радыя́тар, ‑а, м.

1. Прыстасаванне для ахаладжэння вады або масла, паветра ў маторах аўтамабіляў, трактараў, самалётаў і пад. Паветрана-масляны радыятар. □ Шафёр заліў ваду ў радыятар, і машына памчала далей. Кулакоўскі.

2. Награвальны прыбор цэнтральнага ацяплення, які ўяўляе сабой сістэму труб з гарачай вадой або парай унутры. Нішто не перашкаджае цяпер думаць дома, грэючы спіну каля радыятара. Шамякін.

[Ад лац. radio — выпраменьваю.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цэнтра́льны, -ая, -ае.

1. Які з’яўляецца цэнтрам (у 1 знач.).

2. Які знаходзіцца, размешчаны ў сярэдзіне, у цэнтры.

Цэнтральная вуліца.

3. Галоўны, кіруючы.

Цэнтральная ўлада.

4. Асноўны, найбольш істотны.

Цэнтральная тэма.

5. Які прыводзіць у дзеянне, абслугоўвае ўсю сістэму.

Цэнтральнае ацяпленне.

Стрэльба цэнтральнага бою — стрэльба, якая зараджаецца з задняй (казённай) часткі ствала.

Цэнтральная нервовая сістэма — асноўная частка нервовай сістэмы ў пазваночных і чалавека, якая складаецца з галаўнога і спіннога мозга.

Цэнтральны вугал — вугал, утвораны двума радыусамі якой-н. акружнасці.

|| наз. цэнтра́льнасць, -і, ж. (да 2 і 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

сатэлі́т, ‑а, М ‑ліце, м.

1. У Старажытным Рыме — узброены найміт, які суправаджаў свайго гаспадара.

2. перан. Паслугач, выканаўца чужой волі. // Дзяржава або ўрад, фармальна незалежныя, а фактычна падпарадкаваныя іншай, больш моцнай імперыялістычнай дзяржаве. Сатэліты імперыялізму.

3. У астраноміі — спадарожнік планеты. Месяц — сатэліт Зямлі.

4. Спец. У планетарных механізмах — шасцярня, якая круціцца разам з воссю вакол цэнтральнага кола накшталт спадарожніка планеты.

[Ад лац. satelles, satellitis — спадарожнік; паплечнік.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мазня́, ‑і, ж.

Разм.

1. Няўмела намаляваная карціна, неахайна напісаны тэкст. Не малюнак, а мазня. Мазня ў сшытку. □ У нацыянальнай галерэі [Швецыі], дзе выстаўлены шэдэўры Цорна і Рубенса, вісіць таксама мазня новых модных мастакоў. Мележ. // Што‑н. нядбайна, не на высокім узроўні напісанае; дрэнная, няўмелая работа. «Пэцкаль ты! Няма ў цябе ніводнай жылкі творчай. А вершыкі твае — мазня!» Корбан.

2. Няўмелая, з промахамі гульня, стральба і пад. — Што ж гэта за мазня! — з абурэннем хтосьці папракнуў цэнтральнага нападаючага. Стаховіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кало́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Памянш. да калона (у 1, 2 знач.).

2. Рад лічбаў, слоў, размешчаных па вертыкалі. Апошнія старонкі былі густа запоўнены незнаёмымі чарцяжамі і доўгімі калонкамі лічбаў. Шуцько. // Слупок тэксту ў газеце, кнізе і пад. Белыя старонкі з калонкамі вершаў заціснуты ў масіўную, цёмнага колеру, вокладку. Галавач.

3. Назва розных прыстасаванняў, якія маюць форму падоўжанага цыліндра (напрыклад, цыліндрычнага катла для награвання вады ў ваннай, прыстасаванне ў выглядзе высокага цыліндра з ручкай і кранам для адпускання вады, бензіну і інш., якія паступаюць сюды з цэнтральнага рэзервуара). На цэментавай пляцоўцы каля чырвонай бензінавай калонкі стаяла з паўдзесятка аўтамабіляў. Шамякін.

•••

Водаразборная калонка — калонка з водаправодным кранам, устаноўленая на паверхні зямлі і злучаная з водаправодам трубой.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пад’е́зд, ‑у і ‑а, М ‑дзе, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пад’язджаць — пад’ехаць.

2. ‑а. Месца, шлях, па якім пад’язджаюць куды‑н. Гарышны паклаў свой багаж на лавачку, паглядзеў на пад’езд да ракі, на гадзіннік і апусціўся на лавачку і сам. Ракітны. Ціток абышоў усю.., круговіну лесу, агледзеў, як дбалы гаспадар, усе пад’езды і выезды. Лобан.

3. ‑а. Уваход (звычайна крыты) у будынак. Каля цэнтральнага пад’езда Дома ўрада стаялі грузавыя машыны. Якімовіч. Людзі кідаліся ў двары, у парадныя пад’езды. Лынькоў. Герояў Сацыялістычнай Працы яшчэ не так многа, і калі ўжо ў вашым доме жыве герой, дык яго, як і чэмпіёна свету, ведаюць усе: і ў якім пад’ездзе ён жыве, і па якім паверсе, і якая нават кватэра... Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цэнтра́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца цэнтрам (у 1 знач.). Цэнтральны пункт.

2. Які знаходзіцца, размешчаны ў сярэдзіне, у цэнтры (у 2 знач.). Цэнтральны пападаючы (у футболе). Цэнтральная пешка (у шахматнай гульні). // Які знаходзіцца не на ўскраіне, у цэнтры чаго‑н. Косця знайшоў вольны час, сабраў у брыгадзе ўсю пошту і паехаў на цэнтральную сядзібу. Адамчык.

3. Галоўны, кіруючы. Цэнтральны камітэт. Цэнтральная ўлада. □ Слава нашай Камуністычнай партыі і яе баявому штабу — Цэнтральнаму Камітэту! «Звязда». // Які аб’ядноўвае і каардынуе якую‑н. дзейнасць. Цэнтральны тэлеграф. Цэнтральная выбарчая камісія. // Асноўны, найбольш істотны; важны. Цэнтральны вобраз. Цэнтральная тэма.

4. Які прыводзіць у дзеянне, абслугоўвае ўсю сістэму. [Шура:] — Але справа ў тым, што я жыву ў доме з цэнтральным ацяпленнем і з газавай плітою. Васілёнак.

5. У матэматыцы — утвораны двума радыусамі якой‑н. акружнасці (пра вугал).

•••

Стрэльба цэнтральнага бою гл. стрэльба.

Цэнтральная нервовая сістэма гл. сістэма.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́клік, ‑у, м.

1. Кліч, прызыўны гук. [Коля і Дзіма] стаялі так сцішыўшыся, чакаючы, ці не паўторыцца яшчэ раз гэты жывы дзіўны гук, у якім нават тугое на слых вуха магло ўлавіць нейкі трывожны заклік. Якімовіч. А гэта што — ледзь чутны крок? Ці проста шоргнула ігліца? Ці, заклік чуючы, знарок заварушылася глушыца? А. Вольскі.

2. Запрашэнне, просьба прыйсці, з’явіцца куды‑н. Пачулі працавітыя людзі заклік свайго збаўцы, і пакінулі яны хто молат, хто кельню, хто плуг, хто серп і валам павалілі да свайго волата. Пальчэўскі.

3. Прапанова або патрабаванне дзейнічаць, паводзіць сябе пэўным чынам. Пры .. [Нявідным] было некалькі брашур.., адозвы да працоўнай беднаты з заклікам адкрыта ўступаць у бой з класавым ворагам. Колас. [Ніна] выступае з заклікам, каб кожны інжынер меў асабісты план удзелу ў асваенні новай прадукцыі. Шыцік. // Вусны або пісьмовы зварот, які ў кароткай форме выражае кіруючую ідэю, палітычнае патрабаванне; лозунг. Першамайскія заклікі Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Савецкага Саюза.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адбы́ць, ‑буду, ‑будзеш, ‑будзе; зак.

1. што. Выканаць якую‑н. павіннасць, абавязак; прабыць вызначаны тэрмін дзе‑н. Цімох Будзік.. адбыў два гады арыштанцкіх рот за падпал панскай стадолы, сядзеў як крымінальнік. Колас. Фёдар недзе ў Сібіры адбыў пакаранне за ўдзел у нейкай рэвалюцыйнай справе. Корбан. // Выканаць што‑н. фармальна, як бы з-пад прымусу. Корч не любіць, каб рабілі абы-як, абы адбыць. Мележ. А з паперай той у канторы толькі фармальнасці адбылі, па кнігах пазапісвалі: калі мясцком накіроўвае, значыць, ведае каго! Шынклер.

2. Паехаць, адправіцца куды‑н. З Цэнтральнага штаба паведамілі, што партызан Уладзімір Струн пасля лячэння ў шпіталі выпісаўся і адбыў на фронт. Сабаленка.

3. што. Правесці, зрабіць, закончыць што‑н. [Вадзіцель:] — Дык ты, брат, як адбудзеш усе там справы ў вашым бюро, заходзь начаваць да мяне на Пушкінскі пасёлак. Васілевіч. Як вяселле адбылі, Тады прыкмеціў, Вочы карыя былі... На цэлым свеце Прыгажэйшых не знайсці. Дзяргай.

4. Абысціся, абмежавацца чым‑н. нязначным, лёгкадаступным. [Дзед Мікола:] — А небарака Васіліса, наша паварыха, зусім разгубілася: што варыць? Тут варэнікамі, пельменямі ці пловам не адбудзеш. Скрыпка. Дзякуем не адбудзеш. Прымаўка.

5. Прабыць дзе‑н. пэўны тэрмін; закончыць сваё знаходжанне дзе‑н. І вось ужо адбылі, адгасцявалі, збіраюцца ехаць: Пятро з сынком Валодзькам зноў — у той свой далёкі Тамбоў, а Адам з Мікіткам паедзе ў Віцебск. Ракітны.

•••

Не адбудзе, не прыбудзе — не будзе ні выгады, ні страты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

труба́, ‑ы; мн. трубы, труб; ж.

1. Доўгі пусты ў сярэдзіне прадмет круглага сячэння, прызначаны для правядзення вадкасці, пары, дыму і пад. Водаправодная труба. Каналізацыйная труба. Трубы цэнтральнага ацяплення. □ Яе чуваць было характэрнага гудзення станкоў, пракураная труба кацельнай не дыміла. Лынькоў. // Аптычны прыбор або частка яго такой формы. Труба тэлескопа. // Апарат для перадачы распараджэнняў у машыннае аддзяленне судна.

2. Духавы медны музычны інструмент з раструбам на канцы. Сола для трубы з аркестрам. □ Заўсёды, у любую часіну, Як клікалі трубы ў паход, Сцяной уставаў за Айчыну Твой мужны, бясстрашны народ. Матэвушаў. // Дудка з раструбам, звычайна з бяросты. І вярталіся з пашы Каровы з лагодным рыканнем Пад вячэрнюю песню Берасцянай трубы. Панчанка. Хлопец сядае пад дрэўца, выцягвае з кайстры берасцяную трубу, падносіць да губ. Гамолка. // Раструб (грамафона, рэпрадуктара і пад.). Грамафонная труба.

3. Канал у арганізме для сувязі паміж асобнымі органамі. Еўстахіева труба (злучае поласць вуха з глоткай). Матачная (фалопіева) труба (тое, што і яйцавод).

4. У мове паляўнічых — хвост лісы.

5. у знач. прысл. трубой (‑ою). Прама ўверх, вертыкальна. Задраўшы ўгору хвост трубою, Сама давольная сабою, Снуецца Такса між кустамі. Колас. — Як на тарфянішчы жыты? — Ўсталі, брат, трубою. Броўка.

6. у знач. прысл. трубой (‑ою). Раструбам. Скласці далоні трубой.

7. безас. у знач. вык., каму-чаму і без дап. Гібель, пагібель. Вядзьмар за дапамогаю — да чорта, да самага д’ябла: — Ратуй! Інакш — труба! Мая ўлада ўжо аслабла, Мне не па сілах барацьба... Валасевіч.

•••

Аэрадынамічная труба — лабараторная ўстаноўка, якая стварае моцную плынь паветра для эксперыментальнага вывучэння з’яў, што вынікаюць пры абцяканні цвёрдых цел паветрам.

Дымагарныя трубы — трубы ўнутры паравога катла, па якіх праходзяць газы з топкі і саграваюць ваду.

Маставая труба — збудаванне, якое прапускае ваду пад дарогай або насыпам.

Падзорная труба — аптычны прыбор для наглядання на далёкай адлегласці.

Вылецець у трубу — разарыцца ўшчэнт.

Ерыхонская (іерыхонская) труба — пра вельмі гучны голас; пра чалавека з такім голасам (ад назвы горада Іерыхона).

Прайсці (праз) агонь, ваду і медныя трубы гл. прайсці.

У трубы віцца гл. віцца.

Хвост трубой гл. хвост.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)