Дрэнчыць ’мучыць’ (Нас.), ’не даваць спакою’ (БРС, Сцяшк., Бяльк.), ’сцябаць малых дзяцей’, ’моцна хацецца’ (Шат.). Запазычанне з польск. dręczyć ’мучыць; моцна ўдараць’. Шат., 88, Слаўскі, 1, 165. Аб польск. слове гл. Слаўскі, 1, 164–165. Гл. таксама Кюнэ, Poln., 51.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ру́піцца, ‑плюся, ‑пішся, ‑піцца; незак.

1. Старацца, клапаціцца, непакоіцца аб кім‑, чым‑н. Старанная дзяўчына, якая ведала і любіла сваю работу, рупілася аб калгасе, заўсёды была патрабавальнаю. Дуброўскі. Можа ў вас якая адрынка ёсць? — спытаў Андрэй, заўважыўшы, аб чым рупіцца гаспадар. Кулакоўскі.

2. Хацецца. Ім [бабулям] не сядзіцца доўга ў цяньку — Усё ім за варотцы выйсці рупіцца. Свірка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

*Но́раччу, норэччу ’настойліва, заўзята’ (ТС). Няясна; зыходны назоўнік *норэч ’ахвота; настойлівасць, заўзятасць’ быў бы блізкі да літ. norėti ’жадаць, хацець’, norėtisхацецца’, noras !жаданне, ахвота’, параўн. таксама noriai ’ахвотна’. Ці не сюды ж і славен. norėti ’дурэць, губляць галаву, захапляцца’ і асабліва noriau ’бойкі, гарэзлівы’, якія Бязлай (2, 227) выводзіць з ням. (баварска-аўстрыйскага) Narr, дыял. nęr ’дурны’?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ру́піцца ’старацца, клапаціцца, турбавацца пра каго-небудзь’, ’хацецца’ (ТСБМ), ру́піць ’трывожыць, выклікаць неспакой’, ’цягнуць, прыцягваць’ (дзярж., Нар. сл.), ’турбаваць неадвязна’ (мсцісл., Юрч. Сін.). Укр. ру́пити ’быць жаданым’, рус. дыял. ру́па ’туга па радзіме’, ру́пить ’цягнуць, хацецца’, ’трывожыць’, польск. rupie się ’старацца’, кашуб. rúpic ’цягнуць, спакушаць, вабіць; мець апетыт’, чэш. rupati, rupěti ’хрумсцець, шчоўкаць’, балг. дыял. рупа́я ’патрабаваць сілай, мучыць, турбаваць’. Прынята лічыць роднасным да літ. rūpė́ti ’трывожыць’, лат. rũpêt ’засмучаць’, літ. raupýti ’тс’, ’рыць’, англ.-сакс. réofan ’ламаць, рваць’, ст.-інд. rōpayati ’адчуваць ламоту’ (Фасмер, 3, 519). Паводле іншага меркавання, чэшскія rupati, rupěti стаяць асобна, а ўсходнеславянскія словы з’яўляюцца балтызмамі, параўн. літ. rūpė́ti ’трывожыць, заклапочваць’, rū́pinti ’клапаціць’, гл. спецыяльна Анікін, Опыт, 270–271 з літ-рай; аднак балгарскія факты (гл. БЕР, 347) сведчаць хутчэй пра генетычную сувязь. Борысь (SEK, 4, 221) следам за Слаўскім (SP, 1, 81) рэканструюе прасл. *rupiti ’грызці, кусаць, гнясці’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ру́пець, ‑піць; незак.

1. безас. каму, з інф. і без дап. Пра неадольнае жаданне рабіць што‑н.; хацецца; карцець. Кожнаму рупіла хутчэй даведацца, якую навіну прынёс з сабою Карташоў. Стаховіч. Яшчэ зірнуць з акна вагона Мне рупіць на цябе хоць раз. Смагаровіч. Міколу рупіла кінуць работу і вярнуцца да Волькі. Кандрусевіч.

2. Турбаваць, хваляваць, не даваць спакою. Лявон не баяўся таго, што яны могуць распачаць тут бойку і што будзе потым, але.. рупіла, сям’я: жонка, дзеці, бацькі. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Карце́ць ’карцець, хацецца’ (Нас., Касп., Бяльк., Шат.), ’трывожыць, непакоіць’ (Сцяшк., Сцяшк. МГ, Юрч., Янк. 1), ’згараць ад нецярплівасці штосьці зрабіць’ (Гарэц.), укр. кортить кого ’карціць зрабіць што-небудзь, падмывае зрабіць што-небудзь’, рус. кортеть ’карцець, адчуваць боль’. Апошняе значэнне можа быць крытэрыем для рэканструкцыі семантыкі праславянскага слова. Да яго добра пасуе серб.-харв. кр̀тити ’мучыць’, параўн. семантыку ў выразе тыпу «пакутлівае жаданне» або «знемагаць, чакаючы што-небудзь». Балтыйскія паралелі да прасл. kъrtiti (параўн. яшчэ балг. къртя ’ламаць, біць’, рус.-ц.-слав. чрьсти ’рубіць’): літ. kir̃sti ’рубіць’, лат. cirst (Слаўскі, 2, 71–72). Гл. таксама кароткі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

карце́ць, ‑ціць; незак.

1. безас. з інф., са злучн. «каб» і без дап. Пра неадольнае жаданне што‑н. зрабіць; хацецца; не цярпецца. Ульяне карцела спытаць, чаго Кастусь наведаўся ў такую рань, але ён сам загаварыў яшчэ здалёк. Пташнікаў. [Халімону] хацелася разважаць і карцела, каб хто-небудзь чуў гэтыя разважанні і згаджаўся з імі. Галавач. [Марына:] Ну, што ж... Калі так ужо карціць — няхай едзе. Губарэвіч.

2. Турбаваць, хваляваць, не даваць спакою. [Базыль] адчуў, што яму чагосьці не стае, па нечым смыляць рукі, нешта карціць, некуды рвецца душа. Сачанка. Маці ведае — не грыбы карцяць сыну — і дае хутчэй есці. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кало́цца 1, калюся, колешся, колецца; незак.

1. Мець здольнасць калоць (у 1 знач.). Пакоша ўжо не колецца, — бяскрайнюю раўніну.. накрыла светла-зялёная мяккасць атавы. Брыль. // Датыкаючыся да каго‑, чаго‑н., выклікаць боль (пра што‑н. вострае, калючае). Сямён шчакой прыхінаецца да.. [Машынай] шчакі, — колецца, бо даўно не галіўся. Мележ.

2. Ваюючы, б’ючыся, наносіць адзін аднаму раны вострай зброяй. А людзі? Яшчэ не пакінулі біцца, Калоцца, рэзацца... Куляшоў.

3. Разм. Бадацца; мець звычку калоць рагамі. Бык колецца.

•••

І хочацца і колецца гл. хацецца.

кало́цца 2, колецца; незак.

1. Паддавацца колцы; расшчапляцца, драбніцца. Калі не колецца палена, то ў яго ўбіваюць клін.

2. Зал. да калоць ​2.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Смалі́ць ‘паліць’, ‘хвастаць’, ‘страляць’, ‘што-небудзь хутка рабіць (напр., ісці)’ (ТСБМ, Нас., Сержп., ТС, Сл. ПЗБ), ‘абпальваць шэрсць, смаліць свінню’ (Шымк. Собр., Бяльк., Касп., Сцяшк.), ‘пыліць’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), ‘марозіць’ (беласт., Сл. ПЗБ), ‘шпарка ісці’ (Скарбы), ‘выгаварваць, дапякаць словам’ (Нас., Сцяшк.), сма́ліць безас. ‘моцна хацецца’, смыле́ць ‘моцна балець, пячы’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), смальну́ць ‘стукнуць’ (ТС), смуле́ць ‘паспешна ісці’ (ТС). Укр. смали́ти ‘абпальваць, апякаць’, ‘піць, цягнуць’, рус. зах., паўд. смали́ть ‘паліць, апякаць’, польск. smalić ‘апякаць; курыць, піць (многа)’, каш. smalëc są ‘тлець’, в.-луж. smalić ‘смаліць (свінню, курыцу)’, н.-луж. smaliś ‘паліць’. Прасл. дыял. *smaliti. Паводле Фасмера (3, 684), Брукнера (503), звязана чаргаваннем галосных з смала1 (гл.). Шустар-Шэўц (1317) у якасці і.-е. паралеляў прыводзіць яшчэ ст.-ірл. smāl, smōl, smūal ‘агонь; попел’, літ. smilkti, smilkstù ‘пыліць, дыміць’. Борысь (561–562) прапануе разглядаць *smaliti як шматкратны дзеяслоў ад прасл. *smoliti (з рэгулярным падаўжэннем каранёвага галоснага o > a, які часткова захаваўся ў славен. дыял. smolíti ‘паліць’, smolíti se ‘апаліцца, прыпаліцца’), што ўзыходзіць да незахаванага прасл. *smelti (гл. смала1). Гл. яшчэ Міклашыч, 309, 311; Покарны, 969, 971; ЕСУМ, 5, 305–306.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Магчы́, магці́ ’быць у стане’, ’мець магчымасць’ (Гарэц., ТСБМ, Шат., Бяльк.), ’верагоднасць дзеяння’, ’мець сілы выканаць’ (Сл. ПЗБ, ТСБМ, Шат., Бяльк.), махчы́ (Мал.), драг. можтэ́, можу́ (КЭС); укр. могти́, могчи́, мочи́, можу; рус. мочь, могу, ст.-рус. мочи, могу; польск. móc, mogę; н.-луж. móc, mogu; в.-луж. móc, móžu; чэш. moci, mohu (разм. můžu); славац. môcť, môžem; славен. móči, morem; серб.-харв. мо̀ћи, мо̀гу, макед. може, балг. мо́га; ст.-слав. мошти, могѫж. Прасл. mogťi, mogǫ з’яўляюцца рэліктам непадвоенага перфекта атэматычнага дзеяслова (гл. Трубецкой, Slavia, 1; Ваян, RÉS, 14, 27; Траўтман, KZ, 46, 180; Фрэнкель, IF, 53, 57; Бернекер, AfslPh, 38, 269). Таксама як і адзіны адпаведнік і.-е. *māgh‑/*mōgh‑ ’быць у стане’ ў герм. мовах: гоц., ст.-в.-ням. magan, mag, ням. mag, mögen (Махэк₂, 371), гэты славянскі дзеяслоў не мае самастойнага рэальнага значэння, а толькі вызначае пэўную акалічнасць пры дзеі. Збліжаецца некаторымі вучонымі з літ. magė́tiхацецца’, māgulas ’шмат які’ (Буга, РФВ, 72, 192), параўн. чэш. moc ’многа’, ст.-інд. mahān ’вялікі’, maha‑raja ’вялікі цар, махараджа’, лац. magaus ’вялікі’, літ. magùs ’жаданы’, mė́gti ’мне падабаецца’, mokė́sti ’магчы’, лат. mêgt ’тс’ (Эндзелін, RS, 11, 37). Гл. таксама Фасмер, 2, 635–636; Брукнер, 342; Скок, 2, 446–247 з л-рай; Бязлай, 2, 190. Сюды ж мага́ (гл.), магу́тны (гл.), маге́нне ’магчымасць, сіла’ (Нас.), магчыма ’можа, быць можа’ (ТСБМ, Гарэц.), магчымасць, магчымы ’які можа здарыцца, адбыцца’, ’які можна здзейсніць’ (ТСБМ, Гарэц., Касп.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)