распасце́рці, ‑стру, ‑стрэш, ‑стрэ; ‑стром, ‑страце; пр. распасцёр, ‑сцерла; зак., што.

1. Шырока раскінуць, развесці (рукі, крылы). Калі мы рушылі да дзвярэй, гаспадыня засланіла іх сабой і распасцерла рукі. Няхай. Шпак каменем паляцеў уніз, каля зямлі распасцёр крыл[ы] і сеў на сук. Пальчэўскі.

2. Роўна, свабодна раскласці на дастатковай плошчы. Генерал распасцёр сцяг на стале, пагартаў дакументы, і, змахнуўшы слязу са шчакі, моўчкі, з парывам абняў Зянона Лапіча. М. Ткачоў. [Іллюк] адчыніў ток. Распасцёр рэзгіны ля застаронка. Калюга.

3. перан.; на каго-што. Пашырыць сферу дзеяння чаго‑н., ахапіўшы большае кола прадметаў, з’яў. Распасцерці сваю ўладу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ма́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Маці, мама. — Матка! А калі гэта да нас Шпак .. прыходзіў? — спытала адна маладзіца сваю свякроў, бабку Таццяну. Колас.

2. Самка жывёл і насякомых, якая выводзіць патомства. Малыя ягняты, .. адбіўшыся ад матак, на момант спыняліся. Крапіва. Пчолы-разведчыкі знаходзілі .. вуллі і пакрысе абжывалі іх, каб потым прывесці сюды матку з роем. Кулакоўскі.

3. Унутраны палавы орган жанчын і самак жывародзячых жывёл, у якім развіваецца зародак.

4. (звычайна ў прыдатку). Аб тым, што з’яўляецца самым родным і блізкім. Апранула зямля-матка Кажушок зялёны. Колас. Я тут бачыў свой край, поле, рэчку, бор, Сваю катку-зямлю — Беларусь. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Жа́варанак1, жаўранак, жаўру́к (ТСБМ), жарва́нак (Мат. Гом.) ’птушка Alaudidae’. Рус. жа́воронок, дыял. жа́вронок, укр. жайворонок, дыял. джа́ворок, джа́воронок, палаб. zevornak; параўн. рус. дыял. зговоронок (Праабражэнскі, 1, 220), сковронок, щевронок, польск. skowronek, чэш. skřivan, skřivánek, дыял. skovránek, skovránok, (славац. skovran, skovránok, серб.-луж. škowronk, в.-луж. škowrončk, н.-луж. škobronk, славен. škrjánec, skrjánček, ц.-слав. сковраньць (Міклашыч, Lex. paleosl., 846) ’тс’; параўн. яшчэ рус. скворец, в.-луж. škorc, балг. скорец, балг. уст. сколовранецшпак’ (трэба ўлічваць, што рус. дыял. пск. жаворонокшпак’). Шанскі (1, Ж, 272) лічыць жаворонок утвораным з суфіксам ‑ък‑ ад уст. і фалькл. жаворонъ (Словарь, II, 180). Агульна прынята думка аб тым, што другая частка ўсх.-слав. слова суадносіцца з воран (гл.), прапануецца шэраг паясненняў першай часткі (Фасмер, 2, 32, 3, 644). Трэба, відаць, прыняць неабходнасць агульнага разгляду варыянтаў з пачатковымі жа‑ і ск(о)‑ у сувязі з іншымі падобнымі суадносінамі (гл. жабанець, жабрак). Формы тыпу жаўрук, н.-луж. škobronk, калі іх не разглядаць як пазнейшыя (усечаную або з падстаноўкай b замест w), пярэчаць уяўленню аб складаным характары слова. Паколькі назвы жаваранка і шпака, што належаць да вераб’іных, перакрыжоўваюцца, магчыма дапускаць агульнасць жавор‑, сковор‑ і сквор‑ у рус. скворец, а тады шукаць тлумачэнне кораня *sk(o)v(o)r‑. Цікавыя ў гэтых адносінах скверціся ’крычаць, верашчаць, плакаць з крыкам’, скверашчаць ’тс’ (Нас.), а магчыма, і чэш. рэдк. škovrati ’вытвараць трэлі (пра птушак)’, скавытаць, укр. скав(у)чати ’скавытаць’. Адсутнасць (ці невыяўленасць) надзейных неславянскіх паралелей ускладняе, аднак, тлумачэнне ўказанага гіпатэтычнага кораня і хутчэй сведчыць у карысць кампазітнага характару слова, але ні супастаўленні са ст.-слав. гавранъ ’воран’ і яго адпаведнікамі, якія даюцца ў пацвярджэнне гукапераймальнага характару жа‑, га‑, ско‑, ні супастаўленне з сквар‑, жар‑ (Булахоўскі, Вибр. пр., 3, 288–285), ні паясненні праз экспрэсіўны характар першай часткі (Брукнер, 496; Махэк₂, 550) не могуць лічыцца пэўнымі.

Жа́варанак2, жа́ўранак, жаўру́к ’булачка, што выпякаецца 9 (22) сакавіка’ (Нас.). Рус. жа́воронок, укр. жа́воронок ’тс’. Ад жа́варанак1 у сувязі з веснавым прылётам птушак (у сакавіку), магчыма, дахрысціянскага характару. На гэта ўказвае абрад клікання вясны, запісаны Г. Цітовічам (Ант., 34, 564): у час выканання песні «Жавароначкі, прыляціце, вясну красную прынясіце» дзяўчаты і маладзіцы падкідвалі ўгору выпечаных з цеста жаўрукоў, а мужчыны «акампаніравалі» на берасцяных пастухоўскіх трубах. Жаваранкі і ў іншых песнях (параўн. БНТ, Весн. песні, № 158–160). Гл. Іванаў, Тапароў, Слав. яз. мод. системы, 129. Параўнанне 40 жаваранкаў з душамі 40 мучанікаў (9 сакавіка — дзень 40 мучанікаў), на якое ўказвае Насовіч, позняе (параўн. саракі). 9 (22) сакавіка — дзень пачатку вясны. Пра ўсх.-слав. абрад гл. В. К. Соколова, Весенне-летние календарные обряды русских, украинцев и белорусов. М., 1979, с, 67–93.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

студзі́ць, студжу, студзіш, студзіць; незак., што.

1. Рабіць халодным, дзьмучы на гарачую страву. Усе пафукваюць ды студзяць І верашчаку тую вудзяць І толькі чаўкаюць губамі Ды зрэдку скрыгаюць зубамі. Колас. Драбок снедае. Есць ён па-старамоднаму: кусае хлеба, жуе, чэрпае лыжкай поліўку, але да рота лыжку адразу не падносіць, а кладзе на лусту хлеба і зацята студзіць. Навуменка. // Дзьмуць, фукаць на больку. [Дзядзька Мікалай] нізка нагнуўся і пачаў студзіць рану. Ставер.

2. Халадзіць, марозіць. Холад студзіць ногі, падбіраецца да спіны. Асіпенка. Раса апала. Ядраная, празрыстая, яна толькі дзе-нідзе холадна паблісквала ў лапушыстых лісцях малачаю ды студзіла, мачыла ногі ў густых зарасніках алешніку і крушыны. Сачанка. // Астуджваць, выпускаючы цяпло. [Вулька:] — Дзе гэта відана, каб так часта попел выносіць, толькі хату студзіць. Лынькоў. // перан. Прыводзіць да стану здранцвення. А непадалёку ад школы .. [Шпак] убачыў на тоўстых суках ліпы двух павешаных дзядоў, якіх фашысты палічылі партызанамі і цяпер цешыліся сваёй перамогай. Усё гэта адразу зразумеў Шпак, і ўсё гэта цяпер студзіла ў яго жылах кроў. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трапята́ць, ‑пячу, ‑печаш, ‑печа; незак.

1. Пастаянна рухацца, варушыцца, дрыжаць. У выбоінах асфальту зашэрхлі сінім ільдом лужынкі, на дрэвах інстытуцкага сквера трапятала на ветры ўцалелае жоўтае лісце. Навуменка. Гнуліся галіны арабіны пад цяжарам яшчэ зеленаватых ягад, трапятала даўгаватае лісце ясеня. Гурскі. // Развявацца. Калі былы марак прыходзіць На карабель, ён сцішыць крок І пры любой, як ёсць, пагодзе Зірне спачатку на флагшток, Дзе сцяг трапеча бела-сіні, Нібыта пеніцца вада. Жычка. На ветры хусткі трапяталі жанчын увішных, і здалёк Здавалася, што краскі ўсталі. Гаўрусёў. // Мігаць, мільгаць (пра агонь, святло і пад.), няроўна гарэць. А я ўсё гляджу, як трапеча далёка Агонь непагасны. Панчанка. За шырокімі вокнамі толькі трапяталі ўдалечы радасныя агеньчыкі... Мележ. У ліхтарах агні трапечуць! Колас. // Пастаянна трэсці, дрыгаць чым‑н. Вясёлы шпак трапеча крыльцамі, спявае сонцу сваю гуллівую песню. Брыль. Стасюк трапятаў нагамі, вырываўся, весела рагатаў. Чорны.

2. Быць ахопленым хваляваннем, неспакоем і пад. І не валодаю сабою, Гляджу — не бачу і маўчу, Ты, можа, пагарджаеш мною, А я ад шчасця трапячу. Астрэйка. І калі неба залівае зарава пажараў, .. [Цімох Будзік] любуецца справаю сваіх рук і, бачачы, як гіне ў агні чарговае асінае гняздо яго адвечных ворагаў, трапеча ад радасці. Карпаў. Душа .. [Шмульке] трапятала страхам адказнасць перад суайчыннікамі. Лынькоў. // перан. Ледзь прыкметна праяўляцца (пра думку, усмешку і пад.). Толькі недзе падсвядома трапятала горкая думка, што нельга ўмяшацца і змяніць ход падзей. Шыцік. На вуснах яе трапятала і было не ў сілах сарвацца адно ціхавейнае слова. Багдановіч. // Узмоцнена, часта біцца з прычыны хвалявання, неспакою і пад. (пра сэрца). Сэрца ў грудзях не б’ецца, а трапеча, уздрыгвае, як параненая птушка. Гамолка.

3. Моцна баяцца каго‑, чаго‑н.; быць нясмелым, баязлівым перад кім‑, чым‑н. Сярожа быў атаманам, перад ім трапяталі, яго паважалі. Шашкоў. Трапятала жывёла, Дрыжэлі звяры, І даніну пушнінай Плацілі яму [мядзведзю]. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спусці́цца, спушчуся, спусцішся, спусціцца; зак.

1. Сысці, перамясціцца зверху ўніз. [Лабановіч і Садовіч] прайшлі жалезны мост, спусціліся з высокага насыпу і пайшлі берагам. Колас. [Баніфацый] спусціўся з Касцельнай гары і доўга хадзіў па парку, чакаючы світання. Чарнышэвіч. Калі Рыта спусцілася з ганка і пайшла па алейцы, Вігдароўскі вынырнуў са змроку і ўзяў яе пад руку. Навуменка. // Перамясціцца ніжэй, знізіцца; апусціцца. Ужо адвячорак. Нізка спусцілася сонца. Шамякін. // Злезці адкуль‑н. уніз. — Трэба праверыць, — ледзь чутна прашаптаў Юрка і асцярожна спусціўся на зямлю. За ім злез і Сяргей. Курто. Фёдар спыніў каня, хацеў дапамагчы Апанаску сысці, але той сам спачатку абмацаў нагой утулку кола — стаў на яе ботам, а потым спусціўся на зямлю і толькі цяжка дыхаў — як усё роўна мяхі, падымаліся і апускаліся грудзі. Даніленка. // Сысці на ніжэйшае месца; апынуцца дзе‑н. [Колька:] — Мама, давай спусцімся да самай вады, пройдзем па беразе, га? Кулакоўскі. Прачытаўшы ліст Колі Высоцкага, .. [Клава] спусцілася на карчомны двор пашукаць сабе работы. Чорны. // Папасці ў сярэдзіну, у глыбіню чаго‑н. У шахту, у забой Спусціўся ён [Максім] глыбока. Куляшоў. Калі .. [Алёшка] спусціўся ў кацельную, то знясілены лёг на ложак і доўга ляжаў, без руху, без думак. Лынькоў. // Ссунуцца (пра што‑н. адзетае, абутае). Панчохі спусціліся. Спадніца спусцілася. // перан. Апусціцца да ўзроўню каго‑, чаго‑н. [Стругач:] — Сёння, бадай, трэба паехаць. Час ужо. Заседзеўся. Трэба спусціцца ў нізы. Прокша.

2. на што і без дап. Сесці, прызямліцца (пра птушак, насякомых, лятальныя апараты). Самалёт спусціўся на аэрадром. □ Сказала [крыжанка]: — Разбойнік Ідзе па гушчарах, Дзе знойдзе бяззбройных, Усіх выпішчае.. Спусціўся ўстрывожаны шпак: — І мой падабраў маладняк! Калачынскі. // перан. Наступіць, насунуцца (пра ноч, імглу, туман і пад.). А калі спусціцца поўнач, Раптам з прыціхшай даліны.. Спеў даляціць салаўіны. Танк. Спусціўся вячэрні змрок, здавалася б, самы час для лёту качак, а іх усё не відаць. Ігнаценка. // Працяглы час ісці, ліць (пра дождж, снег і пад.). У жніўні спусціліся на зямлю цяжкія ліўні. Кірэйчык.

3. Звіснуць, навіснуць. Густы чуб чорных .. валасоў спусціўся на лоб. Бядуля. А Лапко нічым не выказваў свайго хвалявання, можа толькі бровы яго трохі ніжэй спусціліся над вачыма. Колас.

4. Размясціцца па нахіленай плоскасці. Купайся, цягні падвалокі: Да ціхай азёрнай затокі Спусціўся з гары Маленькі пасёлак Суёкі. Маляўка.

5. Ідучы, выйсці куды‑н. Маленькая працэсія спусцілася на дарогу, мінула мосцік праз ручай, які шумна бег у рэчку, і пайшла па Галёнах. Васілеўская. // перан. Цягнучыся, вывесці куды‑н. За вёскай дарога спусцілася ў лагчыну, дзе сінеў ланцужок невялікіх сажалак. Беразняк.

6. Разм. Прыйсці ў заняпад, разарыцца. [Пан Бірыла:] — Мне трэба гаспадарку трымаць, каб не спусціцца з яе. Чорны. // Страціць ранейшыя пазіцыі, становішча. Што Славіку ранейшы брыгадзір усяляк дапамагаў, каб мы [механізатары] не спусціліся ніжэй рэкордных паказчыкаў, мне тады таксама не вельмі падабалася. Даніленка.

7. Сарвацца з чаго‑н., што ўтрымлівае. Курок сам спусціўся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)