Асістэ́нт ’памочнік прафесара, урача; малодшы выкладчык у вну’ (БРС), ’пастаянны размоўца, удзельнік цырымоніі’, асістэ́нцыя ’прысутнасць пры знатнай асобе, пастаяннае дагляданне, заляцанне’ (Нас.). Сучаснае значэнне ўсталявалася, верагодна, пад рускім уплывам (Крукоўскі, Уплыў, 76). Значэнні, зафіксаваныя ў Насовіча, указваюць на польскую крыніцу запазычання (польск. asystent ’памочнік прафесара; памочнік, практыкант урача; член світы, якая ўдзельнічае ва ўрачыстасці; кавалер’). Ст.-укр. ассистенция з XVII ст., ассистентъ з XVIII ст., што ўказвае не толькі на магчымую даціроўку беларускага, але і на польскую крыніцу запазычання. Польскае з лац. assistent суправаджаючы’; у рускай мове з пачатку XVIII ст. праз нямецкую (Шанскі, 1, А, 163; Фасмер, 1, 94, указваюць на нямецкую крыніцу, паводле Смірнова, 49) ці польскую — Біржакава, Очерки, 344.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ашыба́ць1 ’уводзіць у зман, прымушаць памыліцца’ (Нас.), ашыб ’удар ненарокам’ (Нас.), ашыбнуцца ’памыліцца’ (Юрч.), рус. ошибаться памыляцца’, славац. ošibať (někoho) ’увесці ў зман, падмануць (каго-небудзь)’. Ад шыбаць (прасл. šibati) ’кідаць, піхаць’, першапачаткова ’не пацэліць, збіць з мэты’, гл. Брукнер, KZ, 43, 326; Праабражэнскі, 1, 674; Махэк₂, 607; Фасмер, 3, 179 (выказвае сумненні адносна магчымай сувязі з польск. chyba ’памылка’, чэш. chyba, параўн. польск. дыял. ochyba).

*Ашыба́ць2, ошыба́ць, ошыбну́ць ’ахапіць, акрапіць?’ параўн. «А ўпадзі мацёнцы на белыя ножкі // Ошыбнуць цебе дробныя слёзкі» (з вясельнай песні, запісанай Федароўскім на ўсход ад Пружан), укр. ошибати: «страх ошибае» ’робіцца страшна’, славац. ošinulo ho ’яго хапіў удар, разбіў параліч’ (з ošibnulo, гл. Махэк₂, 607). Да шыбаць (прасл. šibati) ’біць, піхаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Барана́. Рус., укр. борона́, польск. brona, чэш. brána (brány), в.-луж. bróna, н.-луж. brona, балг. бра́на́, серб.-харв. бра́на, славен. brána і г. д. Прасл. borna (bor‑na) ад асновы *bor‑ (параўн. bor‑zda ’баразна’). Параўноўваюць з лац. forāre ’свярліць’, ст.-в.-ням. borōn ’тс’, грэч. φαρόω ’ару’, φάρω ’расколваю’, лат. beȓzt церці, чысціць’ і да т. п. Гл. Бернекер, 74; Праабражэнскі, 1, 38; Фасмер, 1, 196–197; Брукнер, 41; Слаўскі, 1, 43; Махэк₂, 64; БЕР, 1, 74. Параўн. яшчэ Машынкі, Pierw., 74 (спецыфічная сувязь слав. і ст.-грэч. моў). Вельмі няпэўнай (з пункту погляду фанетыкі) з’яўляецца версія Аткупшчыкова, ЭИРЯ, IV, 87–96 (*borna < *bhorgná або *bhorgsná, да лац. frangere разбіваць’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бон, бом ’выгаралая глыбокая яма ў тарфяным балоце, якая запоўнена вадой, глыбокая яма ў рацэ’ (усх.-палес.; Талстой, Геогр., 202). Талстой (там жа) параўноўвае з укр. (закарп.) бо́ня, бо́нище ’глыбокая яма ў балоце, запоўненая вадой’, укр. (бойк.) бо́ня ’стаячая вада’, кашуб. bonawa, bonawka ’дзёран, трава’, н.-луж. bon, bonk ’вільготны, мокры дзёран; луг, паляна’. Усё гэта, быццам, старое запазычанне з герм. (ням. Bonn ’мокрая лугавая трава’). Але зыходзячы з таго, што бон — гэта і ’месца, дзе рыбакі выцягваюць з вады сетку’ (Яшкін), магчыма, лепш лічыць, што бон, бом як тэрмін рэльефу звязаны з такімі словамі, як рус. бом, бон ’плавучы насціл у гавані’ < герм. (аб гэтых словах гл. Фасмер, 1, 191, 192).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Маджа́ры ’доўгі, цяжкі воз з шырокімі драбінамі, які выкарыстоўваюць для перавозкі сена і снапоў’ (бых., Рам. 8), мажа́ры ’тс’ (ТСБМ, Інстр. I, Малч., Мат. Гом., Бяльк.), мыжа́ра (Бяльк.), мажа́рка ’сані з маленькімі драбінкамі’ (Бяльк.), ма́жа ’кош у возе, санях’ (Маш., Пятк.), ’скрыня для перавозкі чагосьці дробнага, сыпкага’ (нараўл., Мат. Гом.), ма́жы ’воз для перавозкі сена, снапоў’ (Касп.; барыс., Шатал.; круп., Нар. сл.). Укр. ма́жа ’чумацкі воз’, мажа́ра ’вялікі воз’, польск. устар. maża ’чумацкі воз’ (з укр. мовы), рус. крымск. маджа́ра, мажа́ра, можа́ра ’вялікая татарская арба’, драбіны’. Паходзіць з крым.-тат. madžar драбіны’, калмыцк. madžar tergn̥ ’вялікая калымага’ (Радлаў, 4, 2050; Рамстэд, KWb, 253), якое Мункачы (KSz 6, 205) выводзіць з назвы венграў — magyar ’мадзьяр’ (Фасмер, 2, 557).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мадзе́ць ’жыць у цяжкіх умовах, абы-як, гараваць’, ’марнець’, ’бязмэтна існаваць’ (ТСБМ; усх.-маг., КЭС; Гарэц., Янк. БП, Нас., Ян., Касп., Мат. Гом., Бяльк., Растарг.; рэч., Нар. сл.). Рус. паўн. моде́ть ’гніць, псавацца’, ’кіснуць’, ’паволі рабіць што-небудзь’, ’слаба гарэць’, ’прэць’, ’тлець’, ’вянуць’, ’чаўрэць, марнець, існаваць’, моделый ’слабы, знясілены’, ’стомлены’. Звязана з ц.-слав. измъдѣти ’самлець’, мъдити, умъднѫти ’марудзіць’, з назвай левага прытока р. Мсты (Наўгар. вобл.) — Мда ’павольная рака’, з чэш. mdlý ’слабы, бяссільны’, польск. mdły ’лядаік’, ’слабы’, ’мізэрны’, в.-луж. módły ’тс’, славен. medǝ̀l ’слабы’, mǝ̀dléti ’марнець, чэзнуць’ (Фасмер, 2, 636 і 590–591; Праабражэнскі, 1, 544). Брукнер (347–348) у якасці і.-е. адпаведнікаў прыводзіць літ. maũsti ’ныць’, ’сумаваць’, ãpmaudas ’злосць, прыкрасць’, гоц. (ga)maudjan ’успомніць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́зу́р1 ’від танца’ (Інстр. III) запазычана з польск. mazur(ek) ’мазурскі танец’, таксама як і ўкр. мазу́р. У рус. і чэш. мовах мазурка, mazurka — ж. р., як полька, венгерка (Фасмер, 2, 558; Махэк₂, 356). У сучасных бел. гаворках таксама мазу́ркарус.), параўн. ваўк. мазурка ’тс’ (Сл. ПЗБ). Значэнне ’чарнарус’ (Нас.) — да ма́зу́р ’паляк паўн.-усх. Польшчы’ < польск. mazia ’балота’.

Ма́зур2 ’з запэцканым тварам, брудны’, ’смуглы’ (Нас., Шат.) і мазура́ка ’мурза, неахайны’ (Нікан.) утвораны пры дапамозе суф. ‑ур (з экспрэсіяй зніжанасці), ‑ур‑ака ад мазаць (гл.) (Сцяцко, Афікс. наз., 70). У іншых слав. мовах аналагічна: укр. замазу́ра, замазуха, в.-луж. mazuch, рус. мазу́рина ’пляма іншага колеру на поўсці ў сабакі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мані́сты1 ’духмяны’ (ваўк., лях., Сл. ПЗБ). Прыметнік да мана́ (гл.). Параўн. таксама рус. калуж. манна́ст ’прыемны пах’, манна́стый ’тонкі (пра смак, пах)’.

Мані́сты2, тураў. маніста, паўд.-усх. маніста ’упрыгожанне з пацерак, манет, каштоўных камянёў’, ’пацеркі’, ’каралі’ (ТСБМ, Янк. 1, Шпіл., ТС; кір., Нар. сл.; жытк., лоеў., добр., Мат. Гом.). Укр. мони́сто, нами́сто, рус. мони́сто ’тс’, наўг. ’нашыйная касынка’, разан. ’нізка чаго-небудзь’, палаб. müönéistʼa ’карал’, балг. мони́сто, ст.-слав. монисто ’каралі’. Да і.-е. *moni‑ ’шыя’: лац. monīle ’каралі’, ’конская грыва’, ст.-інд. manyā ’патыліца’, ст.-в.-ням. menni ’каралі’, ірл. miuntore ’тс’, muinēl ’шыя’, ст.-грэч. μάννον, μαννάκιον, μόννο ’каралі’ (Бернекер, 2, 76; Фасмер, 2, 650). Сюды ж мані́стка ’нізка тытунёвых ці кляновых лістоў’ (Бір. Дзярж.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мармыта́ць, мармата́ць, марміта́ць, мормота́ць ’выдаваць невыразныя гукі’, ’гугнявіць’, ’муркаць’, ’бурчэць (аб сабаку, мядзведзі)’, ’муркаць, варкатаць (пра ката)’, ’гаварыць ціха і невыразна’, ’бубніць’, ’гаварыць незадаволена, праз зубы’, ’ціха мыкаць (аб карове)’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Растарг., Сл. ПЗБ, ТС, Мал.; КЭС, лаг.; полац., Нар. лекс.), шчуч. мармату́н (Сл. ПЗБ, КЭС, лаг.), мармота ’воўк (у загадцы)’ (ТС), мармуту́н ’чалавек, які невыразна гаворыць, бубніць’ (ТСБМ, Сцяшк., Сл. ПЗБ), ’хто гаворыць сам з сабой’ (беласт., Сл. ПЗБ). Укр. момотати, мормотати ’мармытаць’, рус. алан., валаг., пск., цвяр. мормотать ’тс’. Гукапераймальнае, як літ. murmė́ti ’тс’, ст.-інд. murmuras ’трэскае (пра агонь)’, marmaras ’шаматлівы’, лац. murmurāre ’мармытаць, шалясцець’, ст.-грэч. μορμύρω, арм. mṙmṙam, mṙmṙim ’мармычу, бурчу, раву’, ст.-в.-ням. murmulôn ’мармытаць’ (Фасмер, 2, 656).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Марэна1 ’травяністая (паў)кустовая расліна Rubia, з якой атрымліваюць чырвоную фарбу’ (ТСБМ). Рус. марена́, паўд.-сіб., іркуцк. маря́ный ’чырвоны, пунсовы (аб небе на захадзе сонца)’, польск. marzana, чэш. mařena, mořena, ст.-чэш. mařana. Да мара́ць (Фасмер, 2, 573), Махэк₂ (352) лічыць, што гэта лексема няяснага паходжання, магчыма, яшчэ праеўрапейскага.

Марэна2 ’рыба марона, Barbus barbus (L.)’ (Днепр, Жук.; Крыв.), паўд.-рус., волж. ма́рена, марена́ ’тс’. Да марона (гл.). Булыка (Лекс. запазыч., 144) прыводзіць ст.-бел. марена — назва іншай рыбы — ’ласось’ (пач. XVIII ст.), якое лічыць запазычаным з лац. marena праз ст.-польск. marena ’рыба сіг, Coregonus lavaretus marena’. Няпэўна. Гэта назва паходзіць з новав.-ням. Maräne. Параўн. таксама серб.-харв. мо̀руна ’бялуга’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)