шафра́н, ‑у, м.

1. Культурная расліна сямейства касачовых з лінейным вузкім лісцем і сінявата-фіялетавымі кветкамі; крокус.

2. зб. Высушаныя рыльцы кветак гэтай расліны, якія выкарыстоўваюцца як вострая прыправа, як фарбавальнік харчовых прадуктаў у аранжава-жоўты колер, а таксама прымяняюцца ў парфюмерыі. Масла было такое духмянае і прыгожае з выгляду, што кабеты суседскія, пабачыўшы яго, казалі маёй маме: — Не хочаш праўду сказаць, ты яго шафранам падфарбоўваеш. Дубоўка.

3. Гатунак яблыкаў. Празрысты наліў, васковы шафран, зялёная пуцінка, рабрыстая буйная антонаўка, цёмна-чырвоная «цыганка» і іншыя гатункі яблык.. так густа ўсыпалі галіны, што амаль кожную з іх падтрымлівала падпора. Шамякін.

[Араб. za'frān.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Во́бмаль ’малавата’ (БРС, Янк. I, Бір. Дзярж., КТС, КЭС). Укр. во́бмаль ’тс’. Прэфіксальна-суфіксальнае ўтварэнне ад малы з дапамогай прыстаўкі (в)об‑ і суф. ‑jь або ўтварэнне ад прыметніка вомалы з гэтым жа суф. Магчыма, узыходзіць да старажытнай мадэлі (параўн. серб.-харв. о̏дуг, чэш. obdlouhý, obdloužný, славац. obdlžný, н.-луж. hobdłujki, ст.-польск. obdłužny ’прадаўгаваты’, в.-луж. wobdłuz прысл. ’прадаўгавата’), дзе прыстаўка *ob‑ мае колькаснае значэнне (Трубачоў, Проспект, 66 і наст.). Філін (Зб. Аванесаву, 268 і наст.) адносіць сюды ж і рус. дыял. (паўн.-усх.) прыметнікі і прыслоўі з прыстаўкай о‑ ў тым жа самым значэнні (вокрасный ’чырванаваты’, восинь, восинесінявата’ і г. д.), што цалкам магчыма з прычыны частага чаргавання прыставак о‑ (об‑); параўн. таксама бел. і ўкр. вобмаль, вомаль (гл.); усё гэта, відавочна, пацвярджае праславянскі характар гэтых утварэнняў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свіне́ц ‘цяжкі мяккі легкаплаўкі метал сінявата-шэрага колеру’ (ТСБМ): свінец волаво чыстае (Сержп. Прымхі). Рус. свине́ц, укр. свине́ць, ст.-рус., рус.-ц.-слав. свиньць, славен. svínəc, балг. свине́ц ‘волава’ (з рус.БЕР, 6, 550). Прасл. *svinьcь. Роднаснае літ. švìrnas ‘свінец’, лат. svins ‘волава’. Сувязь з грэч. χυαυος ‘сіняе рэчыва’, іран. *spana‑ ‘жалеза’ лічыцца сумніўнай, гл. Фасмер, 3, 577; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1160; Сной₁, 624; Новое в рус. этим., 203–205. Насуперак гэтаму Данка і Вітчак (ABSl, 21, 83–91) лічаць яе верагоднай, выводзячы зыходнае *svinъ ‘волава’ з і.-е. *k̑wn̥:s ‘нейкі карысны камень’, ‘нейкі метал’, якому адпавядае грэч. мікен. ku‑wa‑no ‘шкло блакітнага колеру’, фрак. σπινος ‘каштоўны камень’, хец. kuwanna ‘медзь’, іран. s(p)ana ‘жалеза’, ст.-перс. *âsana‑ ‘тс’. У Беларусі назва распаўсюдзілася пад рускім уплывам, народная назва — волаво (гл. волава), параўн. свінец як волово (ТС). Рус. о́лово ў народнай мове адпавядае цын (Нас.), цына (Ласт.). Параўн. аднак ст.-бел. свинья ‘адзінка вымярэння колькасці свінцу і волава’ (Ст.-бел. лексікон), што, відаць, сведчыць пра народнаэтымалагічнае асваенне старой назвы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

па́сак, ‑ска, м.

1. Вузкі доўгі кавалак чаго‑н. (тканіны, скуры і пад.). Я ледзь не падскочыў ад радасці, падняў з зямлі дзягу, сеў на пянёк і пачаў кроіць яе на тонкія доўгія паскі. Капыловіч. Паўлік рэзаў нажом і лупіў доўгімі паскамі хваёвую кару. Лобан.

2. Шырокая рыска, лінія на чым‑н. [Мірон:] — Бачыш, іглы больш сціснутыя, а знізу во якія два сінявата-белыя паскі. Маўр.

3. чаго. Прадаўгаваты ўчастак, які вылучаецца чым‑н. з акружаючага. Праўда, лагчына выдалася нешырокая, .. [партызаны] хутка перайшлі яе і падаліся ўздоўж паскі хмызу, блізка, аднак, не падыходзячы да яго. Быкаў. Не паспее добра сцямнець, як ужо на ўсходзе вымалёўваецца залаты пасак світанку, і адразу ж прачынаецца лясное птаства. Сабаленка.

4. Рэмень, шнурок, матуз і пад. [Чалавек на фатаграфіі] у вайсковай форме, парусінавыя паскі са спражкамі прыціскаюць на плячах гімнасцёрку. Кулакоўскі. Купец выхапіў з кішэні пасак ды прывязаў пана да хвоі. Якімовіч. Маці, не разабраўшыся, расперазала фартух і адлупцавала Грышу паскамі. Пальчэўскі.

5. Частка конскай збруі — рэмень, працягнуты ад адной аглоблі да другой цераз падсядзёлак. Рукі яго [дзеда] дрыжалі больш, чым звычайна, і я памог яму засупоніць хамут і завязаць на аглоблі пасак ад падсядзёлка. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сысці́, сыду́, сы́дзеш, сы́дзе; пр. сышо́ў, ‑шла́, ‑шло́; заг. сыдзі́; зак.

1. Ідучы, спусціцца ўніз. Па сходах [Рыгор і Пятрусь] сышлі моўчкі. Гартны. Комлік злосна махнуў рукою і сышоў з ганка. Карпаў. // Пакінуўшы сваё месца дзе‑н. наверсе, на ўзвышэнні, спусціцца на зямлю; злезці. Даям’ян сышоў на першы паверх, у капцёрку, пераапрануўся ва ўсё вайсковае, зірнуў у люстэрка і не пазнаў сябе. Лупсякоў. Ён [камбайнер] сышоў з свайго камбайна рады, Прывітаў з дажынкамі дзяўчат. Смагаровіч.

2. перан. Наступіць, распаўсюдзіцца, нібы спусціўшыся зверху (пра ноч, імглу і пад.). Дым наніз сышоў і лёг. Калачынскі. Калі сонца паднялося вышэй, на зямлю зноў сышла гарачыня. Мележ. // Кніжн. Авалодаць кім‑н., апанаваць, ахапіць каго‑н. (пра пачуцці і пад.). На яго сышоў спакой. □ Колькі ўспамінаў раптам сышло на .. [Алеся]. Броўка.

3. Выйсці, высадзіцца (пра пасажыраў). Сысці з трамвая. Сысці з поезда. □ [Лук’янскі] ўбіўся ў напханы салдатамі вагон і, стоячы, праехаў шмат станцый, сам не ведаючы, на якой з іх сысці. Чорны. Дзядзька развітаўся і сышоў на Завальнай вуліцы. На наступным прыпынку пакінуў аўтобус і я. В. Вольскі. Вялікая небяспека падпільноўвала Білі таксама і ў порце Стакгольма, дзе ён павінен быў сысці на бераг. Гамолка. [Бабейка] папрасіў Зараніка сысці разам з ім на ўскраіне вёскі, а брычку адправіў з Вольнай. Хадкевіч.

4. Пакінуць сваё месца, пераходзячы на іншае; звярнуць убок, адхіляючыся ад ранейшага шляху. Прыглядзеўся [Юзік] — нікога нідзе наўкол. Тады сышоў з месца і каля вішняку асцярожнымі крокамі пачаў ісці. Баранавых. Першы заўважыў атрад Дрозд. Ён скамандаваў усім сысці з дарогі ў лес. Хомчанка. У Андрэя аж замлелі ногі — доўга стаяў на адным месцы, выцягнуўшы ўгару рукі, — і ён сышоў з бруку. Пташнікаў. // Саскочыць, ссунуцца пры руху, не ўтрымаўшыся на чым‑н. Вагон сышоў з рэек.

5. Быць вырабленым, выйсці з вытворчасці. Тут людзі пракладваюць тракты Праз далі палёў і лясоў, А недзе мільённы ўжо трактар З канвеера ў поле сышоў. Прыходзька. Маторы працавалі без перабояў, нібы толькі што сышлі з канвеера. Шахавец.

6. Пайсці куды‑н. (звычайна на некаторы час). [Крамер:] — Як на ліха, няма дома жонкі, сышла да знаёмай. Навуменка. [Оля] адразу павяла Георгія за паварот, непакоячыся толькі пра адно, каб як мага шпарчэй сысці з калідора, дзе іх можа ўбачыць стары. Мележ. Ложкі ля сцяны былі пустыя. Значыцца, гэта ўжо не рана, калі Пляшкевіч і Мятліцкі сышлі некуды. Савіцкі. // Пакінуць месца жыхарства, работы. Так і не бачылі з таго часу дзеда. Сышоў у ноч і знік. Лынькоў. Восенню Даўгавус сышоў на заработкі і працаваў шэсць год. Лупсякоў. // Падацца куды‑н. у другое месца (пра жывёл і пад.). [Міхась:] — [Акуні], брат, сышлі цяпер на глыбейшыя месцы. Якімовіч.

7. перан. Разм. Памерці. [Маці:] Каторую ночку ты [Гэля] курчышся вось так на гэтай канапцы. Так жа і сысці можна. Губарэвіч.

8. Перастаць ставіцца ў тэатры, дэманстравацца ў кіно. У свой час па .. паэме [А. Александровіча «Напор»] калектыў тэатра імя Якуба Коласа ставіў спектакль, але ён вельмі хутка сышоў са сцэны, бо не атрымаў у гледача прызнання. «Полымя»,

9. Перастаць пакрываць якую‑н. паверхню, растаўшы, адпаўшы і пад. З сукенкі сышлі плямы. □ На дварэ яшчэ было холадна, хоць ужо снег сышоў і набліжаўся час палявых работ. Дуброўскі. Мора сышло, адступіла з тэрыторыі Беларусі далёка на ўсход і толькі ў раёне Прыпяцкага прагібу яно не здавала сваіх пазіцый. Чаркасаў. У лесе зноў трохі пасвятлела — хмары сышлі. Навуменка. // Знікнуць з паверхні, з твару і пад. Здзіўлена гляджу на рукі, з якіх сышлі мазалі. Караткевіч. / Пра загар, румянец і пад. За два дні [Севіна] шчака перастала балець, аблегла, але сінявата-жоўты колер не сышоў. Карпаў. Вірчэўскі ссутуліўся, нахіліўшы наперад галаву, чырвань з твару сышла, вочы моргалі. Хадкевіч. / Пра які‑н. выраз твару, усмешку і пад. Але ў хаце бацькаў голас памякчэў, з твару сышла пахмурнасць. Сабаленка. // перан. Быць сказаным, вымаўленым (пра словы). Адам зноў пачаў кідацца, і з .. языка яго некалькі разоў сышло імя Марыны. Чорны. // перан. Знікнуць, перастаць непакоіць (пра які‑н. фізічны стан, перажыванні і пад.). Тая горыч, што асталася на сэрцы пасля размовы з Хведаравай маці, амаль зусім ужо сышла і больш не трывожыла, не вярэдзіла сэрца. Савіцкі.

10. Разм. Прайсці, закончыцца, завяршыцца. Няма граніц, няма паноў — Сышло іх панаванне. Колас. І калі сышла вайна, у школу вярнуўся [Трахім] неахвотна. Мележ.

11. Разм. Ажыццявіцца, закончыцца паспяхова, шчасліва (пра справу, здарэнне і пад.). Экзамен сышоў добра. □ Апошні [сват] .. ўгаварыў спачатку Фёкліну маці, а затым і дачку прыручыў да маладога — мусіць, гладка сказаў, калі сышло ладам. Мыслівец. // Прайсці для каго‑н. бяскарна (пра ўчынкі, правіннасці і пад.). Першым чынам Пугача Запрашу, вядома. І Сыча і Крумкача Папампую дома. Бо калі б не ласка іх, Подпіс і пячатка — І паловы спраў маіх [Вераб’іных] Не сышло б так гладка! Гілевіч.

12. Разм. Аказацца прыгодным, дапушчальным і пад. Вядома, летам і пракарміцца лягчэй, і адзежына любая сыдзе. Калачынскі.

13. Разм. Быць прынятым за каго‑, што‑н. або прызнаным раўнацэнным каму‑, чаму‑н. Рэдка тады дзе было радыё ў вёсках, а спецыялістаў яшчэ менш. І таму Алесь сышоў, як ён казаў, за інжынера, ганарыўся гэтым. Ваданосаў. [Амелька] проста мог сысці за меншага Валінага брата. Якімовіч.

14. Выцечы, зліцца (пра вадкасць); выйсці (пра газ, пару і пад.). [Іван Іванавіч] адкручваў кран — чакаў, пакуль сыдзе з труб цеплаватая вада. Даніленка. Пшыкнула гармонь, духам сышла, над парванымі мяхамі клубы пылу ўзняліся. Лынькоў. // Знемагчы ад страты чаго‑н.; заліцца чым‑н. Падыходжу: Алеся!.. З лесу, раненая, прыпаўзла да сяла, Да сваіх... Тут памерла, крывёю сышла. Куляшоў. Дзяўчыне Лена паклала лубок .. Здавалася, трэба раўней і тужэй. Покуль зрабіла, аж потам сышла. Броўка.

15. Скончыцца, прайсці (пра тэрмін, час). Тэрміны ранняй сяўбы сышлі. □ Дзед Купрыян лічыць, што час Аўгініных прочак сышоў. Колас.

•••

Каб мне з гэтага месца не сысці — бажба. [Васіль:] — Няўжо вы [хлопцы] думаеце, што я хацеў, каб .. [Павел] .. [Даніка] ударыў? І не думаў, каб мне вось з гэтага месца не сысці! Брыль.

Сысці з вачэй — пайсці, знікнуць з поля зроку.

Сысці з дыстанцыі — у спорце — адмовіцца ад далейшага ўдзелу ў спаборніцтвах па бегу, гонках і пад.

Сысці з памяці — забыцца.

Сысці з рук — прайсці беспакарана, без непрыемнасцей.

Сысці на нішто — а) прапасці, знікнуць зусім, да канца. Гордая пастава .. [Лямэнта] сышла на нішто. Чорны; б) перан. страціць сваё значэнне.

Сысці са сцэны — перастаць існаваць, дзейнічаць.

Сысці ў магілу — памерці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)