пажаўце́ць, ‑жаўцею, ‑жаўцееш, ‑жаўцее; зак.

Стаць жоўтым, жаўцейшым; набыць жаўтаватае адценне. Мармур высачэзных калон.. трошкі пажаўцеў, нагадваючы слановую косць. Караткевіч. // Паспець (пра плады, злакі). Пачало даспяваць жыта, следам за ім пажаўцелі аўсы. Дуброўскі. // Страціць зялёную афарбоўку, завяць (пра лісце, траву). Сям-там пажаўцела ўжо лісце. Скрыган. З клёнаў, яшчэ не паспеўшых добра пажаўцець, пасыпалася восеньская пацяруха. Савіцкі. // Набыць нездаровы колер. Твар пажаўцеў. □ Бабініч зусім асалавеў, вочы яго Пажаўцелі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

памярко́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Падатлівы, уступчывы, які лёгка прыстасоўваецца да іншых. [Макар:] — Я чалавек памяркоўны, жонцы амаль ніколі не пярэчу. Корбан. [Анэта] памяркоўная жанчына: усё сцерпіць, усюды змоўчыць. Васілевіч.

2. Які выяўляе мяккасць, цярпімасць; добразычлівы. Гарохам сыпле Богут словы, А самы тон яго прамоў То памяркоўны, то суровы. Колас. І так пачалася бяседа, спачатку памяркоўная, а пасля з грымучай гутаркай. Пестрак.

3. Які прытрымліваецца сярэдняй лініі, не схільны да крайнасцей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неўзаме́тку, прысл.

Разм. Так, што цяжка заўважыць; скрытна. Я неўзаметку шмыгнуў за хату і, пераскакваючы цераз рады бульбоўніку, пабег наперарэз Тані. Марціновіч. Першымі выступілі выпускнікі: спявалі, танцавалі, чыталі вершы. Потым, неўзаметку пераміргваючыся, яны адзін за адным павыходзілі з залы. Сабаленка. // Непрыкметна, незаўважна. Час бег неўзаметку. Скрыган. У 1926 годзе мне пашанцавала. Якуб Колас стаў маім суседам. На Вайсковым завулку неяк неўзаметку вырас двухпавярховы драўляны домік, у якім неўзабаве пасяліўся паэт. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ні́шчыць, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; незак., каго-што.

Знішчаць, разбураць, пустошыць, не даваць развівацца. Агонь перакідваўся з хаты на хату, без жалю спапяляў і нішчыў усё на сваім шляху. Шчарбатаў. Раз’юшаныя безвыніковай барацьбой з народнымі мсціўцамі, акупанты нішчылі паселішчы. «Звязда». Хмара чорная не будзе Нішчыць градам каласы! Васілёк. / у перан. ужыв. У вобразе струхлелага дуба Я. Колас паказаў царскі лад, які душыў і нішчыў усё жывое ў краіне. Казека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паабяца́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што, каму-чаму, з інф., з дадан. сказам і без дап.

Даць якое‑н. абяцанне, абавязацца зрабіць што‑н. Аня крыху пастаяла з Касяй, паабяцала ёй свае канспекты. Карпюк. Семіпалаў паабяцаў у гэты ж дзень азнаёміцца з матэрыяламі следства і ўжо тады даць пэўную параду. Колас. З асаблівым нецярпеннем чакаў гэту вясну .. хлопчык.. Бацька яму паабяцаў: адразу як пацяплее, адвязе яго да дзеда ў вёску. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павадо́к, ‑дка, м.

1. Памянш. да повад; кароткі повад. Весці каня на павадку.

2. Рэмень або ланцужок, на якім водзяць сабак. Чырвонаармеец узяў сабаку на павадок і паказаў след .. чалавека. Колас. Пані Курпёва трымала на павадку маленькага сабачку і часта перабівала маю работу недарэчнымі пытаннямі, парадамі. Карпюк.

3. Кароткая жылка з кручком, якая прывязваецца да канца рабочай часткі лескі або снасці. Доўгі павадок. Кароткі павадок.

•••

Ісці на павадку гл. ісці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павуча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго.

Даваць павучальныя парады, настаўленні. — На паходзе, на вайне разведка і сувязь маюць дужа важнае значэнне, — павучаў.. [Букрэй] дзеда. Колас. Тапурыя ўсё яшчэ павучаў .. [Вано], як трэба сябе трымаць пры старэйшых. Самуйлёнак. // Гаварыць павучанні. — Што ж, рамантыка павінна ўступаць перад рэальнай неабходнасцю, — адчуваючы сваю перавагу, павучаў Беразінец. Броўка. — Абыякавасць — такая загана, якой я не дарую, — Булай і зараз не мог ўстрымацца, каб не навучаць. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паглы́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., што.

1. Зрабіць больш глыбокім. Паглыбіць сажалку. □ Геня раскапаў дно адной лужынкі, паглыбіў яго. Якімовіч.

2. Змясціць глыбей, урэзаць у што‑н. Паглыбіць разец у метал.

3. Накіраваць рух у глыбіню чаго‑н. // перан. Пашырыць, зрабіць больш грунтоўным, сур’ёзным, глыбокім. Паглыбіць свае веды. □ [Лабановіч:] — Тваю думку аб бярозах я хацеў бы пашырыць і паглыбіць. Колас. // перан. Зрабіць больш тонкім, глыбокім; узмацніць (пра пачуцці і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

накіпе́ць, ‑піць; зак.

1. Утварыцца, сабрацца на паверхні вадкасці, якая кіпіць (пра пену, накіп). // Асесці на ўнутраных сценках чайніка, катла і іншай пасуды, у якой кіпяцяць ваду.

2. перан. Сабрацца ў сэрцы, душы, перапоўніць сэрца, душу (пра цяжкія, непрыемныя пачуцці). Накіпела злосць. □ У душы Антона накіпела крыўда. Пянкрат. / у безас. ужыв. Сцёпка змушан быў прызнаць сваё паражэнне. Але ён у далейшым адыграецца, бо ў сэрцы яго накіпела. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

накірава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак.

1. Пайсці, паехаць куды‑н., да каго‑, чаго‑н., рушыць у якім‑н. кірунку. Накіравацца на сход. Накіравацца да знаёмага. □ Шпаркімі крокамі, а дзе і подбегам накіраваўся дзед на сваю сядзібу. Колас. З кабіны самазвала вылез начальнік зборачнага цэха і вайсковым крокам накіраваўся да трыбуны. Карпаў.

2. Узяць, набыць які‑н. кірунак руху, развіцця. Апошнія прамяні .. [сонца] слізганулі па воднай прасторы, а затым накіраваліся ўгору. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)