вы́трубіць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., што.

1. Разм. Сыграць на трубе якую‑н. мелодыю.

2. Абл. Выпіць шмат чаго‑н. Душою гэтай кампаніі быў Букраба. Здаравенны, увесь з сухажылля, азартны і ў рабоце і ў адпачынку, ён працаваў «акорднікам», на звышурочных пагрузках ды выгрузках, больш за ўсіх зарабляў, найчасцей выйграваў у ачко, мог вытрубіць зараз шэсць, сем і восем кухляў піва. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аблама́цца, ‑ломіцца; зак.

1. Ломячыся, аддзяліцца, адваліцца. Галіна абламалася.

2. Разм. Пад уздзеяннем асяроддзя набыць навыкі культурнага абыходжання. Дзе кухталём, дзе за касу, а дзе анучай — усё настаўляла яе [дачку], пакуль трохі каля людзей абламалася. Ермаловіч.

3. Паддацца чыім‑н. угаворам, націску і пад. Але мала-памалу абламаўся, пацішэў, тым болей што Жаўтых не вельмі зважаў на ягоныя «з генералам» подзвігі. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запрашэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. запрашаць — запрасіць (у 1, 2 знач.).

2. Просьба, прапанова з’явіцца куды‑н., зрабіць што‑н. За стол селі не ўсе: суседкі ад запрашэння ветліва адмовіліся і прымасціліся на лаве. Шамякін. // Пісьмо або запіска з просьбай з’явіцца куды‑н., зрабіць што‑н. Разаслаць запрашэнні. □ Лабановіч прызнаўся, што рэдактар прыслаў яму запрашэнне прыстаць на работу ў рэдакцыю. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бурт, ‑а, М ‑рце, м.

Доўгі капец бульбы, агародніны, сіласу і пад. Метраў за трыста ад балота калгаснікі склалі тры бурты, відаць, насенкі, з якіх адзін быў толькі прыкрыты саломай. Паслядовіч. Яны ўдвух [Курловіч і Парфёнчык] скублі салому, уціскалі вяроўкамі вязкі, насілі на гарод і ўкрывалі бурты бручкі. Дуброўскі. // Доўгая спецыяльна складзеная на захоўванне куча, скірда якога‑н. угнаення, торфу і пад. Бурт кампосту. Бурт торфу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бяздо́мнік, ‑а, м.

Разм. Бяздомны чалавек. [Ліда] яшчэ толькі-толькі распускаецца ў прыгожую кветку, з мілага нявіннага падлетка перараджаецца ў маладую дзяўчыну, якая потым на яго [Лабановіча], бяздомніка, можа, і глядзець не захоча. Колас. Крыху пазней яны [беларусы] належным чынам усвядомілі, што ж адбылося там, за Бугам. Яны — бяздомнікі і пасынкі ў чужой дзяржаве — зноў увайшлі ў сваю вялікую сям’ю, зноў далучыліся да Савецкай Радзімы... Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

захадзі́цца, ‑хаджуся, ‑ходзішся, ‑ходзіцца; зак.

Разм.

1. Стаміцца ад доўгай хады. Захадзіцца за дзень.

2. Замітусіўшыся, пачаць старанна, рупліва што‑н. рабіць. Маці заходзілася: трэба пачаставаць дарагога госця! Мележ. Нупрэй захадзіўся, кінуўся раскладаць агонь. Колас.

3. Разм. З сілай пачацца; усхадзіцца. Вецер захадзіўся. Мяцеліца захадзілася. // перан. Разгневацца, разлютавацца, раз’юшыцца. — А што я табе такое, скажам, зрабіў, што так ты захадзіўся? Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зацяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм.

1. Змучыць, стаміць, водзячы з месца на месца або прымушаючы прыходзіць куды‑н. — Праз цябе яны і мяне зацягалі па допытах. Крапіва.

2. Занасіць, пашарпаць пры працяглым выкарыстанні. Зацягаць адзежу. // перан. Часта карыстаючыся, апошліць, зрабіць збітым, трывіяльным. Песня, якую не зацягала, не затаптала казарма, народная песня, якая вышэй за ўсе войны, — гучыць пераможным маршам. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ляту́н, летуна, м.

Разм.

1. Той, хто лятае. Як і ўсе курыныя, глушэц — лятун далёка не першакласны. В. Вольскі. // Пра таго, хто здольны хутка перамяшчацца, імчацца, скакаць і пад. Гэта не конь, а лятун.

2. перан. Зневаж. Той, хто часта мяняе месца працы з-за асабістай выгады. — Толькі ведай: летуноў я не люблю. І на машыну пакуль што разлічваць табе цяжка. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заваро́т, ‑у, М ‑роце, м.

1. Рэзкая змена напрамку руху; паварот (у 1 знач.). Вось і канец поля, жняярка робіць тут заварот. Лупсякоў. Ля пад’езда загудзела машына і, зрабіўшы заварот, ірванулася ад штаба. М. Ткачоў.

2. Месца, дзе змяняецца напрамак; паварот. Вось з-за рачных заваротаў выплываюць рыбакі са сваімі снасцямі; сур’ёзныя, павольныя постаці. Колас.

•••

Заварот кішак — непраходнасць кішэчніка, выкліканая перакручваннем кішачных петляў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мішэ́нь, ‑і, ж.

1. Прадмет, які служыць цэллю пры вучэбнай або трэніровачнай стрэльбе. Два тыдні страляў Павел у папяровыя мішэнь, катаўся на лыжах каля горада. Шахавец. На плячах .. [Юрка] нясе шчыт з прыклеенай мішэнню. Жычка. // Аб’ект для стральбы, пападання. Стрэлы гучалі адзін за адным, як на стрэльбішчы, толькі мішэнямі служылі жывыя людзі. Дамашэвіч.

2. перан. Аб тым, хто (што) з’яўляецца прадметам нападак.

[Ад перс. mešan — знак.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)