буркатлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Які любіць бурчаць, бурклівы. Побач адзінока месцілася атынкаваная будка-каравулка, дзе ў сцюжу драмаў ля напаленай печы які буркатлівы дзед-вартаўнік. Быкаў.
2. Бурлівы, звонкі. Па рацэ праносіліся маторкі, буркатлівыя хвалі ад іх з шумам намотваліся на бераг, казыталі ногі. Савіцкі. Выбіраеш роўненькі пянёк дзе-небудзь ля крынічкі ці светлага буркатлівага ручая, проста лежачы жыватом на зямлі, п’еш ваду. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ко́смы, ‑аў; адз. косма, ‑ы, ж.
Разм. Пасмы валасоў, звычайна пераблытаныя, скудлачаныя. Белая, стройная рука сястры перабірала пальцамі космы [Рыгоравых] ускудлачаных валасоў. Гартны. З-пад чорнай, старой, аблавухай шапкі віселі роўна падстрыжаныя сівыя космы валасоў. Нікановіч. / Пра жмуты сена, моху і пад. Да парваных вопратак прыстала космамі сена. Бядуля. / Пра клубы, шматкі туману, дыму і пад. З лагчыны цераз пуці сунуліся шэрыя космы туману. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
змярцве́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які страціў адчувальнасць, стаў мёртвым (пра клеткі, тканкі, часткі цела). Змярцвелыя тканкі. Змярцвелая рука. / Пра расліны, лісце. Змярцвелае лісце на дрэвах.
2. перан. Нерухомы, застылы, пазбаўлены жыцця. Кірыла быў хваравіты, на дзіва непрыгожы хлопец, са змярцвелым худым тварам. Лупсякоў. Хвіліну .. [хлопчык] стаяў змярцвелы, трываючы востры і няспынны звон у вушах. Быкаў. // Апусцелы, заціхлы. Бялявыя зімовыя хмары нізка навіслі над змярцвелаю зямлёю. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зга́ньбіць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., каго-што.
1. Зняважыць, зняславіць каго‑, што‑н. сваімі ўчынкамі, паводзінамі. — Маўчы ты, нікчэмны трус, — здраднік! — крыкнуў Павел. — Я слухаць цябе не хачу! Ты род наш зганьбіў! Шамякін. — Два гады кіраваў, стараўся, гаспадарку ладзіў, пра рэпутацыю дбаў, а тут усчалося.. Зняславілі, зганьбілі, раскрытыкавалі... Быкаў.
2. Тое, што і зганіць. Радзіма, прымі маё шчырае слова І сціплага верша не зганьбі сурова! Глебка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
згіб, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. згібаць — сагнуць (у 1, 2 знач.).
2. Дугападобны паварот; звіліна, крывізна. Вера з акна мансарды бачыла толькі круты згіб ракі і зялёную роўнядзь лучкі. Асіпенка. / Пра лініі цела, рысы твару. Згіб хрыбетніка. Згіб шыі.
3. Месца, па якім што‑н. сагнута або згібаецца. Лакцявы згіб. □ На пацёртым згібе дакумента цьмяна вырысоўвалася машынапісная дзевятка, падобная на васьмёрку. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
радзе́ць, ‑ее; незак.
Станавіцца рэдкім (у 1–3 знач.) або больш рэдкім, менш густым, менш частым. Туман увачавідкі радзеў, у праяснелых разрывах яго ўжо зусім выразна мільгалі лапікі маку, камяні. Быкаў. Густы лес пачаў радзець, на змену вялікім дрэвам пайшоў малады дубняк. Васілеўская. Паступова воплескі радзелі, сёй-той падымаўся і выходзіў з залы. Асіпенка. // Змяншацца колькасна. Дружная сям’я танкістаў радзела з кожным боем. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раска́твацца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм. Шмат, доўга катацца; раз’язджаць. [Зёлкін:] Ты гэта дзе была ўчора з Гарлахвацкім? [Зіна:] Ты ж ведаеш, дзе. [Зёлкін:] Я то ведаю... На машыне раскатвалася... Крапіва.
раска́твацца 2, ‑аецца; незак.
Гучаць перарывіста, раскатамі. У канцы вёскі, там, дзе не так даўно раскатваўся вясёлы смех шахтбудаўцаў, пачуліся таксама галасы. Кулакоўскі. А там, у далёкай цемрадзі ночы, усё раскатваліся чэргі, бухалі гранаты. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расфарбава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад расфарбаваць.
2. у знач. прым. Пакрыты, размаляваны рознымі фарбамі. Маёнтак гэты, дзе школа, тады быў не такі.. — спраўны, стары, але дагледжаны дом, расфарбаваны, як лялька. Быкаў.
3. у знач. прым. Разм. неадабр. У якога ярка і груба нафарбаваны твар. Адна — дама сярэдніх год, уся расфарбаваная, яркая, ненатуральнага карычневага колеру валасы, чорныя размашыстыя бровы, чырвоныя шчокі,.. пазногці. Марціновіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
служа́ка, ‑і, м.
Разм. Вопытны, старанны служачы (звычайна пра ваеннага). Карпенка на ўсё жыццё запомніў тыя мудрыя словы старога служакі. Быкаў. Гарнізон у .. [оберлейтэнанта] быў невялікі, але надзейны: старыя служакі, яшчэ ў Бельгіі былі пад яго камандаваннем. Шамякін. // Пагард. Той, хто выслужваецца перад кім‑н.; паслугач. Думай думкі, што чыніці У бядзе паганай, Калі панскія служакі Прывядуць да пана! Купала. Хіба Панасюк служака ці падхалім? Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спех, ‑у, м.
Разм.
1. Паспешлівасць, спешна. Усё гэта (гранаты, соль, медыкаменты) спраўна, без лішняга спеху складалася ў апарожненыя пітоны. Брыль. Прабач, не паспеў ён [чалавек] у спеху з табою як след развітацца. Сіпакоў.
2. у знач. прысл. спе́хам. Паспешліва, вельмі хутка. Можна, сказаць: .. «Спехам паеў і падаўся ў дарогу». Скрыган. [Сотнікаў] выпусціў запар тры камяні, немец, ухіляючыся, спехам страляў. Быкаў.
•••
Не к спеху — не патрабуецца спешна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)