шука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што і чаго.

1. Старацца знайсці, выявіць (скрытае, схаванае, згубленае). Дрыготкімі ад узрушанасці рукамі .. [Маша] шукае плацце і не можа знайсці. Мележ. Было чуваць, як .. [незнаёмы] атрасаецца ад дажджу, доўга выцірае ногі і шукае ўпоцемках клямку. Грахоўскі. Памуляліся швагры — нічога не зробіш: трэба ехаць шукаць кабыліцу. Якімовіч. [Крамарэвіч] доўга шукаў сцежкі. Чорны. // Займацца пошукамі, старацца даведацца пра наяўнасць, месцазнаходжанне каго‑, чаго‑н. Шукаць кватэру. □ Як толькі прыходзіў свежы нумар газеты, Міхалка з нецярплівасцю шукаў на яе слупках сваю карэспандэнцыю. Бядуля. [Таня] мусіла брыгадзіра шукаць, а брыгадзір, сказалі ёй, недзе ля трактара, у полі. Гроднеў. // Прабівацца, рабіць праход, выйсце адкуль‑н. Глядзі — скрозь ковы ледзяныя Сачацца кропелькі жывыя, Дарогу новую шукаюць І лёд вадою заліваюць. Колас. Туман. Раса шукае выйсця — Стрывожаная вецярком, З пажоўклых жылаватых лісцяў, Нібы з далоняў, лье цурком. Панчанка.

2. Дабівацца, патрабаваць чаго‑н., старацца атрымаць што‑н. Шукаць сустрэч. Шукаць дапамогі. □ Вольга Аляксандраўна доўга шукала работы. Новікаў. [Шабуня] нібы шукаў падтрымкі ў камісара. Мележ. Верка ўпарта шукала выпадку бліжэй пазнаёміцца з Косцем. Карпюк. // Імкнуцца, крочыць да чаго‑н. новага, перадавога, больш дасканалага. Шукаць, ствараць Такое трэба нам сугучча, Дзе б сэрца Леніна жыло, — Яно да дружбы неўміручай Народы нашы прывяло. А. Александровіч. Цьфу! Якая гэта агіднасць! — думаў далей малады настаўнік: — Жывеш, складаеш планы, чагось шукаеш, чагось дабіваешся, спадзяешся, а прыйдзе час — і ты будзеш труп, гніль, спажытак чарвей. Колас.

•••

Бобу ў гаросе шукаць — рабіць што‑н. бяссэнснае, недарэчнае, бязмэтнае.

З хлеба крошак шукаць — быць незадаволеным тым, што ёсць, рэальна існуе.

Удзень са свечкаю (днём з агнём) шукаць — пра тое, што вельмі цяжка, немагчыма адшукаць, знайсці.

Цераз хлеб ды хлеба шукаць — ад добрага ды шукаць лепшага.

Шукаць вачамі — імкнуцца ўбачыць каго‑, што‑н. [Партызаны] вярнуліся ў сасоннік, дзе Шура начаваў, — ён шукаў вачамі мясціну, выкладзеную хваёвымі лапкамі, і не знаходзіў. Навуменка.

Шукаць ветру (лавіць вецер) у полі — пра марныя пошукі каго‑н.

Шукаць гуза — нарывацца на непрыемнасці.

Шукаць дурняў — старацца абхітрыць, падмануць каго‑н.; хітрасцю прымушаць каго‑н. рабіць што‑н.

Шукаць лёгкага хлеба — пазбягаць цяжкасцей, старацца ўсё рабіць, не прыкладаючы ўласнай працы, намаганняў.

Шукаць пятлі на шыю — лезці ў небяспечныя, рызыкоўныя справы.

Шукаць слоў (слова) — з цяжкасцю падбіраць патрэбныя словы, мець цяжкасці з выражэннем думак.

Шукаць учарашняга дня — спадзявацца вярнуць тое, што назаўсёды страчана, чаго ўжо няма.

Шукаць як хлеба — надта шчыра, старанна шукаць чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дайсці́, дайду, дойдзеш, дойдзе; пр. дайшоў, ‑шла, ‑шло; заг. дайдзі; зак., да каго-чаго.

1. Ідучы ў пэўным кірунку, дасягнуць якога‑н. месца. Вера дайшла да сваёй хаты і прысела на лавачцы перад гародчыкам. Паслядовіч. Доўгім і вузкім дваром .. [Сцяпан з сястрой] дайшлі да пуні. М. Стральцоў. // Рухаючыся, дасягнуць якога‑н. месца (пра поезд, машыну, параход і пад.). Трактар дайшоў да канца і, завярнуўшыся, заняў новыя барозны. Паслядовіч. // Дасягнуць месца прызначэння (пра пісьмы, тэлеграмы і пад.). А маці, нібы адгадвала яго [сынавы] думкі, запытала: — Ліст наш ці дайшоў жа да цябе, што Макар пісаў? Галавач. // Звярнуцца да каго‑н. у вышэйшай інстанцыі (з заявай, скаргай і г. д.). — Я дайду да сакратара райкома! — крыкнуў Несцер Іпатавіч. Дубоўка.

2. Распаўсюджваючыся, дасягнуць слыху, нюху; данесціся (пра гукі, пахі і пад.). Крык не дайшоў да вушэй. □ Пах салодкі [праснакоў] дайшоў да гультайкі-дачкі. Дубоўка. // Стаць вядомым, распаўсюдзіцца (пра весткі, чуткі і пад.). Да Салаўёва неяк дайшлі чуткі, што яго збіраюцца замяняць. Шахавец. Вестка, што Язэпава золата знайшоў Базыль, дайшла і да Лукер’і. Сачанка. // Выклікаць якія‑н. пачуцці, знайсці водгук (у сэрцы, душы і пад.). [Купала:] — Ці ўдасца мне сказаць такое слова, каб дайшло яно да людскіх сэрцаў. Вітка. Выйшла маці і села побач. .. Відаць, яе паклікала сюды песня, чымсьці дайшла да сэрца. Пестрак. // Стаць зразумелым, асэнсаваным, пранікнуць у свядомасць. Да Нора не адразу дайшоў сэнс таго, што сказала гэтая прыгожая руская жанчына ў афіцэрскай форме. Шамякін. / у безас. ужыв. Мікалай стаяў і нібы не разумеў, што тут адбываецца. Нарэшце да яго дайшло. Чарнышэвіч. // Захавацца, зберагчыся да якога‑н. часу (пра паданні, помнікі пісьменнасці і пад.). Гэту ж казку-быліну людзі склалі ў свой час, а яна з той часіны і дайшла аж да нас. Машара. З глыбінь стагоддзяў дайшла да нас мара працоўнага чалавека вырвацца з няволі. «ЛіМ».

3. Змяняючыся, дасягнуць якога‑н. узроўню, распаўсюдзіцца да пэўнай мяжы (пра аб’ём, колькасць і інш.). Мароз дайшоў да дваццаці градусаў. Вада дайшла да краёў.

4. Прыйсці ў які‑н. стан, дасягнуць крайняй ступені праяўлення чаго‑н. Дайсці да знямогі. □ Толькі рускія махісты маглі дайсці да таго, каб сцвярджаць «спалучальнасць» юмаўскага агнастыцызму з матэрыялізмам Маркса і Энгельса. Ленін. Хлопец дайшоў ужо да такога стану разгубленасці, калі чалавек не здольны ні думаць, ні бачыць, ні гаварыць. Карпюк.

5. Разм. Дасягнуць разумення чаго‑н.; дадумацца, разабрацца, разведаць. Дзядзька Максім — чалавек цікаўны, пакуль да ўсіх дробязей не дойдзе — не адступіцца. Пянкрат. Мудры дзед. Век зжыў, пабадзяўся па людзях, пабачыў. Такія ў вёсцы — філосафы. Варожаць і на ўраджай і на пагоду. Дзе не розумам, то хітрасцю дойдуць... Пташнікаў.

6. Дабрацца да каго‑, чаго‑н. па парадку; настаць чыёй‑н. чарзе. Дайсці ў размове да галоўнага. □ І вось, калі першая чарка дайшла да .. [Лабановіча], ён падзякаваў гаспадару і перадаў чарку суседцы. Колас. Я адразу здагадаўся: справа дайшла да арыфметыкі. Зноў не атрымліваецца задачка. Няхай. // Дасягнуць пэўнага службовага становішча. Дайсці да чына палкоўніка.

7. Шчыльна прыстаць; стаць на сваё месца (аб тым, што падганяецца, дапускаецца, прыладжваецца). Дзверы добра дайшлі да пазоў.

8. Разм. Аслабець, выбіцца з сіл; памерці. Паранены звер дайшоў. □ — Не штука з голаду дайсці пры такой рабоце, — апраўдваючыся, пачаў Саша. Вітка.

9. Разм. Стаць гатовым (аб тым, што пячэцца, смажыцца і пад.). Пірагі дайшлі. // Даспець. Памідоры за пагодай яшчэ дойдуць.

•••

Дайсці да чыіх вушэй — стаць вядомым каму‑н.

Дайсці (да) ладу — разабрацца, дабіцца толку.

Дайсці да памяці — апрытомнець.

Дайсці да розуму — паразумнець, разабрацца ў чым‑н.

Дайсці (дабіцца) да ручкі — прыйсці ў крайне дрэнны, непрыгодны стан. Цьфу, каб ты згарэла! — вылаяўся ён праз кашаль. — Ужо і курыць не магу. Дайшоў Антось да ручкі. Брыль.

Дайсці да смаку — адчуць задавальненне ад чаго‑н., праявіць вялікую цікавасць, любоў да чаго‑н.

Дайсці да торбы — вельмі збяднець, стаць жабраком.

Дайсці сваёй галавой (розумам) — самастойна разабрацца ў чым‑н. Не мог дайсці Мікіта сваім розумам, чаго так настойліва прасіў бацька не казаць Анісіму, што ў вёску надоечы прыехала з горада Вера. Сачанка.

Дайсці свайго — дабіцца пастаўленай мэты.

Рукі не дайшлі гл. рука.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)