прыміры́ць, ‑міру, ‑мірыш, ‑мірыць; зак., каго-што з кім-чым.

1. Пакласці канец сварцы, варожасці паміж кім‑н. Смерць можа часова прымірыць нават самых заўзятых ворагаў... Ваданосаў. Мачыха сядзела, гаманіла з Глушачыхай, з Глушаком, чапляла часам маўклівага, ваўкаватага Яўхіма — усё намагалася палагодніць, прымірыць усіх з Ганнаю. Мележ. // перан. Згладзіць супярэчнасці паміж чым‑н.; узгадніць што‑н. з чым‑н. Прымірыць навуку і рэлігію багасловы неаднойчы спрабавалі. «Полымя». Мне хацелася, даўно хацелася прымірыць горад і вёску ў сваёй душы, і гэта была самая патаемная і самая душэўная думка. М. Стральцоў.

2. Прымусіць памяркоўна аднесціся да каго‑, чаго‑н. Мы асабліва не заўважаем бегу часу і ўсё хочам прымірыць нас ранейшых з намі цяперашнімі. Сіпакоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

увяза́ць 1, увяжу, увяжаш, увяжа; зак., што.

1. Абвязаць з усіх бакоў, кругом; абвязаўшы, прывязаць да чаго‑н. Увязаць воз. □ Слабодчыкаў сам склаў на каляску насечаныя дровы, увязаў іх. Хомчанка. [Каню] сена ахапачак на пень, а сам давай бярвенне да саней на сабе падцягваць. Увязаў ланцугом. Дубоўка. // Сабраўшы што‑н., звязаць чым‑н. або, змясціўшы ў што‑н., завязаць. Увязаць рэчы ў посцілку. □ Тады .. [бабка Вера] з Нікадзімам наспех увязалі два вузлы, ускінулі іх на плечы і пабеглі разам з іншымі да бліжэйшага балота. Лупсякоў. Увязала [Галя] трохі сухароў, кавалачак сала. Клунак атрымаўся ладнаваты. Сабаленка.

2. перан. Узгадніць, прывесці ў адпаведнасць з чым‑н. Увязаць тэорыю з практыкай. □ [Каваль] не мог уявіць сабе ўсю панараму будаўніцтва і ўвязаць сваю маленькую працу з агульнымі вынікалі. Савіцкі.

3. Уплесці вязаннем, вывязаць.

увяза́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да увязнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уладкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак.

Разм.

1. што. Прывесці ў належны парадак што‑н.; наладзіць як след. Старэйшыя дзяўчынкі сталоўку падмятаюць, хлопцы асцярожна ёлку ў кут перасоўваюць. Назаўтра, да снедання, трэба ўсё ўладкаваць. Нядзведскі. Раніцаю на завод .. [Міхал] пайшоў з жаданнем як мага хутчэй вярнуцца, каб уладкаваць яшчэ што-небудзь у кватэры. Карпаў. // Давесці да канца якую‑н. справу. — Яшчэ не снедалі? — спытала Таня. [Максім:] — Снеданне потым... Перш-наперш трэба з начальствам пагутарыць, усё ўладкаваць. Машара. Каб я расказаў усю праўду гэтаму даволі прыстойнаму і добрасумленнаму чыноўніку, ён, мабыць, справу ўладкаваў бы. Карпюк. // Узгадніць, прымірыць, урэгуляваць непаразуменні, канфлікты і пад. Думаў [Азарчук] памагчы ўладкаваць .. адносіны [Змітрака] з Інай, хацеў памірыцца з Змітраком, пасябраваць, а выйшла наадварот. Ваданосаў.

2. каго-што. Стварыць неабходныя ўмовы для жыцця, існавання. Не ставала часу, каб падумаць пра самога сябе, неяк уладкаваць асабістае жыццё. Шахавец. // Прыстроіць каго‑н. куды‑н., даць месца для жылля і пад. Пусціўшы ў ход свае здольнасці, я нават уладкаваў .. [Стасю] ў гасцініцу. Навуменка. [Таня і Вера:] «Калі надыдзе пара радзіць, мы зможам уладкаваць цябе ў радзільны дом». Машара.

3. каго. Дапамагчы паступіць на работу, вучобу. Прыехаў дзядзька-рачнік, забіў аполкамі дзверы і вокны хаты і забраў з сабой Максіма ў горад, уладкаваў на параход матросам... Каршукоў. Пасля Новага года ў той жа Рызе мяне ўладкавалі добрыя людзі на прыватныя вячэрнія курсы для дарослых. Мядзёлка.

4. каго-што. Зручна размясціць, палажыць, паставіць і пад. [Іліо] дапамог байцам хутка ўладкаваць Васіля Іванова на насілкі .. і даў знак хутчэй несці цяжкапараненага камандзіра. Кавалёў. Рыбак памог .. [Сотнікаву] перабрацца на лаўку, уладкаваў на ёй параненую нагу. Быкаў. — Перадайце яму, Максімку, што будуць у яго галубы, — хрыплым голасам папрасіў .. [дзядзька Барыс]. — Я галубятню сваю дзе-небудзь паблізу ўладкую... Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ула́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.

1. што. Давесці да шчаслівага, жаданага канца якую‑н. справу. Антось і Ганна не знаходзяць, Што адказаць і што парадзіць І як пытанне гэта ўладзіць. Колас. — Я быў у лагеры, рускі, — кажа [базар] мне з відавочным задавальненнем, што ўсё яму давялося ўладзіць. — Ты будзеш тут, пакуль не паправішся... Ракітны. [Валерый] згадзіўся з’ездзіць у горад, уладзіць тое-сёе за прараба і запасціся бланкамі для справаздач. Б. Стральцоў. // Узгадніць, прымірыць, ліквідаваць (разыходжанні, супярэчнасці, непаразуменні і пад.). Сто чалавек — калектыў не маленькі. Каб усе працавалі ў поўную сілу, трэба і паставіць кожнага на сваё месца, і памагчы, калі спатрэбіцца, і канфлікт часам уладзіць. Палтаран. // з чым і без дап. Узяць на сябе вырашэнне чаго‑н., забеспячэнне чым‑н. [Гэля:] Зойдзем, Рыгор... Табе далёка ісці дамоў... Я ўладжу з начоўкаю. Гартны. [Галай:] — А што, каб табе тут астацца? Мясціны ціхія, а людзі добрыя. Га? Наконт кватэры не турбуйся, уладжу. Асіпенка.

2. каго. Стварыць неабходныя ўмовы для жыцця, існавання; уладкаваць. Гвозд запытаўся, ці добра яго, Зыбіна, уладзілі, якая ў яго кватэра, якая зарплата. Мележ.

3. каго. Разм. Змясціць, прыстроіць каго‑н. куды‑н.; даць месца для жылля і пад. Уладзіць хворага ў шпіталь. Уладзіць на кватэру. □ Муж палажыў .. [хворую жонку] ў бальніцу, дзяцей уладзіў у школу-інтэрнат... Лужанін. // Дапамагчы паступіць на работу, вучобу. Дзевяць дзён пайшло на тое, каб уладзіць Рыгора на працу. Гартны.

4. каго-што. Зручна размясціць, палажыць, паставіць і пад. Лёгка адкінуў [Васіль] ад другіх адну калоду, уладзіў, каб не круцілася, замахаў сякерай. Мележ. Джвучка адхінуўся ад стала і ўладзіў локці на падаконнік. Пташнікаў.

5. што. Разм. Арганізаваць якое‑н. мерапрыемства.

6. каму. Разм. Унаравіць, дагадзіць. [Іван Трахімавіч:] — Нешта я не памятаю ніводнага выпадку, каб табе ўладзіла хоць адна краўчыха. Корбан.

7. што. Разм. Прывесці ў належны парадак; наладзіць як след. Няма нікому забароны Уладзіць дом свой, дабрабыт. Май, васпан, толькі розум, спрыт І не выходзь з граніц закону. Колас. // Наладзіць, зрабіць прыгодным для работы, карыстання. [Крэмез:] — Станок уладзілі, а хлопцы ў мяне цяпер, як шалёныя, працуюць. Шынклер.

8. Разм. Паспець прыйсці, прыехаць куды‑н. у пэўны час, момант. Ехаў [Іван] дамоў і ўладзіў якраз на рада[ў]ніцу. Кудравец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)