налучы́цца, ‑лучуся, ‑лучышся, ‑лучыцца; зак.
Разм.
1. Сустрэцца, трапіцца. Налучыўся знаёмы ў дарозе. □ Я жыва сабраўся, дастаў з пячуры сваю дубінку, бо ў лесе мог налучыцца воўк. Колас. // Прыйсці (пераважна нечакана). Налучыўся госць пад поўнач.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Настаць, надысці. Налучыўся зручны выпадак. Налучыўся момант.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.); каму. Здарыцца з кім‑н. Хто баіцца, таму ўсё можа налучыцца. Прыказка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нача́льнік, ‑а, м.
Асоба, якая ўзначальвае што‑н., кіруе, загадвае чым‑н. Начальнік заставы .. поглядам ваеннага чалавека акінуў дзеда Талаша з галавы да ног. Колас. На голас афіцэра выскачыў з сянец дзяншчык, але начальнік махнуў яму рукой і той падаўся назад у хату. Лынькоў. Чырвоная шапка начальніка толькі мільгане на пероне, а потым і знікне за дзвярыма станцыі. Пестрак.
•••
Земскі начальнік — службовая асоба ў сельскай мясцовасці ў дарэвалюцыйнай Расіі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
начапі́ць, ‑чаплю, ‑чэпіш, ‑чэпіць; зак., што.
1. Накінуўшы, замацаваць; павесіць, навесіць. Начапіць вяроўку на рогі. Начапіць ручнік на кручок. □ Аксён падымае біч, выходзіць на двор, каб начапіць на цапільна. Колас. [Дзед] хуценька павярнуўся тварам да будкі і дрыжачымі рукамі начапіў на дзверы замок. Галавач.
2. Разм. Надзець што‑н., прымацаваўшы, прывесіўшы да чаго‑н. Начапіць партупею. Начапіць наган на пояс. □ Бабка начапіла старыя акуляры з ніткамі замест аглобелек. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
по́быт, ‑у, М ‑быце, м.
1. Тое, што і быт. Чытаў [Хэлд] у арыгінале творы савецкіх пісьменнікаў, каб хоць трошкі пазнаёміцца з душой, побытам рускіх. Сабаленка. Замаскіраваны вораг умеў схаваць сваё аблічча за гучным словам, за бездакорнымі паводзінамі ў побыце. Няхай.
2. Знаходжанне, прабыванне дзе‑н. За гэты час побыту ў школе Аленка значна змянілася. Колас. Праз увесь час майго побыту ў Жорнаўцы сюды не даходзілі ніякія газеты, ні лісты. Мядзёлка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прагаві́ты, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і прагны. Саўка неспакойнымі прагавітымі вачамі акінуў стол і закуску на ім. Колас. Смалякоў тым часам схапіўся за флягу, паднёс яе да губ, дрыжачых, пасінелых, зрабіў некалькі прагавітых глыткоў. Чыгрынаў. Асабліва нясцерпнай была туга вечарамі, калі з таго боку астрога, дзе сядзелі крымінальнікі, у камеру даляталі песні. Нудныя, поўныя жалю, прагавітага жадання волі. Машара. Такі прагавіты і скнарлівы чалавек [Аляксей Гусак], што аж дзіва. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прывіта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Выказаць прывітанне пры сустрэчы (словамі, жэстам і пад.) — Добры вечар вам, — прывітаў хату Пракоп і засмяяўся. Колас. Убачыўшы лейтэнанта, абодва [салдаты] .. выструніліся і прывіталі яго. Мележ. Цімка .. прывітаў Раю паднятай рукой. Карпаў.
2. Звярнуцца да каго‑н. з прамовай, словамі прывітання (звычайна з прычыны якой‑н. радаснай падзеі). Прывітаць дэлегатаў з’езда. □ Ён [камбайнер] сышоў з свайго камбайна, рады. Прывітаў з дажынкамі дзяўчат... Смагаровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перасцерагчы́, ‑рагу, ‑ражэш, ‑ражэ; ‑ражом, ‑ражаце, ‑рагуць; пр. перасцярог, ‑сцерагла, ‑ло; заг. перасцеражы; зак., каго.
Даць параду асцерагацца чаго‑н. такога, што можа прычыніць шкоду; папярэдзіць аб небяспецы. — Не заводзься з імі! — перасцерагла дзеда бабка Наста. Колас. Дзяўчына без гуку перасцерагла хлопцаў, прыўзняўшы палец да вуснаў. Мурашка. // Засцерагчы ад небяспекі. Я стаў каля хлопчыка так, каб засланіць сабою дарогу і перасцерагчы на выпадак, калі б ён захацеў бегчы на сярэдзіну. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пла́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які даецца за плату, падлягае аплаце. Улічваючы новыя абставіны, у праграму гімназіі былі ўключаны польская мова і літаратура. Навучанне платнае — 15 злотых у месяц. С. Александровіч. Які атрымлівае грашовую ўзнагароду, плату за сваю работу. Платны работнік. // Звязаны з атрыманнем грашовай узнагароды, платы. Платная пасада.
2. Разм. Які карыстаецца чым‑н. за плату, павінен уносіць плату. А вучні з чыгункі былі платныя, складалі, такім чынам, даход настаўніку. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
панара́д, ‑а, М ‑дзе, м.
1. Каркас, аснова калёс. Скрыпяць калёсы, панарад іх дрыжыць, ляскае. Каваль. Пуда лішняга не кладзі на воз, бо .. колы лезуць і лезуць у пясок, бы на той свет, а воз асядае, пакуль зусім не ляжа на зямлю панарадам. Сачанка.
2. Калёсы без драбін. [Мікіта] выцягнуў панарады, палажыў на іх дошкі і стаў навальваць гной. Колас. У дварэ .. стаяў новы панарад, на якім быў ужо паложаны плуг. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пару́піцца, ‑плюся, ‑пішся, ‑піцца; зак.
Паклапаціцца, панепакоіцца аб кім‑, чым‑н. Ды трэба ж было парупіцца, каб газета выйшла добрая, каб моцна і трапна біла яна стары быт, ды прыдумаць ёй і адпаведнае імя. Колас. Ля студні намерзла высока і подступу каню не было. — Ніхто і не парупіцца, каб абсячы. Чорны. Каторы год як не бачыла брата, а гэта зайшоў па дарозе, дык нават падвезці не парупілася. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)