мяце́ліца, ‑ы, ж.

1. Снежная бура, завея. Мяцеліца ў полі сапе, завывае, Свіст віхраў спакойна заснуць не дае. Купала. Над станцыяй гулялі студзеньскія мяцеліцы, вылі і стагналі лютыя в[я]тры. Шчарбатаў.

2. Народны танец, які выконваецца ў хуткім тэмпе з частымі зменамі фігур і паваротамі. Услед жа за бацюшкам Габрусь і Гіляры таксама хапілі па кабеце і пачалі шпарка круціць мяцеліцу. Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

навако́л,

1. прысл. Тое, што і навокал (у 1, 2 знач.). Толя пачаў азірацца навакол. За садкамі, у дальнім кутку агародаў, ён раптам разгледзеў нешта падобнае на будку. Якімовіч. На маленькай плошчы гарадка салдаты ўкопваюць слупы, трамбуюць зямлю навакол. Лынькоў.

2. прыназ. з Р. Тое, што і навокал (у 3 знач.). Жняярка стаяла пасярод калгаснага двара, а навакол яе пасталі людзі. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нава́лам, прысл.

1. Без парадку, кучай. У куце навалам ляжалі вінтоўкі. Новікаў. Узбоч дарогі, што аднекуль з-за пакрыўленых, замшэлых хмызоў падступала да аэрадрома, навалам ляжала вялікае каменне. М. Стральцоў.

2. Разм. Натоўпам, вялікай масай. [На левым флангу] былі лепшыя падыходы для немцаў, дык яны лезлі на партызанскія пазіцыі навалам. Кулакоўскі.

3. Разм. У вялікай колькасці. Застолле ў ляснічага багатае: смажанае, варанае — навалам. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

навіга́цыя, ‑і, ж.

1. Суднаходства, мараплаванне.

2. Перыяд года, калі па мясцовых кліматычных умовах магчыма суднаходства. На рацэ яшчэ не закрылася навігацыя, адзін за адным ішлі катэры, цягнучы на буксірах гружаныя баржы. Лупсякоў.

3. Адзін з асноўных раздзелаў навукі аб суднаваджэнні, які вывучае метады прагназавання руху, вызначэння месца знаходжання карабля. Практычная навігацыя. Падручнік па навігацыі.

•••

Паветраная навігацыя — тое, што і аэранавігацыя.

[Лац. navigatio — суднаходства, мараплаванне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нахапа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Захапіць, схапіць многа чаго‑н. [Сынклета Лукічна:] — Не давай [коней]! Амелька будзе па начах сваю сядзібу апрацоўваць... Нахапаўся [зямлі] і на дачку і на сына... Шамякін.

2. перан. Неадабр. Павярхоўна, выпадкова засвоіць што‑н. Нахапацца новых слоў. □ За шмат гадоў работы Бялоцкі нахапаўся сяго-таго з сельскагаспадарчых ведаў. Але ж гэта былі абрыўкі, лахманы, адарваныя часам ад.. навукі. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падазро́насць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць і стан падазронага. Падазронасць учынку. Падазронасць паводзін. □ Пакуль.. [сястра] калола ў руку хворага, ён .. поўнымі падазронасці вочкамі сачыў за яе рухамі. Быкаў.

2. Падазроныя адносіны да каго‑, чаго‑н., недаверлівасць. [Гарасім] пачаў з недаверам і падазронасцю ставіцца да сваіх братоў-арандатараў. Чарнышэвіч.

3. Тое, што і падазрэнне (у 1 знач.). Дзедаў адказ адвёў падазронасць ад яго асобы. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паддзёўка, ‑і, ДМ ‑дзёўцы; Р мн. ‑дзевак; ж.

Мужчынскае верхняе адзенне, з гузікамі ад пляча да нізу на адным баку і са зборкамі на таліі. [Выжлік] быў апрануты ў забруджаныя, парваныя на каленях вайсковыя штаны і шэрую мультановую паддзёўку. Дуброўскі. Адразу за.. [вучнямі] у кабінет ступіў бялявы хлопец у зацяганай, але крамнай паддзёўцы, у ружовай і залатанай пад каўняром нязрэбнай сарочцы. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазаво́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.

1. Завесці, адвесці куды‑н. усіх, многіх. Пазаводзіць дзяцей у яслі.

2. Абзавесціся кім‑, чым‑н., увесці што‑н. — пра ўсіх, многіх. Пазаводзілі людзі пчол. □ [Вудзік:] — Вярнуліся паны з сваёй чэляддзю, пачалі заводзіць свае парадкі, ды яшчэ горш за царскія. Войтаў, солтысаў пазаводзілі. Колас.

3. Прывесці ў рух якія‑н. механізмы. Пазаводзіць гадзіннікі. Пазаводзіць маторы машын.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папле́ціна, ‑ы, ж.

1. Прут, якім прымацоўваецца салома да лат пры крыцці страхі. Сарваўшы кастрыцу з вільчыка, вецер адарваў паплеціну і раскрыў цэлы рад саломы. Пальчэўскі. Больш за тыдзень Адам са сваімі памочнікамі крыў абору. Хлопцы-падлеткі надавалі яму кулі, паплеціны. Сабаленка.

2. Абл. Жэрдка (лата, прут, дошка), якая кладзецца на кроквы. Вывеў стары цясляр зруб, паставіў кроквы, прыбіў паплеціны. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

парадо́кс, ‑а, м.

Думка, меркаванне, якое разыходзіцца з агульнапрынятымі поглядамі, супярэчыць разумнаму сэнсу. // Кніжн. Нечаканая з’ява, якая не адпавядае звычайным уяўленням у навуцы. Матэматычны парадокс. Лагічны парадокс. // Разм. Недарэчны збег акалічнасцей, які супярэчыць разумнаму сэнсу. [Зося:] Мама мая на дваццаць гадоў маладзей за тату, і яе забралі ў армію, мама — хірург. У нашу армію.. А тата працуе ў немцаў. Парадокс. Шамякін.

[Ад грэч. parádoxos — нечаканы, дзіўны.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)