аху́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Укрыць з усіх бакоў, абгарнуць чым‑н.; захутаць. Ахутаць шыю шалікам.

2. перан. Пакрыць чым‑н., агарнуць. Шэрань заслала палі, схавала абрысы ўзгоркаў і пералескаў, ахутала бярозавыя гаі і прысады ля дарог. Хадкевіч. Цёмная восеньская ноч ахутала Неапалітанскі заліў. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уткну́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́; -ну́ты; зак., што ў што.

1. Прымусіць пранікнуць, увайсці, усадзіць што-н. вострае, тонкае.

У. іголку ў клубок.

2. Схаваць, укрыць у што-н.

У. твар у каўнер.

3. Уперці ў што-н.

У. нос у шыбу.

Уткнуць нос у што (разм., неадабр.) — паглыбіцца ў разгляданне чаго-н., пераважна ў чытанне.

Сядзеў, уткнуўшы нос у кніжку.

|| незак. утыка́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

уста́віць, -та́ўлю, -та́віш, -та́віць; -та́ўлены; зак., што.

1. у што. Паставіць, змясціць у сярэдзіну чаго-н.

У. шыбу ў раму.

У. зубы (штучныя). У. слова ў размову (перан.)

2. чым. Заняць, укрыць паверхню.

У. стол ядой.

3. перан., у каго-што і каго-што. Нерухома ўтаропіць на каго-, што-н. (вочы, позірк).

У. позірк у прастору.

|| незак. устаўля́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е.

|| наз. уста́ўка, -і, ДМ -ўцы, ж. (да 1 знач.) і устаўля́нне, -я, н. (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

агарну́ць, агарну́, аго́рнеш, аго́рне; агарні́; аго́рнуты; зак., каго-што.

1. Укрыць з усіх бакоў, абкруціць, абгарнуць.

А. коўдрай дзіця.

2. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), перан. Настаць, заспець (пра ноч, цемру і пад.).

Змрок агарнуў зямлю.

3. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), перан. Апанаваць, завалодаць, захапіць, ахапіць каго-н.

Думкі пра дом агарнулі хлопца.

Млявасцю агорнута ўсё цела.

4. Абняць, абхапіць, ахапіць.

Полымя агарнула ўвесь дом.

|| незак. аго́ртваць, -аю, -аеш, -ае.

|| звар. агарну́цца, агарну́ся, аго́рнешся, аго́рнецца; агарні́ся; незак. аго́ртвацца, -аюся, -аешся, -аецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

агарну́ць, агарну, агорнеш, агорне; зак., каго-што.

1. Укрыць з усіх бакоў, абкруціць. Іван, нічога не кажучы, агарнуў адзежынай худыя, вострыя плечы [Джуліі]. Быкаў. // Абняць, абхапіць каго‑, што‑н. Аберуч агарнуў [хлопчык], як з маткаю абняўся, І ў споласе сачыў за бамбавозам, І нават у пажары не расстаўся з бярозай. Вітка. // перан. Настаць, заспець (пра ноч, цемру і пад.). Зося гэтак шчыра запрацавалася, што не пабачыла, як яе агарнула ноч. Чарот. Ціхі летні вечар агарнуў зямлю. Якімовіч.

2. перан. Завалодаць, захапіць, падпарадкаваць сабе; адолець, апанаваць. Дома Міця доўга не мог супакоіцца. Думкі пра Сюзану ўладна агарнулі душу. Навуменка. // Ахапіць каго‑н. (пра пачуцці, стан). [Іван і Джулія] не здолелі прайсці таемна, адкрылі сябе, ззаду застаўся сведка, і непакой з новаю сілай агарнуў хлопца — выдасць аўстрыяк ці не? Быкаў. [Язэп:] — «Што ты, Віктар, выдумляеш, хто пра мяне гаворыць?» А ў самога сэрца ў пяткі заскочыла, і млявасць агарнула ўсё цела. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Апрата́ць (БРС), апра́тваць (Сцяц.), апря́тывыць, ‑цца (Бяльк.), апра́та́цца (Сцяшк.); апра́таць, ‑ацца, ‑ваць ’агледзець, памыць (дзіця, сябе, хворага, нябожчыка)’ (Янк. II); апратка (Яруш., Гарэц., Др.-Падб., Сцяшк., Жд.), опратка (Клім.), вопратка (БРС). Рус. дыял. опрятывать(ся) ’прыбіраць, прыводзіць у парадак; памыць, вычасаць, апрануць; пахаваць нябожчыка, абмыць, адзець яго’, рус. опрятный ’ахайны’ (аб яго паходжанні Булахоўскі, Труды ИРЯ, 1, 180–181; Львоў, РР, 1968, 3, 66), укр. опрятувати, опратувати, прятати, опратати ’прыбраць; апрануцца ў прыгожае адзенне’; прятати ’ўбіраць, хаваць нябожчыка’; апратний ’ёмкі’ (Паламарчук, ЛБ, 6), польск. oprzątač ’убіраць, у прыватнасці наглядаць за дамашняй жывёлай’, sprzątać ’прыбіраць, убіраць’, славац. spratať ’убіраць, хаваць; есці’, spratný ’ёмкі; уступчывы (пра чалавека)’, балг. опретвам ’пачынаю працу, рыхтуюся да працы’, за̀претвам ’пачынаю працу, закасваю рукавы’, серб.-харв. за̀претати ’засыпаць вуголле попелам’, магчыма (паводле Праабражэнскага, Фасмера), славен. spréten ’спрытны, лоўкі’, ст.-бел. опрятка (Анічэнка, Праблемы філал., 11), опратали ’абмылі’ (1562, Карскі, Труды, 206). Ст.-рус. опрятати ’ўбраць, укрыць; падрыхтаваць нябожчыка да пахавання’, опрятатися ’прыбраць сябе, падрыхтавацца да смерці’, ст.-слав. пратѧти ’ўціскаць, стрымліваць’. Апратаць ад *pręt(ati) ’хаваць’ (// *prǫt‑) з развіццём значэнняў: ’пакрываць’ > ’апранаць’ > ’чапурыцца’ ці ’хаваць непатрэбныя рэчы’ > ’убіраць’ > ’мыць’; ’хаваць нябожчыка’ > ’рыхтаваць да пахавання’ > ’мыць’. Гэтыя значэнні ў сваім развіцці перакрыжоўваліся. Беларуская мова найбольш развіла ў словах вопратка (апратка), апратаць значэнні ’адзець’, што дае пэўную падставу для сцвярджэнняў аб «уласнабеларускім» характары згаданых слоў (адпаведныя рускія і ўкраінскія факты пашыраны найбольш на тэрыторыі, блізкай да Беларусі). Супрун, Веснік БДУ, 1971, 2, 62–64. Гл. апранаць1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

уста́віць, устаўлю, уставіш, уставіць; зак., што.

1. Паставіць, змясціць унутр, у сярэдзіну чаго‑н. Уставіць шкло ў раму. □ [Сымон] зайшоў у свіронак, забраў Андрэеву асьміну, якую перад гэтым склаў і ўставіў новае дно, і панёс яе да Андрэя. Чарнышэвіч. Калі з алмазнага пярсцёнка ўставіць у разец крышталь — пад ім засвішчуць стружкай тонкай тытан і бранявая сталь. Русецкі. // Сказаць, уключыўшы ў чыю‑н. размову сваю заўвагу і пад. Стане ажыўлена і весела, глядзіш — ужо нехта кінуў жарт, другі ўставіў трапнае слова, дружны смех нібы ўскалыхнуў сцены. Хадкевіч. — Праўда, Алесь, прыходзь, каяцца не будзеш, — уставіў сваё слова і Мікітка. Сіняўскі. // Запісаць, упісаць куды‑н. З вамі адкрыта, а вы, як толькі што, і ўставіце прозвішча ў артыкул. «ЛіМ». // Унесці дадатак у рукапіс. Уставіць прапушчанае слова.

2. Заняць, укрыць усю паверхню. Умомант пасярод пакоя паставілі стол, накрылі яго абрусам, уставілі бутэлькамі і смажанінай. Лупсякоў. Назаўтра, каля паўдня, увесь заямнінскі дзядзінец уставілі фурманкі. Пальчэўскі.

3. Пільна глядзець на каго‑, што‑н. Мальвіна вушы навастрыла, у мужа ўставіла свой зрок. Колас.

•••

Уставіць вочы — тое, што і уставіць (у 3 знач.).

Уставіць мазгі — прымусіць зразумець памылку, змяніць погляд, думку.

Уставіць свае тры грошы — тое, што і уткнуць свае тры грошы (гл. уткнуць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уткну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.

1. Прымусіць пранікнуць, увайсці ўглыб, унутр што‑н. вострае, тонкае; усадзіць. Уткнуць іголку ў клубок. □ Уткнуўшы косы ў мокрую ад расы траву, касцы ідуць снедаць. Нядзведскі. Маці нажала крапівы, паслала ў хляве і серп уткнула ў сцяну над дзвярыма. Бядуля. Жур счуў, што гутарку трымаюць пра яго, і тапор свой уткнуў у бервяно. Баранавых. // Сунуць куды‑н., унутр чаго‑н., за што‑н. Я ўткнуў газету ў кішэню, паправіў шалік на шыі і хутка пайшоў да тралейбуса. Мыслівец. Астап пакінуў капаніцу, Ляйчыну ўткнуў за паясніцу, Каб упраўляць сяк-так канём. Трус.

2. Схаваць, укрыць твар, галаву і пад. у што‑н. Па тратуарах, уткнуўшы насы ў каўняры, праходзілі рэдкія пешаходы. Гурскі. Меншы, Косцік.. уткнуў у падушку галаву, раскінуў ручкі. Васілевіч.

3. Уперці ў што‑н. Уткнуць нос у шыбу.

•••

Носа не ўткнуць — тое, што і носа не ўбіць (гл. убіць).

Уткнуць нос у што, куды — засяродзіцца на чым‑н., захапіцца чым‑н.

Уткнуць (уваткнуць, усунуць, уставіць) свае тры грошы — умяшацца ў чужую гаворку, калі не просяць; сказаць што‑н. неўпапад.

Уткнуць (уваткнуць, усадзіць, усунуць) свой нос (язык) — умяшацца не ў сваю справу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)