надары́ць, ‑дару, ‑дорыш, ‑дорыць; зак.

1. чаго. Падарыць многа чаго‑н. Надарыць кніг. Надарыць лялек.

2. каго-што. Даць як падарунак. Белаю сарочкаю Надары ты сына. Броўка.

3. перан.; што і чаго. Пакінуць след. Не схаваў я сардэчныя раны, Што ў жыцці надарылі гады. Хведаровіч.

4. перан.; каго. Надзяліць якімі‑н. якасцямі. Прырода шчодра надарыла гэтага чалавека не толькі фізічнай сілай і хараством, але і душэўнай цеплынёй, чулым сэрцам, вялікай мужнасцю, вытрымкай і адвагай. Сяргейчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

яскра́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Выразны, ясны; яркі. Выйду, выйду, дзе горада грукат, дзе афішы ў фарбах яскравых. Дубоўка. Шчодра ліло цяпло яскравае красавіцкае сонца. Шамякін. Лагодны летні дзень сеяў сонечныя, яскравыя зярняты на поле і лес. Бядуля.

2. перан. Пераканаўчы; яркі. Сам зборнік «Дзень паэзіі» ёсць дастаткова яскравае сведчанне таго, што нашы паэты жывуць вельмі разнастайным і ў той жа час багатым і змястоўным жыццём. Гілевіч. Яскравым прыкладам бурнага росквіту эканомікі і культуры з’яўляецца наша рэспубліка. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

азалаці́ць, ‑лачу, ‑лоціш, ‑лоціць; зак., каго-што.

1. Асвяціўшы, надаць чаму‑н. залацісты колер, адценне. Сонца к небасхілу Паспяшала рупна на спакой начны І у раз апошні лес азалаціла... Гурло. // Зрабіць пажоўклым; пазалаціць. Азалаціла восень поле іржышчам, дрэвы лісцем, гумны снапамі; абвеяла хаты жытнім пылам; вострым пахам кастрыцы напоўніла вуліцу. Чорны.

2. Разм. Шчодра ўзнагародзіць. [Лазука:] — Дык я ж і кажу, што гэты лён азалаціў і наш калгас, і нас саміх. Сабаленка. [Парторг:] — Тут у аднаго дзядзькі ёсць у садку з паўдзесятка дрэў, дык яны яго азалацілі. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асы́паць, ‑плю, ‑плеш, ‑пле; зак., каго-што.

1. Абсыпаць з усіх бакоў чым‑н.; пакрыць усяго слоем чаго‑н. сыпучага. Тут вясна асыпала ўсё цветам. Танк.

2. Скінуць лісце, пялёсткі, іголкі і пад.; агаліцца. Асыпаў сад свае пялёсткі.

3. перан.; чым. Шчодра, багата абдарыць чым‑н.; накіраваць на каго‑н. што‑н. у мностве. Асыпаць пахваламі. □ — Тады... я не пайду. Зусім не пайду! — Сказала [Макрына], мяркуючы асыпаць Яўгена іскрамі злосці. Баранавых.

4. безас. Разм. Пакрыць высыпкай, абкідаць (губы, рот, цела).

асыпа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да асы́паць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пялёнка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Суцэльны покрыў (туману, дажджу, снегу, дыму і пад.), які завалаквае, зацягвае што‑н. з усіх бакоў. І вось цяпер.. [снег] адразу шчодра заслаў зямлю сваёй пушыстай пялёнкай. М. Ткачоў. Лёгкі марозік зацяг[в]аў лужынкі тонкай пялёнкай лёду. Колас.

2. Прасцінка для ўкручвання, спавівання грудных дзяцей. Спрактыкаванымі рукамі жанчына ўкруціла дзіця ў пялёнку і пачала забаўляць. Даніленка. Каб заняць чым час, Саша бясконца перамывала пялёнкі і шыла што-небудзь для дзіцяці. Шамякін.

•••

З пялёнак — з ранняга дзяцінства.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

надзялі́ць, ‑дзялю, ‑дзеліш, ‑дзеліць; зак., каго-што кім-чым.

1. Даць у асабістае карыстанне, выдзеліць як долю. Надзяліць маёмасцю. □ Адрэзалі Гармізаў хутар, а яго зямлёю падзялілі двух беднякоў. Колас. Калі хлеба па картках сям’і не ставала, рукі матчыны зналі, што трэба рабіць, — так ўмелі апошні кавалак дзяліць, каб усіх надзяліць, а сябе — абдзяліць. А. Вольскі.

2. Даць як падарунак, падарыць. Надзяліць усіх дзяцей цукеркамі. □ Алесь заўважыў у парадзелай бурай лістоце два забытыя яблыкі. Абарваў, разламаў, надзяліў Крэбса, бацьку. Караткевіч. [Турысты] шчодра падзялілі Фрэда значкамі, сувенірамі. «Работніца і сялянка». І зямля, як маці, шчодра нас надзеліць — Глянь — калоссе долу хіліцца цяжкое! Панчанка. // перан. Адарыць каго‑н. якімі‑н. якасцямі (сілай, здольнасцямі і пад.). Акрамя ўсяго іншага, відаць было, што прырода надзяліла Івана не абы-якой сілай. Васілёнак. Тоня Любчанка глядзела на.. невысокага чалавека ў скураной тужурцы і сініх галіфэ і ўсім сэрцам адчувала, якой вялікай сілай волі надзелены ён. Шчарбатаў. // перан. Прыпісаць каму‑н. якія‑н. якасці, даць каму‑н. мянушку, назву і пад. І былыя мінскія ўрочышчы Новай славай надзяліў народ: Дзе варожыя капалі полчышчы, — Вырас мірны трактарны завод. Глебка. Сашка па-ранейшаму не-не, ды любіў кінуцца вычварным слоўцам... За гэта падзялілі яго мянушкай Пардонкін. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

світа́ць, ‑ае; незак.

1. безас. Пачынаць развіднівацца (аб прыбліжэнні ўсходу сонца). Як толькі пачало світаць, хлопец і папоўз да.. [разведчыкаў] на наглядальны пункт. Няхай. Позна світала і рана змяркалася. Можа таму і настрой у некаторых [будаўнікоў] быў пахмуры, як гэтыя шэрыя снежаньскія дні. Грахоўскі. [Палажка:] — Не рана. Месяц ужо зайшоў, пачынае світаць. Лобан.

2. Пачынацца, наступаць (пра дзень). [Наталля Пятроўна:] Глядзі, і новы дзень світае, А ты [муж] не можаш разагнаць тугу... Бачыла. І ноч прайшла, світае дзень. Колас. // перан. Праясняцца, станавіцца зразумелым. Світаць у думках пачало: Нашчадкі ўдзячныя ацэняць І шчодра лаўрамі аценяць Яго халоднае чало. Барадулін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расплаці́цца, ‑плачуся, ‑плацішся, ‑плаціцца; зак.

1. Заплаціць грошы каму‑н. за што‑н., разлічыцца за паслугі. [Лабановіч] даволі шчодра расплаціўся з бабкаю Параскаю за паслугі. Колас. Рыгор расплаціўся з вазніцаю і на параконцы вярнуўся з Лібаю ў мястэчка. Гартны.

2. перан. Адпомсціць, разлічыцца за прычыненую крыўду. [Бацька:] — Так, я зараз памру з вялікім неспакоем, што не магу ўстаць і расплаціцца з Гальвасам. Чорны.

3. перан. Панесці пакаранне, кару за што‑н. Час міне, і Лёня расплаціцца за сваё заблуджэнне цяжкімі маральнымі пакутамі. Майхровіч. Мы адказалі: «Віта! Пад Растовам і пад Масквой...» Цяпер мы прымусім бандыта Расплаціцца сваёй галавой. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палічы́цца, ‑лічуся, ‑лічышся, ‑лічыцца; зак.

1. Зрабіць узаемныя грашовыя разлікі; шчодра разлічыцца. За працу і насенне я не палічуся — свае людзі. Сіўцоў.

2. перан. Адпомсціць, адплаціць каму‑н.; паквітацца за што‑н. Уваходзіць Чыбук.. Упіраецца позіркам ў Адзінцова. А, ваша благароддзе! Ну, прыйшла чарга палічыцца! Мележ.

3. Прыняць у разлік каго‑, што‑н.; ўлічыць. — Нельга ж быць такім, — нарэшце скаваў бацька. — Табе не падабаецца [елка], але ж ты павінен палічыцца з сястрой. Мяжэвіч. — Усё тут шыта белымі ніткамі, усё пабудована на домыслах і галаслоўных даносах агентаў. Даказаць гэта на судзе будзе лягчэй лёгкага. Але наўрад ці прыме суд пад увагу нашы доказы і палічыцца з імі. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упрыго́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.

Надаць каму‑, чаму‑н. прыгожы выгляд, зрабіць больш прыгожым, яркім; аздобіць. А колькі розных стужак, грабянёў, Хусцінак яркіх, завушніц прыгожых! Якіх яны красуняў упрыгожаць! Танк. Гарадоў нашых вуліцы, плошчы Упрыгожыла мора сцягоў. Машара. Багата і шчодра ўпрыгожыла вясна зямлю, адзеўшы яе зелянінаю, ярыною і жытамі. Колас. І зноў работа закіпела — аж дух займае ў хлопцаў. Спачатку ля краёў столь узорамі ўпрыгожылі, пасля да сярэдзіны дабраліся. Нядзведскі. // Стаць сведчаннем якіх‑н. заслуг (пра ордэны, медалі і пад.). Ордэн Чырвонага Сцяга ўпрыгожыў сцяг камсамола рэспублікі. «Звязда». // перан. Зрабіць больш поўным, багатым па зместу (жыццё, існаванне). Каб зноў жыццё сваё ўпрыгожыць, — За працу возьмемся хутчэй. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)