гра́матны, ‑ая, ‑ае.

Які ўмее чытаць і пісаць; пісьменны. Прыедуць, бывала, сяляне з рынку, пачнуць выбіраць з воза пакункі і знойдуць вузенькія, доўгенькія лісточкі. Няграматны селянін паглядзіць на .. [лістоўкі] ды схавае ў кішэню, каб пры здарэнні паказаць чалавеку граматнаму. Колас. // Які ўмее граматычна правільна пісаць. Граматны вучань. // Граматычна правільна напісаны. Граматнае пісьмо. // перан. Які мае неабходныя веды ў якой‑н. галіне. Граматны інжынер. □ У паэзію ідзе таленавітае, літаратурна граматнае, знаёмае з тэхнікай справы пакаленне. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; зак.

1. Летучы, дасягнуць якога‑н. месца. Арол даляцеў да вяршыні гары. Даляцець да Месяца. □ Снарад, відаць, прабіў браню, бо танк узарваўся. Ажно да гарматы са свістам даляцелі кавалкі металу. Шамякін.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Распаўсюджваючыся, дасягнуць якога‑н. месца (пра гукі, пахі і пад.); данесціся. З ветрам даляцеў да вушэй Янавых чалавечы крык. Галавач. Весць аб наступе Чырвонай Арміі даляцела і да партызан. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гаць, ‑і, ж.

1. Насціл з бярвення, галля, ламачча для праезду цераз балота ці гразкае месца. Падводная гаць з жэрдак і палак спружыніць пад нагамі. В. Вольскі.

2. Плаціна, якую ставяць, каб павысіць узровень вады ў рацэ; запруда. Расшумелася паводка, І прарвала рэчка гаць. Астрэйка. Яны ўдваіх, сынок і маці, З двара ідуць у бок ракі На зыбкі мосцік міма гаці, Дзе разрасліся хмызнякі. Колас.

•••

Хоць гаць гаці каго-чаго гл. гаціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гне́вацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак., на каго-што і без дап.

Быць у стане гневу, выказваць гнеў; абурацца, злаваць. — Ты чаго тут! — гневаецца жанчына, пазнаўшы сына. — Ану, вылазь! Гарбук. [Бабуля] усё вохкала на возе, гневалася: — Бачыш ты яго, старац, а яшчэ дабром грэбуе. Лынькоў. // Разм. Крыўдзіцца. — Ты не гневайся на мяне, Аўгінька! — ласкава сказаў Мартын і палажыў руку на яе плячо. Колас. — А за што на мяне крыўдзіцца-гневацца? — з неўразуменнем спытаў Варанецкі. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

арганізава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад арганізаваць.

2. у знач. прым. Падпарадкаваны пэўнаму плану, парадку, упарадкаваны. Партызанскі рух меў арганізаваны характар. Арганізаванае змаганне.

3. у знач. прым. Аб’яднаны, згуртаваны для якой‑н. мэты, які ўваходзіць у склад якога‑н. аб’яднання, арганізацыі. [Сцёпка:] — Я ўжо думаю паступіць у камсамол, каб быць арганізаваным і весці барацьбу з буржуазіяй за наша сялянскае жыццё. Колас.

4. у знач. прым. Які вызначаецца сабранасцю, самадысцыплінай, уменнем дзейнічаць дакладна і планамерна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

арыстакра́тыя, ‑і, ж.

1. У класавым грамадстве — вышэйшае саслоўе, прывілеяваны слой пануючага класа, радавая знаць. Зямельная арыстакратыя. □ [Пан Яндрыхоўскі:] У тую залу, якая бачыла цвет польскай арыстакратыі,.. [Дрыль] пусціў чараду мужыцкіх дзяцей. Крапіва. // Прывілеяваная частка якога‑н. класа або якой‑н. сацыяльнай групы. Фінансавая арыстакратыя. □ Пасля набажэнства радавітая шляхта, паны абшарнікі і ваенная арыстакратыя заходзяць да ксяндза Пацейкоўскага на «шклянку гарбаты». Колас.

2. Гіст. Форма дзяржаўнага кіравання, пры якой улада знаходзіцца ў руках нешматлікай прывілеяванай групы радавой знаці.

[Грэч. aristokratia — панаванне лепшых.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асму́глы, ‑ая, ‑ае.

1. Тое, што і смуглы. // Абветраны; загарэлы. Сустрэну я мілага, прыгожага свайго, надзену на галаву яму васількова-блакітны вянок, і ўсміхнецца мілы ды пацалуе ў асмуглыя вусны. Каваль. Асмуглыя рукі яе [дзяўчыны] Захінаюць кажушок стары. Глебка.

2. Тое, што і асмужаны (у 2 знач.). Глядзіць [месяц] на дол, на лес асмуглы, Як нейкі дбалы вартаўнік. Колас. І назаўсёды асталася дзесьці і каляіністая сцежка паўз лес, і асмуглае неба, і маці. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ву́сны 1, ‑аў; адз. няма.

Губы, рот. Тонкія замкнёныя вусны рабілі твар дзяўчыны разам з тым і крыху строгім і сур’ёзным. Колас. Святлелі твары ў людзей, што сустракалі.. [чараду машын], словы радасці вырываліся з вуснаў. Хадкевіч.

•••

З вуснаў у вусны — распаўсюджвацца шляхам перадачы жывым словам, не пісьмова і без дапамогі іншых сродкаў.

Чуць з трэціх вуснаў гл. чуць.

ву́сны 2, ‑ая, ‑ае.

Які вымаўляецца, не пісьмовы. Вусны пераказ. Вусная мова. // Не замацаваны пісьмова. Вусная народная творчасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апа́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які асыпаўся з дрэў, галін і г. д. (пра лісце, кветкі і пад.). У празрыстым паветры запахла выкапанай бульбай, апалым лісцем. Карпюк. // Які нізка апусціўся, абвіс. Апалыя галіны.

2. Схуднелы. Апалыя шчокі.

3. Які толькі што выпаў (пра снег). На дварэ перадвясеннія дні. На сцежках свежаапалы чысты снег. Галавач.

4. перан. Які пагоршыўся, сапсаваўся (пра настрой). А гэта ўсё разам яшчэ больш памацняла апалы настрой маладога настаўніка. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

выго́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. пераважна мн. (выго́ды, ‑аў). Усё, што задавальняе максімальныя запатрабаванні, чым зручна карыстацца. Кватэра з выгодамі. □ Добры хутар! Месца вясёлае, усе выгоды пад рукою. Тут табе і зямля, і паша, і дровы. Колас.

2. Прыволле. У калгасе на выгодзе, На палянцы ля крыніцы Разышліся ў карагодзе Маладыя жарабіцы. Крапіва.

3. Абл. Выгада (у 1 знач.). [Алесь:] — У маёй прапанове ёсць рызыка, але ёсць і велізарная выгода. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)