неціка́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які не выклікае цікавасці. Нецікавы кінафільм. □ — А ўсё ж нецікавая нам работа выпала, — праз нейкі час скардзіўся.. [Міхась], касавурачыся на Васіля. Якімовіч.
2. Разм. Непрыгожы. Са старою паняй жыла адзіная дачка, якую з-за ваеннага ліхалецця і нецікавага выгляду не ўдалося выдаць замуж. Брыль.
3. Разм. Не зусім добры; пасрэдны. Нарада пакінула нецікавае ўражанне... Гартны. [Бабка] проста думае свае старэчыя думкі, сухія, як і сама старасць, простыя, як і ўсё жыццё яе, нецікавыя, як і яе доля. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
про́дак, ‑дка, м.
1. Асоба, якая з’яўляецца папярэднікам у сям’і, родзе, племені па бацькоўскай або мацярынскай лініі. Сярод продкаў Максіма Багдановіча было нямала таленавітых людзей. Майхровіч. Ці то жартам, ці то ўсур’ёз Дзед Хрушч расказаў, што яго продкам быў нейкі невядомы драгун. Колас. // Родапачынальнік якога‑н. віду або роду жывёл і раслін.
2. толькі мн. (про́дкі, ‑аў). Людзі, якія жылі задоўга да цяперашняга часу. Пакінем спадчыну мы для патомкаў Інакшую ад той, Што ўзялі мы ад продкаў на абломках Гісторыі сваёй. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыгнята́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
1. Прыціскаць чым‑н. цяжкім зверху. Прыгнятаць сыр каменем.
2. Не даваць свабодна жыць, эксплуатаваць. Вёску прыгняталі памешчык і земства, ураднік і мясцовы багацей. Навуменка.
3. перан. Непакоіць, ствараць цяжкі, падаўлены настрой. Памаўчаўшы,.. [маці] загаварыла, перасільваючы нейкі ўнутраны цяжар, які прыгнятаў яе. Якімовіч. Бянтэжыла і прыгнятала нас яшчэ і невядомасць. С. Александровіч. Мяне прыгнятала адзіноцтва, тая сіратлівая цішыня, якая часта панавала ў нашых зялёных кутках. Кулакоўскі. Нізкае скляпенне, пах цвілі, папіскванне пацукоў прыгнятала хлапца. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ло́гава, ‑а, н.
1. Паглыбленне ў зямлі, якое служыць жыллём зверу. У пачатку снежня мядзведзіца залягла ў сваім логаве і заснула на ўвесь зімовы час. В. Вольскі. // перан. Разм. Жыллё, пасцель чалавека (звычайна непрыгляднае, неахайнае). Сям’я спала на зямлі ў саламяным логаве, ратуючыся ад холаду. Якімовіч. Сам Іванюк ляжаў у сваім логаве, змяўшы нагамі даматканую коўдру і збіўшы падушку ў нейкі брудны камяк. Колас.
2. перан. Разм. Месца размяшчэння варожых сіл. Майстрэнка з дзвюма баявымі групамі .. нечакана наляцеў на фашысцкае паліцэйскае логава. Казлоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дасту́пны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, да якога можна прайсці, падысці. Глухое, даступнае толькі заядлыя рыбакам,.. [возера] сягоння стала зборышчам людзей. Арочка. // Адкрыты для зроку. Даступны для назірання.
2. Магчымы, пасільны для ўсіх, многіх. Даступныя цэны.
3. Лёгкі для разумення, даходлівы. Перадаць думку ў даступнай форме. □ Купала па-майстэрску перадае старажытны тэкст у форме, лёгка даступнай нашаму мастацкаму ўспрыманню. Палітыка.
4. Які лёгка выклікае прыхільнасць да сябе; просты, абыходлівы. Невысокі, кучаравы, у панто[ф]лях і чорнай рабочай кашулі, .. [К. Чорны] быў увесь нейкі хатні, даступны. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адсе́дзець, ‑седжу, ‑седзіш, ‑садзіць; зак.
1. што. Доўга або ў нязручнай паставе седзячы, давесці да здранцвення якую‑н. частку цела. Адседзець нагу.
2. Прабыць, праседзець нейкі час дзесьці. [Эма] скардзілася, што ёй цяжка, што.. [Іван] не памагае ў хатняй рабоце. А яму хіба лёгка было? Яна ж адседзіць, адбалбоча .. восем гадзін, і ўсё, які там цяжар. Марціновіч.
3. Адбываючы пакаранне, прабыць які‑н. тэрмін у турме. Я. Колас за ўдзел у настаўніцкім з’ездзе і рэвалюцыйныя творы адседзеў тры гады ў ліпскім астрозе. Казека.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зацьмі́ць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак., каго-што.
1. Засланіўшы сабою, зрабіць нябачным, непрыметным. Хмары зацьмілі сонца. □ Здаецца, свет звузіўся вакол цябе, шэрань зацьміла далягляд, і паветра насыпана пераднавальнічнымі подыхамі. Хадкевіч. // Пазбавіць магчымасці бачыць. Густы туман зацьміў вочы, і нейкі час Лагуцька ступаў наўгад, вобмацкам. Сіняўскі.
2. перан. Перавысіць каго‑н. сваімі якасцямі, заслугамі, адсунуць на задні план. Фельдфебель не мог адразу ачуняць ад такога геройства бацькі і зацьміць яго прыкладам яшчэ большай мужнасці. Брыль.
3. перан. Пазбавіць яснасці, зацямніць. Зацьміць розум.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чмуці́ць, чмучу, чмуціш, чмуціць; незак., каго-што.
Разм.
1. Уносіць беспарадак недарэчнымі, бязглуздымі паведамленнямі; дарэмна трывожыць. [Сцяпан:] — Аб’явіўся недалёка нейкі прапаведнік — баптыст ён там ці які чорт?.. Чмуціць народ, нас [камуністаў] называе антыхрыстамі і — чым хочаш... Пестрак.
2. Уводзіць у зман, дурыць галаву каму‑н. [Настаўнік:] — [Багатыры] чмуцяць вам галовы праз цэрквы і школы, што гэтак і павінна быць, палохаюць вас карамі ў пекле, каб вы былі паслушнымі і пакорнымі. Колас. [Маці:] — Ты чаго ж гэта, нягоднік, абняславіў дзяўчыну, а цяпер туляешся па завуголлю, другой галаву чмуціш? Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
некато́ры, ‑ая, ‑ае; займ. неазначальны.
1. Нейкі, дакладна не вызначаны. Паравоз уздрыгнуў і некаторы час ішоў у ранейшым тэмпе. Васілёнак. За дзедам на некаторай адлегласці пайшлі і яго сыны. Колас. Праз некаторы час ранішняя зара заняла ўвесь усход і злізала зоры. Чарнышэвіч.
2. толькі мн. (некато́рыя, ‑ых). Асобныя з агульнага ліку; паасобныя. [Марына Паўлаўна:] — Я прыйшла ўзяць некаторыя свае рэчы. Зарэцкі. Ужо даўно працякаў дах, прагнілі некаторыя дошкі ў вагоне. Лынькоў.
3. у знач. наз. некато́рыя, ‑ых. Не ўсе, асобныя людзі. Некаторыя з прысутных. Некаторыя з нас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
багаце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Станавіцца багатым, багацейшым. Панская пільня! Яна належала пану, а трымаў яе ад пана і багацеў з яе нейкі падпанак з гарадка. Чорны. Цяжка было жыць пасля вайны. Але год за годам калгас багацеў, больш важкім рабіўся працадзень. Гроднеў. // Абзаводзіцца чым‑н., разжывацца на што‑н. Краіна пасля вайны багацела на самую дасканалую тэхніку. Паслядовіч. // Станавіцца паўнейшым, павялічвацца. Гумно паўнела з колевым годам, І багацеў хлявец прыплодам. Колас. // Набываць якасна новыя рысы. Багацець духоўна. // Развівацца, удасканальвацца. Багацее мова, узнімаецца яе культура.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)