се́сія, ‑і, ж.
1. Пасяджэнні розных прадстаўнічых органаў і калегіяльных устаноў, якія адбываюцца перыядычна, а таксама перыяд такіх пасяджэнняў. Сесія Вярхоўнага Савета. Юбілейная сесія ААН. Навуковая сесія. □ Ды раз у сесію Міхася К сабе ляснічы заклікае. «Ну, гэта нешта азначае», Ў Міхала думка праняслася. Колас. Судзіла [Ваешку] выязная сесія лінейнага суда. Шынклер.
2. Экзамены ў вышэйшых і спецыяльных сярэдніх навучальных установах, а таксама перыяд здачы такіх экзаменаў. Вясна прыносіць і студэнтам многа клопату — прыходзіць экзаменацыйная сесія. Шахавец. [Андрыян Цітавіч] запытаўся, як Уладзік здаў экзамены, ці не цяжка было ў час сесіі, ці не адвык ад дому за год вучобы. Марціновіч.
[Ад лац. sessio — пасяджэнне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спрацава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Які стаў непрыгодны ў працэсе працяглай работы; зношаны. Спрацаваны матор. □ Ля зямлянкі, дзе цяпер жыў Язэп, стаялі тры плугі з абгарэлымі ручкамі і кароткімі спрацаванымі лемяшамі. Асіпенка.
2. Які страціў сілы, здароўе ад непамернай працы; змучаны, змарнелы. А на палях збіраў для пана збожжа Счарнелы, спрацаваны селянін. Гаўрук. Пятрусь і Максім — гэта былі дробныя хлопцы, .. спрацаваныя. Пестрак. // Які моцна стаміўся ад працы. [Гарасім] ішоў цяжкаю хадою зморанага і спрацаванага чалавека. Якімовіч. Спрацаваныя касцы спалі пад капяшкамі духмянага сена моцна і доўга. Машара. // Натруджаны (пра рукі). Старэйшая дачка гладзіць .. худую, спрацаваную руку [мамы] і ціхенька шэпча. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стадо́ла, ‑ы, ж.
1. Уст. Канюшня на заезным двары. Будынак пры гасцінцы — гэта была карчма, самая сапраўдная, з стадолаю і нацярушанаю перад ганкам саломаю. Чорны.
2. Вялікі хлеў. Грышка, бегучы ў стадолу памагаць бацьку адвязваць каровы, убачыў, што каля ганка панскіх пакояў вялікая грамада польскіх жаўнераў. Чарот. // Хлеў, канюшня наогул. Пастанавілі адразу пачаць падрыхтоўку да калгаснага будаўніцтва, і на першую чаргу назначылі будоўлю вялікае стадолы на ўсю, якая мела быць абагулена, жывёлу. Зарэцкі. // Разм. Пра вялікае, няўтульнае, нядобраўпарадкаванае памяшканне, жыллё. Але ў хаце — адзін пакой, як стадола. Адгарадзіць бы які куток... Шамякін. [Сын:] — А дроў, дроў колькі трэба, каб нагрэць такую стадолу! Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сто́йла, ‑а, н.
1. Адгароджанае месца для каровы ў хляве або для каня ў канюшні. Цялушка ўпіралася, не хацела пакідаць цёплага стойла ў хляве. Якімовіч. У канюшні было цёмна, як ноччу. [Даніла] трохі пастаяў у варотах, каб вочы прывыклі да цемені, і рушыў да стойла. Капыловіч.
2. Тое, што і стойбішча (у 3 знач.). На паляне, па ўсім відаць, было даўней стойла. Сачанка. Было гэта, калі яны [пастухі] гналі статак на стойла. Гамолка.
3. Спец. Секцыя ў чыгуначныя дэпо, прызначаная для рамонту аднаго паравоза. Калі Петрык з дзедам прыйшлі ў дэпо, Васіль акурат ставіў машыны ў стойла. Шынклер.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стушава́цца, ‑шуюся, ‑шуешся, ‑шуецца; зак.
1. Спец. Стаць стушаваным, пры дапамозе тушоўкі зрабіць паступовы пераход ад цёмнага да светлага. Лініі на малюнку стушаваліся. // перан. Стаць менш прыкметным, выразным; згладзіцца. Потым і яшчэ былі такія экскурсіі, а потым вучыліся .. [хлопцы] пад зямлёю, але ўсё гэта неяк стушавалася ў памяці, выразна, да драбніц запомніўся толькі першы спуск. Лупсякоў.
2. перан. Разм. Сумецца, збянтэжыцца. Стушавацца на экзаменах. □ Дзяўчына раптам заўважыла, што ў загадчыка няма аднае рукі, і ад гэтага крыху стушавалася і адказала: — Не. Дуброўскі. Яўлампія Аляксандраўна няўлоўна павяла выгнутым брывом, Антон Пятровіч трохі стушаваўся і заспяшыў, каб чокнуцца з Віктарам, жонкай і дачкой. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
судо́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да суда. Судовыя органы. Судовы прыгавор. Судовы выканаўца. □ І раптам пачуўся гучны голас: — Устаць! Суд ідзе! Гэта выгукнуў судовы прыстаў. Колас. // Які падлягае нагляду, распараджэнню суда. Усе ўжо ведалі, што да судовай адказнасці прыцягваюць прараба Нядаўняга. Дадзіёмаў. Зрэшты, не паспеў Максім Танк выйсці на волю, як на яго завялі новую судовую справу. Бугаёў.
2. Які мае адносіны да судаводства. Судовы працэс. Судовы разбор. Судовыя выдаткі. // У складзе назваў рада дысцыпліну якія адыгрываюць дапаможную ролю пры судзе і следстве. Судовая медыцына. Судовая хімія.
•••
Спаборны судовы працэс гл. працэс.
Судовы выканаўца гл. выканаўца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
су́месь, ‑і, ж.
1. Мешаніна розных рэчываў, элементаў, прадметаў. [Паўлік] стаў разбірацца, якая ж гэта сумесь, колькі тут культур. Выцягваючы па сцяблінцы, ён набраў і вікі, і гароху, і сырадэлі, і лубіну, і аўса, і ячменю, і бобу, і нават сланечніку. Дуброўскі. З сумесі цукру і патакі .. атрымліваюць цукрова-патачны сіроп. Рунец. // Прадукт, які атрымліваецца змешваннем якіх‑н. рэчываў. Аргана-мінеральныя сумесі. □ Мы падпальвалі .. [танкі] бутэлькамі з гаручай сумессю, падрывалі гранатамі. Хомчанка.
2. Спалучэнне чаго‑н. рознага, разнароднага. Сумесь урачыстай біблейскай мовы з бытавымі вобразамі надае ўроку дзяка цікавы камічны эфект. Шкраба. Хата сустрэла [Рыбака і Сотнікава] затхлаю сумессю пахаў і — цеплынёй. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сюды́, прысл.
У гэты бок, у гэта месца; проціл. туды. Артылерыйская кананада даходзіла сюды [на бераг Пцічы] прыглушаным громам. Чорны. Тры гады таму назад, прыйшоўшы сюды, пагранічнікі абралі месца пад заставу каля гэтай вось хаты. Брыль. Вечарам сабралася моладзь у Аленчынай хаце. Сюды зайшоў і Шулевіч. Колас. // Ужываецца ў простай мове пры запрашэнні, загадзе, закліку падысці, падаць, паглядзець і пад. Яшчэ здалёку .. [Толя] прыўзняўся і памахаў рукою: — Дзядуля, хадзіце сюды! Якімовіч. Гэй, сюды, муляры, Маляры, слесары, Цесляры, гантары! Будзе толк! Будзе лад! Бядуля.
•••
(І) туды і сюды гл. туды.
Ні туды ні сюды гл. туды.
То туды, то сюды гл. туды.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
трыбу́на, ‑ы, ж.
1. Узвышэнне для выступлення прамоўцы. Апошняе слова сказаў сам Лапко. Яму прыйшлося выйсці з свайго кутка на трыбуну. Колас. Глеб Іванавіч узышоў на драўляную трыбуну, прыкрытую чырвоным паркалем, узняў зялёны вучнёўскі сшытак, і тлум угаманіўся. Дуброўскі. // перан. Месца, сфера, дзе праходзіць грамадская дзейнасць каго‑н. Тэатр — трыбуна эпохі. «ЛіМ». [Давідзюк:] — Газета — гэта трыбуна, з якой трэба гаварыць палітычна выразна, класава накіравана, а не балбатаць тое, што трапляецца на язык. Сабаленка.
2. Збудаванне з паступовым узвышэннем радоў, лавак для публікі (на стадыёнах, на плошчах і пад.). У гэты дзень трыбуны зімовага стадыёна былі перапоўненыя. «Звязда».
[Фр. tribune.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тэндэнцы́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Які праводзіць пэўную тэндэнцыю (у 2 знач.); ідэйна накіраваны, ідэйны. Для Маякоўскага сапраўдным паэтычным тварам з’яўляецца твор .. глыбока тэндэнцыйны, мэтанакіраваны і востры. «Беларусь». // Які стварае мэтанакіраваныя і ідэйна насычаны творы. Пісьменнік сацыяльна тэндэнцыйны і эстэтычна ўзброены, Васіль Вітка дзейнічае, аднак, не лозунгам, не дэкларацыяй, не аголеныя правілам маралі, а імкнецца яскравым вобразам разварушыць свядомасць чытача. Юрэвіч.
2. Які заключае тэндэнцыю (у 4 знач.), прадузятую ідэю, якая не вынікае са зместу, а навязваецца. // Прадузяты, неаб’ектыўны. Тэндэнцыйнае асвятленне падзей. Тэндэнцыйны падыход да тэмы. □ [Мароз:] — Я, я, вось пагэтаму я і хачу сказаць, што гэта абвінавачанне тэндэнцыйнае, няправільнае. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)