Ачу́хацца ’апомніцца’ (Касп.), ’аправіцца пасля цяжкай хваробы’ (Бір. Дзярж.), ’апрытомнець’ (Шат., КЭС, лаг.), ’абжыцца крыху пасля нягод’ (Юрч. Сін.), рус. очухаться ’апрытомнець, паправіцца, выздаравець’. Да этымалогіі параўн. вычухаць ’перанесці хваробу, недамаганне’ (Шат.), рус. очухать ’адчуць’, учухать, якія разам з чухаць ’адчуваць, нюхаць’ узыходзяць да čuti ’чуць’, параўн. Фасмер, 4, 388; Слаўскі, 1, 108; Махэк₂, 102.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дра́паць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

Скрэбці па якой‑н. паверхні чым‑н. вострым, цвёрдым; рабіць драпіны. Голле хвастала па твары, драпала рукі, чаплялася за кашулю. Хомчанка. [Фрося] пачала ногцямі драпаць леснікоў твар, рваць яго за доўгія вусы. Бядуля. // Разм. Чухаць цела. Маўчала і цямнела прыгожае веснавое неба, і дзядок драпаў свае худыя валасатыя грудзі. Гарэцкі. Каму свярбіць, той драпае. З нар.

дра́паць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. пагард. Паспешліва адступаць, уцякаць. — Немец драпае, даганяць трэба, — адным духам выпаліў танкіст. Якімовіч. Калі ж здаралася наскочыць на лясную варту або на міліцыю, Анатоль драпаў у кусты. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чу́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Чухаць, скрэбці сваё цела ці якую‑н. частку яго. Седзячы на ложку, [Маня] доўга сапла, пазяхала ўголас, чухалася, — ніяк не магла прачнуцца. Мележ. Дзядзька Мікалай зноў пачынае драмаць, але хутка ўсхопліваецца — не даюць спакою паразіты, чухаецца, і зноў нікне галавою. Ставер. // перан. Разм. Быць вымушаным ліквідоўваць вынікі якой‑н. дзейнасці. [Аляксандр Дзям’янавіч:] — Работкі лётчыкам хапіла. Фашысты і цяпер яшчэ чухаюцца, мост усё ладзяць. Лынькоў.

2. перан. Разм. Марудна, няўмела, без жадання што‑н. рабіць. [Бог:] — Ды нячыстай рознай твары Па адной вазьмі ты пары, А ўсіх чыстых па сем пар. Ну, не чухайся, а жар! Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скрэ́бці ‘драпаць’, ‘здзіраць, счышчаць’, ‘чысціць, абчышчаць (гародніну, рыбу)’, ‘чухаць’, ‘стругаць’, ‘трывожыць, непакоіць’. (ТСБМ, Касп., Шат., Сл. ПЗБ, Сцяшк., ЛА, 1, 4), скрэбці́ ‘тс’ (ТС), скрабсці́ (Касп., Варл., Шатал., Сл. ПЗБ, ЛА, 1), скрабці́ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1, Др.-Падб.), скрэ́сць (Гарэц., Др.-Падб., Ласт., Юрч.), скрэ́сці (Сл. ПЗБ, ЛА, 1), скрэ́бціся ‘чухацца’ (Жд. 1). Укр. скребти́, рус. скрести́, скресть, славен. škrébati, дзеясловы з інш. ступенню чаргавання гл. на скрабаць. Роднасныя літ. skrebéti ‘шумець, шамацець, шастаць’, skrãbalas ‘бразготка’, ãtskrabas ‘рэшткі’, лат. skrabt ‘скрэбці, скабліць, часаць, драпаць’, skrabstît ‘скрэбці’, с.-н.-ням. schrapen (*skrapôn), ст.-ісл. skrapa ‘драпаць, выкрэсліваць’, англ. scrape ‘скрэбці’, лац. scrobis ‘яма’ (гл. Фасмер 3, 656 з літ-рай; Новое в рус. этим., 210). Сной₁ (636) рэканструюе прасл. *skre(b)ti, якое ўзыходзіць да і.-е. *(s)kerb(h)‑ ‘рэзаць, аддзяляць вострым прадметам’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шкра́баць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. што, чым і без дап. Пакідаючы драпіны ці зачэпліваючы, вадзіць чым‑н. вострым ці цвёрдым па якой‑н. паверхні. Як толькі ён [Рэкс] заўважыў, што мяне няма ў бліндажы, падышоў да дзвярэй і давай шкрабаць кіпцюрамі, прасіцца, каб яго выпусцілі на двор. Пальчэўскі. Нават вярбы не было відаць, хоць галіна шкрабала шыбу зусім блізка. Шамякін. А потым зноў елі моўчкі, толькі чулася, як шкрабалі лыжкі ў талерках. Гаўрылкін. // Разм. Чухаць, скрэбці асобныя часткі цела. Грэчка шкрабае за вухам, хоча нешта сказаць, але тут умешваюцца другія кабеты, і ён маўчыць. Няхай.

2. Зачэпліваючы за што‑н., скрабучы па чым‑н., утвараць шум, шапаценне, шоргат. Па тратуары шкрабалі чыесьці падэшвы... «Работніца і сялянка». Маці ўжо шкрабае доўгім ключом-адмычкай, прасунутай праз дзірку ў вушаку. Паўлаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скрэ́бці, скрабу, скрабеш, скрабе; скрабём, скрабяце; пр. скроб, скрэбла; незак., каго-што.

1. і без дап. Праводзіць па паверхні чым‑н. вострым, цвёрдым, зачэпліваючы ці робячы драпіны. А бедны воўк, вадой падцяты, Скрабе па лёдзе кіпцюрамі. Колас. Блізка мыш скрабе па сценцы, Кот цікуе на паленцы. Бядуля. На гумовых ботах, па халявах, скроб сухі верас, абсыпаны, абдзёрты калёсамі. Пташнікаў.

2. Здзіраць, счышчаць чым‑н. вострым тонкі слой з якой‑н. паверхні. Не спіцца. І нават не творыцца. І сам я не рады сабе. Аж чую: на досвітку дворніца Дарогу ля дома скрабе... А. Вольскі. Антанюк узброіўся нажом, закасаў рукавы пінжака і скроб абсмаленую тушу, цёр мокрай саломай. Шамякін. // З сілай церці, чысціць. Ягор найбольш завіхаўся ля коней, мыў іх, скроб або карміў. Навуменка. Дзяўчынкі да жаўцізны скрэблі падлогу, здымалі павуцінне, праціралі сцены, мылі вокны. Курто.

3. Чысціць, абчышчаць (маладую гародніну, рыбу і пад.). Спроб .. [Яўтух] ножыкам бульбіну ды моўчкі хаваў сваю добрую ўсмешку ў сівых вусах. Бялевіч. Бялявы хлапчук на парозе, як дома, ваюючы з кошкай, скрабе шчупака. Вялюгін.

4. і без дап. Чухаць (якія‑н. часткі цела). [Цымбал] уздыхае, скрабе ў барадзе і, відаць, пра нешта хоча загаварыць. Скрыган. [Жонка:] Што ты там бурчыш пад нос? Скрабеш каля вуха? Купала.

5. перан. Непакоіць, трывожыць, хваляваць (пра думку, пачуццё і пад.). Яго душыў смутак і скрэбла злосць. Чорны. [Бацька:] — Вершы зусім недзіцячыя, а такія, што і старога скрабуць па сэрцы... Таўлай.

6. Дробна, тонка стругаць што‑н.; здрабняць. У зале лёкаі скрэблі васковыя свечкі на дубовыя цагліны падлогі. Дзеці потым, танцуючы, разнясуць усё нагамі. Караткевіч.

•••

На сэрцы (на душы) кошкі скрабуць гл. кошка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ісці, ступаць, крочыць, маршыраваць / павольна: плесціся, пхнуцца, цягнуцца; брысці, тэпаць, тупаць, трапаць, сыпаць, дыбаць (разм.) / хутка: шыбаваць, шыбаць, часаць / павольна: сунуцца, валачыся, цёпкацца, цялёпкацца, цялюхкацца, цюпаць, клыгаць, клыпаць (разм.) / вялікімі крокамі: сігаць; джгаць (разм.); чухаць (перан.) □ біць ногі, трапаць ногі, перабіраць нагамі, пераступаць нагамі, сунуць ногі, перасоўваць ногі, перастаўляць ногі

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)