ДАБМ, 829, 138); ’тоўстая вяроўка’ (Хрэст. дыял., 333); ’частка хамута, гуж’ (Сцяц.). Гл. вужышча. У формах вужва, ужва (ДАБМ, к. 259) ‑ва нельга вытлумачыць іначай, як з гужва (гл.); параўн. прасл. *gǫžьvь, дзе яно заканамернае. Верагоднай з’яўляецца і роднасць *gǫžь і *ǫza (Бернекер, 1, 343; Брукнер, 137; Праабражэнскі, 1, 167), асабліва калі тлумачыць г як пратэзу (Якабсон, Word, 8, 1952, 388); параўн. вугнявіць‑гугнявіць, укр. вуж‑гуж і г. д. Інакш гл. Фасмер, 1, 471.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ву́сеніца1 ’вусень’ (Сцяшк. МГ), укр. у́сениця, гу́сениця, рус. гу́сеница, польск. gąsienica, ст.-польск. таксама wąsienica, кашуб. vansevnica, чэш. дыял. housenice, славац. húsenica, в.-луж. husańca, н.-луж. guséńca, палаб. vǫ̓sənáįćə, славен. gosênica, vosênica, серб.-харв. гу́сеница, балг. гъ́сеница, въ́сеница. Прасл. *vǫsenica (*ǫsěnica), утворанае ад *vǫsъ (*ǫsъ) ’вус’ (Бернекер, 1, 341; Младэнаў, 118; Фасмер, 2, 477; Брукнер, 604; Махэк₂, 180; Слаўскі, 1, 266; Скок, 1, 635); формы з г, якія маюць праславянскі характар, тлумачаць па-рознаму: Слаўскі (1, 266) і Якабсон (Word, 8) як вынік пратэзавання; Ваян (RÉS, 18, 77) пад уплывам gǫsь ’гусь’; Фасмер (2, 477) пад уплывам ст.-слав. гоуштерица; Скок (1, 635) кантамінацыяй з guščerica ’яшчарка’ (з-за афарбоўкі).

Ву́сеніца2 ’нарыў паміж капыта ў каровы’; ’гнаявік у капытах (у каня, каровы)’ (КСТ). Відаць, да ву́сеніца ’вусень’; параўн. семантычную паралель славац. liška ’лішай (хвароба)’ і ’вусень, матылёк’, што, як паказаў Важны (O jménech, 106 і наст.), звязана з уяўленнямі пра насякомых як разносчыкаў хвароб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нары́п ’скрып саней пры вялікім снезе’ (в. Калядкі, Суччына, ЭШ), нарыпень ’скрыпучы мароз’ (ТС), укр. нарепень ’снег, які скрыпіць пад нагамі ад вялікага марозу’, рус. на́рыпень ’шум, скрып ад санных палазоў’, на́репь, на́репень ’абледзянелы снег, галалёдзіца’. Да рыпець ’скрыпець’, рыпнуць ’скрыпнуць’, параўн. на рыпу ’са скрыпам (пра абутак)’ (Растарг.), рыпоцень ’моцны, пякучы мароз’: Рыпоцень, як едзеш саньмі, то усё рыпіць (ТС); не выключана, што першапачаткова магло быць звязана з прасл. *ripnęti ’ступіць’, параўн. прастамоўе рвануцца ’зварухнуцца, сысці з месца’, рус. рип! ’выклічнік, які перадае гук крокаў’, балг. рипна ’скочыць, падскочыць’, макед. рипне ’скочыць’, польск. rypnąć ’ступаць, таптаць’ і асабліва дыял. narypnąt ’наступіць’: narypnol me na nogę (Варш. сл.), чэш. vyrypovat ’хутка крочыць’, што у сваю чаргу, відаць, гукапераймальнага характару, насуперак Трубачову (гл. Фасмер, 3, 530); дапушчэнне такога развіцця семантыкі магло б вытлумачыць спецыфічнае значэнне паўночнарускага слова, дакладным семантычным адпаведнікам якога з’яўляецца рус. сіб. наступ ’скарынка лёду на паверхні снегу, шарпак’ (= рус. наст).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Павуці́на (ТСБМ, Касп., Яруш., Сл. ПЗБ, Інстр. II), павучы́на (Нас., Бяльк., Яруш., Гарэц., Сл. ПЗБ), павуце́нне (Гарэц., Мал.), павучы́ніна (Др.-Падб., Гарэц.), павучэ́нне (Яруш.), павучы́нне (Др.-Падб., Інстр. II, Сл. ПЗБ) ’тс’. Прасл. paǫčina < paǫkъ. Форма з ч з’яўляецца агульнаслав., параўн. рус. павучи́на, укр. павучи́на, польск. pajęczyna, серб.-харв. па̏учина і г. д. Распаўсюджаны ва ўсх.-слав. мовах варыянт з ‑т‑ (рус. паути́на, укр. павути́на), як мяркуюць, узнік пазней у выніку кантамінацыі ст.-рус. паучина з рус. дыял. путина ’павучына’, звязанага са ст.-слав. пѫто (Фасмер, 3, 29). На думку Бадуэна дэ Куртэнэ (SF, 4, 52), т у форме паутина атрымалася пад уплывам слова паук, а Праабражэнскі (2, 28) дапускае змяшэнне з рус. тянуть (бел. цягнуць). Найбольш здавальняючым здаецца цяпер тлумачэнне Мартынава (вусн. паведамленне), што наяўнасць гэтых варыянтаў з’яўляецца вынікам змешвання ў праславянскім і у выніку моцнай акамадацыі, асабліва паказальнай у паўночным арэале ўсх.-слав. моў (Мартынаў. Слав. акам., 62 і наст.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́віцца1 ’бавіцца, марудзіць, затрымлівацца; забаўляцца’, сюды ж ба́віць (Шат., Касп., Бяльк., Нас., Выг. дыс.), баві́цца ’праводзіць час без справы’ (Бір. Дзярж.). Ст.-бел. бавити ’затрымліваць’, ’марудзіць’ (Нас. гіст.; параўн. Бярында, 101: продо́лжую, ба́влю). Прасл. baviti (ст.-рус. бавити, рус. ба́вить, укр. ба́вити ’забаўляць’, польск. bawić, чэш. baviti, балг. ба́вя ’забаўляю’ і г. д.) — стары каўзатыў да byti (гл. быць). Гл. Траўтман, 40–42; Фасмер, 1, 101, 260; Слаўскі, 1, 28; Бернекер, 46–47. Прасл. byti: baviti, магчыма, першапачаткова земляробскі тэрмін, параўн. Гірт, Gram., I, 82. Адносна вакалізма ў *baviti параўн. Курыловіч, L’apophonie, 325. Сюды ба́ўны ’марудны’ (Гарэц.), ба́ўна ’марудна’ (Др.-Падб., Гарэц.). Параўн. і ўкр. (букавін.) ба́вно ’паволі’, якое, аднак, Жылко (Нариси, 234) лічыць старым усх.-слав. прыслоўем.

Ба́віцца2 ’займацца чым-небудзь’ (Нас.). Гэта значэнне ўжо ў ст.-бел. мове (гл. Нас. гіст.; Бярында, 17, 21, 33, 59 і наст.). Ст.-польск. bawić займацца чым-небудзь’, серб.-харв. ба̏вити се ’тс’. Відаць, у беларускай мове гэта запазычанне з польскай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

[Бага́цце] ’агонь, вогнішча, касцёр’. Існаванне гэтага слова ў бел. мове вельмі праблематычнае. Фасмер, 1, 101–102; Трубачоў, Проспект, 39, не ўказваюць крыніцу. Вядомыя слоўнікі бел. мовы (уключаючы і дыялектныя) яго не знаюць. Рус. дыял. бага́ть, бага́тье, укр. бага́ття ’вогнішча’. Паходжанне слова спрэчнае. Звычайна збліжаюць з грэч. φώγω ’пяку, смажу’, ст.-в.-ням. bahhan (ням. backen) ’пячы’ і г. д. Гл. Бернекер, 38; Фасмер, 1, 101–102; Трубачоў, Проспект, 39. Але багацце з яго марфалагічнай структурай не здаецца старым словам. Больш верагодная сувязь з бага́ты; матывацыя тут вылучалася розная: 1) Патабня, ЖСт., 1891, 111, 117 (міфалагічнае ўяўленне агню золатам, багаццем); гл. Зяленін, Табу, 2, 59 і наст.; Гаверс, Tabu, 65 (першапачаткова багацця < *bogatъ ’багаты’; Фасмер (ZfslPh, 20, 454) лічыць гэта народнай этымалогіяй); 2) Ільінскі (ИОРЯС, 23, 128) лічыў, што назва (< багацця < *bogatъ ’багаты’) узнікла ў прымітыўным быту, калі вогнішча часта было сапраўдным багаццем. Не пераконвае Корж, ЗНТШ, 6, 117–118, які ўкр. бага́ття параўноўвае з серб.-харв. бо̀жић ’пень, які запальваюць на каляды’ і выводзіць ад бог (Дажь‑богъ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Баліна ’саланчак’ (ст.-бел., Нас. гіст.). Бясспрэчна, да бел. ба́лка ’роў; гразкая яма на дарозе; гразкая дарога’ (Яшкін), рус. ба́лка, укр. ба́лка, ба́вка ’стэпавы яр’, ба́лище ’тс’ і ’вузкая, доўгая даліна’. Польск. bałka ’маленькае возера; яр’ (мабыць, з укр.). Словы вельмі цёмнага паходжання. Думаюць аб: 1) роднаснасці з слав. bolto ’багна’, літ. balà ’тс’, ст.-в.-ням. pfuol ’лужына, багнішча’ і г. д. Бернекер, 40; Мюлейбах–Эндзелін, 1, 253; 2) роднаснасці з тапанімічнай назвай Балка́н (Сабалеўскі, РФВ, 71, 439); 3) запазычанні з цюрк. моў (тур. bulak ’крыніца’ і г. д.; Развадоўскі, RS, 2, 103; кірг. balkaš ’багністае месца’, Фасмер, RS, 3, 255 і наст.). Параўн. яшчэ Мацэнаўэр, Cizí sl., 103; Фасмер, 1, 115–116. Шпэхт (Ursprung, 318, 116, 120) выстаўляе і.-е корань *bhel‑, *bher‑ ’шэры’. Няпэўна. Цікавай з’яўляецца думка пра сувязь з такімі словамі, як обвал, провал і г. д. (так ужо Нас. гіст.). Адносна гэтай магчымасці параўн. і серб.-харв. о̏бала ’бераг’ (< *обвала; упершыню Брандт, РФВ, 18, 7).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апляву́ха (БРС), апляву́х (Федар., 6, 64), апляву́шына (Клышка, Пол., 1969, 2, 251), пляву́ха (Бяльк.). Рус. оплеу́ха (у слоўніках з 1731 г.), оплеу́шина, оплеу́шить. Першаснае значэнне, магчыма, не ’ўдар’, а дзеянне ці вынік аплявання — выраза знявагі да чалавека; утворана, як зацірацьзаціруха, ад апляваць. Параўн. у рус. слоўніку першай палавіны XVIII ст.: оплевати «слинами заплевати, чином уничтожити, презрити» (Рукоп. лексикон, 242). Таму ‑в‑ не ўстаўное, як лічыў Карскі, прымаючы этымалогію Міклашыча, 71, аб паходжанні слова ад вуха. Сабалеўскі (Лекции, 142) больш дакладна ўказвае на выпадзенне ‑в‑ у рускай літаратурнай мове. Тлумачэнне слова ад апляваць праз звычай пляваць на руку перад тым як ударыць, якое прымае Фасмер, 3, 145, спасылаючыся на Брандта РФВ, 25, 33 наст., непатрэбна. Праабражэнскі (1, 653) зводзіць слова да пляваць і бляваць (даючы дыял. облеуха) без удакладнення семантычнага ходу ўтварэння слова, указваючы, што сувязь з вуха — другасная. Формы тыпу поўха, поўшына (Бяльк.) указваюць на магчымасць народнаэтымалагічнай сувязі са словам вуха.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жы́ла ’крывяносны сасуд’, ’частка зямной кары, запоўненая пародай або вадой’, ’асобны провад кабелю’. Рус., укр., балг., макед. жила, польск. żyła, в.-луж. žila, н.-луж. žyła, чэш. žila, славац. žila, славен. žíła ’жыла’, серб.-харв. жи̏ла ’галінка кораня, жыла, бізун’. Ст.-слав. жила ’крывяносны сасуд’, ст.-рус., ст.-бел. (Скарына) жила ’тс’. Літ. gýsla, ст.-прус. ‑gislo (у складаным слове pettegislo), лат. dzīsla ’жыла’, арм. ǰil ’жыла’, лац. fīlum ’нітка, валакно, ткань; сухажылле’. І.‑е. *g​hīslo‑, адкуль балт., слав., а таксама арм. і лац. Покарны, 1, 489; Фасмер, 2, 54–55; Мейе, Études, 420; БЕР, 1, 545; Скок, 3, 680; Тапароў, E–H, 250–251; Траўтман, 87, 90; Ачаран₂, 4, 127; Вальдэ-Гофман, 497; Эрну-Мейе, 235. Таго ж кораня жычка (гл. Брукнер, 669 і наст.). Махэк₂ (727), як і некаторыя іншыя, спрабуе пашырыць кола і.-е. роднасных слоў герм., у прыватнасці ням. Geissel ’бізун’, што, аднак, выклікае сумненні. Шанскі (1; Д, Е, Ж) не выключае (спасылаючыся на Пагодзіна, Следы, 276) магчымасці сувязі жыла з жыць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)