ува́жлівасць, ‑і, ж.
1. Праяўленне ўвагі (у 1 знач.). Аглядаючы гаспадарку, Пракоп забываў сваю самазваную ролю дэлегата і са ўсёй пільнасцю і ўважлівасцю знаёміўся з формамі калгаснай работы. Колас. З фотакарткі глядзела коратка падстрыжанае дзяўчо. У вачах, крыху прыжмураных, строгасць і ўважлівасць. Гаўрылкін.
2. Уважлівыя адносіны да каго‑н., прыхільнасць, добразычлівасць. Андрэй балюча перажываў здраду. Але здарэнне гэта дапамагло набыць самую дарагую якасць — уважлівасць да людзей. Шамякін. Сваёй уважлівасцю да людзей, мілай ветлівасцю .. [Зорык] адразу ж заваёўваў сімпатыі. Новікаў. Бацькі з падкрэсленай уважлівасцю глядзелі адно за адным, як асірацелыя дзеці. Асіпенка.
3. Уласцівасць уважлівага (у 3 знач.). Уважлівасць прычыны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уваскрэ́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. уваскрэс, ‑ла; зак.
1. Паводле рэлігійных вераванняў — вярнуцца да жыцця пасля смерці; ажыць. Тут музыка як урэзаў — Нежывы і то ўваскрэс! Гілевіч. // Пра таго, хто лічыўся прапаўшым без вестак і пад. // Стаць здаровым, бадзёрым, жыццядзейным. Уваскрэснуць духам.
2. Узнікнуць зноў, ажыць; праявіцца з ранейшай сілай. За хвіліну прабяжыць .. [жыццё] ва ўспамінах усё — далёкае, забытае ўваскрэсне, як самая ясная ява, што толькі кранула цябе сваім цёплым дыханнем. Скрыган. // Адрадзіцца, аднавіцца. Лявей .. ўзвышаліся валы з нейкай руінай — і гэта былі валы старой Разані, якая так і не ўваскрэсла пасля нападу татар. Караткевіч. І адродзіцца, уваскрэсне Ціхая слава твая, Хірасіма. Дзяргай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
укаці́цца, укачуся, укоцішся, укоціцца; зак.
1. Коцячыся, апынуцца дзе‑н., пранікнуць куды‑н. Укаціўся мяч у вароты. / у перан. ужыв. За .. [Вурмістравым] у пакой укаціўся вялізны шызы клуб марознага паветра. Хадкевіч.
2. Разм. Уехаць. Раніцай укацілася ў вёску палутарка. // Хутка ўвайсці, убегчы куды‑н. [Бялькевіч:] — Памятаю, сяджу гэта я, а .. [Верабейчык] укаціўся хуценька, да сакратаркі падбег, нешта сказаў ёй, агледзеў усіх і знік. Савіцкі. Нячутна адчыніліся дзверы — і ўкаціўся Кляпнёў, як заўсёды з усмешачкай. Шамякін. // З цяжкасцю ўвайсці, улезці, уваліцца куды‑н. Насілу ўкацілася [Зося] ў хату. Крапіва. [Шпулькевіч:] — Я ледзьве ў сані ўкаціўся, ледзьве дапаў у мястэчка да фельчара, ён мне ўвесь бок убінтаваў. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
улама́ць, уламлю, уломіш, уломіць; пр. уламаў, ‑мала; заг. уламі; зак.
Разм.
1. што. Праламаць; зрабіць пралом. Не бегай па страсе, а то ўломіш.
2. што. Ломячы, аддзяліць частку ад чаго‑н.; адламаць. Уламаць хлеба. // Выгадаць, прыдбаць што‑н. (звычайна хітрыкамі). [Бялькевіч:] — Але ў той жа час і трывога ў мяне: што там старой гэтай спатрэбілася? Гэта ж .. нешта хоча ўламаць!.. Савіцкі.
3. перан.; каго. Пераканаць, з цяжкасцю ўгаварыць згадзіцца з чым‑н. «Ну няўжо я яго [Алеся] не ўламлю», — цвёрда падумала Адэля. Броўка. [Ляснічы:] — Праўду кажучы, мы са старшынёй калгаса добра-такі ўспацелі, пакуль уламалі Бандарэнку: не хацеў дапускаць Васіля да руля. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уну́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.
1. Увабраць у што‑н. (пра галаву). Галя ўнурыла галаву ў пастаўлены каўнер, патупіла вочы, як бы яна не хацела глядзець на кафедру. Сабаленка. Рыжы больш ссутуліўся, унурыў галаву ў плечы. Кавалёў. // Панура нахіліць, схіліць (галаву). Чубар колькі часу чакаў, што адкажа на гэта ваенурач, але той унурыў галаву і сядзеў зноў безуважны. Чыгрынаў. Юрка ўнурыў галаву, здавалася, увесь сціснуўся ў камячок. Настаўніца строга пазірала на яго, думала. М. Ткачоў.
2. Утаропіць у што‑н. (вочы, погляд). Надзейка заірдзелася і ўнурыла вочы ў талерку, але праз момант усміхнулася, падняла чарку, вымавіла: «За маму». Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уста́ўка, ‑і, ДМ ‑таўцы; Р мн. ‑тавак; ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. устаўляць — уставіць (у 1 знач.).
2. Тое, што ўстаўлена. У першым выданні ўсё, што не магло быць выказана сюжэтам, пераносілася ў лірычныя ўстаўкі, пісаныя эзопаўскаю мовай. У. Калеснік. Гэта быў даволі аб’ёмісты рукапіс, два гады пісаны, перапісаны і зноў пачырканы, з устаўкамі на палях і на адвароце старонак, з табліцамі і дыяграмамі. Брыль. Насця, круглая, нізенькая, у яркім плацці, пашытым, мабыць, з адных стужак, карункаў ды ўставай, — проста нейкі стракаты клубок — падала Сяргею пульхную, з ямачкамі на запясці, руку і хмыкнула ў кулак. Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фі́зіка, ‑і, ДМ ‑зіцы. ж.
1. Навука, якая вывучае будову, агульныя ўласцівасці і законы руху матэрыі. Электронная фізіка. // Спецыяльная дысцыпліна, якая вывучае гэту навуку. Урок фізікі. Кабінет фізікі. // Разм. Падручнік, па якім вывучаецца гэта навука.
2. Будова, агульныя ўласцівасці і законы руху якой‑н. матэрыі; веды пра такую будову, уласцівасці, законы. Фізіка атмасферы. Фізіка крышталяў.
•••
Атамная фізіка — раздзел фізікі, які вывучае будову і стан атамаў.
Фізіка цвёрдага цела — раздзел фізікі, які вывучае фізічныя ўласцівасці і структуру цвёрдых цел, распрацоўвае тэарэтычныя асновы для іх тлумачэння.
Ядзерная фізіка — раздзел сучаснай фізікі, у якім вывучаюцца атамныя ядры, працэсы, што адбываюцца ў ядры, і элементарныя часціцы.
[Грэч. physike.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
флегматы́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які характарызуецца марудлівасцю, спакоем, ураўнаважанасцю, слабым праяўленнем эмоцый (пра тэмперамент, нервовую арганізацыю). Флегматычны тэмперамент.
2. Уласцівы флегматыку. Маючы спакойны, нават крыху флегматычны характар, .. [Таня] ніколі не давала поўнай волі дзявочаму сэрцу. Машара. // Блізкі да абыякавасці. Спакойны, нават нейкі флегматычны на працы, малады майстар выглядаў цяпер зусім іншым чалавекам. Паслядовіч. / у перан. ужыв. Можа і надзею страціла.. [Прыпяць] вынесці хоць калі-небудзь гэта мора цёмна-ружовай вады з неабсяжных балот Палесся, і з гэтай прычыны яна такая павольная і флегматычная. Колас. // Які выказвае непарушны спакой, раўнадушнасць; апатычны. [Кірыла] загрукаў у дзверы лабараторыі. Адгукнуўся флегматычны голас: — Хто там? Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
халту́ра, ‑ы, ж.
Разм. зневаж.
1. Пабочны, звычайна лёгкі заработак звыш асноўнага. У людзей як у людзей — ва ўсіх па два выхадных ужо, а ў .. [Аўсяніка] вечна гэта «налева», вечна халтура... Васілевіч.
2. Нядобрасумленная, неахайная, выкапаная без ведання справы работа. [Мікола:] — Халтура хутчэй за ўсё, а не вецер... Калі б мы так будавалі, што вецер, няхай і штармавы, у дзевяць балаў, можа бурыць, — грош нам цана была б. Хадкевіч. // Тое, што зроблена такім чынам, прадукт такой работы. Хаджу, разглядаю скульптуры. Мастак быў праўдзівы, Ні спешкі нідзе, ні халтуры! Гілевіч. «Бо пішаш, — заявіў Сівы, — халтуру. Што толку з колькасці, браток, Калі слабы любы радок». Корбан.
[Ад лац. chartularium — спіс нябожчыкаў, які чытаўся свяшчэннікам на дзень памінання памёршых.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
це́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; незак., каго-што.
1. Забаўляць, пацяшаць. [Невядома] каго елка больш цешыла: дзяцей ці дарослых! Таўлай.
2. Прыносіць асалоду, задавальненне; радаваць. Настрой быў ва ўсіх узняты, і гэта цешыла членаў камітэта. Пестрак. // Песціць (зрок, слых і пад.). Пяшчотныя гукі прыроды цешылі вуха. Маўр. [Тапурыя:] — Няхай жыве ўсё жывое і прыгожае, што чалавечае сэрца цешыць! Самуйлёнак.
3. Суцяшаць, супакойваць; абнадзейваць. Што з таго — слязой скупой Цешыць смутак над магілай брата. Кірэенка. Мінуў тыдзень, другі, і я ўсё цешыў сябе надзеяй, што Мухтару не спадабаецца там, сярод тых прышлых людзей. Васілёнак.
•••
Цешыць (пацяшаць) вока — радаваць, даваць асалоду.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)