адме́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Не такі, як усе; своеасаблівы, адметны. Як і штогод, для кожнага чалавека вясна прынесла нешта новае, адменнае, непаўторнае. Хадкевіч. — Форма! — весела выкрыкваў .. [Пракоп], падаючы гэтаму слову адменны, аднаму яму зразумелы сэнс. Вітка.
2. Самы лепшы, надзвычайны. Адменных вуліц, плошчаў тут нямала, І кветнікаў, і вечна свежых рос. Панчанка. Боцікі і сапраўды былі адменныя — новенькія, бліскучыя, на высокіх абцасах. Курто.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ту́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
Памянш.-ласк. да туша (у 1 знач.); цела забітай жывёлы, птушкі і пад. невялікіх памераў. [Князь:] — Вэндзіць фазана будзеш як заўсёды на драўляным пілавінні з цукрам. І каб тушкі не дакраналіся адна да адной! Караткевіч. Штогод з Жлобіна ў буйныя цэнтры нашай краіны накіроўваюцца ў вагонах-халадзільніках тысячы скрынак з упакаванымі тушкамі «зялёных качанят». «Беларусь».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
куро́дым і курады́м, ‑у, м.
Густы едкі дым пры тленні, гарэнні без полымя. Дол на грудку штогод засеян шышкамі. Іх хапае будачніку, каб па вясне капціць кумпякі, а ў чэрвеньскія вечары бараніцца ад камароў, заедзі куродымам. Навуменка. Ён мог сказаць, якім агнём гарыць дрэва: сіняватым — алешына, спачатку чырвоным з курадымам, а потым медным — бяроза, светлым і лёгкім — елка. Карпаў. // Асадак ад дыму; копаць, сажа. Агонь наш ужо нават не дыміўся. Пасярэдзіне вуголля стаяла чорная ад куродыму каструля. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
элі́та, ‑ы, ДМ эліце, ж.
1. Спец. Лепшае, адборнае насенне, расліны або жывёлы, атрыманыя ў выніку селекцыі і прызначаныя для далейшага развядзення. Эліта пшаніцы. Эліта бульбы. □ [Юстын:] — А потым штогод мы ўсё большае і большае поле палескай элітай засявалі і ўвесь ураджай на насенне захоўвалі. Краўчанка. // Сам адбор такіх раслін або жывёл. Метад эліты.
2. Лепшыя прадстаўнікі грамадства або якой‑н. яго часткі. Эліта рабочага класа. Тэатральная эліта. // У эксплуататарскім грамадстве — асобы, якія належаць да так званага вышэйшага класа; група асоб, якая ажыццяўляе кіруючыя функцыі ў грамадстве. Правячая эліта.
[Фр. élite — лепшы, адборны.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жы́та, ‑а, М жыце, н.
1. Аднагадовая расліна сямейства злакавых, зерне якой скарыстоўваецца для прыгатавання хлеба. Зжаць жыта. Звезці жыта ў гумны. Абмалаціць жыта. □ З каласоў завязалі Бараду, як вялося, Каб трубою, казалі, Штогод жыта вілася. Калачынскі.
2. Зерне гэтай расліны. Мяшок жыта ляжаў на зямлі каля самага ганку. Бядуля. Затым пад жарты і смех гасцей маладога і маладую абсыпалі жытам, каб былі добрымі гаспадарамі. Васілевіч.
3. толькі мн. (жыты́, ‑оў). Жытнія палі. Дзівіўся: гэтакіх ніколі Не бачыў у жыцці жытоў. Прануза. На многа вёрст было відаць з гары Адсюль палі жытоў і канюшыны. З. Астапенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Такро́к ’летась’ (навагр., Жыв. сл.; Нар. словатв., Скарбы; карэліц., Янк. Мат.; Сцяшк.; шчуч., З нар. сл.; Сл. ПЗБ; вілен., гродз., ЛА, 2), такрі́к ’тс’ (брэсц., ЛА, 2), такру́к ’летась’ (лях., ЛА, 2; Сл. ПЗБ), ст.-бел. такрок ’у мінулым годзе’ (1579 г.), такрочны ’леташні’, сюды ж такро́чны ’леташні, мінулагодні’ (Скарбы, Сцяшк.), такро́чны, такро́чні, такро́шні ’мінулагодні’ (Сл. ПЗБ), такро́шні гот ’летась’ (навагр., ЛА, 2), такрі́чнэ лі́то ’тс’ (кам., ЛА, 2), такро́чні цялю́к ’цяля-перазімак’ (воран., ЛА, 1). Запазычана з польск. tak rok ’год таму, летась’, tak roczny ’мінулагодні, леташні’, навагодняе пажаданне na tak rok! ’каб так за год дачакацца’ (Варш. сл.), у спалучэнні з іншымі назоўнікамі: tak miesiąc ’месяц таму’, параўн. таксама чэш. мар. tak rok ’год таму’. Гл. так, рок 1, параўн. тарок (гл.). Пацюпа (Станкевіч, Язык, 1164) на падставе выразу тот рок (Баркулабаўскі летапіс) лічыць самастойным утварэннем, што сумніўна. Параўн., аднак, такро́к ’штогод’: то ж ён такрок прыезджаў к матцы (Мат. Гом.), калі гэта не памылковая семантызацыя, то яго можна разглядаць як незалежнае ўтварэнне ці другаснае пераасэнсаванне запазычання.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
плаці́ць, плачу, плаціш, плаціць; незак.
1. што, за што і без дап. Аддаваць грошы або што‑н. каштоўнае як належнае за што‑н. Плаціць за пакупку. Плаціць за абед. □ Не плаціць багаты, а вінаваты. Прыказка. // Аддаваць грошы або іншыя каштоўнасці ў лік якіх‑н. абавязацельстваў. Плаціць падаткі. Плаціць даўгі. □ Кожныя дванаццаць гадоў.. [такароўцы] аднаўлялі кантракт, штогод плацілі акуратна арэнду і жылі прыпяваючы. Бядуля.
2. перан.; чым. Так або інакш адказваць на чый‑н. учынак. Як слуга, як нявольнік, табе я Так стараўся служыць, дагадзіць! Так любіў цябе шчыра, з надзеяй, Што ўзаемнасцю будзеш плаціць. Купала. І народ плаціў сваім воінам бацькоўскай любоўю. «Звязда».
•••
Плаціць той жа манетай — тое, што і адплаціць той жа манетай (гл. адплаціць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прэ́мія, ‑і, ж.
1. Грашовае або іншае матэрыяльнае заахвочванне як узнагарода за поспехі, заслугі і пад. Міжнародная Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі». □ Некалі да калектывізацыі Шаройка штогод атрымліваў прэміі за лепшага ў раёне каня, за лепшую свінаматку, за найвышэйшы ўраджай бульбы. Шамякін. [Фёдар Сапожнікаў] прадстаўлены да Ленінскай прэміі за распрацоўку і ўкараненне новых метадаў будаўніцтва цеплавых электрастанцый са сборнага жалезабетону. Дадзіёмаў. // Дадатковая грашовая ўзнагарода да заработнай платы за перавышэнне вытворчых норм. Прэмія за перавыкананне плана.
2. Спец. Грашовая сума, якая выдаецца некаторымі ўрадамі як заахвочванне за вываз некаторых тавараў. Экспартныя прэміі.
3. Спец. Розніца паміж біржавай і намінальнай вартасцю каштоўнай паперы.
4. Спец. Грашовая сума, якую выплачвае страхавальнік страхавой установе за рызыку, якую яна нясе.
5. У дарэвалюцыйнай Расіі — бясплатны дадатак да часопіса або газеты, а таксама бясплатная прыдача пры пакупцы некаторых тавараў.
•••
Нобелеўская прэмія — міжнародная прэмія за адкрыцці ў навуцы, за поспехі ў літаратуры і пад., якая прысуджаецца з працэнтаў на капітал, завешчаны шведскім прадпрыемцам А. Нобелем.
[Ад лац. praemium — узнагарода.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цуд, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Паводле рэлігійных уяўленняў — невытлумачальная з’ява, якая выклікаецца чарадзействам. [Селянін:] — Заўсёды перад кірмашом штогод.. бывае яшчэ адзін цуд: за год святыя сляды абрастаюць мохам. Бядуля.
2. Што‑н. нечаканае, незвычайнае. І тады стаўся цуд: Капейка ўстаў і пачаў гаварыць. Брыль. Можа стане цуд і з’явіцца Якім, як бы нічога не бывала! Машара. // у знач. прысл. цу́дам. Разм. Незвычайным, неверагодным чынам; выпадкова. На Ленінградскай вуліцы Тумаш павёў іх [варшаўцаў] у чатырохпавярховы дом, які цудам уцалеў у час бамбёжак. Новікаў.
3. Пра тое, што выклікае захапленне, здзіўленне сваімі выдатнымі якасцямі, прыгажосцю і пад. У саснячку густым, смалістым — Загледзішся на цуд такі — У беленькіх манішках чыстых Стаяць фарсіста маслякі. Цвірка. Ну не кулеш, а — цуд! Духмяны, залацісты, смакавіты. Валасевіч. // чаго. Пра тое, што з’яўляецца ўзорам дасканаласці ў якой‑н. галіне. Задаволеная, што так добра выканала даручэнне, Муза Сымонаўна хутка везла цуд мастацтва. Арабей. Крок за крокам прасочвае паэт ператварэнне дрэва ў цуд музыкі і весялосці. Бярозкін.
4. у знач. вык. Дзіўна, незвычайна. Наогул жа, калі салавей пяе — гэта цуд. Лужанін.
•••
Цуда ў рэшаце — пра што‑н. незвычайнае.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыбы́так, ‑тку, м.
1. Сума, на якую даход перавышае выдаткі; грашовы даход. Чысты прыбытак. Валавы прыбытак. // Спец. Даход капіталістаў, крыніцай якога з’яўляецца прыбавачная вартасць. Максімальны прыбытак. Прыбыткі манаполій. // Спец. Даход дзяржаўных прадпрыемстваў у сацыялістычным грамадстве, які атрымліваецца ў выніку павышэння прадукцыйнасці працы. Прыбытак дзяржаўных прадпрыемстваў. Адлічэнне прыбыткаў.
2. Даход, які атрымліваецца ад якога‑н. роду заняткаў, дзейнасці і пад. Пан Кудзілоўскі лічыў, хата сады даюць больш прыбытку, чым збожжа, і збожжа зусім не сеяў. Хомчанка. — Але хіба кіраўніцтва завода не ведае без вашых табліц і лічбаў на некалькіх старонках, што пераабсталяванне цэха дало б вялікія прыбыткі заводу? Арабей. Выдавецкая справа ў той час не толькі не прынесла беларускаму першадрукару прыбыткаў, а патрабавала шмат выдаткаў. С. Александровіч.
3. Разм. Карысць, выгада. [Міхал:] — А што за шчасце тут, спытаем? Які прыбытак мы тут маем? Колас.
4. Разм. Пра з’яўленне патомства (у сям’і, гаспадарцы і пад.). Жадаем яшчэ вам Прыбытку ў хаце, Ні мала, ні многа — Штогод па дзіцяці. Русак. Рамізнік сядзіць на козлах і ўсміхаецца, гледзячы, як я нясу на руках дзіця. — З прыбыткам вас, — кажа ён. Сабаленка. Конюху дзядзьку Мікалаю не было каму ў тую часіну пахваліцца і свежай навіной і жаданым прыбыткам на сваёй канюшні. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)