хрыстапрада́вец, ‑даўца, м.

Уст. Прадажнік, здраднік; юда. — Каб на цябе [паліцая] хмара цёмная найшла, каб ты праваліўся скрозь зямлю на гэтым месцы, ірад, хрыстапрадавец акаянны, — шаптала, стоячы ля запечку, Грысіха. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

махі́на, ‑ы, ж.

Разм. Што‑н. вельмі вялікае, грувасткае. Непадалёку відна была цёмная махіна паравоза. Васілёнак. Каля фермы стоўпілася многа народу. Цікава паглядзець, як закінуць на вяршыню каркаса такую махіну. Дадзіёмаў.

[Ад лац. machina — машына.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абазна́чыцца, ‑чыцца; зак.

Зрабіцца прыкметным; акрэсліцца. Мужчыны пакрочылі да другога берага, ля якога ўжо.. абазначылася цёмная палоска не то мокрага снегу, не то вады. Курто. // Зрабіцца адчувальным, наяўным. У сакавіку абазначыўся надыход вясны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сіня́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць сінявага; сінявы колер чаго‑н. Бледны твар.. [Веры] нібы асунуўся, схуднеў, пад вачыма праступіла сінявасць. Карпаў. Вецер расчысціў ад хмар неба, і цёмная сінявасць яго згушчаецца ў вяч[эрні] змрок. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цёмны, ‑ая, ‑ае.

1. Пазбаўлены святла, асвятлення. Ночка цёмная глядзела Ды цямнейшай стала, Адна зорка мігацела, І тая прапала. Купала. Па адным, па двое, прабіраючыся цёмнымі завулкамі, дабраліся-такі дамоў. Мядзёлка.

2. Які па колеру блізкі да чорнага; проціл. светлы. Тут было глыбока, і вада мела цёмны колер ад гэтай глыбіні. Колас. — У мяне сёння другі шчаслівы дзень у жыцці... — загадкава ўсміхнулася Волька, ускінуўшы на мужа вялікія цёмныя вочы. Васілевіч.

3. перан. Невясёлы, змрочны, пануры. [Зося:] Цёмныя думкі не пакідаюць мяне ні на хвіл[іну]. Гартны.

4. перан. Які не адпавядае маралі, нормам паводзін, што ўстаноўлены грамадствам. Пасля ўчарашніх панібрацкіх адносін Яшкі з шайкай Мішкі Малыша Максім усё больш пераконваўся, што Яшка — цёмная асоба. Машара. Перш за ўсё Саўка Мільгун размашысты чалавек, шырокая натура і гультай. Гаспадаркаю ён не займаўся, гуляў, выпіваў, трохі краў і прыставаў да розных цёмных людзей. Колас. [Назарэўскі:] — Як адбылася ўся гэтая цёмная справа, я сам папрасіўся сюды паехаць. Чорны.

5. перан. Непісьменны, некультурны; адсталы. Пайшоў Антось у армію цёмным хлопцам і вырас у барацьбе да камандзіра, навучыўся грамаце, стаў камуністам. Чарнышэвіч.

6. перан. Няясны, незразумелы. Цёмны сэнс выказвання. Цёмныя месцы старажытнага рукапісу.

7. у знач. наз. цёмная, ‑ай, ж. Уст. Памяшканне для арыштаваных, карцэр. Тады па загаду пана Снядэцкага нас [сялян] схапілі, пасадзілі ў цёмную. Праз тры дні вывелі нас на вуліцу. Каваль.

•••

Цёмная вада гл. вада.

Ад цёмнага да цёмнага — з ранку да вечара.

Цёмнае царства гл. царства.

Цёмны лес для каго гл. лес.

Цёмныя сілы гл. сіла.

Як у цёмным лесе гл. лес.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жні́веньскі, ‑ая, ‑ае.

Які бывае ў жніўні. Жнівеньская спёка. □ Жнівеньская ноч была цёмная і нейкая душная. Паслядовіч. Адгрымелі ліпеньскія і жнівеньскія начныя навальніцы, гучна адспяваўшы песні лету. Колас. // Які адбываўся, праходзіў у жніўні (пра з’езд, канферэнцыю і пад.). Жнівеньскі пленум.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Му́рын ’негр, арап’, ’чорны, смуглы’ (Грыг., ТСБМ, Нас., Шат., Сцяц.), муры́нка ’загарэлая, цёмная жанчына’ (Нас.), ст.-бел. муринъ ’негр’ (XV ст.) запазычана са ст.-польск. murzyn, якое са ст.-в.-ням. môr ’маўр’ < лац. maurus ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 126; Кюнэ, Poln., 79; Міклашыч, 204; Фасмер, 3, 13). Лексема муры́нка была ўтворана паводле польск. murzynka ’негрыцянка’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пахму́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Непагодлівы, змрочны, хмарны. Пахмурнае надвор’е. □ Халаднаваты, пахмурны ранак. Неба шэрае, паветра вільготнае. В. Вольскі. Ноч была цёмная, пахмурная. Асіпенка.

2. перан. Змрочны, невясёлы. Усюды заўважалі мы пахмурны настрой у людзей. Лынькоў. Дзён праз колькі новенькая [настаўніца] стала пахмурная. Янкоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

закасцяне́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Акамянелы, цвёрды, як костка. — А было так: зямля — цэмент. Нарогамі не ўгрызціся ў цвёрдую, закасцянелую цаліну. Бялевіч.

2. перан. Тое, што і закаснелы. — Ні адна вёска не была такая цёмная, закасцянелая ў забабонах і прымхах, як Стычыны. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пу́шча, ‑ы, ж.

Вялікі масіў лесу (галоўным чынам у Беларусі і Польшчы). Белавежская пушча. Налібоцкая пушча. □ Прывольная цёмная пушча: Вялізныя ліпы, дубы, Асінніку, ельніку гушча, Між хвоі апаўшай — грыбы. Багдановіч. Пласкадонныя «чайкі» безупынна снавалі ўпоперак Нёмана, перавозячы ў пушчу насельніцтва навакольных вёсак. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)