дро́бны, ‑ая, ‑ае.

1. Невялікі па аб’ёму, велічыні. Дробнае каменне. Дробныя яблыкі. Разбіць на дробныя кускі. □ Ён нагатаваў дробных паленцаў, збіраючыся раскладаць агонь на прыпеку. Колас. Як чырвоныя пацеркі, рассыпаліся .. [суніцы] між дробных лісцікаў ягадніку на мяккім моху. Якімовіч. // Малога веку; малалетні. Не спіць гэтаксама і Марыля са сваімі дробнымі дзеткамі, прыслухоўваецца. Нікановіч. // Невялікі па колькасці. Разбіцца на дробныя групы.

2. Невялікай, нязначнай вартасці. Дробныя грошы.

3. Які складаецца з малых аднародных частачак. Дробны пясок. □ Пачынаў церусіць дробны дожджык. Гартны. Кудлатыя нізкія хмары бясконцаю кудзеляю рассцілаліся па небе, сеючы халодным дажджом і дробным градам. Колас. // Кароткі, з частым паўтарэннем аднолькавых кароткіх элементаў. Дробныя крокі. □ Ззаду па дарозе пачуўся дробны стукат колаў. Краўчанка. На гнуткіх дошках Колька адбіў дробную чачотку. Грахоўскі.

4. Шчуплы, нешырокай косці; маларослы. Лабановічу кінулася ў вочы, што людзі, з якімі ён тут сустракаўся, былі дробныя, худыя, замораныя. Колас.

5. З малымі матэрыяльнымі магчымасцямі; эканамічна слабы. Дробная буржуазія. Дробны ўласнік. Дробныя прадпрыемствы. □ Тым часам з-за ўзгорка выплыў хутарок, сядзіба дробнага арандатара. Колас. // Які рэалізуецца ў малых маштабах, звязаны з малакаштоўнымі рэчамі. Дробны гандаль.

6. Які займае невысокае грамадскае або службовае становішча. Дробны чыноўнік. Дробная шляхта. □ Гэта — вагон трэцяга класа, напоўнены дробным людам, салдатамі, сялянамі. Мікуліч.

7. Нязначны; неістотны. Дробныя справы. Дробныя крыўды. □ Тым часам па ўсёй гэтай мясцовасці не спыняліся то дробныя баявыя сутычкі, то рух машын. Чорны. // перан. Пазбаўлены ўнутранай значнасці; нікчэмны. Смяльчак не зробіць шкоды. На гэта здольна толькі дробная парода, — Мышыная душа. Корбан. Хто ўваходзіць у дачыненні з дробнымі людзьмі, сам не з буйных або неўзабаве здрабнее сэрцам. Лужанін.

•••

Рассыпацца дробным макам гл. рассыпацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упа́рты, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі настойлівы, паслядоўны ў ажыццяўленні чаго‑н. Нават сонца яснае і зоры — Пакарыў упарты чалавек. Броўка. Будзь упарты і смелы ў жыцці, Перашкоды знішчай — не здавайся, За маланкаю ў неба ляці, А зямлі сваёй роднай трымайся. Хведаровіч. // Які ажыццяўляецца цвёрда і паслядоўна, з вялікай вытрымкай, стойкасцю. [Нэля] прачытала .. [словы]: «Моцная сіла волі — гэта вынік упартай трэніроўкі, упартай працы над самім сабою». Лупсякоў. Нялёгка давалася Карпу навука, і Варановіч дзівіўся яго ўпартай настойлівасці і неверагоднай уседлівасці. Дуброўскі. Міру хацелі мы, міру жадалі, Працаю ўпартай мы мір бераглі. Астрэйка.

2. Незгаворлівы, які імкнецца рабіць што‑н. толькі па-свойму, наперакор каму‑н. Маці пачала адгаворваць, не пускаць. Ды дзе там — нічога не парадзіш з упартаю дачкою! Якімовіч. Юра гарачы, упарты. Часамі выкідвае такія «конікі», што пасля і сам не рад. Бяганская. — Ат, — махнуў.. [дзед] рукой. — І навошта гэта, не ведаю, быць такім упартым, як баран. Брыль. // Які дрэнна паддаецца прыручэнню (пра жывёл). З гадзіну біўся старшыня, Ніяк не мог злавіць упартага каня, — Уцякае ад яго Буланы. Корбан. // Які выражае ўпартасць. Марцін жорстка зірнуў ва ўпартыя вочы Насці. Мележ. // Які не прычэсваецца (пра валасы). Яўстрат сядзеў далёка ад вогнішча, на мяккіх грывах белага сіўцу — шчуплы, далёка ўжо не малады, без шапкі, хоць і ў ватоўцы, з упартым рыжым ёршыкам — і мудраваў над кашом. Ракітны.

3. перан. Зацяжны, непрымірымы. Будзе бой цяжкі і ўпарты, Але час адбыцца бою. Кірэенка. Перакіпеў упарты, жорсткі На вуліцах берлінскіх бой. Прануза. // Настойлівы, няспынны. Сярод насельнікаў гета ішла ўпартая чутка, што немцы ўзводзяць наўкола горада ўмацаваны. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насу́праць і насупро́ць, прысл. і прыназ.

1. прысл. На процілеглым баку; прама перад кім‑, чым‑н. У хаце, пад вялікай рамкай з фотакартачкамі, стаяў стол, засланы белым, з зубчастымі карункамі па краях абрусам.. Насупраць, у кутку — печ з мноствам пячурак. Сіняўскі. У двор каля ліпы пажылы чалавек уводзіў з пашы каня, з двара насупроць выганялі парасят. Мележ. — Стой! Адкуль ты і хто ты? — Стаў насупраць патруль. Бялевіч.

2. прысл. Разм. Наперакор; нязгодна з кім‑, чым‑н. Гаварыць насупраць. Рабіць насупраць.

3. прыназ. з Р і (радзей) з Д. Ужываецца для выражэння прасторавых адносін: указвае на прадмет або асобу, перад якімі на процілеглым баку што‑н. размяшчаецца. Насупраць нашага дома працякае невялічкі ручай. Ігнаценка. Нарэшце дарога скончылася. Вось і школа і воласць насупроць яе. Колас. // Ужываецца пры ўказанні на прадмет або асобу, якія перамяшчаюцца насустрач руху каго‑, чаго‑н. І я пайшоў насупраць плыні, Каб дакапацца, дзе клубок. Лужанін. Ляцеў бы ветру насупроць Раздоллем цешыўся бялёсым. Гаўрусёў.

4. прыназ. з Р. Ужываецца для выражэння ўступальных адносін: указвае на прадмет, асобу, з’яву або працэс, наперакор якім што‑н. робіцца, адбываецца. Хіба ж я пайду насупраць волі бацькі? □ Цямра[в]ая сіла свету старога Сплятаецца ў чорны клубок, Адна ў яе думка, мэта, дарога — Паўстаць насупроць жыцця маладога, Спыніць наш вясенні паток. Колас.

5. прыназ. з Р. Ужываецца для выражэння часавых адносін: указвае на тэрмін, адрэзак часу, перад якім што‑н. існуе, адбываецца ці павінна адбыцца. [Мікалайчык:] Ну, дзед, шчасліва! Глядзі, каб усё расклеіў, Ды асцярожна — насупраць дня ідзеш. Кучар.

6. прыназ. з Р. Разм. Ужываецца для выражэння параўнальных адносін: указвае на асобу ці прадмет, з якімі што‑н. параўноўваецца. Ладымер насупроць Сымона зусім шчуплы і худы. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)