сентыменталі́зм, ‑у, м.
1. Напрамак у літаратуры і мастацтве другой паловы 18 — пачатку 19 стст., які характарызуецца асаблівай увагай да душэўнага свету чалавека, да прыроды і разам з тым ідэалізуе рэчаіснасць. Багушэвіч выступае.. (у прадмове да зборніка «Смык беларускі») супраць літаратурнага лібералізму і сентыменталізму, у прыватнасці, супраць тых твораў Дуніна-Марцінкевіча і іншых пісьменнікаў, у якіх жыццё народа паказвалася непраўдзіва, словам, не так, як гэта патрабавалася метадам крытычнага рэалізму. Ларчанка.
2. Уст. Залішняя чуллівасць, сентыментальнасць. Клопат быў аб тым, каб, пазбягаючы квяцістасці, сентыменталізму, адначасова не ўпасці ў сухасць, канцыляршчыну. Кучар.
[Фр. ад sentiment — пачуццё, чуллівасць.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сі́ні, ‑яя, ‑яе.
Які мае афарбоўку аднаго з асноўных колераў спектра — сярэдняга даміж блакітным і фіялетавым. Сіняе неба ўсе сонцам заліта. Колас. Сіні змрок пасоўваўся з паплавоў. Чорны. Сіняя маланка ўзрэзала дажджавую муць. Самуйлёнак. Паплылі Дняпровы хвалі Ажно ў сіне мора. Купала. Сінія вочкі на месяц глядзяць. Грамыка. // Які мае адценне гэтага колеру (пра твар і скуру чалавека). Хлопчык ляжаў на ложку без усялякіх адзнак жыцця. Тварык яго быў сіні, жаўтлявы. Шамякін. Губы ў нас былі сінія, а зубы дробненька ляскалі — гэта ад вады і холаду. Адамчык.
•••
Сіні камень гл. камень.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сіпа́ты, ‑ая, ‑ае.
Які страціў чысціню і гучнасць (пра голас, гукі і пад.). — Дарогу трэба перакрыць на суткі, — сіпатым, прастуджаным голасам гаварыў капітан. Быкаў. За парканам слізгануў па туга напятым дроце ланцуг, і ўжо ў наступны момант зайшоўся сіпатым брэхам сабака. Сабаленка. Глядзіш, праз пару месяцаў яго сіпаты гармонік ужо скуголіць па завуголлю суседніх вёсак. Скрыпка. // Які гаворыць прыглушана-хрыплым голасам (пра чалавека). Наставіў каўнер ад сцюжы ссінелы сіпаты жаўнер. Вялюгін. / у знач. наз. сіпа́ты, ‑ага, м.; сіпа́тая, ‑ай, ж. — Ці чуеш, Іван, хто гэта тут чмыхае? — раптам спытаў сіпаты. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сістэматы́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўтварае пэўную сістэму; пабудаваны паводле пэўнага плана. Сістэматычнае апісанне. Сістэматычны каталог. // Які заснаваны на пэўнай сістэме; строга паслядоўны, планамерны. Сістэматычныя заняткі па замежнай мове. □ Выхадзец з сацыяльных нізоў, чалавек, пазбаўлены магчымасці атрымаць сістэматычную адукацыю, [Купала] змог узняцца да вяршынь класічнай мастацкай думкі. Ярош.
2. Пастаянны, рэгулярны. Сістэматычнае павышэнне жыццёвага ўзроўню працоўных. Сістэматычнае наведванне заняткаў па фізкультуры. □ Аднак, калі трохі абціхла шуміха вакол гэтай справы, Таня і Вера наладзілі сістэматычную перапіску з Надзяй. Машара.
3. Які мае адносіны да сістэматыкі (у 2 знач.). Від — гэта ніжэйшая сістэматычная адзінка сучаснай класіфікацыі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
слуха́ч, ‑а, м.
1. Той, хто слухае каго‑, што‑н. Халімону сусед патрэбен быў, каб мець слухача. Галавач. А калі пачалі выступаць салігорцы, нельга было знайсці такога слухача, які б не захапляўся. Кулакоўскі. Толькі грыбы засядаюць маўкліва — Песням патрэбны свае слухачы. Агняцвет.
2. Навучэнец некаторых навучальных устаноў. Слухач ваеннай акадэміі. Слухач палітасветных курсаў. □ — Гэта слухачы інстытута ўдасканалення ўрачоў, — сказаў хтосьці. Мяжэвіч.
3. Спец. Работнік радыёсувязі, які прымае на слых сігналы, што перадаюцца па радыё.
•••
Вольны слухач (уст.) — асоба, якая дапушчана да заняткаў і экзаменаў у вышэйшай навучальнай установе без залічэння студэнтам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спява́цца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да спецца.
2. Выконвацца, узнаўляцца голасам. [Ладымер:] — Вы [маладое пакаленне], думаеце, на тое гэта калыханка спявалася, каб дзіця заснула? Чорны. // Гучаць. У галаве песня спяваецца, а на язык не ідзе. Якімовіч. // Быць зместам песні, песень. Аленка ведала, што часамі хлопцы і дзяўчаты любяцца, што ёсць на свеце каханне, нават і ў песнях аб ім спяваецца. Колас.
3. безас. Пра наяўнасць жадання, настрою пець. Ды і наогул на дзяўчат нібы які мор пайшоў: ім не спявалася, не гулялася. Паўлаў.
4. Зал. да спяваць (у 1, 2 і 5 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
старажы́тнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць старажытнага (у 1, 2 знач.); даўнасць узнікнення, існавання чаго‑н. Я гляджу цяпер на гэты роў і ў шуме вады чую далёкую старажытнасць. Скрыган. // Вельмі далёкія часы, далёкае мінулае. Сівая старажытнасць. □ Недарэмна казалі ў старажытнасці, калі здаралася бяда, вайна, сварка, бойка: не абышлося без жанчыны! Шамякін. // Старажытны свет, антычнасць. Разам з узвышэннем Канстанцінопаля і падзеннем Рыма канчаецца старажытнасць. Энгельс.
2. звычайна мн. (старажы́тнасці, ‑ей). Помнікі мінулага. Трэба вось што, Васіль Кузьміч: сёння напісаць ці пазваніць, куды трэба, каб спецыяліста прыслалі... Можа [касцёл] гэта старажытнасць якая? Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стары́зна, ‑ы.
1. зб., ж. Разм. Старыя, зношаныя рэчы, прадметы. Калі ўжо чалавек узяўся за таптуху, дык надзене, вядома, і вопратку адпаведную: самую ні на што не патрэбную старызну — порткі, ватоўку, шапку. Брыль. Па беражліваму, нават скнарліваму характару .. [Альбіны Селівестраўны] я добра ведаў, што адна з .. [шаф] была завалена атопкамі чаравікаў, дзіравых валёнак, рознай абутковай старызнай. Ракітны. // Тое, што аджыло, устарэла. [Гэля:] Не так я ўяўляла сабе сваё вяселле... [Стась:] А як? [Гэля:] З кветкамі... з фатой... [Стась:] Ды аджывае гэта ўсё! Старызна! Губарэвіч.
2. м. Разм. іран. Пра старога чалавека. — Ну, як жывецца, старызна? — весела запытаў Патржанецкі. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тармасі́ць, ‑машу, ‑мосіш, ‑мосіць; незак., каго.
1. Тузаць, торгаць каго‑н. [Начальнік разведкі] .. пачаў тармасіць аднаго з разведчыкаў за плячо. — Лёша, Лёша, падымайся. Ёсць заданне. Асіпенка. Тармасілі .. [Хомку] разы два, што блін гарачы ёсць, з ячнае мукі. Гарэцкі. [Марыся] кінулася ў спальню і пачала тармасіць сонных Віцю і Міхася. Чарнышэвіч. — Бабка! — тармосіць хлопчык за рукаў бабулю. — Глядзі: птушкі! Даніленка. / у безас. ужыв. У кабіне тармасіла і кідала ўперад. Пташнікаў.
2. перан. Прыставаць да каго‑н. з якімі‑н. справамі, патрабаваннямі, роспытамі; надаядаць каму‑н. Тармосяць Параньку, распытваюць, як гэта ёй удалося [прывезці сетку на агароджу]. А яна спакойна адказвае. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тру́шчыць, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; незак., каго-што.
Разм.
1. Біць, крышыць на дробныя часткі. Ногі рвуцца самі, лезуць у снег, крышаць нешта цвёрдае і хрусткае пад сабою — гэта ступаюць на шкло, трушчаць яго на друзачкі... Пташнікаў.
2. Ламаць, крышыць, разбураць. А міны ўсё вылі і вылі, трушчылі дрэвы, ссякалі галлё, запальвалі зямлянкі. Шамякін. Там, дзе дзік ламачча трушчыць, Дзе мелодый — незлічона, У славутай нашай пушчы — Рай для птушак і вучоных. Панчанка.
3. Знішчаць каго‑, што‑н. [Соміку] яскрава ўявілася, як рушыцца ўніз грузны кавалак, падбірае, камечыць і трушчыць пад сабою Рыгора. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)