Тыц — выклічнік, выражае раптоўнае дзеянне, нечаканую з’яву, сустрэчу (Нас., Пятк. 2, Сержп. Прык., ТС; даўг., іўеў., астрав., шальч., Сл. ПЗБ; мсцісл., Нар. лекс.): а ім у варотах тыц — Дыдона («Энеіда навыварат»), тыц! стаў конь, наравіцца! (Ф. Багушэвіч), ‘дотык’: вады на тыц рукі; тры разы тыц рукой (леп., Нар. медыцына), тыц‑тыц ‘тык-мык, пык-мык’: тыц‑тыц, і няма чаго сказаць (астрав., Сл. ПЗБ), тыц‑мыц ‘тык, тыц’ (карэліц., Нар. словатв.). Параўн. укр. тиць — для выражэння нечаканай сустрэчы (ад дзеяслова ткнути), тыць‑миць ‘тык-мык’, рус. дыял. тыц — пра раптоўны рух, польск. tyc — водгалас утыкання (Вілен. сл.). Да ты́каць (гл.). Карэннае ‑ц узыходзіць да формы заг. ладу прасл. *tykati*tъci (ЕСУМ, 5, 577). Сюды ж тыцаті ‘шукаць’ (пін., Шатал.; Сл. Брэс.), тэ́цнутэ (ногою) ‘даць выспятка’ (драг, Ск. нар. мовы), ты́цяты ‘рабіць што-небудзь, пераходзячы з месца на месца’, а таксама ўскладненыя суфіксамі вытворныя ты́цкаць ‘тыкаць’ (ТСБМ, Ласт., Шат., Нар. Гом., Др.-Падб.); ты́цканне ‘тыканне пальцам’ (Ласт.), ‘звяртанне ўвагі на што-небудзь зробленае дрэнна, як бы папікаючы’ (Нар. Гом.); ты́цкацца ‘лезці ў чужую справу’ (Шат.), ‘соваць, тыцкаць’ (Касп.); ты́цнуць ‘сунуць’ (Жд. 1, ТС; люб., ЖНС), ты́цнуцца ‘ўсунуцца, умяшацца’ (Юрч. СНЛ), тицʼнути ‘тс’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), ты́цьнутыткнуць’ (Клім.). Талстой (ЛП, 17) параўноўвае апошняе слова з серб.-харв. ти́цаті ‘датыкацца’; Скок (3, 429) разглядае яго як вынік другаснай палаталізацыі з прасл. *tъk‑, гл. таксама Глухак, 618.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́чка1 ’мядзведка, Gryllotalpa gryllotalpa’ (Сержп., Байк. і Некр., Мат. Гом., ТС, ПСл; бяроз., Ск. нар. мовы; лельч., Жыв. НС), ’крот’ (ТС), ты́чка ’тс’ (іван., ЖНС), ту́чка ’мядзведка’ (ТС), ты͡эчка ’тс’ (лун., Арх. Вяр.), tòčka, tu͡ečka ’крот’ (Тарн.), ’сараканожка, Myriapoda’ (Мат. Гом.). Параўн. укр. дыял. ту͡очка ’мядзведка’, то́чка ’палёўка’, каш. točk ’крот’, ’мыш Cletrionomys glareolus’, палаб. tücai̯kă ’крот’, славац. дыял. točka ’тс’. Да тачы́ць ’грызучы, праядаючы, рабіць дзіркі, пашкоджваць што-небудзь’ (гл.) < прасл. *točiti, адным са старажытных значэнняў якога акрамя ’прымушаць цячы, бегчы’ (< *tekti ’цячы, бегчы’) было ’круціць, пракручваць’. Паводле Папоўскай–Таборскай (Бел.-польск. ізал., 106), гэта перыферыйны праславянскі (палабска-кашубска-палескі) архаізм або, магчыма, арэальная праславянская інавацыя (Szkice, 2, 35), падтрыманая наяўнасцю ідэнтычна матываваных ням. Wühler, Wühlwurm, Erdwühler ’крот’. Борысь (SEK, 5, 154) мяркуе пра незалежнае развіццё назвы на славянскіх тэрыторыях. Цікавасць уяўляе выпадак этымалагічнай магіі: “як пачынаюць закормліваць на ўбой вепрука ці свінню, то даюць ім зьесці точку, каб яны хутко сыцелі” (Сержп. Прымхі, 151); тут назва набліжана да тук, тучыць, гл.

То́чка2 ’кропка’ (Бяльк.), ’колік, які служыць межавым знакам’ (Некр.), ’метка ў канцы адмеранага ўчастка’ (люб., Бел. дыял., 2); у выразах: точка ў точку ’вельмі падобны’ (ТС), ni papaŭ ŭ tòczku ’не змог нешта зрабіць, сказаць; няўдала ажаніўся’, tòczka ŭ tòczku ’пра штосьці добра падабранае, напр., коней (калі адзін аднаго даганяе, але застаюцца на аднолькавай адлегласці, то так гавораць)’ (ваўк., Федар. 4). Параўн. укр. то́чка ’пункт, кропка’, рус. то́чка, чэш. teczka, славен. tóčka, серб.-харв. та̏чка, балг. то́чка, макед. точка ’тс’. Прасл. *tъčьka < *tъčь (< *tъknǫti/*tykati) ’месца, куды ткнулі’, параўн. ты́чка ’знак забароны’ (Жд. 2). Паводле семантыкі аналагічна лац. punctum ’кропка’ < pungere ’калоць’ (Фасмер, 4, 90; Махэк₂, 638; Чарных, 2, 254; ЕСУМ, 5, бі 1). Гл. таксама точ, тоц.

То́чка3 ’магазін’ (Сцяшк. Сл.), ’радыёкропка’ (Сл. ПЗБ, Вруб.), з рус. то́чка ’тс’, скарочана з афіцыйна-канцылярскіх назваў: торго́вая то́чка, радиото́чка ’тс’.

То́чка4 ’гайня, зграя сабак, ваўкоў у час цечкі’ (слонім., Шн. 3; Сл. ПЗБ; слонім., Жыв. сл.; зэльв., слонім., ЛА, 1; Сцяц.). Параўн. укр. дыял. ті́чка, те́чка ’гайня ваўкоў; касяк рыб’. Да тачы́цца (< тачы́ць < *točiti) ’круціцца’, што ўрэшце да *tekti, *tokъ (гл. цякаць, цячы, ток2) (ЕСУМ, 5, 578; Страхаў, Palaeoslavica, 13, 2, 20). Гл. це́чка.

То́чка5 ’кружок, які дзеці выкарыстоўваюць пры катанні’ (ваўк., Арх. Федар., Вруб.). Да тачыць (гл.); параўн. асабліва польск. taczać ’гнаць наперад нешта круглае, куляць’, toczyć ’каціць’, toczek ’кружок, колца’.

То́чка6 ’вяха, якая забараняе карыстацца дарогай’ (Шат), ’забіты ў дно ракі кол для прывязі рыбацкага чаўна’ (мазыр., Яшк.), ’тычка на фасоль’ (Мат. Гом.). Да у‑ткну́ць, ты́каць, ад асновы якіх утварылася (з суф. *‑jь) *točь ’месца, куды ўваткнулі што-небудзь’, пазней — ’тое, што ўтыкалі’. Відаць, сюды ж: то́чка ’ўчастак зямлі (для пасадкі, поліва ці ўборкі буракоў), выдзелены для апрацоўкі яго адным работнікам у калгасе’ (лельч., ЛА, 2); гэты ўчастак мог быць абазначаны ўваткнутымі вешкамі. Гл. таксама тычка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)