абша́р, ‑у, м.
Неабсяжная прастора, разлегласць. А мароз трашчыць сіберны, Пухам крые, пухам сцеле Увесь абшар зямлі нязмерны, Нібы мяккую пасцелю. Гурло. Ад белай пены.. мора здавалася бяскрайнім зімовым абшарам, на якім лютуе завіруха, варочаючы і рассыпаючы высокія снежныя сувеі. Дуброўскі. // Участак вялікіх памераў. Абшары балот. □ І што за Ліпава такое? А гэта — поле маладое Сярод лясоў, як скінуць вокам; На тым абшары, на шырокім, Раскошна нівы красавалі. Колас. [Алёша] глядзеў на поле ў залатых хвалях паспелага жыта ці пшаніцы і адчуваў сябе гаспадаром усяго гэтага абшару. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
павучы́цца, ‑вучуся, ‑вучышся, ‑вучыцца; зак.
1. Вучыцца некаторы час. [Сцёпка:] — Каб умець жыць па-людску, дык трэба вучыцца і не толькі ведаць, што такое рабфак, а і павучыцца на рабфаку. Колас.
2. Навучыцца чаму‑н., набыць якія‑н. веды, навыкі. Чыста пабеленая печ і сцены, добра вымытая падлога, прыбраныя з густам пасцелі ўразілі дзяўчат. Было чаму павучыцца ў такой акуратнай гаспадыні. Пальчэўскі. Слава аб камуне пайшла на ўсю акругу. Шмат людзей прыходзіла паглядзець, як жывецца, як ідзе праца, а шмат хто прыходзіў і чаму-небудзь павучыцца. Чарот.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цу́да, ‑а, М ‑дзе, н.
Разм.
1. Тое, што і цуд. Бацька, які чамусьці ніколі не здзіўляўся, сказаў, што гэта цуда яшчэ не зусім цуда, бо там, на радзіме, расце дрэва баабаб. Лынькоў. — Вось гэта закусачка! У сярэдзіне чэрвеня такое цуда! — ён [Савіцкі] узяў памідор і пяшчотна пагладзіў яго. Шамякін.
2. звычайна ў прыдатку. Пра тое, што вызначаецца, захапляе сваімі дадатнымі якасцямі. Сёлета выпала.. [Лёню] шчасце гнаць з бацькам па Прыпяці і Дняпру плыты аж да Кахоўкі, і ён там бачыў гэтую цуда-машыну. Краўчанка.
•••
Цуда-юда — казачная пачвара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шанава́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шанаваць.
2. Глыбокая павага. [Рыгор:] — Пакінь, пакінь, Зося. Гэта не любоў, не шанаванне, калі чалавек занявольваецца, калі падсякаюцца яго хаценні, мардуюцца жаданні... Гартны.
3. Аказанне, выражэнне ўдзячнасці, гонару, увагі і пад. Пастаяць [жанкі] з вянкамі ў скрусе, На чырвоную звязду Лепшых кветак Беларусі З шанаваннем пакладуць. Астрэйка. [Бобрык:] — А за тое, што вы мне на старасці такое шанаванне зрабілі, яшчэ раз — шчырае дзякуй! Дуброўскі.
•••
Маё (наша) шанаванне — вітанне пры сустрэчы з кім‑н. — Маё шанаванне, — пакланіўся.. [Шчуроўскі] з годнасцю і нават грацыяй. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Апанча́, ст.-рус. япончица (Слова аб палку Ігаравым), ст.-бел. епанча, апонча, опанча, опонча (з 1508, Гіст. лекс., 139, 142). Рус. епанча (з канца XVI ст., Сразн.); дыял. опунча ’неахайны чалавек’, укр. дыял. опанча. Польск. oponcza, балг. япанджак, макед. јапанџак. Параўн. тур. yapinca, крым.-тат. јапынџы ’плашч, папона’ і пад. ад цюрк. jap‑ ’пакрываць’ (Расянен). У бел. з крым.-тат. ці тур., магчыма, праз укр. Бел., укр., польск. формы адлюстроўваюць кантамінацыю з опона ’пакрывала’. Параўн. бел. дыял. апоня ’шырокае, не дапасаванае да фігуры адзенне’ і ’чалавек, які носіць такое адзенне’ (Янк. III). Літ. jupančia, магчыма, не толькі з польскай (Фрэнкель, 198), але і праз беларускую. Гл. Фасмер, 2, 20–21; Конанаў, ИОРЯ, 1966, 226.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
джа́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак., каго-што і без дап.
1. Раніць, упівацца джалам (у 1, 2 знач.). На кожным кроку джаляць камары. В. Вольскі. // Калоць, раніць (пра што‑н. вострае, калючае). Ды тут басанож у спякоту Не пройдзе хлапчук каля плоту: Гадзюкамі джаляць Абрыўкі калючага дроту. Маляўка.
2. перан. Шкодзіць злосна, спадцішка. Тут толькі ўявіў сабе [Міхась], што перад ім паўзучы гад, што смяротна джаліць з укрыцця пад маскай аднадумца. Машара. // Глыбока хваляваць, трывожыць (пра пачуцці). Горкая самотнасць джаліла мяне, і такое ж горкае шкадаванне напаўняла маё сэрца. Марціновіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гадава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак., каго-што.
1. Даглядаючы, выхоўваючы, забяспечваць рост, развіццё каго‑н. Гадаваць дзяцей. // Разводзіць, вырошчваць (жывёлу, расліны). Гадаваць цяля. Гадаваць сад. // перан. Быць асновай развіцця, існавання чаго‑н. Цвітуць палі ў адзенні новым, Гадуюць новыя сады. Колас. З сонцам гадуе зямля вінаграды. Купала.
2. Адрошчваць (валасы, ногці і інш.). Гадаваць бараду.
3. перан. Абдумваць у дэталях, выношваць (думку, план і пад.). У кожнага мара свая залатая, Якую мы песцім, гадуем і любім. Панчанка. [Кляновіч] кожны дзень гадаваў у душы нешта такое, што ў плыні афіцыяльнай работы лічыў самым галоўным. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бало́та, ‑а, М ‑лоце, н.
1. Нізкае багністае месца, звычайна з стаячай вадой і вільгацелюбнай расліннасцю. Тарфяное балота. Багністае балота. Асушэнне балот. □ Ногі правальваліся.., гразлі ў ліпкай, цягучай твані балота. Лынькоў. Прастор, зарослы асакой, пераходзіць у куп’істае балота. Чорны.
2. толькі адз. Разм. Вялікая гразь на вуліцы, у двары. Балота скрозь на ўсім двары, Куды ні кінеш вокам — смецця горы. Корбан.
3. толькі адз.; перан. Усё, што характарызуецца застоем, адсутнасцю жывой дзейнасці, маральным падзеннем. Мяшчанскае балота. □ — Я да цябе параіцца прыйшоў, Андрэй, — сказаў Сымон. — Папаўся я ў такое балота, што не ведаю, як вылезці. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
каха́нне, ‑я, н.
Вялікае сардэчнае пачуццё да пэўнай асобы другога полу. Першае каханне. Прызнацца ў каханні. □ — Кахання, Мікола, не бойся. Узвышанае гэта, прыгожае пачуццё. Краўчанка. Аб Таццяне.. [Жэнька] думаў часта, але баяўся свае незразумелыя пачуцці да яе назваць каханнем. Шамякін. // Пра чалавека, які выклікае такое пачуццё. Я сам у трывозе: таксама ў дарозе згубілася дзесьці, сюды не бяжыць, не едзе здалёку маё, у вяснушках, каханне. Вялюгін. Пабудзь жа, маё каханне, Пакуль усход разгарыцца. Нядзведскі. // Любоўныя адносіны. Пара кахання. □ Рана магло б і каханне пачацца, ды Валя нікога з знаёмых хлопцаў не любіла. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
марнава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак.
1. што. Траціць без карысці, марнатравіць. Марнаваць грошы. Марнаваць час. □ Я не для бас, паны, о не, Свае дні лепшыя марную, — У вечнай з мукамі вайне Жыву і радасці не чую. Купала.
2. каго. Мучыць, стамляць. [Антаніна:] — Дакуль гэта, дзеўка, ты будзеш сябе марнаваць? Не ў адной цябе такое няшчасце. Васілевіч. Я цэлымі днямі не выходзіў з Мальвінінага пакойчыка і ўсё паўтараў, што так марнаваць сябе не трэба. Сачанка. Сапраўды, Міхал не любіў пераліваць з пустога ў парожняе, не любіў марнаваць людзей бясконцымі прамовамі. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)