сушы́цца, сушуся, сушышся, сушыцца; незак.

1. Трацячы вільгаць, станавіцца сухім, сушэйшым; прасушвацца (пра што‑н. мокрае, вільготнае і пад.). Паміж сосен была нават нацягнута вяроўка і, зусім як на дачы, сушылася бялізна. Карпаў. [Гаспадар] хадзіў па панадворку і ганяў індыкоў ад пшаніцы, якая сушылася на разасланых посцілках каля ганка... Чарот.

2. Сушыць на сабе мокрую вопратку, абутак. [Мірон і Віктар] увесь час пільнавалі агонь, грэліся, сушыліся. Маўр.

3. Трацячы вільгаць, засушвацца, высушвацца. Праз усё лета на вешалках пад застрэшшамі сушацца тварожныя сыры. Чорны. Грыбы перабіралі і клалі ў печ, закрывалі засланкай. Яны там сушыліся, моцна пахлі. Жычка.

4. Зал. да сушыць (у 1, 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чу́ні, ‑яў; адз. чуня, ‑і, ж.

Абл.

1. Пяньковыя, вяровачныя і пад. лапці. Каля варот стаяла паласатая будка, і там хадзіў немец у доўгім белым кажусе, у плеценых саламяных чунях на ботах. Адамчык. Да Іванова зноў падышоў Арсен, цяпер ужо разам з пажылыя селянінам у шэрай даматканай світцы, у чунях. Кавалёў.

2. Гумавы ці скураны абутак у выглядзе галёшаў, які надзяваецца пры рабоце ў шахтах, рудніках і пад. // Самаробныя галеты; бахілы. Самаробныя чуні былі злеплены са старых аўтамабільных пакрышак. «Маладосць». Ступаючы ў стылых чунях, збіваючы з траў расу, аднымі губамі, ледзь чутна матуля прасіла касу. Макарэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Саф’я́н ’мяккая, добра вырабленая звычайна яркага колеру авечая скура, якая ідзе на кніжныя пераплёты, абутак, абіўку мэблі’ (ТСБМ), сапʼя́н ’тс’ (ТС). Рус. сафья́н, укр. сапʼя́н, сафʼя́н, польск. safian, чэш., славац. safián, балг. сахтия́н. Праз цюркскія мовы, параўн. тур., балкар., карач. saxtijan ’тс’, крым.-тат., кыпч. saktyjan (гл. Радлаў, 4, 256, 282; Фасмер, 3, 566) з перс. sextijān ’тс’ (гл. Праабражэнскі, 2, 254; Махэк₂, 535), якое звязана з пярс. sext ’моцны, цвёрды’ (Локач, 140). Этымалогія Міклашыча (287) і Брукнера (479) ад назвы горада Саффі у Марока аспрэчваецца Літманам (гл. Фас мер, 3, 566). Ст.-бел. сафьянъ, сафьанъ, сафиянъ з той жа крыніцы, гл. Булыка, Лекс. запазыч., 115.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дра́цца, дзяруся, дзярэшся, дзярэцца; дзяромся, дзерацеся, дзяруцца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Раздзяляцца на часткі, на кавалкі; раздзірацца. Папера лёгка дзярэцца. // Зношвацца да дзірак; рвацца (пра адзенне, абутак). — Есці пры маёй рабоце хапае, абутак і вопратка не дзярэцца і не вельмі пэцкаецца. Кулакоўскі.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Знімацца, адрывацца. Дзяры лыка пакуль дзярэцца. Прыказка.

3. Мець прывычку драць (у 3 знач.); драпацца. [Зыгмусь:] Я да.. [Юзі], а яна або ўцякае, або пазурамі дзярэцца, як кошка. Чорны.

4. Драпаць адзін аднаго. Каты дзяруцца.

5. Разм. Чухацца, тручыся аб што‑н. або драпаючы пальцамі. Дзярэцца, як карослівы.

6. Разм. Паднімацца на што‑н. высокае, чапляючыся рукамі і нагамі; караскацца. Мне так захацелася пабываць на вяршыні кургана, як у маленстве: гоп-гоп! — некалькі падскокаў, і ты ўжо дзярэшся пад самую сасну. Кірэенка. // Вырастаючы, паднімацца ўверх, чапляючыся за што‑н. (пра расліны). Адбуяла ў агародах хмельная летняя зеляніна — павесілі галовы сланечнікі, не дзярэцца на платы гарбузнік. Навуменка. // Прабірацца праз што‑н. цяжкапраходнае. Драцца праз густы ельнік. // перан. Імкнуцца заняць як можна вышэйшае становішча ў грамадстве. Цяпер спакойны за сябе Пахом: «Палезу вышай — вывезе дыплом». І па службовай лесвіцы дзярэцца... Маеўскі.

7. Разм. Моцна крычаць, плакаць. Чаго .. [дзіця] дзярэцца на ўвесь лес? Васілевіч. Дарэктар рвецца на кавалкі. Зламаў на блясе ўжо дзве палкі, Дзярэцца, нема л[я]мантуе, — Такі там гвалт — хай бог ратуе! Колас.

8. Зал. да драць (у 1, 2 і 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разя́віць, разяўлю, разявіш, разявіць; зак., што.

Разм. Шырока раскрыць (рот, пашчу). Саша ад здзіўлення разявіла рот. Шамякін. Прачнуўся кот, што ляжаў на падушцы; разявіў рот, выгнуў дугой спіну і прутам адставіў хвост. Чарнышэвіч.

•••

Разявіць горла — моцна, на ўсю сілу загаварыць, закрычаць.

Разявіць рот — а) (груб.) сказаць што‑н. [Пятрок] не даваў Асташонку разявіць рот, усё гаварыў і гаварыў сам: гадаваў пытанні і адказваў на іх. Ваданосаў; б) тое, што і разявіць горла; в) быць вельмі няўважлівым, рассеяным, неасцярожным. У цешчы грошы ўкралі на базары, бо рот разявіла яна, — Зноў Калістратава віна. Корбан; г) падрацца, разваліцца (пра абутак). Прайшлі не многа мы, а боты Ужо разявілі раты. Кусянкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уздзе́ць, ‑дзену, ‑дзенеш, ‑дзене; зак., што.

1. Надзець, нацягнуць на сябе або на каго‑н. (адзенне, абутак і пад.). Уздзець паліто. Уздзець боты на ногі. □ Уздзеў [Платон] кепку, схапіў са сцяны дубальтоўку і выскачыў. Пестрак. Вокны Параска посцілкамі пазавешвала, лепшы андарак уздзела. Лобан.

2. Павесіць, начапіць на што‑н.; прымацаваць да чаго‑н. Уздзець рукзак на плечы. Уздзець пятлю на крук. □ Лаўрэн Карпавіч, не спяшаючыся, уздзеў на нос акуляры і пачаў чытаць. Гроднеў.

3. Насадзіць што‑н. на вастрыё, на які‑н. стрыжань; праколваючы, надзець на што‑н. вострае. Уздзець кола на вось. □ Збан уздзеў на відэлец скрылёк кілбасы і на момант задумаўся, нібы вырашаючы, есці ці не. Шашкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Бадзя́цца ’бадзяцца, цягацца, валачыцца; валяцца’ (Шат., Касп., Нас., Янк. Мат., Бір. Дзярж., Гарэц., Бяльк.), ’валяцца’ (Жд.: бадзялася скошаная трава). Слова няяснага паходжання. Параўн. рус. дыял. (зах.) бодя́ться ’тс’, польск. дыял. badziać się, bodziać się ’бадзяцца’ (Карловіч: z Litwy). Даль выказвае (з запытаннем) не вельмі пэўную думку аб паходжанні ад бода́ть ’калоць, біць рагамі’. Магчыма, што гэта дзеяслоў экспрэсіўнага паходжання. Не выключаецца, што ёсць сувязь з бадзя́ць ’неахайна адносіцца, насіць (адзенне, абутак); пэцкаць’ (гл.), укр. гуц. ба́дити (абба́дити) ’знайсці’ (*baditi < *ob‑vaditi да *vada ’перашкода’; першапачаткова ’знайсці, перамагаючы перашкоды’ → ’шукаць, хадзіць шукаючы’ → ’бадзяцца’). Параўн. і палес. бада́ццэ ’пераадольваць цяжкасці; перабівацца’ (Лысенка, ССП). Тады ў бадзя́цца — экспрэсіўная палатальнасць (замест бада́цца). Наўрад ці ёсць сувязь з польск. badać się ’дапытвацца, дашуквацца’. Сюды ж бадзя́га ’валацуга’ (Касп., Нас., Бяльк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ката́ць ’катаць’ (у розных значэннях). Слова вядома не ва ўсіх слав. мовах (у такой форме) і этымалогія яго таксама няпэўная. Трубачоў (Эт. сл., 9, 162) параўноўвае балг. дыял. ка́там ’хадзіць на справах, гаспадарыць’, ст.-рус. катати ’катаць’, рус. ката́ть ’вазіць і да т. п.’, ’гойдаць’, ’ляжаць хворым’, ’рабіць з бітай шэрсці’, ’валяць (абутак)’, ’гладзіць’, далей укр. ката́ти ’біць’, ката́тися ’катацца’, ката́ти ’качаць катком зямлю’, ’выціскаць ваду качаннем’, далей бел. ката́цца ’катацца’, ката́ць (дыял.) ’скручваць у трубку’. Магчыма (як зваротныя вытворныя), сюды адносяцца чэш. kat ’кат’, славац. kat, польск. kat, далей рус. дыял. кат ’калёсны след’; ’каток для ўкачвання поля’ і інш. Прасл. *katati (), якое суадносіцца з прасл. *kotiti (гл. каці́ць) і *katjati (гл. кача́ць). Параўн. яшчэ Фасмер, 2, 209–210.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэ́паць ‘ісці, тупаць’, ‘хадзіць няпэўна (пра дзіця і старых)’ (ТСБМ, Янк. 2, Яўс.). Параўн. польск. tępać ‘тупаць’ (Борысь, 654: з другасным насавым), н.-луж. tepaś ‘тс’, балг. дыял. те́пам ‘ісці марудна ад старасці ці па-дзіцячы’. Гл. тупаць; форма з экспрэсіўным або варыянтным вакалізмам, што можа ўзыходзіць да прасл. *tъpati, параўн. тыпаць, гл. Аднак большасць даследчыкаў звязваюць яе з прасл. *tepti, роднасным з літ. tèpti ‘мазаць’, лат. tept ‘тс’ з асноўным значэннем ‘біць, стукаць’, да якога праз чаргаванне ўзыходзяць і тупаць, тупат, гл. (Фасмер, 4, 45; Шустар-Шэўц, 1504; ЕСУМ, 5, 548; ВЕР, 7, 949). Гл. наступнае слова. Сюды ж тэ́пало ‘той, хто тэпае’ (Янк. 2), тэ́паць ‘лапаць, сандаля’ (Яўс.), тэ́пці ‘хатні абутак’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), тэ́пкацца ‘дыбаць, ісці’ (Кал.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бі́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад біць (у 1–3, 10 і 16 знач.).

2. у знач. прым. Зарэзаны, забіты; настраляны (пра дзічыну). Завёзшы свініну.., [Вадап’ян] варочаецца назад, пакінуўшы.. [на рынку] жонку, а па дарозе прыхваціць пару бітых ці жывых япрукоў, парадкуе іх, калі яны ўжо старгаваны і куплены бітымі. Колас.

3. у знач. прым. Разбіты на кавалкі; расколаты, раструшчаны. Бітае шкло звонка храбусціць пад нагамі. Лынькоў. На месцы бацькавага дома, зарослы травой і адуванчыкамі, узнімаўся курган з бітай цэглы. Карпюк.

4. у знач. прым. Валены. У мяне на нагах таксама някепскі абутак — бітыя валёнкі. Місько.

•••

Бітая гадзіна гл. гадзіна.

Бітая дарога гл. дарога.

Карта (стаўка) біта гл. карта.

Козыр біты гл. козыр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)