рэма́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн.рак; ж.

1. Заўвага, памета на палях (рукапісу, кнігі).

2. Тлумачэнне аўтара да тэксту п’есы (звычайна ў дужках), у якім даецца дадатковая характарыстыка абставін дзеяння, знешняга выгляду або паводзін персанажа. Прыход Лявона на сцэну не суправаджаецца аўтарскай рэмаркай, дзе б указвалася на знешні выгляд героя. Ярош. У рэмарках паведамляюцца звесткі аб паводзінах, пачуццях, інтанацыях, жэстах, знешнім выглядзе дзеючых асоб, аб той абстаноўцы, у якой яны дзейнічаюць. А. Макарэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тале́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн.рак; ж.

1. Сталовая пасуда круглай формы з шырокім дном і прыўзнятымі краямі. Дэсертная талерка. □ Стол заслалі, прынеслі талеркі з вяндлінаю .. і селі піць чай. Колас. На талерках дыміцца лёгкай парай вараная ружаватая трусяціна. Навуменка. // Колькасць стравы, якая ўмяшчаецца ў такую пасуду. [Дзядзька:] — Была б у калгасе сталовая, то капусты б міску вычарпаў, адбіўную б умяў ці верашчакі б талерку блінамі вымачаў. Бялевіч. У міг з’явіўся на стале «журавель» з гарэлкай, а поруч з ім міска мёду і талеркі маласольных агуркоў. Васілевіч.

2. толькі мн. (тале́ркі, рак). Ударны музычны інструмент, які складаецца з двух металічных дыскаў. Аркестравыя талеркі.

3. Спец. Назва розных дэталей, якія маюць форму дыскаў. Буферныя талеркі.

•••

Не ў сваёй талерцы — у нязвычным стане, не ў звычайным для сябе настроі.

[Ад ням. Teller.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыпа́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн.рак; ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. прыпарваць — прыпарыць (у 1 знач.).

2. Якое‑н. рэчыва, вадкае або цестападобнае, якое прыкладваецца гарачым да хворага месца. Маці яму і банькі ставіла і гарачыя прыпаркі рабіла, шкіпінарам націрала яго, а Лёньку з кожным днём усё больш і больш займала дух. Гроднеў.

3. перан. Разм. Лупцоўка; наганяй. — Ну і дасць жа табе бацька прыпарку, як раскажу. Пташнікаў.

•••

Як мёртваму прыпарка (паможа) — аб тым, што не можа дапамагчы, прынесці карысці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

люстэ́рка, ‑а; Р мн.рак; н.

1. Тое, што і люстра ​1 (у 1, 2 знач.). Стаіць люстэрка аж да столі, На сценах граюць дываны. Бялевіч. Аер канчаўся, люстэрка затокі было зусім блізка. Хадкевіч. [Іра:] — Колер тваіх вачэй падобен на Балтыйскае мора: ніколі не ўловіш адцення яго колеру. А вочы — люстэрка душы. Гарбук.

2. Невялічнае люстра. У таксі, як і ў кожнай аўтамашыне, ёсць над рулём люстэрка. Брыль. Максім паставіў на скрыню чамадан, у века якога знутры было прыладжана люстэрка, і пачаў галіцца. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пячу́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн.рак; ж.

1. Невялікая ніша ў сцяне печы. У хаце, пад вялікай рамкай з фотакартачкамі, стаяў стол, засланы белым .. абрусам.. Насупраць, у кутку — печ з мноствам пячурак. Сіняўскі.

2. Невялічкая печка. У рэдакцыйным пакоі няўтульна і холадна. Гудзе чыгунная пячурка. Хведаровіч. У зямлянцы нічога не змянілася: па-ранейшаму пахла травамі, зімою весела шумеў у пячурцы агонь. Васілеўская.

3. Абл. Ніша збоку прыпечка, куды заграбаюць вуголле, попел. Маці загрэбла ў пячурку вуголле і ў куток печы паставіла два невялічкія гаршкі. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бу́рка 1, ‑і. ДМ ‑рцы; Р мн.рак; ж.

1. Шырокая і доўгая адзежына з даматканага сукна з башлыком, якая надзяваецца паверх кажуха. Потым.. [Ліза] чула, як увайшоў у хату дзед, скінуў бурку і пачаў тупаць па кухні цяжкімі ботамі. С. Александровіч.

2. Род плашча або накідкі з тонкага лямцу, якой карыстаюцца коннікі на Каўказе. Гэта былі вельмі маляўнічыя коннікі ў круглых кубанках з чырвоным верхам і, нягледзячы на спякоту, у чорных шыракаплечых і шыракаполых бурках, на добрых сытых конях, падабраных адзін у адзін па масці. Машара.

бу́рка 2,

гл. буркі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сва́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн.рак; ж.

Спрэчка, якая суправаджаецца крыкам, шумам і пад. Слова за слова — сварка разгаралася, як лясны пажар. Лынькоў. Свёкар не папускае.. [Любу] ў крыўду, але і яму абрыдне слухаць кожны дзень сварку і грызню. Васілевіч. // Абразлівыя словы, выразы; лаянка. Пайшлі праверкі і прамеры, Каб больш мець пэўнасці і веры І каб не выйшла перакосу І не зайсці ў чыю палосу, Во будзе крыку, будзе сваркі, — Няхай лепш цэлы будуць каркі. Колас. Не спрэчку трэба гнаць за дзверы, А, мабыць, сварку і разлад. Кусянкоў.

•••

Вязацца ў сварку гл. вязацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сталя́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн.рак; ж.

Разм.

1. Сталярныя вырабы. Усю зіму пратупаў Карл Раманоўскі ля свае хаты, сам зрабіў усю сталярку, а на вясну яго сям’я мела свой кут на пляцы дзеда Фелікса пад старой грушай-дзічкай. С. Александровіч.

2. Занятак сталярнай справай, рамяство сталяра. Зімою яшчэ сталяркаю [дзед Агей] трохі займаўся: таму заслон зробіць, таму прасніцу альбо матавіла. Крапіва. От праз гэты свой сарваны жывот Іллюк і цяслярства кінуў ды пачаў са сталяркаю цацкацца. Калюга.

3. Сталярня. Дзяўчына бессаромна карысталася яго паслугамі. [Юнак] рашаў за яе задачы, рабіў дамашнія заданні, працаваў у сталярцы, на агародзе. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ство́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн.рак; ж.

Кожная з дзвюх рухомых палавінак дзвярэй, аканіц, варот і пад. Расчыняюцца створкі дзвярэй, з рашучым выглядам заходзіць жонка, на руках у яе ватняе паліто, зімовая шапка. Навуменка. Спадае зашчапка з крука, Мільгае зграбная рука, І пад яе прыгожым рухам Узбоч плывуць дзве створкі духам. Колас. Ганна адчыніла другую створку акна і перагнулася паглядзець на двор. Гартны. / Пра часткі люстэрка, шырмы і пад. // Кожная з дзвюх палавінак ракавіны некаторых беспазваночных. Калі па неасцярожнасці [людзі] траплялі нагамі ў расчыненыя створкі,.. патрывожаны малюск хутка закрываўся. Матрунёнак. // Кожная з палавінак каробачкі некаторых раслін, якая растульваецца пасля паспявання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сква́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн.рак; ж.

Падсмажаны або звараны кавалачак сала. Злосна сквірчэлі на патэльнях духмяныя скваркі. Новікаў. Хоць і незнаёмы госць Для бацькоў, але — Скварка і яешня ёсць З чаркай на стале. Куляшоў. // Разм. Наогул сырое сала; адрэзаны кавалачак сырога сала для яды. [Жэньцы] дома трэба быць — парсючку піць занесці. Бо калі парсючок галодны будзе, дык і сала не нарасце, і скваркі не будзе. Крапіва. Бацька ўпіраўся, не хацеў вучыць дачок .. Грошай ад яго яны ніколі не бачылі. Так якой бульбы мех, круп, якую скварку прысылала маці. Арабей. Моўчкі ем гарачы блінец з сырой халоднай скваркай. Дайліда. Для крутой талакі Хата скварку хавала. Барадулін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)