Ту́заць ‘торгаць, цягаць рыўкамі, рэзкімі рухамі’, ‘біць, калаціць, трэсці’, ‘рваць (пра вецер)’, ‘не даваць спакою, дакучаць патрабаваннямі’, ‘рытмічна торгаць (пра боль)’ (ТСБМ, Гарэц., Бяльк., Касп., Байк. і Некр., Шат., Яруш., Чач., Др.-Падб., Сержп. Прымхі, Скарбы₂, Сл. Брэс.), ‘мучыць, мардаваць’ (Ласт.), ‘ванітаваць, нудзіць’ (ТСБМ; лаг., Гіл.; пух., навагр., Сл. ПЗБ); ‘выпростваць мокрую аснову пасля апрацоўкі лугам’ (в.-дзв., Шатал.), ту́заты ‘расцягваць (воўну)’ (пін., Сл. Брэс.), ‘торгаць’ (Клім.), ‘торгаць, балець (пра рану, зуб)’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), тузну́ты, тузыну́ты ‘таргануць, тузануць’ (драг, Нар. лекс.), ту́знуцьтузануць’ (ТС), тузну́ць ‘тс’ (мёрск., Нар. сл.), тузяну́ць ‘торгаць, асабліва пры бойцы’ (Шат.), ту́зацца ‘рабіць хуткія, рэзкія рухі, рыўкі’, ‘уздрыгваць’, ‘штурхаць адзін аднаго, піхацца, біцца, змагацца’, ‘дужацца’, ‘важдацца з кім-небудзь’ (ТСБМ, Гарэц., Чач., Касп., Байк. і Некр.; ашм., беласт., Сл. ПЗБ), ‘вырывацца’ (Варл.), туза́ць ‘мардаваць, лаяць’ (Нас.), туза́тыся ‘штурхацца’ (кам., ЛА, 2); сюды ж туза́ла, туза́н ‘удзельнік бойкі’ (Байк. і Некр.), ту́занне, тузаніна ‘валтузня, важданне’ (там жа), ‘клопат, неспакой’ (Варл.). Укр. ту́зати, туза́ти ‘штурхаць, біць’, ту́затися, тузи́ти ‘бароцца, спрачацца’, ‘штурхацца’, туса́ти ‘штурхаць, таўчы’, рус. тузи́ть ‘біць кулакамі’, н.-луж. tuskaś ‘штурхаць’, tusnuś, tłusnuś ‘тс’, ‘трэсці’, ‘ціснуць, мяць’, польск. tuzać, tuzować ‘біць’, ‘лаяць’, ‘разбіваць (ворага)’. Дапускаюць паходжанне лексемы з туз1 — ‘біць казырным тузом, хадзіць з козыра’ (Фасмер, 4, 115; Брукнер, 585). Больш імаверна імітатыўнае паходжанне (Арол, 4, 114), параўн. тузгаць, турзаць (гл.), літ. tūzgénti ‘грукаць, лопаць з глухім гулам’. Сюды ж экспр. тузо́къць ‘тузаць’ (мёрск., Нар. сл.), тузь — пра шморганне (мсцісл., Нар. лекс.), тузе́ль ‘цоп’ (Варл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

падсячы́ і падсе́кчы, ‑сяку, ‑сячэш, ‑сячэ; ‑сячом, ‑сечаце; пр. падсек, ‑секла; заг. падсячы; зак., каго-што.

1. Надсячы знізу. Падсекчы пласт вугалю. Падсячы камель сасны. □ [Язэп] падсек дзве.. [бярозы]. Зрабіў лубкі, і першыя кроплі бярозавіку скаціліся па іх у прынесеную пасудзіну. Асіпенка.

2. і чаго. Разм. Насячы дадаткова, яшчэ трохі. Падсячы дроў.

3. перан. Разм. Падарваць асновы чаго‑н., прывесці ў заняпад што‑н. Падсекчы прыбыткі гаспадаркі. □ — Падсякуць, брат, заработкі мне, — казаў.. [Шкель]. Колас. // Рэзкай заўвагай збянтэжыць, паставіць у цяжкае становішча. Падсекчы дакладчыка раптоўным пытаннем.

4. Тузануць вудзільнам лёску ў той момант, калі рыба бярэцца за кручок. Паплавок зноў тузануўся і знік пад вадою. Мішка падсек, і хутка ладная краснапёрка затрапятала ў руках. Кандрусевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ша́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што і без дап.

Разм.

1. чым. Моцна стукнуць. Шахнуць дзвярыма.

2. Тузануць, ірвануць. Рукаў не хацеў закасвацца, быў цесны, і Алег шахнуў цераз галаву рубашку, збіўшы на лоб доўгія чорныя валасы. Ермаловіч.

3. З сілай разануць, адрэзаць. [Сямён:] — Добра, што піла была тупая, а так бы пальцы шахнула... Мыслівец. [Палонны] разаслаў шынель па зямлі, дастаў з патайнай кішэнькі самаробны ножычак, спрытна, нейкім прафесійным рухам шахнуў буханку хлеба — раз! раз! — на чатыры кавалкі. С. Александровіч.

4. Шпурнуць, кінуць. Лічыльнікі.. Міцька шахнуў на край стала так, што аж затрашчалі касцяшкі. Паслядовіч.

шахну́ць, ‑ну́, ‑не́ш, ‑не́; ‑нём, ‑няце́; зак.

Разм. Аб’явіць шах. Шахнуць канём.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ірвану́ць і рвану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак. і аднакр.

1. каго-што і без дап. Рэзка, моцна тузануць, пацягнуць. Познышаў ірвануў шнур. І ў той жа момант, ураз уздыбіўшы першыя вагоны, грукнуў выбух... Краўчанка. [Гарманіст] ірвануў раптам мяхі, урэзаў польку. Васілевіч. Сцюжа рванула дзверы сталовай, міргнула велізарная настольная лямпа. Мікуліч. // Схапіўшы зубамі, параніць, укусіць. Сабака рвануў за нагу.

2. Разм. Парывіста, рэзка скрануцца з месца, рэзкім рухам кінуцца куды‑н. Ірвануў паравоз, зашыпеў весела парай. Лынькоў. // Рэзка, моцна падзьмуць (пра вецер). Моцны вецер ірвануў з поля і абсыпаў .. [Міхаську] мяккім сняжком. Якімовіч.

3. каго-што. Падарваць, узарваць што‑н. з выбухам. — Зараз вось ірванём мост і пойдзем. Чыгрынаў. Выбухі рванулі зямлю. Шчарбатаў. // без дап. Раздацца, прагрымець. Праз тры — пяць мінут у агні затрапяталіся ружовыя языкі, а затым ірванулі выбухі. Мехаў.

4. Разм. Хутка і многа зрабіць. [Анішчук:] Не вельмі ты вясною рвануў. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падысці́, падыду, падыдзеш, падыдзе; пр. падышоў, ‑шла, ‑ло; заг. падыдзі; зак.

1. Ідучы, наблізіцца да каго‑, чаго‑н. Хлопчыкі падышлі ўжо блізка да агародаў, як учулі плач на ўскраі вёскі. Лынькоў. Ноччу, павольна пасоўваючыся,.. [зубры] падышлі непрыкметна пад самы лагер. В. Вольскі. // Пад’ехаць, наблізіцца (пра машыну, поезд і пад.). [Задруцкі] падаўся да экскаватара — падышоў чарговы самазвал. Дадзіёмаў. [Нілаўна:] — Тузануць за шнур я павінна была тады, калі падыдзе поезд. Якімовіч. // Разм. Прыйсці, прыбыць куды‑н. Тым часам падышлі яшчэ трое чыгуначнікаў з вакзала ды два хлапцы з горада. Мурашка. Час ад часу.. [Мартын] пазіраў у акно і хваляваўся. Павінен быў падысці сын. Ракітны. // перан. Надысці, настаць (пра час, падзею і пад.). Хлеб запах суха і кісла — так, як пахне ён, паляжаўшы ў торбе паўдня на полі, пакуль не даарэцца загон і не падыдзе пара есці. Чорны. Неўзаметку падышлі экзамены. Васілевіч.

2. Прайсці крыху. За.. [Грушэўскім] крыху падышлі сябрукі, але хутка адсталі: ён ім больш не таварыш! Карпюк.

3. Прыблізіцца да чаго‑н., дайсці да мяжы чаго‑н. (пра дарогу, раку, ваду і пад.). Вада падышла да агародаў. □ Хмызняк бліжэй падышоў да рэчкі, голыя мясціны пакрыліся асакой. Дуброўскі.

4. перан. Прыступіць да чаго‑н., узяцца за якую‑н. справу. Заўважыўшы, што Васіль верыць яму, Андрэй падышоў здалёк і да галоўнага. Пальчэўскі. // Паставіцца пэўным чынам да чаго‑н. — Як бачыце, таварышы, справа вельмі сур’ёзная і падысці да яе мы павінны па-сур’ёзнаму. Васілевіч.

5. Здолець заваяваць чыё‑н. давер’е, выклікаць прыхільнасць каго‑н. да сябе. Малады настаўнік стараўся, наколькі мог, бліжэй падысці да дзіцячай душы, заслужыць давер’е вучняў. Колас. [Чубок:] — Пагавары з Кацяй, парай ёй не спяшацца. Далікатна падыдзі да яе... А там відаць будзе. Гаўрылкін.

6. Падняцца, павялічыцца (пра цеста). [Цеста] падышло, паднялося над дзежамі і нагадвала вялізныя шапкі грыбоў. Васілеўская. — Хлеб падышоў, — сказала аднойчы раніцай маці, — а пячы няма на чым — на дрывотні адна сырызна. Курто.

7. Быць прыдатным, адпаведным каму‑, чаму‑н. па сваіх памерах, якасці, форме. Кажуха ў мяне не было. Але мне добра падышла матчына куртка на ваце. Якімовіч. Хоць з бядой папалам, аднак падышла да галавы кепачка дзесяцігадовага Алёшкі. Брыль. [Сашка] падумаў аб сабе, што яму бадай лепш падышла б не цывільная, а вайсковая адзежа. Чорны.

•••

Гады падышлі гл. год.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

выцяць, вытнуць, ударыць, стукнуць / чым-небудзь лёгкім: пляснуць, сцебануць, сцёбнуць, хвастануць, хвасянуць, хвоснуць, ляснуць / нагою (пра капытных жывёл): убрыкнуць; спляжыць, апляжыць, грукнуць, бэцнуць, бацнуць, трахнуць, гакнуць, гахнуць, ахнуць, трэснуць, дзеўбануць, заехаць, з'ехаць, змазаць, уляпіць, урэзаць, агрэць, загрэць, угрэць, жарнуць, смальнуць, засмаліць, тузануць, улупіць, лупянуць, свіснуць (разм.) / чым-небудзь цяжкім: сунуць, садануць, гваздануць, гвазнуць, звездануць, джвугнуць (разм.) / чым-небудзь лёгкім: пацягнуць, перацягнуць, паласнуць, шлёгнуць, шлёпнуць, шлягануць, сперазаць, аперазаць, шмаргануць, хлестануць, хлыснуць, джгануць (разм.) / па твары: аплявушыць (разм.); грунуць, збабоўчыць, кашкануць (абл.); даць, пачаставаць, секануць, пекануць (перан.) □ заляпіць аплявуху

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)