агі́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Разм. Твор літаратуры, жывапісу і пад., які ставіць толькі агітацыйныя мэты і не ўлічвае мастацкага боку. Палітычная агітка. □ Няўжо такі выдатны верш? Прачытаў. Нічога асаблівага. Так сабе агітка. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нямко́, ‑а, м.

Разм. Тое, што і нямы (у 1 знач.). Маці мяне папярэдзіла, што дзядзька Піліп будзе ў нас жыць і што ён — нямко. — Як нямко? — доўга не разумеў я. — Не чуе нічога і не гаворыць. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прачува́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што і з дадан. сказам. Тое, што і прадчуваць. [Марыля:] З самага пачатку я прачувала, што нічога з гэтага.. не выйдзе, і што ж, ці не мая праўда? Купала.

2. Незак. да прачуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

панібра́цкі, ‑ая, ‑ае.

Бесцырымонны, фамільярны. Славік засунуў рукі ў кішэні вузенькіх штаноў, бадзёра абышоў стол, наблізіўся да бацькі, як бы дэманструючы, што ён нічога не баіцца і што ўвогуле з бацькам у яго адносіны вось такія — панібрацкія. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скры́ўдзіць, скрыўджу, скрыўдзіш, скрыўдзіць; зак., каго.

Разм. Тое, што і пакрыўдзіць. [Яначка:] — Скрыўдзіў нас бог: здароўе ў мяне адабраў, ёй вочы засланіў. Крапіва. Нічога, пане, жывём памаленьку, — адказаў Марцін Краўчонак, — толькі вось пан скрыўдзіць надумаў... Чарот. // Згвалціць. Скрыўдзіць дзяўчыну.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насла́нне, ‑я, і насланнё, ‑я, н.

Напасць, няшчасце. [Рыгору] успомнілася, як адзін год яшчэ пры нябожчыку-бацьку гэтакае насланнё на іх было: з пушчы панадзіўся воўк і ўсіх авечак перацягаў. Сабаленка. [Маці:] — І вось скажы, дачушка, насланнё на нашу хату. Ніяк хвароба нас не пакідае. Я ўстала — хлопец злёг. Пташнікаў. Дзецям Ганна нічога не сказала, а сама затужыла. За што на яе такое пасланне? Лобан. // Паводле забабонных уяўленняў: тое, што наслана нібы «нячыстай сілай»; прывід. [Алесь:] А калі апамятаўся, то нічога не знайшоў... Не ведаю, братачка, што і падумаць, быццам насланнё нейкае, д’ябальская праява, не іначай... Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

парабі́ць, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак., што.

1. Зрабіць усё, многае. Сабралася жонка ў поле і кажа мужыку: — Толькі ж глядзі, каб усю работу нарабіў. Якімовіч. Мы парабілі цяпер такія галубятні, што ніхто не далезе, ніхто не дастане. Брыль.

2. і без дап. Папрацаваць некаторы час. Малады цыган трохі парабіў у калгасе і пасля падаўся ў горад. Чыгрынаў.

•••

Нічога не паробіш; што (ж) паробіш — пра неабходнасць зрабіць не так, як хочацца, змірыцца з тым, што ёсць. Турсевіч цмокнуў, журботна паківаў галавою. — Гуляў і дагуляўся!.. Эх, Андрэй!.. Ну, ды нічога не паробіш. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пара́іць, ‑раю, ‑раіш, ‑раіць; зак., каго-што.

Даць параду, падказаць, як дзейнічаць; парадзіць. Людзі чакалі парад, а параіць Шалюта нічога не мог, бо сам не меў нічога за душою. Дуброўскі. [Міколка] перайшоў вуліцу, зайшоў на двор дзеда Нупрэя. То ж стары чалавек, яму год дзевяноста, ён дапаможа, параіць. Лынькоў. — Бацька благога табе не параіць. Савіцкі. // Даўшы добры водзыў, прапанаваць выкарыстаць каго‑, што‑н. у якасці каго‑, чаго‑н. Сяргей пачаў прыкідваць, каго можна было б параіць на яго цяперашнюю пасаду. Шахавец. Зубру патрэбен быў памочнік дзелавіты. І вось на гэты пост яму параілі Каня. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наадрэ́з, прысл.

Рашуча, катэгарычна. Палонныя наадрэз адмовіліся ісці працаваць на мінамётны завод. «Звязда». Паўлік ужо раскрыў рот, каб наадрэз адмовіць гэтаму прыліпалу Бародзіну, але так нічога і не сказаў. Беразняк. «Ні ў якім разе!» — Адмовіўся сапёр рашуча, наадрэз. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

размо́раны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад размарыць.

2. у знач. прым. Знямоглы, абяссілены ад гарачыні і пад. Размораныя куры капаліся ў дарожным прыску. Б. Стральцоў. Драмаў .. [Васіль] нядоўга, абудзіўшыся, размораны ляжаў, заплюшчыўшы вочы, і нічога не думаў. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)