гі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.

1. Спыняць існаванне, разбураючыся, знішчаючыся; знікаць, прападаць. Высока ляцелі іскры, гінула чалавечая праца цэлых пакаленняў, нішчыліся нацыянальныя багацці, скарбніцы культуры. Гурскі. Клубочкі дыму, працэджваючыся праз яловыя лапкі, выбіваюцца на прастор і гінуць у зімнім паветры. Колас. // Паміраць. Гінуць ад кулі. □ Без каманды войска гіне. З нар. / Пра жывёлу, расліны. На галіне Пры даліне Ліст на дрэве марна гіне: Ліст зялёны, ды ўмірае. Колас. Не узыходзіць, А чэзне і гіне насенне, Калі кідае сейбіт яго На каменне. Макаль.

2. перан. Знікаць, рушыцца (пра планы, надзеі і пад.). Надзеі гінуць. □ Гінулі і туманіліся думкі. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́драць, ‑дзеру, ‑дзераш, ‑дзера; пр. выдраў, ‑рала; заг. выдзеры; зак., што.

1. З сілай выцягнуць, вырваць што‑н. моцна ўбітае, урослае, прымацаванае. Выдраць цвік з сцяны. Выдраць акно. □ Нялёгка чалавеку, калі ў яго няма за душой капейкі, асесці на новым месцы, лес выдраць, зямлю раллёю зрабіць. Чарнышэвіч. // Аддзіраючы, вырваць. Выдраць ліст з кнігі. // Драпаючы, выдаліць, вырваць. Выдраць вочы.

2. Разм. Атрымаць, узяць што‑н. з вялікаю цяжкасцю. Юзік ведае, што на пай грошы ў бацькі цяжка будзе выдраць. Крапіва.

•••

Выдраць з мясам — адарваць разам з кавалкам тканіны, скуры (гузік, аплік і пад.).

Выдраць пчолы — забраць мёд з вулля, знішчыўшы пчол.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́йграць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. што і без дап. Набыць што‑н. у выніку розыгрышу латарэі, перамагчы ў азартнай гульні. Выйграць сто рублёў па аблігацыі. □ Аднойчы гуляў пан у карты і выйграў у суседняга пана маёнтак. Якімовіч. Была спакуса выйграць, ..асабліва калі хто браў «дзевяты вал». Колас.

2. без дап. Дамагчыся перамогі, узяць верх; перамагчы. Выйграць бой. Каманда выйграла ў спаборніцтвах. □ Мужчыны былі ашаломлены сілай удару немцаў, але не гублялі галавы, яны былі ўпэўнены, што немцы вайны не выйграюць. Гурскі.

3. Дамагчыся поспеху. Выйграць у чыіх-небудзь вачах.

•••

Выйграць час — сэканоміць час або выгадаць больш часу для ажыццяўлення чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абма́цаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Пакратаць што‑н., дакрануцца да чаго‑н. Мікіта Мінавіч.. нагнуўся, абмацаў збоку сухую купіну і апусціўся правым каленам на яе. Кулакоўскі. // перан. Уважліва агледзець. [Толя:] — Павер мне, старому газетнаму прайдзісвету.. Я гэту кандыдатуру абмацаў і знізу і зверху. Чыгрынаў.

2. Абшукаць, абшарыць, мацаючы. Дзеці з цікавасцю кінуліся да торбачкі, уважліва абмацалі яе і сумныя адышліся. Якімовіч. // перан. Знайсці, намацаць, выявіць, шукаючы. Знойдзеш-абмацаеш яблыка і ўвап’ешся зубамі ў кіславата-салодкую смакату... Брыль. // перан. Высачыць, выведаць. Тут стрэльбы нашы ў галавах — Пяццю патронамі набіты, Каб не было часамі швах, Калі абмацаюць бандыты. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абліза́ць, ‑ліжу, ‑ліжаш, ‑ліжа; зак., каго-што.

Правесці языком па паверхні чаго‑н.; ачысціць каго‑, што‑н. лізаннем. Ваўчыха аблізала ваўчаня. □ Пятрову вельмі захацелася піць, і ён аблізаў засмяглыя губы. Лупсякоў. // перан. Дакрануцца да чаго‑н., прабегчы па чым‑н. (пра языкі агню). Задрыжалі рукі, і сэрца ўсхадзілася хутка, хутка, калі цьмяны агеньчык запалкі аблізаў па чарзе кожны з шнуроў. Лынькоў. // перан. Абмыць, абдаць (пра хвалі, ваду). Вада аблізала камень.

•••

Пальчыкі абліжаш (абліжаце) — пра што‑н. смачнае, прыемнае, прывабнае. Бульба сопкая, разломіш напалам, памочыш у соль — пальчыкі абліжаш! С. Александровіч. [Гарлахвацкі:] І цікавая навіна? [Зёлкін:] Пальчыкі абліжаце. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кі́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. кіс, кісла і кіснуў, кіснула; незак.

1. Рабіцца кіслым, псавацца ад браджэння. Малако кісне. Віно кісне.

2. Разм. Мокнуць, набухаць ад вільгаці; раскісаць. У гушчары, у ямінах-лужынах кісне снег, вада пеніцца, як саладуха. Пташнікаў. Вельмі ж бязлітаснай выглядае прырода, калі прымушае мокрых ад балота людзей кіснуць яшчэ і пад дажджамі. Кулакоўскі.

3. перан. Разм. Весці аднастайнае бяздзейнае жыццё. Годзе кіснуць, марнець, Песні смутныя пець. Купала. // Сумаваць, нудзіцца. [Марфа] не кісла, якім бы горкім бокам не паварочвалася да яе жыццё, і другім не давала кіснуць. Васілевіч.

•••

Кіснуць ад смеху — нястрымна нясцішана смяяцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кракта́ць, кракчу, крэкчаш, крэкча і крахта́ць, крахчу, крэхчаш, крэхча; незак.

1. Выдаваць ціхія, адрывістыя гукі (пры хваробе, няёмкім становішчы, намаганнях і пад.). Ды і не чуваць было, каб .. [Скуратовіч] скідаў боты: звычайна ён крэкча і грукае, калі разуваецца. Чорны. Па тым, як .. [Шаевіч] соп, крактаў ззаду, я адчуваў, што ісці яму нялёгка. Сабаленка. // Трашчаць, скрыпець пад напорам, цяжарам чаго‑н. [Калёсы] крэкчуць ад цяжару паваленага гною ці дроў. Колас. [Алесь] ішоў да падвод і прыслухоўваўся, як кракталі калёсы, грузна накладзеныя цэглай. Броўка.

2. Абзывацца гукам, падобным да «крэ-крэ» (пра жаб). Па гэты бок Нёмана заложна, несціхана, аднатонна кракталі жабы. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

калатня́, ‑і, ж.

Разм.

1. Сварка, звычайна з пабоямі (у хаце, у сям’і). — Мір і спакой гэтаму дому. А то ў другую хату зойдзеш, ідзе такая калатня, што хоць ты вушы затыкай. Гурскі.

2. перан. Бойка, вайна. Раз увосень, калі канчалася вайна, малады чырвонаармеец хадзіў.. і прыглядаўся да асобных будынкаў, што нейкім парадкам асталіся пасля гэтакай калатні. Чорны. Глядзела сонца ў засмучэнні На калатню варожых станаў. — Не вырваць злу ад зла кайданаў. Колас. // Мітусня, неразбярыха, перапалох. Учора ў гэтай самай цырульні была калатня: цэлы дзень дэфензіўшчыкі затрымлівалі і абшуквалі ўсіх. Сабаленка.

3. Дзеянне паводле дзеясл. калаціць (у 1 знач.); хістанне, дрыжанне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каля́ска, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.

1. Чатырохколы экіпаж на рысорах, з адкідным верхам. Паны ў калясцы пад’язджаюць. Фурман тут лейцы падцінае, Стаенных пару прыпыняе. Колас. А за грамадой, на калясцы, Рассеўшыся вяльможай, Пан Скрыцкі ехаў сам. Бядуля.

2. Лёгкія калёскі, звычайна крытыя, для катання дзяцей. Дзіцячая каляска. □ Маладая жанчына сядзела на лаўцы і гойдала каляску. Шамякін.

3. Невялікі ручны возік, магчыма і двухколы, для перавозкі грузаў. Прывезці галлё на калясцы.

4. Невялікая павозка спецыяльнага прызначэння. Матацыкл з каляскай. □ Асабліва страшна было глядзець на бязногіх, калі яны на падвязаных да бёдраў калясках, адштурхваючыся ад зямлі рукамі, рухаліся па бруку... Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зіма́, ‑ы; мн. зімы, зім; ж.

1. Самая халодная пара года паміж восенню і вясной. Снежная зіма. Наступленне зімы. □ Мінула восень, а за ёю Прыйшла з марозамі зіма. Купала. Зіма перайшла марозамі, снегам, адлегамі. Мурашка.

2. Навучальны, рабочы і пад. год (пры адлічэнні часу, калі асноўная дзейнасць прыпадае на халодную пару). Цяпер Аўгіння цвёрда пастанавіла вучыць Алесю на другую зіму. Колас. Вось гэты самы «брат Міша» згадзіўся вучыцца.. шыць і шые ўжо другую зіму. Брыль.

•••

Зіму зімаваць гл. зімаваць.

Зіму і лета — пастаянна, у любую пару года.

Пусціць у зіму каго — пакінуць у племя (пра свойскую жывёлу).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)