параўна́ўча, прысл.
Тое, што і параўнальна. Выпадкаў прагрэсіўнай асіміляцыі параўнаўча мала ў беларускай мове. Юргелевіч. Было параўнаўча ціха. Мележ. Сонца асвяціла нам .. поле, акаймаванае густым цёмным колам лесу. Тыповае палескае поле, якое параўнаўча не так даўно было пад лесам. Пестрак. Падобных на Гнядкова і Буйскага, хоць і многа іх, усё ж мала для нас. Параўнаўча з тым, што нам трэба для барацьбы, гэта адзінкі. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прарасці́, ‑расце; зак.
1. Выпусціць расток, парастак. Шчасця большага няма ў зярняці, як на ніве роднай прарасці. Таўлай.
2. Вырасці з зерня, клубня і інш.; прабіцца. Тут, відаць, і наогул мала хадзілі: травы, што прарасла праз жвір, вельмі даўно не палоў садоўнік. Караткевіч. На палянцы зацішнай У родным бары Прараслі з адной шышкі Дзве сасны, дзве сястры. Жычка.
3. Расці некаторы час. Дрэва прарасце яшчэ гадоў дваццаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
псі́хіка, ‑і, ДМ ‑хіцы, ж.
Уласцівасць высокаарганізаванай матэрыі — галаўнога мозга — адбіваць, адлюстроўваць навакольны свет у пачуццях, адчуваннях, а ў людзей — у мысленні і волі. // Душэўная арганізацыя чалавека, сукупнасць яго душэўных перажыванняў, сіл, пачуццяў. Псіхіка селяніна. Дзіцячая псіхіка. □ З глыбі вякоў паўставалі даўно забытыя, сцёртыя ў памяці народа парадкі, традыцыі і адміністрацыйныя функцыі абуджанай польскай дзяржаўнасці, паўставалі, як магільныя прывіды, узрушаючы псіхіку шырокіх пластоў працоўных мас. Колас.
[Ад грэч. psychikos — душэўны.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раманты́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да рамантызму (у 1, 2 знач.). Рамантычная паэзія. □ У зборніку «Шляхам жыцця» .. [Я. Купала] даў узоры высокага рамантычнага стылю беларускай літаратуры. Лойка.
2. Схільны да рамантыкі, рамантызму (у 3 знач.); прасякнуты рамантыкай, незвычайны, таямнічы. Рамантычная натура. Рамантычны настрой. □ З цікавасцю гляджу я на гэтыя рамантычныя мясціны. Ыазыр — горад старажытны, і нямала адбылося тут розных падзей у даўно мінулыя часы. В. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раска́твацца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм. Шмат, доўга катацца; раз’язджаць. [Зёлкін:] Ты гэта дзе была ўчора з Гарлахвацкім? [Зіна:] Ты ж ведаеш, дзе. [Зёлкін:] Я то ведаю... На машыне раскатвалася... Крапіва.
раска́твацца 2, ‑аецца; незак.
Гучаць перарывіста, раскатамі. У канцы вёскі, там, дзе не так даўно раскатваўся вясёлы смех шахтбудаўцаў, пачуліся таксама галасы. Кулакоўскі. А там, у далёкай цемрадзі ночы, усё раскатваліся чэргі, бухалі гранаты. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рыжэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.
1. Станавіцца рыжым, рыжэйшым. Валасы рыжэюць. □ Лён ужо даўно адцвіў, зялёныя буйныя галоўкі пачыналі рыжэць, перашэптваліся на ветры. Гурскі. Заставалася яшчэ з паўгадзіны часу да заходу сонца, а сена было ўжо ўсё згрэбена і зложана ў копы, каб не рыжэла ад расы. Колас.
2. Вылучацца сваім рыжым колерам, віднецца (пра што‑н. рыжае). На высокіх узгорках рыжэла ржышча. Броўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
счырване́лы, ‑ая, ‑ае.
Які стаў чырвоным (у 1 знач.). Даўно ўсё гэта было; А ў памяці — сорак трэці: Дагарала сяло, І, глытаючы снег счырванелы, Я ўцякаў з-пад расстрэлу... Нядзведскі. // Які зрабіўся чырвоным ад прыліву крыві да скуры; пачырванелы. Ніхто дужа не плакаў, адна чарнявенькая нявестка выцірала насоўкай счырванелыя вочы. Лось. — Дождж сціхае? — спытаў Карпенка. — Сціх, — сказаў Аўсееў, выцяг[нуўшы] да агню счырванелыя рукі. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
учарне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Зблажэць, змарнець; счарнець. Камандзір учарнеў і выпетраў, з кожным днём рабіўся больш рашучы і злосны. Грахоўскі. Марынчук неяк асунуўся, згорбіўся, даўно няголены твар яго ўчарнеў, на ім разгубленасць і трывога. С. Александровіч.
2. Разм. Пачарнець (пад уздзеяннем вільгаці, сонца, паветра і пад.). Куток даху быў Крыты драніцамі, што не паспелі яшчэ як след учарнець на сонцы і ветры. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шчарбі́на, ‑ы, ж.
1. Шчыліна, дзірка на месцы зуба. Даўно на месцы шчарбіны вырас новы зуб, але мянушка Крывы Зуб так і засталася за Венькам... Шыловіч.
2. Зазубрына, выбоіна, выемка і пад. у выглядзе невялікай ямкі. Вуліцы былі вышчарбленыя і, здавалася, яшчэ адчувалі боль ад тых шчарбін. Сабаленка. / у перан. ужыв. Прагаліна раптам павузела, а ніжэй, паміж стваламі таполяў, ператварылася ў нейкую незвычайную шчарбіну. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Спаць ‘знаходзіцца ў стане сну, спячкі’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк.; ашм., Стан.; Сл. ПЗБ, ТС). Параўн. укр. спа́ти, рус. спать, стараж.-рус. спати, польск. spać, в.-луж. spać, н.-луж. spaś, чэш. spat, славац. spať, серб.-харв. спа̏ти, славен. spáti, балг. спя́, макед. спие, ст.-слав. съпати. Прасл. *sъpati (ад *sъ(p)nъ ‘сон’), роднаснае ст.-інд. svápiti, svápati ‘ён спіць’, англ.-сакс. svefan ‘спаць’, ст.-ісл. sofa ‘тс’, лац. sōpiō ‘усыпляць’; гл. Фасмер 3, 732–733 з літ-рай; Глухак, 571. Гл. таксама Борысь (568), які славянскае слова і роднасныя ўзводзіць да і.-е. кораня *su̯ep‑/*sūp‑ ‘спаць’. Гл. таксама сопці, сапці; паводле Сноя (SR, 36, 1, 107), значэнні ‘спаць’ і ‘дыхаць, сапці’ развіліся ў корані і.-е. *su̯ep‑ вельмі даўно, бо ў праславянскі перыяд матывацыя ‘дыхаць’ > ‘спаць’ не была ўжо актуальнай.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)