світа́нкавы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які мае адносіны да світанку, які адбываецца ў час світанку. І мне крыўдна, Балюча бывае, Калі часам нахлебнік заўзяты Пах зямлі, Руні шум забывае Ды з пагардай глядзіць на аратых. Вось такога б, Як кажуць, за шкірку, Ды на поле, дае сеюць і косяць, — Пахадзі за касцамі ў «прыцірку», Пакупайся ў світанкавых росах. Калачынскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ускруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак.
Разм.
1. каго. Падняць вельмі рана. [Волька:] — Дзяўчыну без пары ўскруціў. Калі яшчэ ў школу, хай бы спала. Пташнікаў.
2. звычайна безас. каго. Узбударажыць, вывесці са спакою. [Жонка:] — То чаго гэта цябе ўскруціла? Якое ліха яшчэ, чаго ты? Галавач.
3. што. Закруціць, узняць (пыл, пясок і пад.). Часам вецер засвішча, Ускруціць і попел і чад. Куляшоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ушчыльну́ю, прысл.
1. Шчыльна, цесна. А побач з дзесятак калгасных машын. На іх ушчыльную радамі Даўгія-даўгія пляцёнкі-кашы З наспелымі дынямі і кавунамі. Зарыцкі.
2. Гранічна блізка; непасрэдна прымыкаючы, датыкаючыся. Кусты абапал сцяжынкі часам сыходзіліся ўшчыльную. Хадановіч. Абапал дарогі, ушчыльную падступаючы да яе, драмалі хмызнякі. Асіпенка. — Дык ты яшчэ крычыш? — бацька, сціснуўшы кулакі, ушчыльную падступіў да сына. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дапуска́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да дапусціцца.
2. Мець дазвол прыходзіць, уваходзіць куды‑н., да каго‑, чаго‑н., наведваць што‑н. Дзеці на вячэрнія сеансы ў кіно не дапускаюцца. □ Прыходзіць Паўлік да турмы. — Ніякія наведвальнікі сёння не дапускаюцца, — адказаў дазорца. — Прыйдзеш праз два дні. Сташэўскі.
3. Дазваляцца; быць прынятым. Часам дапускаецца дваякае напісанне слова.
4. Зал. да дапускаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
до́бранькі, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Ласк. да добры (у 1, 2 і 3 знач.). Часам.. [Юлька] бывае ласкавенькай, добранькай і міленькай. Бядуля. — Будзьце ж так добранькі, таварыш прадстаўнік, пашкадуйце ўжо мяне, бедную. Галавач.
2. Разм. Ужываецца іранічна ў процілеглым значэнні: дрэнны, нядобры. — Дарэмна крыўдуеш, Сідар. Ты сам ведаеш, што білі цябе пашы хлопцы для адводу вачэй, для жарту, можна сказаць. — Добранькія жарцікі! Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нязно́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, што перавышае сілы, цярпенне, які пераносіцца з цяжкасцю. Нязносная гарачыня. □ Праўду кажуць, што з часам усё праходзіць, нават самы нязносны боль забываецца. Сабаленка. // Вельмі надакучлівы. Нязносны сусед.
2. Які доўга не зношваецца; вельмі моцны. [Марцін:] — Нейкі незнаёмы дзядзька прыйшоў і дае мне мае два кавалкі скуры з трансмісійнага паса.. Гэта ж нязносныя былі б падэшвы... Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наста́ць, ‑стану, ‑станеш, ‑стане; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пачацца, надысці (пра час, стан і пад.). Настаў час адпачынку. Настала вясна. □ На ўсёй зямлі настала свята, яна красой уся абнята. Дубоўка. У класе настала насцярожаная цішыня. Якімовіч. Тым часам настала жніво. Дуброўскі.
2. Разм. Прыстаць да каго‑н. з патрабаваннямі, просьбамі і пад. Так настаў, што я згадзіўся.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нахапа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Захапіць, схапіць многа чаго‑н. [Сынклета Лукічна:] — Не давай [коней]! Амелька будзе па начах сваю сядзібу апрацоўваць... Нахапаўся [зямлі] і на дачку і на сына... Шамякін.
2. перан. Неадабр. Павярхоўна, выпадкова засвоіць што‑н. Нахапацца новых слоў. □ За шмат гадоў работы Бялоцкі нахапаўся сяго-таго з сельскагаспадарчых ведаў. Але ж гэта былі абрыўкі, лахманы, адарваныя часам ад.. навукі. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
памянша́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які служыць для памяншэння адлюстравання бачымых прадметаў. Памяншальнае шкло.
2. Спец. Звязаны з утварэннем назоўнікаў і прыметнікаў, якія абазначаюць меншую велічыню прадмета або меншую ступень якасці. Памяншальны суфікс.
3. Які ўжываецца ў змененай, часам скарочанай форме пры звароце (аб уласных імёнах). — Ірачка! — Кудрыцкая ўсміхнулася: вельмі ж нечаканай здалася ёй гэта памяншальная форма ў вуснах Шэмета. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бры́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак., што і без дап.
1. Рабіць брыдкім, непрыгожым. Ані грана лішняга не было ў ім, але не было і таго, што часам брыдзіць цела прафесіянальнага гімнаста. Караткевіч.
2. Тое, што і брудзіць (у 1 знач.). — Дык што гэта вы, таварыш старшыня, — ледзь не пакрыўдзіўся Валодзька. — Будзем мы рукі брыдзіць такім дабром. Брыль.
•••
Брыдзіць светам — хітраваць, круціць, баламуціць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)