дрыжа́ць і дрыжэ́ць, -жу́, -жы́ш, -жы́ць; -жы́м, -жыце́, -жа́ць; -жы́; незак.

1. Трэсціся, калаціцца.

Шыбы дрыжаць.

Зямля дрыжыць пад нагамі.

2. Быць ахопленым дрыжыкамі.

Д. ад холаду.

Рукі дрыжаць.

3. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Гучаць перарывіста, няроўна.

Голас дрыжыць.

4. Мігацець, трымцець.

Зоркі дрыжаць у небе.

5. перан., за каго-што і над кім-чым. Ахоўваць, баючыся за каго-, што-н., за захаванасць чаго-н.

Д. за сваё дзіця.

Д. над кожнай капейкай.

6. перан., перад кім-чым. Баяцца каго-, чаго-н.

Д. перад начальствам.

|| наз. дрыжа́нне, -я, н.

|| прым. дрыжа́льны, -ая, -ае (да 2 знач.).

Д. параліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

валі́ць¹, валю́, ва́ліш, ва́ліць; незак.

1. каго-што. Прымушаць па́даць.

Бура валіць лес.

В. з ног.

В. дрэвы (сячы, пілаваць; спец.).

2. што. Скідаць у вялікай колькасці, складаць без разбору.

В. усё ў адну кучу (таксама перан.: змешваць неаднолькавыя рэчы, з’явы, не бачыць розніцы паміж імі).

3. перан., што на каго-што. Перакладаць (адказнасць, віну, работу і пад.) на каго-, што-н. (разм.).

В. віну на іншых.

В. усё на абставіны.

|| зак. павалі́ць, -алю́, -а́ліш, -а́ліць; -а́лены (да 1 знач.) і звалі́ць, -алю́, -а́ліш, -а́ліць; -а́лены.

|| наз. ва́лка, -і, ДМ -лцы, ж. (да 1 знач.).

В. лесу.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

гарызо́нт, -у, М -нце, мн. -ы, -аў, м.

1. Уяўная мяжа неба і зямной ці воднай паверхні, а таксама прастора неба над гэтай мяжой.

Ні воблачка на гарызонце.

2. Уся бачная вакол назіральніка прастора, далягляд.

З самалёта адкрыўся шырокі г.

3. перан. Круг ведаў, інтарэсаў, ідэй.

Студэнт з шырокім гарызонтам.

Г. паэта.

4. перан. Круг дзеянняў, магчымасцей.

Перад моладдзю адкрыты шырокія гарызонты.

5. Узровень вады ў рацэ ці вадаёме (спец.).

Г. вады ў рацэ.

6. Пласт адкладанняў горных парод, які вылучаецца па якой-н. прыкмеце (спец.).

Г. вапняку.

Знікнуць з гарызонту — перастаць з’яўляцца дзе-н., у якой-н. кампаніі.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

свідрава́ць, -ру́ю, -ру́еш, -ру́е; -ру́й; -рава́ны; незак.

1. што. Рабіць свердлам адтуліны ў чым-н.

2. што. Прабіваць, праточваць адтуліны, ход у чым-н. (пра расліны, жывёл і пад.).

Дзяцел свідруе дрэва.

Карэнне свідруе асфальт.

3. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), перан., каго-што. Мучыць, хваляваць, прыносіць боль (пра думкі, пачуцці).

Непакой за сына свідруе душу і сэрца.

4. перан. Пільна ўглядацца.

С. вачамі, позіркам каго-н.

|| зак. прасвідрава́ць, -ру́ю, -ру́еш, -ру́е; -ру́й; -рава́ны (да 1 і 2 знач.).

|| наз. свідрава́нне, -я, н. (да 1 знач.).

|| прым. свідрава́льны, -ая, -ае (да 1 знач.; спец.).

С. станок.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

святле́ць, -е́ю, -е́еш, -е́е; незак.

1. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Станавіцца светлым або больш светлым.

Валасы пасля мыцця святлеюць.

2. Пра надыход раніцы, дня.

На дварэ святлее (безас.).

3. перан. Станавіцца радасным, ласкавым.

Твар сябра святлее.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Пра думкі, свядомасць: рабіцца больш ясным, нармальным.

Думкі сталі с.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Віднецца (пра што-н. светлае).

У гушчары ельніку святлела купка бяроз.

|| зак. пасвятле́ць, -е́ю, -е́еш, -е́е і прасвятле́ць, -е́ю, -е́еш, -е́е (да 3 і 4 знач.); наз. прасвятле́нне, -я, н. (паводле 3 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

пракла́сці, -ладу́, -ладзе́ш, -ладзе́; -ладзём, -ладзяце́; -ладу́ць; -ла́ў, -ла́ла; -ладзі; -ла́дзены; зак., што.

1. Правесці, зрабіць (дарогу, шлях і пад.).

П. шашу. П. газаправод. П. сабе дарогу (таксама перан.: дабіцца добрага становішча ў жыцці). П. шлях, дарогу каму-, чаму-н. (таксама перан.: пасадзейнічаць каму-, чаму-н. у чым-н., стварыць умовы для развіцця чаго-н.). П. курс караблю (вычарціць на карце).

2. Укласці што-н. паміж чым-н.

П. паперу паміж талеркамі (або талеркі паперамі) пры ўпакоўцы.

|| незак. праклада́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е і пракла́дваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. праклада́нне, -я, н., пракла́дванне, -я, н. і пракла́дка, -і, ДМ -дцы, ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

сплы́сці і сплыць, сплыву́, сплыве́ш, сплыве́; сплывём, сплывяце́, сплыву́ць; сплыў, сплыла́, -ло́; зак.

1. Паплысці ўніз па цячэнні, быць знесеным вадой.

Мост сплыў аж да кустоў вербалозу.

2. Сцячы адкуль-н.

Вада з сенажаці сплыла к вечару.

3. Плаўна апусціцца, аддаліцца, адысці і пад.

Пыл сплыў ад дарогі на прысады.

4. перан. Паступова, павольна знікнуць.

З твару сплыла ўсмешка.

5. Мінуць, прайсці (пра час, здарэнні).

Сплыла маладосць, а за ёй і жыццё.

Было ды сплыло (прымаўка).

6. перан. Бясследна прапасці.

Тавар сплыў невядома куды.

Сплылі грошы і няма.

7. Знемагчы ад страты крыві.

С. крывёю.

|| незак. сплыва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

тупы́, -а́я, -о́е.

1. Недастаткова навостраны, такі, якім цяжка рэзаць, пілаваць, калоць і пад.

Т. нож.

Тупая піла.

2. Які не звужаецца або мала звужаецца ў канцы, з закругленым канцом.

Туфлі з тупымі насамі.

3. перан. Разумова абмежаваны, няздольны, някемлівы.

Т. вучань.

Т. як абух.

4. перан. Які прыйшоў у стан атупення; раўнадушны, абыякавы.

Тупое паслушэнства.

5. Невыразны, бяздумны, бяссэнсавы.

Т. погляд.

6. Не востры, не вельмі адчувальны; глухі (пра боль).

Т. боль.

7. Глухі, не рэзкі, не звонкі (пра гукі).

Пачуўся т. трэск.

8. Пра вугал: большы за 90°.

|| наз. ту́пасць, -і, ж. (у 3 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

укла́сціся, -ладу́ся, -ладзе́шся, -ладзе́цца; -ладзёмся, -ладзяце́ся, -ладу́цца: -ла́ўся, -ла́лася; -ладзі́ся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Умясціцца ў што-н.

Усе рэчы ўклаліся ў чамадан.

2. перан., у што. Падысці пад якую-н. катэгорыю, класіфікацыю (кніжн.).

У. ў інструкцыю.

3. перан. Паспець зрабіць што-н. у пэўны тэрмін.

У. ў рэгламент.

4. Легчы (спаць), улегчыся (разм.).

У. на канапе.

Укласціся ў галаве або у свядомасці (разм.) — дайсці да свядомасці, стаць зразумелым.

|| незак. уклада́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца і укла́двацца, -аюся, -аешся, -аецца.

У галаве (у свядомасці) не ўкладваецца што-н. (немагчыма дапусціць, паверыць у што-н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

упе́рці, упру́, упрэ́ш, упрэ́; упро́м, упраце́, упру́ць; упёр, упе́рла; упры́; упёрты; зак.

1. што. З цяжкасцю ўпхнуць, уціснуць у што-н. (разм.).

У. рэчы ў чамадан.

2. што ў што. Унесці (што-н. цяжкае, грувасткае; разм.).

У. мяшок з бульбай у сенцы.

3. што ў што. Шчыльна прыціснуць да чаго-н.

У. жэрдку ў сцяну.

У. рукі ў бокі.

4. перан., каго-што. Навязаць каму-н., прымусіць насільна ўзяць што-н. (разм.).

У. бракаваны прыёмнік.

5. перан., што. Патраціць, выдаткаваць (сродкі, грошы; разм.).

У. сто рублёў.

|| незак. упіра́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. упо́р, -у, м. (да 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)