прахо́жы, ‑ая, ‑ае.
Які ідзе куды‑н. міма каго‑, чаго‑н. Прахожыя людзі. □ Толькі вось у гэты прахожы цягнік удалося сяк-так убіцца. М. Ткачоў. / у знач. наз. прахо́жы, ‑ага, м. Прахожыя трапляліся рэдка. У закрытых магазінах за вялікімі сіняватымі шыбамі панавалі сумныя змрокі і нязвыклая пустата. Карпаў. Будзеш крочыць, можа, Пад густою шатай — Не міні, прахожы, Той маленькай хаты. Прыходзька.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
працаві́к, ‑а, м.
Разм. Той, хто многа працуе, працалюбівы чалавек. Дзе-ж гэта відана, каб .. чалавек сталы, працавік, руплівы гаспадар, раптам кінуў свой дом, сваю сям’ю, увесь набытак і павалокся ў свет? Колас. — Я працавік, нікому кепскага не рабіў, я пот ліў. Чорны. Дах над галавою і цяпло ў хаце кожнаму патрэбны. А хто робіць гэта? Нага брат працавік: цясляр і муляр. Пальчэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
працаўні́к, ‑а, м.
1. Той, хто працуе. Усіх сумленных, па-сапраўднаму актыўных і надзейных працаўнікоў цяжка і пералічыць. Кулакоўскі. Была ў доктара адзіная слабасць — добрасумленнаму працаўніку многае мог дараваць. Шамякін.
2. чаго ці які. Работнік якой‑н. галіны, сферы працы. Працаўнікі навукі. З кожным днём становіцца лепшым жыццё працаўнікоў калгаснай вёскі. □ Адзін з рэдакцыйных працаўнікоў папрасіў, каб кожны расказаў пра сябе. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пры́хвасцень, ‑сня, м.
Разм. пагард. Той, хто ліслівасцю, услужлівасцю хоча заваяваць чыю‑н. прыхільнасць; падхалім, угоднік. Фашысцкія прыхвасні. □ — Вы, таварышы, едзеце на хлебанарыхтоўкі. Гэта ўсё роўна, што вы едзеце на фронт. Дык будзьце ж там пільнымі, змабілізаванымі, каб кулакі і іх прыхвасні не ашукалі вас. Сабаленка. Зацвярджаўся нейкі панскі прыхвасцень грамадскім солтысам або яшчэ якой шышкай,.. — таксама склікалі людзей на сход. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пырну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што, чым.
Разм. Ударыць чым‑н. вострым. Саўка схапіў са стала нож з вострым канцом і пырнуў войта пад бок. Колас. Дзям’ян яшчэ раз пырнуў штыком.. [фашыста] ў грудзі і, забраўшы ўсю зброю, выйшаў на ганак. Кавалёў. — Бачыш, якая ў яго адмысловая рагаціна. Як пырне зверу ў жывот, дык той і асунецца. Пальчэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разбітны́, ‑ая, ‑ое.
Разм. Лоўкі, праворны, бойкі. — Разбітны .. [Алег] хлопец. Я не паспею пра што-небудзь падумаць, а ён яго ўжо робіць. Ермаловіч. Больш разбітых і здольных любіў .. [Лабановіч] той любасцю, якая можа быць толькі ў настаўніка да сваіх выхаванцаў. Колас. Чыгунок бянтэжыцца зноў. Як ні кажы, які б ён ні быў разбітны, а ўсё ж урачысты, хвалюючы момант у хлопца!.. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разбушава́цца, ‑шуюся, ‑шуешся, ‑шуецца; зак.
1. Пачаць моцна бушаваць; стаць бурным (пра стыхійныя з’явы). Пажар разбушаваўся. □ Уначы навальніца разбушавалася зноў. Карпаў. [Акіян] на другі дзень нашага плавання разбушаваўся і злосна са стогнам кідаў на цеплаход свае магутныя хвалі. Філімонаў.
2. перан. Разм. Пачаць буяніць, раз’ятрыцца. [Комлік] чакаў, што Кашын разбушуецца, учыніць скандал, але той толькі спахмурнеў на міг і падаўся ў кухню рыхтаваць закуску. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разві́ліна, ‑ы, ж.
1. Раздвоены ствол, сук і пад., а таксама месца, дзе пачынаецца раздваенне. Развіліны рог. □ Вось і той стары каржакаваты дуб. Стаіць ён з тым жа комам снегу, заціснутым між развілін. Колас.
2. Месца разыходжання (звычайна надвае) дарогі і пад. Для свайго майстравання дзед выбраў месца ў развіліне рэчкі і ручайка, дзе было намыта многа дробнага белаватага пяску. Рылько.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разу́мнік, ‑а, м.
Разумны, разважлівы чалавек. — Вядома таксама, што адзін дурань можа задаць столькі пытанняў, на якія не адкажуць сто разумнікаў. Навуменка. [Бабуля:] — А Туман наш — разумнік. Чуе разлуку. Увесь дзень не адыходзіць. Ні на крок. Шыловіч. // Разм. іран. Той, хто любіць разумнічаць, мудраваць, лічыць сябе разумнейшым за іншых. — Не трэба мне тваіх тлумачэнняў. Разумнік! Я сам бачу! Злазь з камбайна! — крычыць Яўмён. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раскаці́цца, ‑коціцца; зак.
1. Пакаціцца ў розныя бакі. У старой Жыгуліхі якраз на той час у печы дровы раскаціліся. Крапіва. Белыя пацеркі .. раскаціліся ў розныя бакі па падлозе. Броўка.
2. Пакаціўшыся, разгарнуцца, раскруціцца. Сувой палатна раскаціўся праз усю хату. Сачанка.
3. Прагучаць моцна і раскаціста. На ўсходзе за лесам раскацілася .. кулямётная чарга. Быкаў. А кіне [хлопец] свой запарожскі жарт — хваляй раскоціцца рогат турыстаў. Гроднеў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)