на́зіркам, прысл.

Не спускаючы з вачэй (ісці, бегчы і пад. следам за кім‑, чым‑н.). Крыху счакаўшы, Данік назіркам рушыў за сястрой. Шамякін. Ідучы за чалавекам назіркам, мы давялі яго да местачковай вуліцы і ўжо не адставалі ні на крок. Навуменка. [Ігнат] ішоў уніз па сцежцы, а за ім назіркам краўся Барыс. М. Ткачоў. // Паглядаючы час ад часу. Заранік, спыніўшыся каля шчыта з аб’явамі і афішамі, назіркам сачыў за ўваходам у корпус. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наме́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

1. з інф. Займець намер што‑н. зрабіць. Намерыцца паехаць у падарожжа. □ Рыгор Яўхімавіч цвёрда намерыўся заўтра ж пагутарыць з .. Дашчынскай. Асіпенка. Набраўшы вады, дзяўчына ўжо звыкла намерылася пацягнуць вочап і раптам адумалася. Мележ.

2. Нацэліцца; падняць што‑н. для выстралу, удару і пад. Ён намерыўся і стрэліў. □ [Вайсковец:] — Я падпусціў .. [чалавека] на крокаў дзесяць, намерыўся і шпурнуў у яго сякерай — іншай зброі ў той момант са мной не было. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

плю́хнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Упасці з шумам у ваду або іншую вадкасць; шлёпнуцца. Салдат спатыкнуўся ды плюхнуўся ў брудную лужыну. Якімовіч. Потым штосьці цяжкае плюхнулася ў ваду, і ўсё сціхла... Ваданосаў. // Грузна сесці на што‑н. — Паехалі! — крыкнуў генерал і плюхнуўся на сядзенне. Асіпенка. Яраш плюхнуўся, аж застагналі спружыны, у тое крэсла, дзе толькі што сядзеў Кірыла. Шамякін.

2. Скалыхнуцца з пляскам (пра ваду і інш. вадкасці) ад удару і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кры́цца, крыюся, крыешся, крыецца; незак.

1. Разм. Хавацца, знікаць. З прастораў, што крыліся пад туманам, з таго мігатлівага зарава, якое прамяністым вянком ззяе цяпер над кожнай вёскай, да Андрэя прыйшлі словы: «Змагацца трэба не за мінулае, а за будучае». Пестрак.

2. Заключацца ў чым‑н., адкрыта не праяўляючыся; таіцца, хавацца. Небяспека была сапраўднай — яна крылася ў кожным слове, у кожным руху гэтых людзей. Самуйлёнак.

3. Зал. да крыць (у 1, 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

куцця́, ‑і, ж.

1. Урачыстая вячэра напярэдадні каляд, новага года, якая суправаджалася варажбою. Калядныя куцці, як вядома, дзве: адна посная, другая — скаромная, або багатая. Якімовіч. // Дзень, у які адбываецца гэта ўрачыстасць. Снег на куццю — грыбы на лета, Такая матчына прымета. Колас.

2. Каша з ячных або іншых круп як традыцыйная абрадавая яда ўсходнеславянскіх і інш. народаў. У печы з панцаку варыцца калядная куцця. На куццю, пад вечар, чакаюць гасцей. Васілевіч. Куцці святочнай задымілася гара. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рамантава́ць 1, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.

Праводзіць рамонт ​1. Рамантаваць кватэру. □ Крутаплечы, з пудовымі кулакамі, каваль Кастусь Махнач з ранку да вечара рамантаваў са сваімі памочнікамі плугі, вароны, перацягваў колы, акоўваў перадкі. Курто. Зранку пасля паверкі Лазар ішоў пад канвоем у турэмную шавецкую майстэрню шыць і рамантаваць абутак. Колас.

рамантава́ць 2, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.

Спец.

1. Папаўняць табун або стада маладняком.

2. Ліквідаваць разрэджанасць пасеваў, прысад падсадкай новых раслін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распа́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.

1. Апрацаваць парай, варам для ачысткі, размякчэння і пад. Распарыць зерне. □ [Валодзя] выразаў кавалак дубовай кары і распарыў яго. Федасеенка. З грабу высек палазы Ды загнуў, як рожкі, Ды распарыў ён вязы, Выгабляваў дошкі. Бялевіч.

2. Моцна прагрэць, мыючы ў лазні з парай. Распарыць цела. // Разм. Разагрэць да поту; разгарачыць. Чарка гэта была не першая.. Капейка, відаць, і сам палічыў, што ўжо даволі распарыў мужыка. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стажыро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.

1. Праходжанне выпрабавальнага тэрміну перад залічэннем на работу (на прадпрыемства, ва ўстанову і пад.). Чамусьці прыгадалася [Вячаславу], як упершыню трапіў сюды [на граніцу] і праходзіў стажыроўку на адной з застаў. Шыловіч.

2. Праходжанне навучэнцамі вытворчай практыкі для набыцця вопыту і якой‑н. спецыяльнасці. Штосьці падобнае Чарняхоўскі некалі адчуваў у Бабруйску, прыехаўшы туды з Акадэміі на стажыроўку. Мележ. Затым усе набылі па стажыроўцы ля пультаў Літоўскай ДРЭС. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суро́васць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць суровага. Суровасць клімату. Суровасць характару. Суровасць тону. □ Вы здзівіцеся хараству гэтых мясцін: і пейзажам вясны і зімы, і велічнай суровасці гор, і вадападу. Скрыган.

2. Суровыя адносіны да каго‑, чаго‑н., суровае абыходжанне з кім‑н. [Адвернік:] Дазвольце мне ўступіцца, каб суровасць маці Змяніць на ласку, панна Маргарыта. Клімковіч. // Суровы выраз (у голасе, на твары і пад.). Суровасць на твары, з якой .. [Паходня] вымавіў гэта, нечакана змянілася лёгкай, прыветлівай усмешкай. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уло́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. (звычайна са словамі «ледзь», «ледзьве»). Малапрыкметны, слабы, невыразны. Ледзь улоўны пах лугавых траў. □ Пад ледзь улоўнымі павевамі ветру кланяліся, высцілаліся доўгія сцябліны кавылю. Даніленка. Столаначальнік адчуў ледзь улоўную іронію, сярдзіта паглядаў на пісца. Мехаў. Радасць, навеяная пісьмамі, змешвалася з усё больш улоўным пачуццём адзіноты, тым пачуццём, якога Паходня не любіў і стараўся пазбавіцца ў рабоце, у сустрэчах з людзьмі. Хадкевіч.

2. Спец. Які дае добры ўлоў. Улоўны год.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)