прыгну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

Нагнуць, нахіліць; трохі сагнуць. Саўка, сутулаваты высокі мужчына, прыгнуў галаву ў дзвярах і выйшаў на двор. Федасеенка. Старасць прыгнула яго .. стан і кінула на твар і на высокі лоб цэлую сетку маршчын. Колас. // Сагнуўшы, нахіліць да чаго‑н. [Рыльскі] каменем убіў два цвікі, прыгнуў іх, і падлога зноў мела свой сапраўдны выгляд. Чорны. Як шары, Паліліся антонаўкі І да долу прыгнулі сады. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыкіда́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прыкінуцца.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пападацца, трапляцца паміж кім‑, чым‑н.; пракідацца. Сям-там прыкідаліся белыя гімнасцёркі і казённыя раменныя папругі. Колас. Бярэзінка была жоўтая, але сям-там прыкідаліся яшчэ і зялёныя лісточкі. С. Александровіч. Між.. вазоў таўклося процьма дзяўчат і хлопцаў, між якімі рэдкімі адзінкамі прыкідаліся чыноўнікі з блішчастымі цэшкамі. Гартны.

3. Зал. да прыгадаць (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыко́нчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.

Разм.

1. Давесці да канца, закончыць. — Мы адвагу мусім Несці ў сваім сэрцы. А вайну прыкончым, — Нам усё дадуць. Броўка. // З’есці або выпіць усё да астатку. — А Марыніч, дык той зараз цэлага япрука прыкончыць. Колас.

2. Дабіць каго‑н. канчаткова. Другі воўк толькі мармытнуў нешта ў адказ на віск. Яго дзядуля прыкончыў абушком. Пальчэўскі. Аджа Опермана Алёшка прыкончыў апошнім стрэлам. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыстара́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., чаго.

Раздабыць, прыгатаваць што‑н., звычайна з цяжкасцямі, намаганнямі. Суцяшалі гэтыя рабочыя, дапамогу аказвалі, то грашамі, то дроў прыстараюцца. Лынькоў. — Я хутка прыстараюся чаю, ці гарбаты. Як лепей называць па-беларуску: чай ці гарбата? Колас. Да сустрэчы Раіса рыхтавалася, як ніколі. Ёлку ўпрыгожыла, гарэлкі накупляла, добрай закускі прыстаралася. Гроднеў. Вяселле адгрымела ўраз, І жыць у цешчы Зяць застаўся, Бо ўласнага жылля Яшчэ не прыстараўся. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пры́ціск, ‑у, м.

1. Выдзяленне слова (слоў) сілай голасу. — Ты што ж гэта, злодзей ты, зневажаеш старэйшых? — ціха, з прыціскам і крыху нараспеў прыгаворвае Цімохаў бацька і круціць сына за вуха. Колас. — Брыдка, дзядзька Адась, — казала Волька Лысаковічаўна. — А яшчэ — калгаснік... — з прыціскам выгаварыла яна гэта апошняе слова. Калюга.

2. Патаўшчэнне штрыха, лініі пры пісьме пяром. Пісаць з прыціскам.

прыці́ск, ‑у, м.

Дзеянне паводле дзеясл. прыціскаць — прыціснуць (у 1, 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пужлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Які лёгка і скора пужаецца; палахлівы. Дзядзькаў дом глынуў тады яго [Язэпа], маленькага, пужлівага. Бядуля. Дзяўчаткі пужлівыя, хлопцы нязграбныя, І хмель веснавы на гарачых губах! Панчанка. // У якім выражаецца страх, спалох. [Ліда] памятала толькі.. [Паўлаў] пужлівы шэпт, баязлівы позірк і мітуслівыя рухі. Васілевіч. // Уласцівы таму, хто пужаецца, палохаецца. Хлопчык слухаў у здзіўлены, Вочы кідаў на карчы, а ў пужлівым уяўленні Ўсталі чэрці-рагачы. Колас.

•••

Не з пужлівага дзесятка гл. дзесятак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разагну́цца, ‑гнуся, ‑гнешся, ‑гнецца; ‑гнёмся, ‑гняцеся; зак.

Выпрастацца, разагнуць спіну. Бабка Параска спыніла работу, разагнулася. З яе сухога, круглага твару пазбягалі маршчынкі. Яна засмяялася. Колас. Калі Гарбачэня разагнуўся, то крокаў за дзвесце ад сябе ўбачыў падгалістую ласіцу з ласянём, якая, відаць, прыйшла на вадапой. Гурскі. // Стаць простым, роўным (пра што‑н. сагнутае). Кручок разагнуўся. □ І на дзіва змяніўся чалавек: патлусцеў, раздабрэў на белых харчах так, што і спіна разагнулася. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распладзі́ць, ‑пладжу, ‑плодзіш, ‑плодзіць; зак., каго-што.

1. Развесці ў вялікай колькасці (жывёлу, расліны). Распладзіць курэй. Распладзіць трусоў. // Разм. Нарадзіць многа дзяцей; займець вялікае патомства. Распладзіць вялікае сямейства. // Даць размножыцца па неахайнасці. недагляду. Распладзіць клапоў. Распладзіць мышэй.

2. перан. Разм. Паспрыяць паяўленню каго‑, чаго‑н. у вялікай колькасці, у значных памерах. Распладзіць заразу. □ — Бадай ты спрогся, стары пень! — лаяліся мужыкі: — Гэта ж.. [Анісім] расплодзіць такога бруду, што і не акараскацца. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расхо́давацца, ‑дуюся, ‑дуешся, ‑дуецца; зак. і незак.

1. Разм. Патраціць (траціць) свае сродкі на што‑н. Расходавацца на падарункі.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Траціцца (патраціцца), ісці (пайсці) на што‑н. Прадукты расходуюцца неэканомна. □ Маладых сіл было многа; здавалася, ніколі не вычарпаеш іх, і расходаваліся яны так, як расходуе з восені заможны, але маладасведчаны і непрактычны гаспадар багаты збор ад свае нівы. Колас.

3. толькі незак. Зал. да расходаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пажада́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, які патрэбны; які адпавядае інтарэсам, патрабаванням. Пажаданыя вынікі. Пажаданы кірунак падзей. □ Грушэўскі адчуў чамусьці непакой за сход: абмеркаванне даклада, а потым вылучэнне кандыдатур магло пайсці не ў пажаданым парадку. Карпюк.

2. Такі, якога чакаюць; жаданы. [Лабановіча і Тукалу] лічылі самымі вясёлымі і пажаданымі людзьмі, якія нікому нічога благога, апроч саміх сябе, не зрабілі. Колас. // Прыемны, мілы. Я лаўлю гэтак добра знаёмы і так пажаданы пах. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)