На- — часц. для ўтварэння вышэйшай ступені параўнання: набольш ’найбольш’ (Нас., ТС), на́болі, на́боля ’больш за ўсё’ (Рам.), намилейший ’самы мілы’ (Карскі 2-3, 50; віцебск.), ст.-бел. напервейспачатку’, наболей ’найбольш’, наболший (Скарына); параўн. рус. на́больший, польск. nalepszy, nawyszszy, кашуб. nólepši, чэш. nálepší, návyšší, náprvé, славен. námlajši. Прасл. *na‑ > якое Зубаты (I, 1, 52) атаясамлівае з выклічнікам *na (гл. на2), што ўзыходзіць да ўказальнай часціцы; Фасмер (3, 33) лічыць яго ідэнтычным прыназоўніку *na (гл. на1) і ўсх.-слав. узмацняльнаму na‑ (рус. на́крепко, на́скоро). Ва ўсіх слав. мовах мае архаічны характар, актыўна выцясняецца паходзячай ад яе больш новай формай наі‑ (гл. най-); у прыватнасці, на польскай тэрыторыі формы з наі‑ распаўсюджваюцца з боку Беларусу гл. Дэйна, Atlas polskich innowacji dialektalnych. Warszawa, 1981, к. 77. Гл. таксама Карскі 2-3, 50; ESSJ SG, 2, 433–435.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

міравы́ 1, ‑ая, ‑ое.

1. Звязаны з устанаўленнем мірных адносін паміж спрэчнымі бакамі. Міравое пагадненне.

2. у знач. наз. мірава́я, ‑ой, ж. Мірнае вырашэнне спрэчкі, сваркі. [Алена:] — Ці не сватацца ты, Лёнік, прыйшоў? Чаму ж адзін? — Спачатку завітаў да Ады на міравую. Пасварыліся мы з ёю трошкі. — Вунь што, а яна мне нічога не сказала. Пальчэўскі.

3. У царскай Расіі і ў некаторых буржуазных краінах — звязаны з судовымі органамі, якія разбіраюць, галоўным чынам, дробныя грамадзянскія і крымінальныя справы. Міравы суд. Міравы пасрэднік. Міравы суддзя.

•••

Міравая здзелка гл. здзелка.

міравы́ 2, ‑ая, ‑ое.

Разм. Вельмі добры, цудоўны. — Капітан наш міравы! — задаволена паціраючы рукі, з юначым запалам хваліцца лейтэнант. Васілевіч. [Шэмет:] — Пагодка, я, гляджу, заўтра міравая будзе. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мяня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Рабіць узаемны абмен; абменьвацца. Мяняцца кнігамі. Мяняцца месцамі. □ — Гэй, — кажа пан вазаку, — давай мяняцца: бяры маіх чацвёра коней, а мне аддай свайго. Якімовіч.

2. Замяшчаць адзін аднаго; зменьвацца. Два разы за ноч Васіль з Андрэем мяняліся на дзяжурстве. Скрыпка.

3. Рабіцца іншым; зменьвацца. Кажуць, чалавек можа мяняцца абліччам, характарам, але голас у яго ніколі не мяняецца. Скрыган. Надвор’е сапраўды мянялася. Спачатку ў паветры, быццам шэрыя матылі, закружыліся асобныя сняжынкі. Мокры снег гусцеў і гусцеў, і нарэшце.. халепа запаланіла ўсё навокал. Шчарбатаў. У залежнасці ад характару падзей мяняўся і тон дзедавага апавядання. Колас.

4. Зал. да мяняць.

•••

Мяняцца з твару — набываць іншы выгляд (пад уплывам перажыванняў, пачуццяў і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падча́с, прысл. і прыназ.

1. прысл. Часам, калі-нікалі, іншы раз. Спачатку былі толькі казкі, з вечна шчаслівым канцом, вечнай перамогай дабра, пасля пайшла суровая падчас, а падчас прыгажэйшая за казкі жыццёвая праўда. Брыль. Балюча, што падчас жывеш не ў поўную меру, разменьваешся на дробязі, быццам гэтых цудоўных і беззваротных дзён у тваім запасе безліч. Кандрусевіч.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «падчас» выражае часавыя адносіны: ужываецца пры ўказанні на тэрмін, з’яву, надзею, у час якіх адбываецца ці існуе што‑н. Ніхто на вайне не ведаў, калі і дзе стрэне сваю кулю.. У разведцы ці ў баі падчас блакады. Шамякін. — Толькі я паступіла [у медінстытут] — няшчасце на нашу сям’ю звалілася: бацька загінуў падчас аўтамабільнай аварыі. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аднаві́ць, ‑наўлю, ‑новіш, ‑новіць; зак., што.

1. Вярнуць да ранейшага стану, выгляду што‑н. пашкоджанае, парушанае, заняпалае; адрадзіць; узнавіць. Аднавіць разбураную гаспадарку. Аднавіць завод. Аднавіць камсамольскую арганізацыю. Аднавіць пашкоджаны тэкст. □ Зарастуць травой магілы; Мы адновім нашы сілы, Адбудуем край. Бядуля.

2. перан. Прыпомніць, нанава ўявіць што‑н. забытае; узнавіць. Спачатку.. [Стафанковіч] не ўспомніў таго моманту гісторыі гэтага фрэнча, калі ён знік з яго кватэры. Але пакрысе, момант за момантам, памяць яго аднавіла ў сабе гэтую справу. Чорны.

3. Вярнуць каму‑н. ранейшае службовае ці прававое становішча. На праўленні Станіслава Лінкевіча аднавілі ў правах члена арцелі «Светлы шлях». Дуброўскі.

4. Пачаць зноў перарванае дзеянне, адносіны. Аднавіць знаёмства.

5. Выдзеліць з хімічных злучэнняў кісларод і далучыць вадарод.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аднаста́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Аднолькавы, нязменлівы на ўсім працягу. Тут была вялікая тэрыторыя, аднастайная сваёй прыродай. Чорны. Магло здацца, што ні моладзь, якая тут сабралася, нічога больш не ўмела скакаць, ні музыка — іграць, акрамя гэтай аднастайнай полькі. Лобан. Поезд ішоў сваёй аднастайнай хадою. Пестрак.

2. Які выяўляецца ў аднолькавым гучанні; манатонны. А яшчэ запомніўся мне аднастайны і роўны шум пушчы, што стаяла ўся ў красе асенняга золата. Краўчанка. Спачатку.. [Антонік] не мог разабраць ні аднаго слова, галасы зліваліся ў аднастайны гул. Мележ.

3. Аднародны паводле складу, будовы. Глеба з аднастайнай структурай.

4. Падобны адзін на адзін; зроблены на адзін узор. Тоўстым пластом лёг на саламяных стрэхах снег і, здаецца, яшчэ ніжэй прыгінае да зямлі старасвецкія будынкі, шэрыя, нізкія, аднастайныя. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ране́й, прысл.

1. Выш. ст. да прысл. рана ​2 (у 2 знач.).

2. Да пэўнага, указанага моманту. Сонца падымалася неяк марудна, раса ападала паволі. Можа яна ў гэтую раніцу ападала б і вельмі доўга, каб Аленка не прыйшла раней тэрміну. Колас. — Дык вось і зробім лаўтра пад’ём на дзве гадзіны раней звычайнага. Брыль.

3. У мінулым, да гэтага, да нядаўняга часу. Пімен Бумажкоў раней займаўся сельскай гаспадаркай, пасля пайшоў працаваць на завод рабочым. Чорны. Як ішлі камсамольцы раней на вайну, так ты сёння ідзеш узнімаць цаліну. А. Вольскі.

4. Спачатку, найперш. Раней, чым сабе, дзед накладваў мне ежу ў алавяную місачку. Бядуля. Што пачнецца раней — наступленне ці блакада — вельмі цяжка згадаць. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

се́чка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.

1. Дробна нарэзаная салома, якая ідзе на корм жывёле. Гэта дзядзька Мартын рэзаў сечку на саматужнай сячкарні, — відаць, збіраўся ехаць араць папар. Колас. — З мукой каровы лепш сечку ядуць. Асіпенка. // перан. Пра што‑н., што сваім выглядам напамінае дробна нарэзаную салому. — Гэта ты ад свае бабкі чуў? — страсаючы з-за вушэй валасяную сечку, спытаў Грыцко. Кулакоўскі. З навіслых над зямлёй хмар спачатку сыпанула дробнай сечкай, потым паваліў густы мокры снег. Дзенісевіч. Трактары шнуруюць Над Арэсай-рэчкай, Сякуць плугам, дыскам Торфішча на сечку. Купала.

2. Драблёныя крупы. Аўсяная вечка. Ячная сечка.

3. Прылада для сячэння капусты і пад.; сякач. Жанчыны сечкамі сякуць бадзёра, Як быццам .. выбіваюць такт. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сялі́цца, сялюся, селішся, селіцца; незак.

1. Уладжвацца на незаселеных месцах; атрымліваць месца для жыхарства. Людзі, якія сяліліся спачатку толькі на адкрытых месцах, па цячэнню вялікіх рэк, пачалі ўсё глыбей пранікаць у самыя нетры дзікіх і непрыступных лясоў. В. Вольскі. У горадзе самая жывая вуліца — гэта Шасэйная. Ля яе ўсё народ дзелавы селіцца, гандлёвы. Галавач. // Пасяляцца, займаць пад жыллё хату, участак. Няўтульная хаціна проста пуставала: ніводная, нават бежанская, сям’я не рашалася ў ёй сяліцца хоць бы часова. Лось. // Пра птушак, жывёл і пад. А .. [сава] ўсё роўна кожны год сялілася толькі ў тым дупле. Кірэйчык.

2. перан. Узнікаць, папаўняць (пра пачуцці, настрой і пад.). Аднак не адна толькі ўдзячнасць селіцца ў маім сэрцы. Васілевіч.

3. Зал. да сяліць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уста́віцца, устаўлюся, уставішся, уставіцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Умясціцца ўнутр чаго‑н. Шыба ўставілася ў раму.

2. Разм. Пільна глядзець па каго‑, што‑н.; утаропіцца. На двары Яхім спыніўся, уставіўся ў зямлю вачамі, як бы нешта разважаў. Колас. — Ты што, праўду гаворыш, ці жартуеш? — Тарэнта раптам ажывіўся, уставіўся адным сваім вокам спачатку ў Мікодаў твар, пасля ў Сузонаў. Галавач. — Што, тата? Табе холадна? — і Томас сінімі вачыма ўставіўся на бацьку. Броўка. // Накіраваць позірк на каго‑, што‑н. Вочы [у Юркі] акругліліся, павыпучваліся і ўставіліся ў кусты. Пташнікаў. Да шыбы прыпаў напалоханы жаночы твар, потым знік, і на хлопцаў ўставіліся насцярожаныя вочы гаспадара. Новікаў. Чорныя вочы з густымі вейкамі запытальна ўставіліся на Антона. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)