Сачыць ’назіраць, наглядаць за кім-небудзь, чым-небудзь’, ’адшукваць’, ’дапільноўваць’ (ТСБМ, Шат., Касп., Стан., Ласт.), ’цікаваць, высочваць, віжаваць’ (Бяльк., Гарэц.), ’пільнаваць’ (Сл. ПЗБ) ’назіраць, запільноўваць’ (Варл.) ’шукаць у галаве’ (Сержп. Прык.) ’гнаць звера (пра сабаку)’ (Сцяшк.) ’быць падобным на каго-небудзь’: сочыць бацькупадобны да бацькі (віл., глыб., Сл. ПЗБ), сочы́ць ’высочваць’ (ТС). Укр. сочи́ти ’падпільноўваць’, рус. сочи́ть ’шукаць, дапільноўваць’, ст.-рус. сочити, сочу ’адшукваць; весці судовую справу’, польск. soczyć ’паклёпнічаць, цкаваць’, чэш. sočiti ’ненавідзець; раўнаваць; абгаворваць’, серб.-харв. со̀чити ’выявіць, адшукаць’, ’даказаць’, славен. sáčiti ’лавіць’, балг. со́ча ’паказваю’. Прасл. *sočiti. Звязваюць з прасл. *sokъ ’абвінаваўца, выведнік’ і параўноўваюць з літ. sakýti, sakaũ ’гаварыць’, лат. sacît, ст.-в.-ням. sagen ’тс’ і г. д. (Бругман, IF, 12, 38; Траўтман, 255; Мюленбах-Эндзелін, 3, 603; Младэнаў, РФВ, 63, 310; Фасмер, 3, 731). Махэк₂ (566) зыходным значэннем лічыць ’дапільноўваць, адшукваць (звера)’ і супастаўляе з літ. sekù, sèkti ’ісці (следам)’, лац. sequor, ірл. sechur ’тс’, ст.-інд. sáčate ’ідзе следам’. Бязлай (Linguistika, VIII, 1, 71), славенскае слова таксама супастаўляе з літ. sèkti, лат. sekt ’ісці следам’. Аб супастаўленні слав. *sočiti з вышэйпрыведзенымі балцкімі словамі меркаваў яшчэ Фрэнкель (757, 773). Варбат (Марфан., 31–32) падтрымлівае думку Брукнера (394–395) аб зліцці ў слав. sočiti двух вышэйназваных індаеўрапейскіх гнёздаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́каць ‘крычаць на каго-небудзь, тупаючы нагамі’, ‘нападаць пастаянна на каго-небудзь’ (Нас., Некр. і Байк., Шат., Мат. Гом.), ‘гаварыць, заклікаць’ (Ян.), ‘заганяць (жывёлу), крычаць’, ‘падаўляць, прыніжаць’ (Вушац. сл.), ту́каць‑гу́каць ‘лаяць, пакрыкваць, нападаць’ (паст., Сл. ПЗБ), ту́каць‑лю́каць ‘тс’ (лаг., Гіл.), ту́кыць ‘крычаць, пагражаць’ (Яўс.; мёрск., Нар. сл.), ‘грозна пакрыкваць’ (Юрч. СНЛ), ‘крычаць, палохаць крыкам’ (Мядзв.), тукава́ць ‘напамінаць’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. рус. бранск., смал. ту́кать ‘крычаць, лаяцца’: все на ее тукают; хозяин тукал на собаку (СРНГ), серб. цімак. ту́катицкаваць, нацкоўваць’: немој да тукаш куче (СДЗб, 57, 941). Гукапераймальнае ўтварэнне на аснове выклічніка ту! (гл. ту1) для адпалохвання, запалохвання: усе дзеці як дзеці, а на цябе тукай, як на ваўка (Рэг. сл. Віц.), параўн. фразеалагізмы: на пень брахаць, на калоду тукаць ‘гаварыць недарэчнае, неразумнае, непрыстойнае’ (Даніл. Сл.), зверьху сукны, а пад нізом — хоць тукні (ветк. “на від красівы і харошы, а будзя звер-звярюга”; Palaeoslavica, 31, 168), а таксама фалькл. ту́каўшчына ‘даніна мёдам царкве за дазвол тукнуць (крыкнуць ту!) у божым храме’ (т. зв. смехаўё, запісанае Раманавым у пач. XX ст., гл. Фядосік, Рэгіян. асабл., 1973, 113). Сюды ж ту́кыньня ‘грознае пакрыкванне’ (Яўс., Юрч. СНЛ), ту́канне ‘пастаянныя нападкі’ (Нас.), ту́кнуць ‘крыкнуць, каб напалохаць’ (Яўс.), ту́кала ‘які назаляе частай лаянкай’ (Нас.), ту́кыннік ‘той, хто пакрыквае’ (Юрч. СНЛ). Гл. таксама гукапераймальныя гукаць, люкаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Патра́ва1, потра́ва ’знішчэнне травы, пасеваў жывёлай’ (ТСБМ, Нас., Грыг., Мядзв., Касп., ТС; лаг., в.-дзв., Сл. ПЗБ), брэсц. потра́вляный ’з’едзены’ (Сл. Брэс.). Рус. потрава ’патрава’, ст.-рус. потравити ’паспасваць пасевы’, серб.-харв. по̏тра ’тс’. Да трава (гл.) < прасл. trava, якое спачатку абазначала ’харч, страву для людзей’, корм для жывёлы’, а пасля ’трава’, ’пэўныя віды траў’ (Брукнер, 575; Скок, 3, 494), а ’корм для чалавека’ — страва (гл.). Лексема trava — аддзеяслоўнае ўтварэнне (ад truti, trovǫ, як slava < sluti, slovǫ). Пазней ад trava ўтварылася traviti: польск. trawić ’знішчаць’, ’выдаваць’, ’ператраўляць’, ’цкаваць’ і інш., а таксама іншая ступень чаргавання — серб.-ц.-слав. трыти, трыѭ ’церці, сцірацца’, балг. три́я ’тру, выціраю’, ц.-слав. троути ’знішчаць’. З traviti пры дапамозе прыстаўкі па‑/по‑ і ўтварыліся патраві́ць ’знішчыць’, патра́ва ’знішчэнне’.

Патра́ва2 ’страва, ежа (пераважна з травы)’ (ТСБМ, Мядзв., Яруш., Шпіл., Гарэц., Касп., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС), ’вадкая ежа’ (Сл. ПЗБ), ’скаромная ежа’ (Шн. 3), ’вараная (гатаваная) ежа’ (Нас.), ’блюда’ (бяроз., Сл. Брэс.). Укр. потра́ва ’ежа, блюда’, рус. зах., калуж.-маск. потрава ’страва, ежа’, якое Даль (3, 934) выводзіць з польскі ст.-рус. потрава ’збіранне сена, корму’; польск. potrawa ’ежа, блюда’, potraw ’атава (трава)’; чэш., славац. potrava ’ежа, харчаванне’, ’прадукты’, ’корм (для жывёлы)’, серб.-харв. по̀травнина ’плата за выпас’. Да патраві́ць, якое з po‑traviti ’ператравіць, ужыць’, ’карміць травой’, ’знішчаць’. Гл. таксама патра́ва1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)