праця́г, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. працягваць — працягнуць (у 8 знач.) і працягвацца — працягнуцца (у 3 знач.).
2. Тое, што прадаўжаецца; частка чаго‑н., прадаўжэнне. Мінула пяць год, і чытач атрымаў працяг трылогіі — кнігу «У глыбі Палесся». Шкраба. І на міг Сашы здалося, нібы ўсё, што яна пачула толькі што, — гэта працяг страшнага сну. Шамякін. Доўгая вулачка паміж платамі была працягам гэтай сцежкі. Чорны.
•••
На працягу чаго — у час чаго‑н. Лацінская мова на працягу ўсяго сярэдневякоўя была афіцыйнай мовай навукі і пісьменнасці народаў Заходняй Еўропы. Юргелевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыце́рціся, прытруся, прытрэшся, прытрэцца; прытромся, прытрацеся; пр. прыцёрся, ‑церлася; заг. прытрыся; зак.
1. Трохі, няпоўнасцю сцерціся, зацерціся. У кожным разе рысунак быў старадаўні, гэта відно было з таго, што некаторыя рысы яго даволі-такі прыцерліся. Чорны.
2. Шчыльна падагнацца да чаго‑н. у выніку спецыяльнай апрацоўкі. Дэталі машыны добра прыцерліся. // перан. Прыстасавацца, прыладзіцца. Цяпер Назар прыцёрся ўжо каля зяця, і, здаецца, яму і на свеце больш нічога не трэба. Сабаленка. Трэба пароўну, па-чэснаму. Каб не атрымлівалася так, што хто скарэй прыцёрся к новаму старшыні, той і наверсе. Паўлаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распладзі́цца, ‑плодзіцца; зак.
1. Размножыцца, развесціся ў вялікай колькасці. Мух у хаце распладзілася шмат, і яны цяпер вельмі куслівыя. Чарнышэвіч. У Аўстралію былі завезены і выпушчаны на волю сотні бзікіх сабак. Яны павінны былі распладзіцца і паесці ўсіх трусоў. Матрунёнак. // Разм. Нарадзіцца ў мностве (пра людзей). Антось Ярмаліцкі рагоча і прыгаварвае: «От жа Ярмаліцкіх распладзілася, сказаць у добры час. І чарнявыя, і бялявыя, і даўганосыя, і кірпатыя». Чорны.
2. перан. Разм. Паявіцца ў вялікай колькасці. Сіўцоў са злосцю стукнуў кулаком па няміламу рукапісу .. — нібыта гэта ад яго распладзілася ўся жыццёвая проза і шэрасць. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расстро́іцца, ‑строюся, ‑строішся, ‑строіцца; зак.
1. Страціць правільнасць пастраення, стаць беспарадкавым. Калона ў момант ажывілася, расстроілася. Сачанка. Рады адразу расстроіліся, і стракаты натоўп завіраваў на платформе. Карпаў.
2. Страціць свой строй, лад (пра музычныя інструменты). Піяніна расстроілася.
3. Парушыцца, перарвацца ў сваім ходзе, працэсе. Гутарка расстроілася. Сувязь расстроілася. // Не збыцца ў выніку якіх‑н. акалічнасцей. План расстроіўся. Вяселле расстроілася.
4. Прыйсці ў заняпад. Гаспадарка расстроілася.
5. Прыйсці ў ненармальны, хваравіты стан. Здароўе расстроілася.
6. Прыйсці ў дрэнны настрой, засмуціцца. Святлана так расстроілася, што нават не запытала, якая гэта работа. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раўня́, ‑і, ж.
Разм. (часцей з адмоўем). Чалавек, роўны другому па якіх‑н. прыкметах (па ўзросту, па сацыяльнаму становішчу, па ведах і пад.). Хоць Зубок быў і старэйшы за нас, а трымаўся, як наша раўня. І мы любілі Косцю за гэта. Вітка. [Кацярына:] Да мяне сватаюцца людзі — не табе раўня. Крапіва. — Мяне лёд не вытрымае, — апраўдваўся Міхась. — Я цяжкі. Не раўня табе. Хомчанка. / у знач. зб. Аднагодкі. У гарачыні вялікага клопату мінала жыццё ў мяне і ў мае раўці, у нас не было часу заўважаць, што яно мінае. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рашы́цца, рашуся, рэшышся, рэшыцца; зак.
1. Прыняць якое‑н. рашэнне абдумаўшы, знайшоўшы ў сябе сілы, смеласць на гэта; асмеліцца, адважыцца. Устаць і пайсці, што ён ужо колькі разоў памыкаўся зрабіць, Лабановіч не рашыўся, не хочучы пакрыўдзіць гаспадара і гасцей. Колас. Старанна абтрасла [Хіма] снег ад лапцей, падумала. Рашылася пайсці. Прайшла адзін пакой, другі. За сталамі людзі сядзяць, пішуць. Каваль.
2. Атрымаць тое або іншае рашэнне. Задача рашылася. Ураўненне рашылася.
3. Разм. Страціць што‑н. [Бабка:] — Мы ўсяго, усяго рашыліся, толькі што на сабе засталося, ды так сюды і ўвайшлі. Няхай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
саты́ра, ‑ы, ж.
1. Спецыфічная форма мастацкага адлюстравання рэчаіснасці, якой уласціва з’едлівае высмейванне розных адмоўных з’яў. Гнеўная сатыра Ювенала. Сатыра Кукрыніксаў.
2. Твор літаратуры і мастацтва, у якім востра высмейваюцца людскія заганы, рэзка асуджаюцца негатыўныя з’явы жыцця. Гэты твор [«Прамова Івана Мялешкі»] з’яўляецца адным з найбольш яркіх помнікаў палітычнай сатыры канца XVI стагоддзя. «Полымя». «Сон» — гэта сатыра на прыгонніцкую чыноўніцка-бюракратычную сістэму Расіі. Палітыка.
3. перан. Рэзкае, з’едлівае высмейванне, развянчанне каго‑, чаго‑н. Баязлівы чалавек варты вострага пяра, едкай сатыры. Сабалеўскі. Маладая сярэдневяковая буржуазія выступала ў літаратуры з пародыяй і сатырай па феадальны лад. Галавач.
[Лац. satira.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
саю́знік, ‑а, м.
1. Той, хто дзейнічае з кім‑, чым‑н. у саюзе (у 1 знач.). Гэта было найцяплейшае месца ў хаце, асабліва для тых, у каго ў такі час быў надзейны саюзнік — бабуля. Брыль. // перан. Тое, што садзейнічае, дапамагае каму‑, чаму‑н. Відаць, шторм быў добрым саюзнікам параходнай кампаніі, даваў ёй значную эканомію на харчаванні пасажыраў. Лынькоў. Добрае надвор’е — саюзнік студэнтаў. Навуменка.
2. Той, хто знаходзіцца ў саюзе (у 2 знач.) з кім‑н. [Брыль:] — [Саюз рабочага класа з сялянствам] абараніў нас ад навалы белых армій і іх саюзнікаў, замежнай буржуазіі, што ў смертнай схватцы прабавала задушыць нас. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
свая́к, ‑а, м.
Той, хто знаходзіцца ў сваяцтве з кім‑н. Па другі дзень раніцай Эма сказала маці, што едзе пагасціць да сваякоў у Глыбокае. Машара. Дзядзька Лявон даводзіўся Міколу нейкім сваяком у восьмым ці ў дзевятым калене. Корбан. У Дабрынічах гэтых Пальчыкаў добрая палова, і ўжо цяжка разабрацца, хто каму сваяк і ў якім калене. Дамашэвіч. На трэці дзень прыйшлі падводы, Усе сваякі папрыязджалі. Колас. // Расліны і жывёлы, якія адносяцца да аднаго віду. Расліна гэта завецца індыйскі фікус баніян — продак і самы блізкі сваяк нашага хатняга фікуса. Матрунёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сентыменталі́зм, ‑у, м.
1. Напрамак у літаратуры і мастацтве другой паловы 18 — пачатку 19 стст., які характарызуецца асаблівай увагай да душэўнага свету чалавека, да прыроды і разам з тым ідэалізуе рэчаіснасць. Багушэвіч выступае.. (у прадмове да зборніка «Смык беларускі») супраць літаратурнага лібералізму і сентыменталізму, у прыватнасці, супраць тых твораў Дуніна-Марцінкевіча і іншых пісьменнікаў, у якіх жыццё народа паказвалася непраўдзіва, словам, не так, як гэта патрабавалася метадам крытычнага рэалізму. Ларчанка.
2. Уст. Залішняя чуллівасць, сентыментальнасць. Клопат быў аб тым, каб, пазбягаючы квяцістасці, сентыменталізму, адначасова не ўпасці ў сухасць, канцыляршчыну. Кучар.
[Фр. ад sentiment — пачуццё, чуллівасць.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)