Касцярня́ ’месца, дзе сабраны людскія косці’ (Нас.). Пад праформай *kosterъ Трубачоў (Эт. сл., 11, 154) разглядае формы з розных слав. моў: балг. дыял. костер ’крывы вінаградарскі нож’, макед. коштерица ’від змяі’, серб.-харв. кбстер ’від асятра’, польск. дыял. kościer ’пустазелле Bromus secalinus’, ст.-рус. костеръ ’грубае тоўстае сцябло некаторых раслін’, рус. костерь ’пустазелле’. У лік бел. форм трапіла вытворнае і зафіксаванае толькі ў Нас. косцерня (аб яго значэнні гл. вышэй). Такім чынам, можна меркаваць (відавочна, услед за Трубачовым), што гэта бел. слова з’яўляецца вельмі каштоўным рэліктам, хоць і ў вытворнай форме старога прасл. *kosterъ. Параўн. яшчэ Фасмер, 2, 347–348.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Касцёр ’каласоўнік, Bromus secallinus L.’ (Байк. і Некр.); ’града ці стажок складзеных дроў’; ’грудок чаго-н., вельмі многа’; ’раскладзены агонь на полі, у лесе’; ’вогнішча’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. костёр ’касцёр, агонь’; ’купа дроў і да т. п.’, ’вялікая ўкладка снапоў у полі’, ’кастрыца’ і г. д., укр. косте́р ’сажань дроў’, славен. kóster ’вогнішча; купа дроў’ і г. д. Праформа *kostrъ, генетычна звязана з прасл. *kostra ’кастрыца; шкілет, касцяк; вострыя костачкі рыбы; шэрсць казы; хвошч палявы’ і г. д. Да этымалогіі гл. досыць складаны агляд Трубачова, Эт. сл., 11, 158–160. 163–164. Гл. яшчэ тлумачэнне Фасмера, 2, 347–348.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Катле́та ’катлета’ (ТСБМ, БРС). Рус. котле́та, укр. котле́та. Можна меркаваць, што непасрэднай крыніцай запазычання для бел. было рус. котле́та. У такой форме яно адзначаецца ўжо ў 1803 г. Запазычанне з франц. côtelette (ад côte ’рабро’). У канцы XVIII ст. рус. слова з’яўляецца ў крыніцах у форме, блізкай да франц. напісання (котелеты ’адбіўныя з мяса з рэбернай часткі’). Гл. Шанскі, 2, К, 359. Франц. пашырылася ў еўрапейскіх мовах (у прыватнасці, у ням.; параўн. ням. Kotelett, запазычанае да 1715 г.). Гл. яшчэ Фасмер, 2, 352 (вельмі коратка). Лінгвістычная гісторыя слова і далейшыя этымалагічныя сувязі гл. у Клюге, 414.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Като́лік. Параўн. рус. като́лик, укр. като́лик. У помніках ст.-бел. мовы католикъ ’католік’ адзначаецца з канца XVI ст. Паводле Булыкі, Запазыч., 143, яно папала ў ст.-бел. мову непасрэдна з польск. (параўн. польск. katolik ’тс’); польск. слова запазычана (таксама ў XVI ст.) з царкоўнага лац. catholicus ’католік’ (а гэта апошняе з грэч. καθολικός ’агульны’. З лац. мовы непасрэдна запазычаны і ням. Katholik, франц. catholique ’тс’. Гл. Слаўскі, 2, 102–103. Паводле Слаўскага, там жа, з польск. мовы непасрэдна ўзяты (акрамя бел.) таксама рус. като́лик, укр. като́лик. Гл. яшчэ Фасмер, 2, 210; падрабязна Шанскі, 2, К, 96–96.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кафта́н, таксама капта́к ’даўнейшая двухбортная мужчынская і жаночая верхняя адзежына з доўгімі поламі і падоўжанымі рукавамі’ (ТСБМ), ’кафтан’ (Бяльк.), ’кофта’ (Сл. паўн.-зах., 2). Ст.-бел. кафтанъ, каптанъ, кахтанъ ’кафтан’ (першая фіксацыя слова ў 1516 г.): гл. Булыка, Запазыч., 144. Крыніцай запазычання для ст.-бел. лексем лічаць тур. мову (тур. kaftan; Булыка, там жа). У польск. мове kaftan адзначаецца ў помніках значна раней (з XV ст.). Таму можна ставіць пытанне, ці не з польскай крыніцы ўзята непасрэдна бел. слова, але тут не хапае дадатковых даных храналагічнага парадку. Гл. яшчэ Фасмер, 2, 212; Шанскі, 2, К, 102; Слаўскі, 2, 20.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кашма́р ’цяжкі, жудасны сон; прывід, здань’; ’што-н. жахлівае, цяжкае, агіднае’ (ТСБМ). Рус. кошмар, укр. кошмар. Запазычаная лексема (але няма ў Шанскага). Фасмер (2, 361) указвае на пэўную храналогію гэтага слова, адзначаючы, што яно сустракаецца ў Гогаля і іншых. Першакрыніцай з’яўляецца франц. cauchemar ’тс’, ад лац. calcāre ’сціскаць, выступаць вонкі’ і ст.-в.-ням. mara ’дыхавіца, кашмар’ (спасылка на Мацэнаўэра, LF, 8, 47). Больш складаную гісторыю і рэканструкцыю прапануе Слаўскі, 2, 543, які зыходзіць са ст.-франц. элементаў: франц. cauchemar складанае слова: са ст.-франц. caucher ’сціскаць’ (< лац. calcāre) і ст.-франц. mare ’кашмар’. Параўн. яшчэ Клюге, 454 (пад Mahr).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аржаны́. Яшчэ Чачот адзначаў адсутнасць у беларускай мове кантынуантаў слова *ръжь пры наяўнасці прыметніка аржаны паралельна з жытні; праўда, у рукапісным слоўніку Грыгаровіча 1851 г. адзначана аржа ’жыта’ (Яшкін, 14). Слова аржаны фіксуецца ў старабеларускай мове (Булахаў, Працы IM, 7, 143), яго прыводзіць ужо Насовіч, яно шырока ўжываецца (Карскі, 1, 260), як і іншыя словы, утвораныя ад яго асновы: аржанішча, аржоння ’ржышча’, таксама: аржышча, (а)ржэўнік; параўн. назвы раслін: аржаніцааржэвінаСцяшк.); аржаніна ’жытні хлеб’ (Касп.); аржануха ’гарэлка’ (Нас.), ’зад’ (Мядзв.). Утворана з пратэтычным а‑ (іржышча — з пратэтычным і‑) і суф. ‑ан‑ ад агульнаслав. *rъžь ’жыта’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Барліна ’барка, вялікая лодка, баржа, вялікі рачны човен’ (БРС, Янк. I, Маслен., КЭС, лаг.), бэрліна (Бесар., 153). Рус. берли́нка ’від рачнога судна на Дняпры і Сожы’, укр. берли́на, берлі́на ’від чаўна, баржы на Днястры’. Паводле Брукнера, 21; Клюге, Seemannsspr., 88; Корбута, PF, 4, 482, ад назвы месца Berlin (як і назва карэты рус. берли́н). З іншага боку, Гараеў, а за ім і Безлай, Novejše, 10–11, вылучаюць іншую версію (Гараеў: сувязь з польск. berło, укр. берло ’палка, жэзл’; Безлай прыводзіць слав. адпаведнасці: славен. brlȁ ’агароджа, частакол у рацэ’ і да т. п.). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 158.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Башта ’гаўптвахта, турма; вежа’ (Нас.); у ст.-бел. з XV ст. (Булыка, Запазыч.; Нас. гіст.; Гіст. лекс., 115). Рус. (XVI ст.) башта, укр. ба́шта (з XVI ст.). Запазычанне з зах.-слав. моў: польск. baszta, чэш. bašta < італ. bastia. Бернекер, 45; Брукнер, 18; Фасмер, 1, 139; Шанскі, 1, Б, 64; Махэк₂, 47–48; Рыхардт, Poln., 33; Рудніцкі, 92. Да еўрапейскіх форм гл. яшчэ MESz, 1, 256 (венг. bástya, там і літ-pa); Клюге, 55. Гіст. лекс., 115, і Булыка, Запазыч., 39, тлумачаць гэта слова як германскае па паходжанню. Першакрыніцай запазычання ням. Bastéi (!) з фанетычных меркаванняў ва ўсякім выпадку быць не можа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Блудзі́ць. Рус. блуди́ть, укр. блуди́ти, польск. błądzić ’блукаць, блудзіць; грашыць, памыляцца’, чэш. blouditi, ст.-слав. блѫдити, балг. блъдя́, серб.-харв. блу́дити і г. д. Прасл. blǫditi (ітэратыўная форма да blęsti blędǫ ’памыляцца’: ст.-слав. блѧсти блѧдѫ, ст.-рус. блясти бляду і г. д. І.‑е. *bhlendh‑: *bhlondh‑ ’цямнець; вечарэць; змяркацца; бянтэжыць, памыляцца’. Параўн. літ. blandùs ’хмуры’, blañdas ’хмурасць; пацямненне розуму’; blandýtis ’хмурыцца; блукаць’, гоц. blandan ’перашкаджаць, мяшаць’, ст.-в.-ням. blentan ’асляпляць’ і г. д. Слаўскі, 1, 36; Траўтман, 34; Буга, РФВ, 70, 100; Бернекер, 61; Махэк₂, 56–57; Фасмер, 1, 177. Параўн. яшчэ блудзя́га ’хітрун; уцякач’, блу́дны ’бадзяжны (пра скаціну)’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)