Зато́р1 ’скучанасць людзей, сродкаў транспарту, крыгі і выкліканая ёю затрымка руху’. Рус., укр. затор, польск. zator ’тс’, славен. zator ’пагібель, прыгнечанне’, серб.-харв. за́тор ’пагібель’, макед. затор ’знішчэнне’. Ст.-рус. заторь ’затор1’ (XVII ст.). Параўн. балг. дыял. затра ’згуба’. Прасл. zatorь < za‑ter‑ti (гл. церці) як бязафіксны аддзеяслоўны назоўнік з чаргаваннем галосных: першаснае значэнне ’тое, што трэцца’. Параўн. рус. тор ’дарога, люднае месца’, торить ’пракладваць дарогу’ (Фасмер, 4, 81). Гл. зато́р2.

Зато́р2 ’сумесь для браджэння пры вырабе гарэлкі, піва і г д.’ Рус., укр. затор ’тс’, польск. zacier, уст. zator Ст.-рус. заторь ’затор’ (XVII ст.). Бязафіксны назоўнік з чаргаваннем галоснага ад дзеяслова za‑ter‑ti (гл. церці) з першасным значэннем ’тое, што заціраецца’ (параўн. зацірка) паўн.-слав. пашырэння. Гл. зато́р1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трэль1 ‘пералівістае дрыжачае гучанне’ (ТСБМ), трэ́ля ‘тс’ (Некр. і Байк.). Праз рускую мову (трель) з франц. trille, tril ‘тс’, якое з італ. trillo ‘тс’, trillare ‘дрынкаць, бразджаць’ (Фасмер, 4, 97–98; ЕСУМ, 5, 628).

Трэль2 ‘спецыяльна пракладзеная дарога для тралёўкі драўніны’ (ТСБМ), ‘уезджаная дарога’ (рагач., Сл. ПЗБ), ‘высокае месца, куды звозяць спілаваны лес у час распрацовак’ (ТС, Зайка Кос.; дзісн., Бел. дыял. 3), ‘зімовая дарога праз балоты, рэкі і палі’, ‘коўзанка на лёдзе’ (Варл.). Праз польск. trel ‘лясная сцежка, прасека’ запазычана з англ. trail ‘след, шлейф, сцяжына, тор’, ‘цягнуцца, буксіраваць’, ‘таптаць траву’, якое праз франц. traille ‘канатны паром’ узыходзіць да лац. trāgula ‘невад’ < traho, trahere ‘цягнуць, валачыць’ (Фасмер, 4, 97; ЕСУМ, 5, 628). Сюды ж трэля́ць ‘траляваць’ (ТС), trel ‘сцежка, па якой ідуць, цягнуць плыт’ (“innowacja polsko-białoruska”, гл. Бяднарчук, Stosunki, 184). Параўн. таксама тралява́ць, трыль (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тхор, тхур, тху͡ор, тхір, тхыр, хор(ь) ‘шашок, драпежная жывёліна сямейства куніцавых, Mustela putorius’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Бяльк., Касп., Клім., Бес., Сцяшк., Дразд., Др.-Падб., Вруб., ТС, Гарэц., Пятк. 2; паўд.-бел., Сл. ПЗБ; усх.-віц., маг., ваўк., віл., гарад., свісл., ЛА, 1): седзі моўчкі, тхуор у нары (Сержп. Прык.), тхор, тхорь ‘тс’ (Растарг.); ст.-бел. тхоръ ‘тс’, ‘футра тхара’ (ГСБМ), перан. тхор ‘баязлівец’ (Нас.), сюды ж тхары́ць ‘баяцца, палохацца’, тхарлі́вы ‘палахлівы’ (Некр. і Байк.), тхарава́ты ‘нелюдзімы, пануры (пра чалавека)’ (Рэг. сл. Віц.). Параўн. укр. тхір, хір, рус. хорь, хорёк, тхорь, стараж.-рус. дъхорь, дохорь, тхорь; польск. tchórz, tkórz, twórz, tfórz, tórz, ćkórz, каш. tvȯř, славін. tk​ȯ́ř, н.-луж. twóŕ, в.-луж. tkhóŕ, tchór, twór, чэш. tchoř, schoř, zhoř, ст.-чэш. dchoř, славац. tchor, славен. thȏr, dihúr, dehȏr, харв., tvȏr, vȍr, fȍr, por, torec, серб. тво̑р, тор, хор, то̏рац, балг. твор, трор, тор, то́рче, тръ́рче, пхорь, пор, по́рът, макед. твор, пор. Прасл. *dъxoŕь першапачаткова ‘смярдзючка’ (Бернекер, 1, 101; SP, 5, 153; Сной₂, 109; Фасмер, 4, 270; Махэк₂, 643; Скок, 1, 374; Бязлай, 1, 101; ЭССЯ, 5, 177–178; ЕСУМ, 5, 689–670). Утворана ад дзеяслова *dъxnǫti ‘смярдзець’ пры дапамозе суф. *‑oŕь. Уласцівасць тхара выдаваць з сябе смярдзючы пах выклікала шэраг падобных утварэнняў ад іншых дзеясловаў з такой жа семантыкай: смярдзюк (Жыв. сл.), польск. śmierdziel, славен. smrdak, smrduh, харв. smŕdelj, серб. смр̏дљивац, макед. смрдушка, смрдуљка (< прасл. *smŕ̥děti ‘смярдзець’), рус. дыял. бздюх ‘тхор’ (< прасл. *pьzděti ‘псаваць паветра’), а таксама ў неславянскіх мовах, напрыклад, франц. putois < ст.-франц. put ‘смярдзючы’ < лац. puter ‘гнілы, трухлявы; смярдзючы’, ‘вялы’. Варыянтнасць пачатку слова назіраецца пасля страты рэдукаваных у выніку прыпадабнення звонкага *d‑ да глухога *t‑ і іншых фанетычных працэсаў. Няма падстаў выводзіць бел. тхор ‘шашок’ з польск. tchórz (Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 5, 152), аднак пераноснае значэнне ‘баязлівец’, магчыма, з’яўляецца супольнай інавацыяй або ўтварылася на базе значэння ‘псаваць паветра ў выпадку небяспекі’, што характэрна для жывёліны, ці абазначэння скрытнага характару паводзін чалавека.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тар ’паром’ (Байк. і Некр.), ’паром, транспартны плыт з бярвення’ (Нас.): спрадвеку карысталіся тарам праз Дзьвіну (Полымя, 1998, 1), та́ра ’плыток для пераезду’, торо́к ’невялікі плыт для перапраўкі праз возера, праз ваду ў паводку’ (ТС), ’плыт з 4–5 бярвенняў’ (лельч., Жыв. НС), ’від плыта для сплаўкі лесу: на два доўгія бервяны ўкладваюць упоперак кароткія бярвёны і замацоўваюць іх’ (Маслен.), таро́к ’кладка праз рэчку з бярвенняў’: зьвізалі тарок (Бяльк.), ’звязка плыта’: лесу таркі вяжуць (Мат. Гом.), ’адзін рад змацаваных бярвенняў у плыце’ (кіраў., Нар. сл.). Параўн. укр., рус. то́рок ’невялікі плыт’, старое рус. тара ’тс’ (Нас.). Няясна; семантыка слоў сведчыць на карысць сувязі з тара́к, таро́кі ’матуз, шнур’ (гл.) і адсюль ’звязаныя, злучаныя разам бярвенні’. Суадносяць таксама з тор ’дарога, каляіна, след’ (гл.) са зменай значэння (Фасмер, 4, 84; ЕСУМ, 5, 606); гэта дае падставы для рэканструкцыі прасл. *tarъ ад прасл. *toriti ’пракладаць, праводзіць дарогу’ (гл. тарыць), што ўрэшце да *terti (гл. церці), гл. Варбат, Морфон., 40 і наст.; параўн. таксама каш. tar ’пратораная дарога’ (SEK, 5, 132–133). Здзіўляе семантычная блізкасць да разглядаемых слоў роднасных ст.-інд. tárati ’перапраўляць, пераадольваць, падганяць’, авест. tar‑ ’пераадольваць’, ст.-перс. vi‑tar‑ ’перапраўляцца’ (Варбат, Этимология–1982, 27).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)