Маляры́я, лудз. малярэй, круп. малярэя ’інфекцыйнае захворванне з характэрным для яго прыступам ліхаманкі’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ). З рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 88), у якой маляри́я паходзіць з італ. malaria < mala aria ’дрэннае паветра’ (malo з лац. malus ’дрэнны’). Меркавалі, што выпарэнні з балот былі прычынай ліхаманкі (Голуб-Ліер, 300).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Манта́ж ’зборка і ўстаноўка машын, збудаванняў з гатовых частак’, ’падбор і аб’яднанне асобных частак мастацкага твора ў адно цэлае’ (ТСБМ). З польск. або рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 83), у якіх з франц. montage ’пад’ём, зборка, устаноўка’ (Лёхін, 462) < monter ’выцягваць у вышыню, устанаўліваць’ < лац. montare < mons, Р. скл. montis ’гара’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мемарыя́л ’гандлёвая кніга для запісаў’, ’скульптурнае збудаванне — помнік на месцы якой-небудзь падзеі’, ’спартыўнае спаборніцтва ў гонар падзеі, асобы’ (ТСБМ). З рус. мемориал ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 82), якое праз новав.-ням. Memorial ці франц. mémoriał (Фасмер, 2, 597) або праз італ. (Ин. сл., 1988) з лац. memoriālis ’памятны’ < memōria ’памяць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мі́кра — у шматлікіх назвах з навукі і тэхнікі: мікраскоп, мікраметр, мікракосм, мікрафон і інш., запазычаных у савецкі перыяд у асноўным з зах.-еўр. моў праз рус. мову (Крукоўскі, Уплыў, 83) са ст.-грэч. μικρός ’малы’. Пасрэдніцай магла быць і польск. мова.
Мі́кра ’дробнарыбіца’ (дзятл., Сцяшк. Сл.). З новагрэч. μικρός ’малы, дробны’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мільярд ’лік і лічба 1 000 000 000’, мільярды ’вялікая колькасць, мноства’ (ТСБМ). З рус. миллиард ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 89), якое з франц. milliard, утворанага ў XVIII ст. ад mille ’тысяча’ + суфікс ‑ard. Мільярдэр (ТСБМ), якое, відаць, таксама з рус. мовы, утворанае паводле мільянер < рус. миллионер < франц. millionaire (1740 г.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Памяра́нец ’субтрапічнае вечназялёнае цытрусавае дрэва з аранжава-чырвонымі пладамі; плод гэтага дрэва’ (ТСБМ). З рус. помера́нец ’тс’ (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 89), якое ў рус. мове запазычана з ням. Pomeranze ’горкі сорт апельсінаў’ ад італ. pomo ’яблыкі’ і arancia ’апельсін’. Апошняе слова з перс. (Мацэнаўэр, 280; Клюге-Гётце, 452; Фасмер, 3, 322).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Памідо́р ’аднагадовая агародная расліна сямейства паслёнавых з чырвонымі або жоўтымі пладамі, прыдатнымі для яды; плод гэтай расліны’ (ТСБМ, Кіс.), памідо́ра, памідо́рына ’плод памідора’ (Янк., Янк. 1). З рус. помидо́р(ы) ’тс’ (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 73, 88), дзе запазычана з італ. мн. pomidʼoro < pomo dʼoro літар. ’залаты яблык’ (Фасмер, 3, 323).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Папуга́й ’трапічная лясная птушка з яркім стракатым апярэннем, якая здольна пераймаць розныя гукі’ (ТСБМ). З рус. попуга́й ’тс’ (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 87 і наст.). У рус. мове праз зах.-еўрап. мовы са ст.-франц. papegai, ісп. papagayo ад араб. babaghā (гл. Фасмер, 3, 328; там жа і інш. літ-ра).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Атмасфе́ра. Новае (відаць, пачатку XX ст.) запазычанне інтэрнацыянальнага тэрміна з рускай мовы (Крукоўскі, Уплыў, 90), у якой з 1718 (Біржакава, Очерки, 344) з лацінскай ці французскай, дзе ўтворана ад грэчаскіх слоў ἀτμός ’па́ра’ і σφαῖρα ’шар’. Пераноснае значэнне ’навакольная абстаноўка’ ў рускай мове з 40‑х гадоў XIX ст. Шанскі, 1, А, 172.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ві́рус ’дробныя мікраарганізмы, якія выклікаюць заразныя захворванні’. Запазычана з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 88) < лац. virus ’яд, слізь, вязкая вадкасць, сок’. У значэнні ’вірус’ рус. слова ўжываецца з канца XIX ст.; да гэтага часу лац. virus азначала ’яд’; ’арганізм, які перадаваў хваробу пры непасрэдным кантакце’ (Шанскі, 1, В, 104). Сюды ж вірусны, вірусалогія.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)